Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Выпускны для сям'і Лукашэнкі

«Музычная медыякампанія», звязаная з нявесткай Аляксандра Лукашэнкі, зарабіла на дзяржаўных тэндарах больш за 700 тысяч рублёў за апошні год.

 

З чэрвеня 2023 па чэрвень 2024 года прыватная фірма заключыла больш за 30 дамоваў з рознымі дзяржаўнымі ўстановамі. Прычым яна атрымлівала замовы выключна па працэдуры закупкі з адной крыніцы, якая лічыцца больш простым і менш канкурэнтным спосабам выбару пераможцы на таргах.

«Музычная медыякампанія» – гэта прадзюсарскі цэнтр, у якім пасаду намесніка дырэктара займае Таццяна Кулакова. Гэта родная сястра Ганны Лукашэнкі, жонкі Дзмітрыя Лукашэнкі. Ганна Лукашэнка піша тэксты песень артыстам медыяхолдынгу пад псеўданімам Ганна Сялук. Раней мы паведамлялі, што «Музычная медыякампанія» стала саўладальнікам фірмы «Музычная частата», якая зарэгістравала ў Беларусі тры новыя радыёстанцыі.

У чэрвені «Музычная медыякампанія» выйграла тэндар на правядзенне канцэрта для гарадзенскіх выпускнікоў. З гарадскога бюджэту на святочнае мерапрыемства выдзелілі 114 тысяч рублёў. Перад гледачамі выступалі беларускія артысты Тэа і Вольга Рыжыкава, а таксама Лера Бернатовіч і Арцём Скароль – пратэжэ «Музычнай медыякампаніі».

 

Канцэрт прайшоў 14 чэрвеня ў рамках агульнагарадскога выпускнога, які ў Горадні праводзіўся ўпершыню. Новы фармат быў абраны не выпадкова. Яшчэ ў красавіку гэтага года Аляксандра Лукашэнка запатрабаваў, каб сёлета выпускныя прайшлі сціпла – без лімузінаў і рэстаранаў. І гулянні цэнтралізавана перайшлі пад кантроль мясцовых уладаў. Паездкі на лімузінах замянілі на масавыя парады і шэсці, рэстараны і кафэ – на фуршэты ў школьных спартзалах і нават калідорах.

 

Такім чынам, новы фармат выпускных прыйшоўся дарэчы і «Музычнай медыякампаніі», якая змагла нядрэнна зарабіць на канцэрце ў Горадні. У цэлым, прадзюсарскі цэнтр рэгулярна пастаўляе сваіх артыстаў на розныя мерапрыемствы па дзяржзамовах.

 

Напрыклад, за выступ трыа «Ружовыя ружы» на святочным канцэрце да Дня Незалежнасці ў Івацэвіцкім доме культуры прадзюсарскі цэнтр заробіць 4,4 тысячы беларускіх рублёў. Кавер-гурт Cosa Nostra на фестываль у Паставах «Музычная медыякампанія» прадала за 5,5 тысяч рублёў. На выступе абедзвюх груп у Астраўцы на святочным мерапрыемстве, прысвечаным 79-й гадавіне перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, сумарна прадзюсарскі цэнтр зарабіў 11 тысяч беларускіх рублёў.

 

Аднак, канцэрты – не адзіная крыніца прыбыткаў кампаніі, звязанай з нявесткай Лукашэнкі. Самы буйны кантракт «Музычная медыякампанія» заключыла ў верасні 2023 года з «Другім нацыянальным тэлеканалам» (АНТ). Яго кошт амаль 516 тысяч беларускіх рублёў. Дзяржканал набыў у прыватнай фірмы маёмасныя правы на выкарыстанне абʼектаў інтэлектуальнай уласнасці.

 

Усё паказвае на тое, што гаворка ідзе аб продажы правоў на новае музычнае шоу «Ранішняя песня». Яго запуск на АНТ у пачатку бягучага тэлесезона анансаваў старшыня праўлення «Другога нацыянальнага тэлеканала» Марат Маркаў.

 

На сваім youtube-канале «Музычная медыякампанія» адзначае, што праект падрыхтаваны па замове АНТ. Вядучыя музычнай праграмы – салісткі трыа «Ружовыя ружы», якіх прадзюсуе Таццяна Кулакова. У якасці гасцей запрашаюць пераважна артыстаў уласнага прадакшана і спевакоў, з якімі супрацоўнічае Ганна Селук як аўтар.

 

Гэта не першая калабарацыя «Музычнай медыякампаніі» і АНТ. Пры падтрымцы прафсаюзаў яны ўжо запусцілі музычны праект «Зорны шлях», у рамках якога прадзюсары куюць зорак айчыннай эстрады з супрацоўнікаў дзяржпрадпрыемстваў па ўсёй Беларусі. У дадзены момант скончыліся кастынгі трэцяга сезону шоу.