Лукашэнка Ганна Сяргееўна
Дзейныя актывы: «Музычная медыякампанія» (медыяпрадакшэн), «АНСЛ прадакшн» (гуказапіс і музычнае выдавецтва), «Музычная частата» (радыёвяшчанне), «Крэатыўны код» (вонкавая рэклама).
Гістарычныя актывы: «ТД «БелАЗ» (Расія).
Сувязі: Аляксандр Лукашэнка (свёкар), Дзмітрый Лукашэнка (муж), Таццяна Кулакова (сястра, менеджарка), Уладзімір Кулакоў (швагер), Андрэй Урублеўскі (менеджар), Дзмітрый Курносенка (бізнэс-партнёр у праектах, звязаных з яе медыябізнэсам).
Бенефіты: Будучы нявесткай Лукашэнкі, дзякуючы свайму наменклатурнаму становішчу яна ў тым ліку атрымлівала пасады ў структурах набліжаных да сям’і бізнэсоўцаў. З 2002 года працавала па спецыяльнасці лагапедам у Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры Кіраўніцтва справамі прэзідэнта (лечкамісіі). З 2007 па 2008 гады значылася ў фірме «Гольф клуб», якой тады сумесна валодаў Прэзідэнцкі спартыўны клуб, а ім нязменна кіруе яе муж – Дзмітрый Лукашэнка. З 2008 па 2011 гады была працаўладкаваная ў кампаніі «Юнівест-М» «нафтавага кашалька» Лукашэнкі – Анатоля Тарнаўскага. Паводле звестак журналістаў-расследавальнікаў, у 2013-м Ганна Лукашэнка атрымала пасаду кіраўніцы камерцыйнага аддзела расійскага «ТД «БелАЗ», які прадае беларускія кар’ерныя самазвалы ў Расію. З 2007 года Прэзідэнцкі спартыўны клуб меў там долю ў 30%. У «ТД «БелАЗ» Ганна Лукашэнка прапрацавала мінімум да 2020 года. У 2018 і 2020 гадах яна атрымала ад кампаніі ў якасці заработнай платы амаль 100 тысяч долараў.
З 2022 года Ганна Лукашэнка займаецца медыябізнэсам і піша тэксты песень пад творчым псеўданімам Ганна Сялук. Яна з’яўляецца генеральнай прадзюсаркай у медыяпрадакшэне «Музычная медыякампанія», дзе 30% запісана на Палац Рэспублікі Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, а 70% на фірму «АНСЛ прадакшн». Апошняя на 95% належыць Андрэю Урублеўскаму – топ-менеджару Дзмітрыя Лукашэнкі.
У 2023 годзе ў медыяхолдынгу з’явілася новая юрыдычная асоба – «Музычная частата», якая акумулюе дзейнасць трох радыёстанцый: «Супер FM», «Душэўнае радыё» і «Радыё Шансон». «Музычная медыякампанія» кантралюе 49% «Музычнай частаты».
У 2025 годзе кампаніі «Музычная медыякампанія» і «АНСЛ прадакшн» атрымалі супольна 25-працэнтную долю ў новым агенцтве вонкавай рэкламы «Крэатыўны код», якое кантралюе амаль траціну рынку вонкавай рэкламы Беларусі.
Абмежаванні: няма.
