Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Прадзюсарскі цэнтр нявесткі Лукашэнкі асвойвае новы сегмент рынку

«Музычная медыякампанія» не толькі раскручвае і прасоўвае беларускіх артыстаў эстрады, стварае радыёстанцыі, арганізоўвае прадзяржаўныя мерапрыемствы і нават гарадскія школьныя выпускныя. Як высветліла «Бюро», прадпрымальныя шоумэйкеры асвойваюць новую нішу – дзіцячыя святы, прасоўваючы беларускія трактары, грузавікі і самазвалы сярод моладзі незвычайным чынам. Яны прыдумалі айчынных трансформераў – «белобатаў». І рэкламуюць іх у сацыяльных сетках і на карпаратыўных мерапрыемствах.

 

BELOBOTY_MAIN

 

Прататыпамі для робатаў паслужыла тэхніка гігантаў беларускага машынабудавання: МТЗ, МАЗа і БелАЗа. Да прыкладу, робат па імені Базіс сімвалізуе дасягненні жодзінскага завода па вытворчасці самазвалаў. Дзіва-тэхніку аб’ядналі пад брэндам «Каманда першых». У гандлёвай маркі ёсць свой сайт і акаўнт у Інстаграме, у якіх стваральнікі ацэньваюць задачу праекта – «сучасны дзіцячы брэнд, які можа натхніць вучыцца і паспытаць сябе ў вынаходніцтве і дакладных навуках».

 

«Бюро» высветліла, што за іміджавай кампаніяй па папулярызацыі беларускай тэхнікі сярод моладзі і імпартазамяшчэннем заходніх мультыплікацыйных герояў стаіць «Музычная медыякампанія». У студзені 2024 года фірма падала пяць заявак на рэгістрацыю гандлёвых марак «Каманда першых» і «Белобаты».

«Музычная медыякампанія» – гэта прадзюсарскі цэнтр, у якім пасаду намесніцы дырэктара займае Таццяна Кулакова. Гэта родная сястра Ганны Лукашэнкі, жонкі Дзмітрыя Лукашэнкі.

 

«Музычная медыякампанія» належыць Палацу рэспублікі Упраўлення спраў Лукашэнкі (30%) і прыватнай кампаніі «АНСЛ прадакшн» (70%). Апошняя запісаная на Андрэя Урублеўскага (95%) – аднаго з падначаленых Дзмітрыя Лукашэнкі. Верагодна, Урублеўскі выконвае ў «АНСЛ прадакшн» функцыю намінальнага ўладальніка, каб утаіць удзел у кампаніі жонкі свайго патрона. Абрэвіятура АНСЛ вельмі нагадвае ініцыялы жонкі сярэдняга сына Лукашэнкі – АНна (па-руску) Сяргееўна Лукашэнка.

Афіцыйная прэзентацыя «белобатаў» прайшла 1 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы ў межах дзіцячага свята «Разумнейшыя за ўсіх на свеце», арганізаванага ў Міжнародны дзень аховы дзяцей. У жніўні «Каманду першых» прыцягвалі для ўдзелу ў «БелАЗ-фэсце» ў Жодзіне – арганізатарам фестывалю выступіў сам БелАЗ і «Музычная медыякампанія», звязаная з машынабудаўнічым холдынгам. Прадзюсарскі цэнтр таксама займаўся арганізацыяй гарадскога свята, прымеркаванага да 80-годдзя МАЗа.

 

Яшчэ раней ідэю з «белобатамі», падобна, зацаніў Аляксандр Лукашэнка. У мінулым годзе ён па традыцыі наведаў «Галоўную ёлку краіны», якая сабрала ў Палацы рэспублікі больш за дзве тысячы дзяцей з Беларусі, Латвіі, акупаваных Расіяй украінскіх тэрыторый і сектара Газа. Дзеці паслухалі прамову Лукашэнкі і паглядзелі казачны спектакль «Машына навагодняга часу».

 

Паводле сюжэту навагодняй пастаноўкі «падступны Шнупс разам са сваімі памагатымі паламалі машыну навагодняга часу і выкралі Дзеда Мароза, так што Снягурцы і яе сяброўцы Міры даводзіцца звяртацца па дапамогу да сапраўдных супергерояў – трох беларускіх трансформераў белобатаў».

 

Раней мы расказвалі, як «Музычная медыякампанія» адкрыла новыя радыёстанцыі ў Беларусі і колькі зарабляе на дзяржаўных канцэртах.