З-за сямейных абставін
Нягледзячы на тое што Аляксандр Лукашэнка любіць публічна разважаць пра «сямейныя скрэпы» і культ сям’і, падрабязнасці жыцця ўласнай ячэйкі грамадства ён лічыць за лепшае не афішаваць. Беларусы ўвогуле маюць даволі сціплае ўяўленне пра сям’ю «народнага абранніка» – пастановачныя фота і сухія факты на афіцыйным сайце, вось, бадай, і ўсё, што належыць ведаць электарату.
Аднак «Бюро» высветліла падрабязнасці жыцця старэйшай унучкі Лукашэнкі – Вікторыі: як яна звязаная з бізнэсам «кашалькоў» Лукашэнкі, якія бенефіты атрымоўвае, з якой кампаніі сышла ў дэкрэтны адпачынак і якую пасаду атрымала пасля яго.
Вяселле Вікторыі Лукашэнкі. Крыніца: тэлеграм-канал «Пул первого»
Пачатак працоўнага стажу ўнучкі Лукашэнкі датуецца 2018 годам. Цэлы жнівень студэнтка платнага аддзялення факультэта міжнародных адносінаў БДУ адпрацавала ў кампаніі «Арт Хаос», якая валодае аднайменнай мастацкай галерэяй у сталічным шопінг-моле «Dana Mall».
Уладальнікам фірмы ў той перыяд лічылася кіпрская кампанія Danlace Holdings. Яна афіляваная з кампаніяй Dana Holding – ключавым актывам сербскіх бізнэсоўцаў, якіх улады ЗША назвалі «будаўнічымі кашалькамі» Лукашэнкі, Багалюба і Драгаміра Карычаў. А вось абавязкі дырэктаркі галерэі з 2017 года і па сёння выконвае маці Вікторыі – Лілія Лукашэнка.
Дзяўчына, імаверна, праходзіла ў «Арт Хаосе» летнюю практыку і нават атрымала грашовае ўзнагароджанне ў памеры 192 рублёў. З галерэяй у Вікторыі быў яшчэ адзін працоўны дагавор у перыяд з 1 па 31 студзеня 2019 года. За гэты працоўны месяц Лукашэнка атрымала сціплыя 280 рублёў.
У 2020 годзе, на пераддыпломную практыку, Вікторыя накіравалася ў кампанію «Рух спорт менеджмент». Гэтая фірма належала так званаму кашальку Лукашэнкі і па сумяшчальніцтве экс-памочніку бацькі Вікторыі – Аляксандру Зайцаву.
Даходы старэйшай унучкі Лукашэнкі пачалі расці пасля заканчэння ВНУ, калі яна прайшла навучанне ў IT-акадэміі. Усяго праз тры месяцы Віка атрымала пасаду ў медыцынскай клініцы «кашалька Лукашэнкі» Аляксея Алексіна – «Цэнтры спартыўнай рэабілітацыі НЕО».
За 4 месяцы 2020 года «Цэнтр спартыўнай рэабілітацыі НЕО» налічыў Вікторыі Лукашэнцы заработную плату ў памеры 6661 рубля – няблага для маладога спецыяліста, які толькі скончыў універсітэт. У 2021 годзе дзяўчына сумарна зарабіла ў медыцынскім цэнтры яшчэ 15 340 беларускіх рублёў.
14 сакавіка 2022 года Вікторыя, ужо на той момант Дзятлава, афармляе адпачынак па цяжарнасці і родах. А з 18 ліпеня афіцыйна ідзе ў дэкрэт – з гэтай даты медыцынскі цэнтр пачынае маркіраваць кантракт старэйшай унучкі Лукашэнкі кодам «дзеці100».
Вікторыя праседзела ў дэкрэце ўвесь 2023 год, а ўжо ў лютым 2024 года зноў уварвалася ў працоўную каляіну – яна атрымала пасаду другога сакратара ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі. На жаль, у нас не атрымалася высветліць узровень яе заробку ў гэтай структуры. Працу ў МЗС унучка Лукашэнкі сумяшчала з пасадай галоўнага спецыяліста аддзела маркетынгу ўсё ў тым жа «Цэнтры спартыўнай рэабілітацыі НЕО».