Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Караоке ад нявесткі Лукашэнкі

«Бюро» высветліла, што ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне» (тэлеканал СТВ) выкупіла права на трансляцыю новага караоке-шоу ў прадакшэна нявесткі Лукашэнкі – «Музычнай медыякампаніі». Сума ўгоды склала больш за мільён еўра.

 

Згодна з тэндарам, які знайшло «Бюро», музычны прадакшэн Ганны Лукашэнкі прадаў тэлеканалу СТВ права на трансляцыю 34 выпускаў і анонсаў забаўляльнай тэлеперадачы за 3,7 мільёна беларускіх рублёў, або 1,07 мільёна еўра. Кошт вытворчасці аднаго выпуску – 108,8 тысячы рублёў, або 31,5 тысячы еўра.

 

Гаворка ідзе пра новую тэлепраграму – караоке-шоу «Шум Пятніцы», прэм’ерны паказ якога ўжо запланаваны на 10 кастрычніка на тэлеканале «РТР-Беларусь». На ролю вядоўцы айчынныя тэлеробы запрасілі сына расійскага z-выканаўцы Алега ГазманаваРадзівона. Спаборнічаць у вакальным майстэрстве за грашовы прыз у тэлекараоке будуць работнікі беларускіх дзяржпрадпрыемстваў. Недзе мы ўжо гэта бачылі? 

 

SHUM PYATNICY

«Мы адчыняем дзверы ў свет, дзе галоўнае не ідэальны слых, а шчырая эмоцыя, дзе перамагае не тэхніка, а душа», – сцвярджае тэлеканал СТВ.

Нагадаем, «Музычная медыякампанія» належыць Палацу рэспублікі Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі (30%) і прыватнай кампаніі «АНСЛ прадакшн» (70%). Апошняя запісаная на Андрэя Урублеўскага (95%) – аднаго з падначаленых Дзмітрыя Лукашэнкі. Імаверна, Урублеўскі выконвае ў «АНСЛ прадакшн» функцыю намінальнага ўладальніка, каб утаіць удзел у кампаніі жонкі свайго патрона. Абрэвіятура АНСЛ вельмі нагадвае ініцыялы жонкі сярэдняга сына Лукашэнкі – АНна (па-руску) Сяргееўна Лукашэнка.

 

Раней мы ўжо расказвалі, што акрамя прасоўвання праўладных артыстаў і стварэння тэлешоу «Музычная медыякампанія» на чале з Ганнай Лукашэнкай валодае цэлай радыёімперыяй і відэапрадакшэнам, арганізоўвае гарадскія святы, дзіцячыя святы і выпускныя. Галоўным жа праектам нявесткі Лукашэнкі стала неафіцыйная агіткампанія ў падтрымку ейнага свёкра – «Марафон адзінства».