Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Трыццаць срэбранікаў

У распараджэнні «Бюро» з’явіліся дадзеныя пра налічаныя заработныя платы ключавых супрацоўнікаў «Музычнай медыякампаніі» – прадзюсарскага цэнтра, у якім пасаду генеральнага прадзюсара займае нявестка Аляксандра Лукашэнкі, больш вядомая як аўтарка песень пад псеўданімам Ганна Сялук.

 

Сама Ганна Лукашэнка (Сялук), як супрацоўнік у «Музычнай медыякампаніі» не значыцца і ніякага прыбытку ад яе нібыта і не атрымлівае. Аднак фірма спраўна пералічае ганарары топ-менеджарам прадкшна – дырэктару Андрэю Гузелю і намесніку дырэктара Таццяне Кулаковай, роднай сястры Ганны Лукашэнкі.

 

Andrei Guzel' i Tat'yana Kulakova

Андрэй Гузель (трэці злева) і Таццяна Кулакова (другая справа). Крыніца: інстаграм-акаўнт @muzmedia.by

 

Андрэй Гузель – чалавек з багатым прадзюсарскім досведам. Ён працаваў канцэртным дырэктарам у беларускіх выканаўцаў Сашы Нэма і Ларысы Грыбалёвай, супрацоўнічаў з Аляксандрам Рыбаком і нават валодаў уласным прадзюсарскім цэнтрам «Гранд м’юзік».

 

Цяпер Гузель заняты пошукам будучых зорак беларускай эстрады на дзяржпрадпрыемствах. За гэтую працу ў 2022 годзе Андрэй Гузель атрымаў ад «Музычнай медыякампаніі» прыкладна 31,5 тысячы беларускіх рублёў.

 

У 2023 годзе ў прадзюсарскім цэнтры фронт працаў павялічыўся, і заробак Гузеля пачаў расці ў геаметрычнай прагрэсіі. Усяго тады прадзюсар атрымаў ад «Музычнай медыякампаніі» крыху больш за 94 тысячы беларускіх рублёў. З месяца ў месяц яго аклады вар’яваліся ад 6162 да 9878 рублёў, у той час як сярэдняя заработная плата ў 2023 годзе па краіне была 1902 рублі.

 

Таленты ўласнай сястры генеральны прадзюсар Ганна Лукашэнка ацэньвае крыху больш сціпла. У 2022 годзе Таццяна Кулакова адпрацавала ў «Музычнай медыякампаніі» няпоўных 3 месяцы, за што атрымала трохі больш за 16 тысяч беларускіх рублёў. У 2023 годзе Кулакова зарабіла каля 79,5 тысячы беларускіх рублёў. З месяца ў месяц яе аклады змяняліся ад 4360 да 9878 рублёў – то бок у сярэднім за месяц яна зарабляла больш, чым сярэднестатыстычны беларус, у 3,5 разу.

«Музычная медыякампанія» належыць Палацу рэспублікі Упраўлення спраў Лукашэнкі (30%) і прыватнай кампаніі «АНСЛ прадакшн» (70%). Апошняя запісаная на Андрэя Урублеўскага (95%) – аднаго з падначаленых Дзмітрыя Лукашэнкі. Імаверна, Урублеўскі выконвае ў «АНСЛ прадакшн» функцыю намінальнага ўладальніка, каб утаіць удзел у кампаніі жонкі свайго патрон АНСЛ вельмі нагадвае ініцыялы жонкі сярэдняга сына Лукашэнкі – АНна (па-руску) Сяргееўна Лукашэнка.