Лукашэнка Дзмітрый Аляксандравіч
Дзейныя актывы: Прэзідэнцкі спартыўны клуб (фізкультурна-аздараўленчая дзейнасць), «Першая ўзорная друкарня» (паліграфія), «Універсітэцкія традыцыі» (гандаль), Аматарскі хакейны клуб «Шчыт» (хакейны клуб), «Спорт груп» (гандаль), «Фан спорт» (кіраванне фізкультурна-спартовай інфраструктурай), «АТВ-тех» (абароненая паліграфія), Клуб тэніса (фізкультурна-аздараўленчая дзейнасць), «ТД «БелАЗ» (Расія).
Гістарычныя актывы: «Спорт-пары» (латарэі), «Маркетліга» (гандаль), «ЕўраСтэпГруп», «Гольф клуб» (будаўніцтва).
Сувязі: Аляксандр Лукашэнка (бацька), Віктар Лукашэнка (брат), Ганна Лукашэнка (жонка), Віктар Кулуеў (бізнэс-партнёр), Алена Лагун (бізнэс-партнёрка), Уладзімір Кулакоў (былы кіраўнік структуры ПСК, швагер), Таццяна Кулакова (швагерка), Андрэй Карповіч (менеджар), Андрэй Урублеўскі (менеджар), Дзяніс Курдзека (менеджар, партнёр), Яўген Кукушкін (кіраўнік), Юрый Чахоўскі (менеджар).
Бенефіты: Сярэдні сын Аляксандра Лукашэнкі з 2005 года з’яўляецца нязменным кіраўніком Прэзідэнцкага спартыўнага клуба (ПСК), які курыруе дзяржаўна-грамадскія праекты. Фармальна ПСК зарэгістраваны як некамерцыйная арганізацыя, але менавіта на ёй замыкаюцца многія фінансавыя плыні падкантрольных Дзмітрыю Лукашэнку кампаній і актываў.
З 2007 года ПСК валодае 30-працэнтнай доляй у «ТД «БелАЗ». Кампанія займаецца пастаўкай кар’ерных самазвалаў у Расію (да 2019 года доля ПСК павялічылася да 45%). Толькі з 2019 па 2024 гады ПСК атрымаў ад «ТД «БелАЗ» у якасці дывідэндаў амаль 56 мільёнаў еўра. Паводле звестак расследавальнікаў, ПСК таксама мае ва ўласнасці шэраг будынкаў і збудаванняў у Мінску, якія той атрымаў ад дзяржавы ў карыстанне на бязвыплатнай аснове. Асноўнымі арандатарамі гэтых памяшканняў з’яўляюцца падкантрольныя самому ж ПСК фірмы: «Клуб тэніса», «Спорт груп», «АТВ-тех» і «Першая ўзорная друкарня». Такім чынам, згаданыя фірмы павялічваюць на паперы расходы і зніжаюць уласную падатковую базу. З грошай, атрыманых у выглядзе даходаў ад арэнды, ПСК не плаціў падаткі, бо вызвалены ад гэтай працэдуры асабістым указам Аляксандра Лукашэнкі – бацькі Дзмітрыя Лукашэнкі.
Акрамя таго, ПСК атрымлівае прыбытак ад уласных камерцыйных прадпрыемстваў. Напрыклад, чысты прыбытак «Клуба тэніса» з 2021 па 2025 гады склаў амаль 230 тысяч еўра. «Першая ўзорная друкарня» з 2019 па 2025 гады толькі на дзяржаўных закупках акумулявала 27,1 мільёна еўра.
Яшчэ адна крыніца прытоку сродкаў у ПСК – спонсарская дапамога. Аматарскі клуб «Шчыт», за які гуляе сам Дзмітрый Лукашэнка, з 2021 па 2025 гады прыцягнуў фінансавання больш чым на 700 тысяч еўра.
Абмежаванні: Дзмітрый Лукашэнка з 2021 года знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, ЕС, Канады і Швейцарыі. Прэзідэнцкі спартыўны клуб знаходзіцца пад санкцыямі ЗША і Канады.
