Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва
IMPERIAL GOLD

Золата імперыі

Нашыя сацсеткi

Як сямейны клан Лукашэнкі зарабляе на Беларусі

За апошнія дваццаць гадоў у Беларусі і Расіі з’явілася больш за два дзясяткі разнастайных бізнэсаў, шчыльна звязаных з сям’ёй Аляксандра Лукашэнкі. Іх абарот толькі за мінулы год перавысіў 800 мільёнаў еўра. Сфера інтарэсаў шырокая: ад перапрацоўкі рыбы да паліграфіі, ад рэстаранаў да радыёстанцый, ад алкагольных крамаў да гандлю самазваламі. Сямейны бізнэс забуяў пры бяззменным кіраўніку, які пачаў свой шлях як бязлітасны змагар з карупцыяй.

 

У 1994 годзе, напярэдадні сваіх першых у жыцці выбараў на пост кіраўніка Беларусі, Аляксандр Лукашэнка заявіў:

«Будзем спачатку разбірацца з махлярамі ва ўрадзе, а затым з усімі астатнімі».

Гэтая клятва беларускаму народу тады легла ў аснову перадвыбарнай кампаніі былога старшыні саўгаса «Гарадзец» і зрабіла яго кіраўніком дзяржавы. Гучныя абяцанні, паказныя адстаўкі, публічныя выкрыванні – Лукашэнка прыйшоў да ўлады як фантастычны герой, размахваючы мячом адплаты над галовамі тых, каго беларусы тады лічылі сваімі сапраўднымі прыгнятальнікамі, – шальмаватых палітычных элітаў.

 

З таго часу прайшло ўжо 30 гадоў, а «эфектыўны кіраўнік» сам стаў тым, каго так апантана крытыкаваў і крышыў у пачатку сваёй палітычнай кар’еры – ласыя кавалкі сектараў эканомікі проста раздадзеныя на водкуп лаяльным бізнэсоўцам і членам яго ўласнай сям’і.

 

2025 год быў для «Бюро» сапраўды ўрадлівым – ніколі раней мы не расказвалі так шмат пра жыццё і асабісты бізнэс членаў клана Лукашэнкі. Сёння вы даведаецеся, на чым стаіць гэтая імперыя і колькі зарабляе сямейства.

 

KLAN LUKASHENKO

Сям’я Лукашэнкі. Крыніца: president.gov.by

 

 

БОЛЬШЫ – РОЗУМУ МЕЎ МНОГА

Сваю палітычную дзейнасць старэйшы сын кіраўніка Беларусі – 22-гадовы Віктар Лукашэнка пачынаў у 1998 годзе ў беларускім МЗС, дзе займаў сціплую пазіцыю трэцяга сакратара. Аднак праз 7 гадоў, у 2005-м, Лукашэнка-старэйшы прызначае старэйшага сына сваім памочнікам па нацыянальнай бяспецы, фактычна даверыўшы яму курыраванне ўсяго сілавога блоку краіны. Колькі Віктар зарабляў на сваёй пасадзе? «Бюро» мае дадзеныя пра заработную плату Віктара Лукашэнкі ў Савеце бяспекі ў перыяд з лютага 2005 па люты 2021 года. За 16 гадоў дзяржава з бюджэту ў выглядзе зарплаты выплаціла яму 267,5 тысячы еўра да выліку падаходнага падатку і адлічэнняў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН).

 

Перамены ў кар’еры старэйшага сына адбыліся ў 2021 годзе: бацька здымае Віктара з ключавой дзяржаўнай пасады, і той робіцца прэзідэнтам, праўда, пакуль толькі Нацыянальнага алімпійскага камітэта (НАК).

 

VICTAR LUKASHENKA

Віктар Лукашэнка. Крыніца: sb.by

 

На першы погляд падаецца, што на пасадзе старшыні НАК Віктар Лукашэнка займаецца толькі пытаннямі спорту і плаціць сабе за гэта шчодрую як для Беларусі зарплату. Напрыклад, у 2023 годзе яго заработная плата брута склала 112 343 рублі (каля 34,6 тысячы еўра). А за дзевяць месяцаў 2024 года сумарна – каля 98 тысяч рублёў (28 тысяч еўра). За ўвесь час знаходжання на пасадзе прэзідэнта НАК Віктар Лукашэнка ў выглядзе зарплаты выплаціў сабе сумарна амаль 378 тысяч беларускіх рублёў, або амаль 121,5 тысячы еўра.

 

Але гэта далёка не адзіны даход старэйшага сына Лукашэнкі. «Бюро» высветліла, што за фасадам Нацыянальнага алімпійскага камітэта хаваюцца ценявыя бізнэсы, некаторыя з іх зусім ужо ніяк не вяжуцца са спортам, а сам НАК, падобна, выконвае функцыю асабістага «кашалька» Віктара Лукашэнкі.

 

НАК валодае кампаніяй «Лебядзіны парк», якая займаецца ў тым ліку і рэстараннай дзейнасцю. Вясной 2025 года фірма адкрыла рэстаран Le Château 27 у самым сэрцы беларускай сталіцы. Гасцей французскага бістро частуюць вытанчанымі далікатэсамі – у меню пераважаюць стравы класічнай французскай кухні: вустрыцы, слімакі, кансамэ, буябес, бёф-бургіньён, тартар.

 

Акрамя Le Château 27 ва ўласнасці «Лебядзіны парк» мае яшчэ два пункты грамадскага харчавання недалёка ад элітнага пасёлка Дразды: скандальны рэстаран «Лебядзіны» і кавярня Velmi на 50 пасадачных месцаў. Апошняя размясцілася ў фізкультурна-спартовым комплексе «Алімпік арэна», які таксама падпарадкоўваецца НАК.

 

Наколькі гэта прыбытковы бізнэс, даведацца немагчыма – бухгалтарская справаздачнасць «Лебядзінага парку», як, уласна, і ўсяго бізнэсу, звязанага са старэйшым сынам Лукашэнкі, засакрэчаная як падатковая таямніца.

 

Тым не менш дзякуючы тэндарным закупкам мы можам падбіць ніжні парог выручкі – колькі зарабляе «Лебядзіны парк» на здачы ў арэнду лядовых каткоў «Алімпік арэны» і арганізацыі харчавання для спартовых каманд і дэлегацый.

 

Напрыклад, за 2025 год «Лебядзіны парк» ужо паспеў атрымаць дзяржзамоваў без малога на 1,45 мільёна беларускіх рублёў (крыху больш за 415 тысяч еўра). З 2020 па 2025 год «дачка» НАК набрала тэндараў амаль на 5 мільёнаў рублёў, або крыху больш за 1,5 мільёна еўра. Варта таксама адзначыць, што 99% закупак праводзіліся па працэдуры закупкі з адной крыніцы і фінансаваліся са сродкаў дзяржаўнага бюджэту. То бок грошы падаткаплацельшчыкаў проста перакладваюцца ў кішэню вотчыны Віктара Лукашэнкі. І гэта толькі вяршыня фінансавага айсберга, якая бачыцца ў публічных сэрвісах звестак.

 

Яшчэ адзін, да нядаўняга часу непублічны бізнэс НАК, – кампанія «Глаўгандальпрэд». Долю ў гэтай фірме (49%) алімпійскі камітэт дзеліць разам з выхадцам з Саўбеза і былым падначаленым Віктара Лукашэнкі – падсанкцыйным бізнэсоўцам Аляксандрам Зайцавым (51%). З 2021 года на фірму запісаны супермаркет бязмытнага гандлю (Duty Free) на пагранпераходзе Бераставіца – Баброўнікі (мяжа з Польшчай). А ў 2025 годзе ў скарбонку актываў «Глаўгандальпрэда» дадаліся два алкамаркеты пад брэндам «Дуб зялёны»: у Пінску і на малой радзіме Зайцава – у Пружанах. Мясцовая раённая газета анансавала запуск цэлай сеткі алкакропак ва ўсёй Беларусі.

 

Як сфера цікавасцяў Нацыянальнага алімпійскага камітэта перакрыжавалася з алкагольнымі крамамі і слімаковымі рэстаранамі? Мы патэлефанавалі з гэтым пытаннем у юрыдычны аддзел НАК.

 

Слухаўку зняла Наталля Грыво – начальніца аддзела прававой і кадравай працы. На пытанні пра дзейнасць і фінансавыя паказчыкі даччыных прадпрыемстваў алімпійскага камітэта яна адказваць па тэлефоне катэгарычна адмовілася.

 

 

СВЕЦКІ ДЭСАНТ

Жонка Віктара, Лілія Лукашэнка, без справы таксама не сядзіць і бярэ ўдзел ва ўмацаванні фамільнай імперыі. Праўда, яна рухаецца, хутчэй, па свецкай лініі.

 

LILIYA LUKASHENKA

Лілія Лукашэнка. Крыніца: sb.by

 

Бізнэс-біяграфія Ліліі Лукашэнкі непарыўна звязаная з сербскім кланам Карычаў. У Беларусі яны вядомыя як уладальнікі будаўнічай групы кампаній Dana Holdings, якая масава забудоўвае Мінск.

 

Раней журналісты-расследавальнікі высветлілі, што ў 2009 годзе Аляксандр Лукашэнка асабіста падпісаў указ пра вылучэнне Карычам звыш 400 гектараў у цэнтры беларускай сталіцы коштам прыкладна мільярд долараў (!) бясплатна і ў дадатак забяспечыў сербскіх бізнэсоўцаў шчодрымі падатковымі льготамі.

 

Першы запавет паспяховай здзелкі – трэба ўмець не толькі браць, але і быць удзячным. І Карычы былі.

 

У 2012 годзе Лілію Лукашэнку ўладкоўваюць на працу ў беларускую кампанію «Хефастус білдынг компані», якая праз два гады рэарганізуецца ў новую і добра знаёмую ўсім юрыдычную асобу – «Дана Астра» – замоўцу праекта «Мінск Свет». Тут Лілія прапрацуе аж да 2018 года, а ў 2017-м узначаліць мастацкі салон «Арт-хаос» у гандлёвым цэнтры Карычаў – Dana Mall.

 

Дзякуючы «Кіберпартызанам» мы высветлілі, што Лілія Лукашэнка працягвала займаць пасаду кіраўніцы галерэі мінімум да 2023 года. У 2023 годзе «Арт-хаос» сумарна налічыў ёй каля 82,5 тысячы беларускіх рублёў да выліку падаходнага падатку і ФСАН – у сярэднім каля 7 тысяч рублёў за месяц. За ўсе гады працы ў галерэі Лілія Лукашэнка атрымала ад «Арт-хаоса» больш за 400 тысяч беларускіх рублёў «бруднымі», або больш за 150 тысяч еўра. Яшчэ без малога 61 тысячу еўра ёй пералічыла «Дана Астра» ў перыяд з 2012 па 2018 гады.

 

Такім чынам, больш за 200 тысяч еўра Карычы выплацілі Ліліі Лукашэнцы толькі ў якасці заработнай платы за 12 гадоў. Неймаверныя грошы па беларускіх мерках, але гэта проста драбяза ў параўнанні з тымі звышпрыбыткамі з будаўнічых падрадаў у Беларусі, якія Карычы вывелі на замежныя рахункі.

 

У 2019 годзе «Дана Холдынгз» стала генеральным партнёрам НАК. Тады пасаду прэзідэнта займаў сам Аляксандр Лукашэнка, а ягоны старэйшы сын Віктар лічыўся там выканаўцам абавязкаў віцэ-прэзідэнта – то бок, па сутнасці, намеснікам свайго бацькі.

 

Вось так Карычы атрымалі пад забудову «залатыя» гектары ў Мінску зусім бясплатна, а ўзамен аддзячылі сям’ю Лукашэнкі: НАК – «спонсарскую дапамогу», а Ліліі Лукашэнцы – няпыльнае месцейка ў галерэі і салідную зарплату ў дадатак.

 

 

ПЕРШАЯ ЎНУЧКА ЛУКАШЭНКІ

Карычы далёка не адзіныя «кашалькі» Лукашэнкі, якім даводзіцца клапаціцца пра членаў сям’і кіраўніка Беларусі.

 

Старэйшая дачка Віктара і Ліліі Лукашэнкаў і па сумяшчальніцтве самая першая ўнучка Лукашэнкі-старэйшага Вікторыя Лукашэнка ў 2020 годзе праходзіла пераддыпломную практыку ў кампаніі «Рух спорт менеджмент» былога супрацоўніка Саўбеза – бізнэсоўца Аляксандра Зайцава. Пасля заканчэння ВНУ ўнучка Лукашэнкі патрапіла пад апеку іншых «кашалькоў» – Аляксея Алексіна і Мікалая Вараб’я – у медычную клініку «Цэнтр спартыўнай рэабілітацыі НЕО». За паўтара года яна зарабіла там сумарна 24,5 тысячы беларускіх рублёў брута, або амаль 8,5 тысячы еўра.

 

У сакавіку 2022 года Вікторыя Лукашэнка аформіла адпачынак па цяжарнасці і родах, а ў ліпені пайшла ў дэкрэт. Пасля заканчэння дэкрэту цяжар па працаўладкаванні старэйшай унучкі Лукашэнкі ўзяла на сябе дзяржава – у лютым 2024 года Вікторыя заступіла на дыпламатычную службу ў беларускае МЗС на пасадзе другога сакратара. Няблага для маладой спецыялісткі, якая ўсяго пару гадоў таму скончыла ВНУ.

 

Муж Вікторыі – палачанін Дзмітрый Дзятлаў. Маладыя ажаніліся ў ліпені 2021 года.

 

SVAD'BA VIKTORII LUKASHENKO

Вяселле Вікторыі Лукашэнкі і Дзмітрыя Дзятлава. Крыніца: тэлеграм-канал «Пул першага»

 

І неўзабаве кар’ера новаспечанага мужа пайшла ў гару.

 

 

«РЫБНАЯ КАРАЛЕВА» І НАСЛЕДНЫЯ ПРЫНЦЫ

У сакавіку 2022 года, як толькі Вікторыя Лукашэнка ідзе ў адпачынак па цяжарнасці і родах, яе мужа працаўладкоўваюць у толькі што створаную кампанію «Марскія промыслы», і адразу на пасаду намесніка дырэктара па агульных пытаннях. Гэтая фірма належыць блізкай сяброўцы сям’і Віктара і Ліліі Лукашэнкаў – «рыбнай каралеве» Людміле Няронскай.

Першае вядомае перасячэнне дзвюх сем’яў датуецца 2019 годам, калі пачаўся афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты – Людміла Няронская і Лілія Лукашэнка разам з дзецьмі лёталі ў Дубай. Назад у Мінск жанчыны вярталіся ўжо ў кампаніі Віктара. Акрамя таго, дзеці Лукашэнкі і Няронскай адначасова вучыліся ў элітнай мінскай гімназіі № 16. У 2022 годзе Лілія і Людміла нават уваходзілі ў апякунскі савет школы.

Праз восем месяцаў сяброўка Ліліі і Віктара Людміла Няронская рэгіструе яшчэ адну фірму – «Марскія сезоны», і Дзятлаў атрымлівае стаўку і там.

 

У нагрузку да саліднай пасады прыкладалася і не менш салідная зарплата: ужо ў сярэдзіне 2023 года Дзятлаў стаў зарабляць адразу ў дзвюх кампаніях Няронскай сумарна больш за 10 тысяч беларускіх рублёў за месяц. Усяго за 2022 і 2023 гады пералічылі мужу Вікторыі Лукашэнкі сукупна 161,5 тысячы беларускіх рублёў да выліку падаходнага падатку і ўнёскаў у ФСАН – 53 тысячы еўра. Звыш таго, яшчэ 30 з лішкам тысяч еўра Няронская выплаціла Дзятлаву ў якасці зарплаты ў ейнай кампаніі «Захадтрансэкспедыцыя», куды той прыйшоў у 2020 годзе на пераддыпломную практыку і застаўся працаваць.

 

Усяго без малога 84 тысячы еўра малады спецыяліст адразу пасля інстытута паспеў зарабіць у Няронскай за 4 гады.

 

Акрамя гэтага, Дзмітрый Дзятлаў таксама ўвайшоў у савет дырэктараў расійскай кампаніі «Саюзныя рыбныя промыслы» – долі 50 на 50 у гэтым бізнэсе Няронская дзеліць з расійскай кампаніяй «Ізумруд», якая звязаная з сябрамі Уладзіміра Пуціна – алігархамі братамі Ратэнбергамі.

 

Сёлета партфель паўнамоцтваў Дзятлава заўважна пашырыўся – ён стаў яшчэ і дырэктарам навастворанага актыву Няронскай – «Марская мануфактура», які займаецца рэстараннай дзейнасцю. На сёння на «Марскую мануфактуру» ўжо зарэгістраваныя чатыры аб’екты грамадскага харчавання: сталовая на 60 пасадачных месцаў, дзве кавярні «Рыбны дом «Марскія сезоны» і фірмовая крама-кулінарыя. У пачатку снежня расчыніла свае дзверы першае бістро на Партызанскім праспекце ў Мінску.

 

А што атрымала сама Людміла Няронская? Хутка пасля рэгістрацыі новага бізнэсу на яе проста пасыпаліся бонусы ад беларускіх уладаў. У лістападзе 2024 года стала вядома, што «Марскія сезоны» атрымалі льготны крэдыт у 240 мільёнаў рублёў на будаўніцтва рыбаперапрацоўчага завода ў Віцебску. Прадпрыемства размясцілася ў свабоднай эканамічнай зоне «Віцебск», за кошт чаго дадаткова карыстаецца шырокімі падатковымі і мытнымі льготамі.

 

Другі завод па перапрацоўцы рыбы і морапрадуктаў «Марскія сезоны» запусцілі ў канцы лістапада гэтага года ў Калядзічах.

 

Нядаўна «Люстэрка» паведаміла, што вытворчыя плошчы збанкрутавалага прадпрыемства «Белрыба» адышлі з малатка новай кампаніі Няронскай – «Марской гавані». Сума ўгоды – 2,9 мільёна долараў.

 

Дзмітрый Дзятлаў не адзіны выгадаатрымальнік клана ад бізнэсу Людмілы Няронскай. Сын Віктара Лукашэнкі, дваццацігадовы Аляксандр Лукашэнка – малодшы, у чэрвені 2025 года атрымаў долю 20% у новай фірме Няронскай «Сезон упакоўкі», якая будзе займацца вытворчасцю гафраванай паперы і кардону, папяровай і кардоннай тары.

Пры рэгістрацыі кампанія «Сезон упакоўкі» пазначыла ў якасці юрыдычнага адрасу адмысловую эканамічную зону «Брэміна-Орша», якая ў народзе вядомая як «аршанскі афшор» за кошт шырокіх ільгот і прэферэнцый, якімі яе забяспечыў Лукашэнка-старэйшы асабіста сваім указам. Праз тыдзень пасля стварэння кампанія «Сезон упакоўкі» змяніла адрас рэгістрацыі і цяпер базуецца ў адміністрацыйным комплексе будынкаў у пасёлку Балбасава на тэрыторыі «Брэміна-Оршы», дзе лічацца фірмы «кашалькоў» Лукашэнкі: «Брэміна груп», «Ардыта», «Рузэкспедыцыя» і «Сцісхо».

Наколькі ж перспектыўныя ў фінансавым плане актывы Няронскай?

 

На 2024 год сукупная балансавая вартасць «Марскіх сезонаў» і «Марскіх промыслаў» склала больш за 120 мільёнаў беларускіх рублёў, або каля 35 мільёнаў еўра. Мяркуючы па ўсім, «Марскія сезоны» толькі ўстаюць на бізнэс-рэйкі і пакуль больш грошай з’ядаюць, чым зарабляюць – фінансавы год кампанія скончыла са стратамі. А вось «Марскія промыслы» па выніках 2024 года выйшла на прыбытак амаль у 3,6 мільёна рублёў, што па курсе склала крыху больш за мільён еўра.

 

Нашмат лепш справы ідуць у расійскай канторы Няронскай. На канец 2024 года выручка «Саюзных рыбных промыслаў» склала 2,6 мільярда расійскіх рублёў, або 25 мільёнаў еўра. Чысты прыбытак – амаль 2,6 мільёна еўра.

 

Таксама «Саюзныя рыбныя промыслы» забяспечылі льготамі, і кампанія на працягу наступных пяці гадоў з дня заснавання можа не плаціць падатак на прыбытак з асноўнай дзейнасці. Напрыклад, у 2024 годзе ён склаў усяго 33 тысячы еўра.

 

Акрамя таго, беларускія ўлады спраўна выбівалі з Расіі рыбныя квоты. Сёлета сумесныя прадпрыемствы маглі вылавіць амаль 65 тысяч тон рыбы ў Балтыйскім, Баранцавым, Берынгавым і Ахоцкім морах. 85% вылучаных квот якраз прыпалі на далёкаўсходні рэгіён, дзе, уласна, і ловіць рыбу Няронская. Крыніцы «Бюро» ацанілі кошт гэтай квоты ў 20 мільёнаў долараў.

 

Такім чынам, «рыбная каралева» Людміла Няронская працягвае нарошчваць абароты і казачна багацець з дня ў дзень. А разам з ёй робяцца больш заможнымі і бліжэйшыя сваякі Віктара Лукашэнкі – «кумаўскі капіталізм» у дзеянні.

 

 

НЕСПАРТОВЫЯ ПАВОДЗІНЫ

Свой асабісты «кашалёк», які ўжо дакладней трэба назваць куфрам, мае і другі наследнік з дынастыі Лукашэнкаў – Дзмітрый.

 

DMITRY LUKASHENKA

Дзмітрый Лукашэнка. Крыніца: handball.by

 

З 2005 года ён з’яўляецца бяззменным кіраўніком Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Фармальна клуб зарэгістраваны як некамерцыйная арганізацыя, але менавіта ў ёй асядае прыбытак сям’і Дзмітрыя Лукашэнкі.

 

Паводле звестак BelPol, Прэзідэнцкі спартыўны клуб валодае некалькімі прыватнымі фірмамі. Напрыклад, «Першай узорнай друкарняй» – яна абслугоўвае буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы, кіраўніцтва якіх, са зразумелых прычын, не можа адмовіцца ад супрацоўніцтва з друкарняй Лукашэнкі. Прыбытак гэтых фірмаў у далейшым пад выглядам дывідэндаў цячэ на рахункі Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, які, дзякуючы «ўдаламу збегу абставін», вызвалены ад выплаты падаткаў асабістым указам Аляксандра Лукашэнкі. Такім чынам, у перыяд з 2012 па 2014 год кампанія Дзмітрыя Лукашэнкі недаплаціла 54 мільярды беларускіх недэнамінаваных рублёў, або больш за 4,5 мільёна еўра па курсах тых гадоў.

 

«Бюро» мае магчымасць ацаніць толькі мінімальны парог выручкі «Першай узорнай друкарні» дзякуючы тэндарным закупкам. Згодна з гэтымі звесткамі, у перыяд з 2019 па 2025 год фірма на паслугах паліграфіі зарабіла амаль 80 мільёнаў беларускіх рублёў, або амаль 27,1 мільёна еўра.

 

Яшчэ адна крыніца даходу сярэдняга сына Лукашэнкі – шматлікія будынкі і збудаванні ў Мінску, якія ягоная фірма атрымала ў карыстанне ад дзяржавы на бязвыплатнай аснове. BelPol высветліў, што асноўнымі арандатарамі гэтых пляцовак з’яўляюцца фірмы, якія звязаныя альбо з самім Дзмітрыем Лукашэнкам, альбо з Прэзідэнцкім спартыўным клубам. Ну і, вядома, на рахункі клуба сцякаецца «спонсарская дапамога» ад буйных камерцыйных прадпрыемстваў.

 

Другая кампанія, з якай сям’я Дзмітрыя Лукашэнкі бясконца чэрпае грошы, – расійскі гандлёвы дом «БелАЗ».

 

Яшчэ ў нулявых беларускія ўлады прыдумалі «бізнэс-ідэю», як выводзіць прыбытак з дзяржаўных кампаній не ў бюджэт, а сабе ў кішэню. У гэтым ланцужку заўсёды ёсць такая спецыяльная падкантрольная структура-пракладка паміж вытворцам і дылерамі, якая па сутнасці вырашае, да якога пасярэдніка пойдзе пакупнік. У ланцужку БелАЗа гэтую функцыю якраз і выконвае гэты гандлёвы дом. З 2019 года доля Прэзідэнцкага спартыўнага клуба ў расійскім ГД «БелАЗ» павялічылася да 45%. Частка прыбытку расійская фірма цалкам легальна выплачвае ў якасці дывідэндаў спартоваму клубу як акцыянеру. Такім чынам, з 2019 па 2024 год Прэзідэнцкі спартыўны клуб атрымаў ад гандлёвага дома «БелАЗ» дывідэндаў амаль на 56 мільёнаў еўра.

 

На гэтай схеме зарабляе не толькі сям’я самога Дзмітрыя Лукашэнкі, але і яго сябры – Ігар Кулуеў і Алена Лагун. З сям’ёй Дзмітрыя Лукашэнкі сямейная пара Кулуевых, мяркуючы па ўсім, была знаёмая задоўга да схемы з перапродажам БелАЗаў. Напрыклад, у сакавіку 2013 года яны сем’ямі разам лёталі прыватным бізнэс-джэтам з Мінска ў Стамбул на святкаванне дня нараджэння Дзмітрыя Лукашэнкі. Кампанія правяла ў Турцыі 9 дзён.

 

Ці супадзенне гэта, але Кулуеў і Лагун з’яўляюцца суўладальнікамі самых прыбытковых дылераў беларускіх самазвалаў у Расіі – вядома, не без дапамогі гандлёвага дома «БелАЗ». У 2017 годзе яны разам з бізнэс-партнёрамі зарабілі на продажы БелАЗаў 176 мільёнаў долараў чыстага прыбытку і каля паловы выплацілі самім сабе ў якасці дывідэндаў.

 

У гандлёвым доме «БелАЗ» у Расіі працавала і жонка Дзмітрыя – Ганна Лукашэнка. З 2018 па 2020 год фірма сумарна пералічыла ёй у выглядзе зарплаты амаль 100 тысяч долараў.

 

 

МУЗЫЧНАЯ МАНАПОЛІЯ

Жонка Дзмітрыя Лукашэнкі Ганна знаёмая многім беларусам як паэтка-песенніца пад творчым псеўданімам Ганна Сялук. Але «Бюро» высветліла, што яна аўтарка не толькі тэкстаў музычных кампазіцый, але і ідэальнай схемы па выпампоўванні мільёнаў бюджэтных сродкаў з дзяржаўнай казны ў сямейны «абшчак».

 

HANNA LUKASHENKA

Ганна Лукашэнка-Сялук. Крыніца: belta.by

 

Асноўнае дзецішча Ганны Лукашэнкі-Сялук – фірма «Музычная медыякампанія». Яна запісаная на Палац рэспублікі Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі (30%) і кампанію «АНСЛ прадакшн» (70%), якой фармальна валодае Андрэй Урублеўскі – топ-менеджар Дзмітрыя Лукашэнкі.

«Бюро» лічыць, што Урублеўскі можа выконваць у «АНСЛ прадакшн» функцыю намінальнага ўладальніка, каб схаваць удзел у кампаніі жонкі свайго патрона. Абрэвіятура АНСЛ вельмі нагадвае ініцыялы жонкі сярэдняга сына Лукашэнкі – АНна (па-руску) Сяргееўна Лукашэнка.

На сённяшні дзень прадпрыемства разраслося да паўнацэннага медыяхолдынга, які адначасова займаецца: стварэннем музычных кампазіцый «пад ключ», прадзюсаваннем артыстаў эстрады, арганізацыяй дзяржаўных мерапрыемстваў, дзіцячых святаў, выпускных, вытворчасцю відэакліпаў, іміджавых ролікаў і стварэннем тэлешоу.

 

І ў гэтай усёй актыўнасці каласальная манетызацыя. Сукупная выручка «Музычнай медыякампаніі» ў перыяд з 2022 па 2024 год склала амаль 15 мільёнаў беларускіх рублёў, або амаль 4,4 мільёна еўра. Чысты прыбытак за тры няпоўныя гады – амаль 2,9 мільёна рублёў, або без малога 860 тысяч еўра.

 

Імаверна, па выніках гэтага фінансавага года «Музычная медыякампанія» стане яшчэ больш прыбытковай. У 2025-м нявестка Лукашэнкі ўжо паспела рэалізаваць адразу некалькі буйных праектаў: серыю канцэртаў у падтрымку свёкра на выбарах – «Марафон адзінства», канцэрт-рэквіем «Кожны трэці», прымеркаваны да Дня перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, і прадаць тэлеканалу СТВ караоке-шоу «Шум пятніцы» за мільён еўра.

 

У гэтым прадакшэне працуе і родная сястра Ганны – Таццяна Кулакова. Яна лічыцца там намесніцай дырэктара. У 2023 годзе Кулакова атрымала ад «Музычнай медыякампаніі» каля 79,5 тысячы беларускіх рублёў да выліку падаходнага падатку і ўнёскаў у ФСАН, або 24,5 тысячы еўра. З месяца ў месяц яе аклады вар’яваліся ад 4360 да 9878 рублёў – то бок у сярэднім за месяц яна зарабляла на той момант больш за сярэднестатыстычнага беларуса ў 3,5 разу. Яшчэ амаль 6 тысяч еўра «бруднымі» яна атрымала ў «Музычнай медыякампаніі» за тры месяцы працы ў 2022 годзе.

 

Яшчэ адзін прыбытковы сегмент медыябізнэсу пад кантролем Лукашэнкі-Сялук – радыёвяшчанне. Яго акумулюе асобная кампанія «Музычная частата».

49% «Музычнай частаты» кантралюе «Музычная медыякампанія». 21% знаходзіцца ва ўласнасці Рэспубліканскага культурна-асветніцкага цэнтра Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі (канцэртны зал «Мінск»). Яшчэ 30% – у дзяржпрадпрыемства «Дом прэсы», якое належыць Міністэрству інфармацыі.

Ва ўласнасці «Музычнай частаты» тры беларускія радыёстанцыі: «Супер FM», «Душэўнае радыё» і нядаўна запушчанае «Радыё Шансон», якія зарабляюць на рэкламе. Акрамя рэкламных інтэграцый «Музычная частата» развівае таксама і камерцыйны музычны праект – «Душэўны фестываль».

 

У 2023 і 2024 гадах сукупны чысты прыбытак «Музычнай частаты» – больш за 3 мільёны беларускіх рублёў, або без малога 880 тысяч еўра.

 

Такім чынам, за тры няпоўныя гады дзве кампаніі зарабілі чыстымі больш за 1,7 мільёна еўра, з іх больш за 900 тысяч – гэта даход структур, звязаных непасрэдна з нявесткай Лукашэнкі.

 

І ўсё б нічога, калі б не адно але. У артыстаў, якіх прадзюсуе «Музычная медыякампанія», фактычна няма рэальнай аўдыторыі. Тэлевізійныя каналы, якія замаўляюць у Лукашэнкі-Сялук вытворчасць тэлеперадач, існуюць за кошт дзяржбюджэту. Холдынгі, якім прадакшэн нявесткі Лукашэнкі здымае іміджавыя ролікі, – спрэс дзяржаўныя.

 

Увесь гэты баль падчас чумы існуе толькі дзякуючы таму, што беларускія ўлады разбазарваюць грошы падаткаплацельшчыкаў на канцэрты да дня чаго-небудзь і шашлыкі з АМОНам. Сродкі, якія беларусы плацяць у якасці падаткаў, каб урад будаваў новыя лякарні і школы, падвышаў зарплаты і пенсіі, павялічваў мацярынскія капіталы, каб на лячэнне цяжкахворым дзецям не збіралі эсэмэскамі, – спускаюцца на сёмую перадвыбарную кампанію Лукашэнкі і караоке-шоу з каштарысам у мільён еўра.

 

 

ХІТРАЯ КАСА

Давайце ж падаб’ем фінальную касу і палічым прыбыткі клана Лукашэнкі. Нашае расследаванне паказала, што яна вылічваецца паводле самых мінімальных падлікаў дзясяткамі мільёнаў еўра.

 

Старэйшы сын Віктар, будучы чыноўнікам на дзяржслужбе ў Савеце бяспекі, за 16 гадоў зарабіў без малога 270 тысяч еўра да выліку падаходнага падатку і ФСАН. Яшчэ больш як 120 тысяч еўра «бруднымі» ён атрымаў за чатыры няпоўныя гады працы ў НАК. Усяго – амаль 400 тысяч еўра брута ён зарабіў толькі афіцыйна.

 

Яго жонка, Лілія Лукашэнка, мінімум 12 гадоў сядзіць на зарплаце ў структурах сербскіх бізнэсоўцаў Карычаў. За гэты час афіцыйна толькі ў якасці зарплаты яна атрымала ад будаўнічых «кашалькоў» Лукашэнкі больш за 210 тысяч еўра да выліку падаходнага падатку і ФСАН.

 

Яшчэ 8,5 тысячы еўра ад медклінікі Алексіна за працу атрымала іх старэйшая дачка – Вікторыя Лукашэнка. Яе муж, Дзмітрый Дзятлаў, акапаўся ў імперыі Людмілы Няронскай – сяброўкі сваіх цесця і цешчы. За чатыры няпоўныя гады ён ужо паспеў атрымаць ад яе «бруднымі» прыкладна 84 тысячы еўра.

 

Сярэдні сын Лукашэнкі Дзмітрый – увогуле нічым у жыцці не займаўся, акрамя як кіраўніцтвам некамерцыйнай арганізацыі «Прэзідэнцкі спартыўны клуб», за 19 поўных гадоў ён прымудрыўся самому сабе выплаціць у якасці зарплаты 462 тысячы еўра да выплаты падаходнага падатку і ўнёскаў у ФСАН! Прытым больш за 116 тысяч – ужо ў першыя 5 гадоў працы.

 

Сукупна каля 1,2 мільёна еўра менш чым за 20 год два браты Лукашэнкі і іх бліжэйшыя сваякі зарабілі толькі афіцыйна. І гэта яшчэ па самых мінімальных падліках – толькі тое, што мы змаглі адшукаць.

 

А ёсць жа яшчэ «спонсарская дапамога» ад дабрачынных бізнэсоўцаў і даходы з падкантрольных камерцыйных кампаній. Ну і, вядома ж, самыя вялікія сродкі перацякаюць у куфры сямейства з бюджэту – дзякуючы ўсёй магуце падкантрольнага дзяржрэсурсу.

 

Кампанія Віктара Лукашэнкі «Лебядзіны парк» атрымала падрадаў ад бюджэтных арганізацый мінімум на 1,5 мільёна еўра. Прэзідэнцкі спартыўны клуб Дзмітрыя Лукашэнкі дзякуючы асабістаму ўказу бацькі недаплаціў у бюджэт як мінімум 4,5 мільёна еўра і толькі за апошнія 5 гадоў атрымаў дывідэндамі ад БелАЗа яшчэ 56 мільёнаў еўра. Прадзюсарскі цэнтр, звязаны з яго жонкай Ганнай, за няпоўныя чатыры гады выручыў амаль 4,5 мільёна еўра.

Даданні па тэме