Гукі распілу
«Саундкафэ прадакшн» – адзін з галоўных гульцоў у індустрыі масавых мерапрыемстваў Беларусі. За бюджэтныя грошы кампанія праводзіць дзяржаўныя святы і пампезныя «патрыятычныя» канцэрты. Часта гэтыя дзяржзамовы яна атрымлівае ў абыход тэндараў, паводле прамога распараджэння чыноўнікаў. Пры гэтым, як высветліла «Бюро», бацька кіраўніка «Саундкафэ» каля 20 гадоў прапрацаваў у адміністрацыі Лукашэнкі, а сама кампанія шчыльна супрацоўнічае з Прэзідэнцкім спартыўным клубам.
У гэтым расследаванні мы раскрыем сакрэты поспеху «Саундкафэ прадакшн», растлумачым, як уладкаваная карупцыя ў сферы дзяржзакупак, і пакажам, як за яе расплачваюцца звычайныя беларусы.
НАДЗЕЙНЫ ПАРТНЁР
Прэзідэнцкі спартыўны клуб, які з моманту заснавання ўзначальвае сярэдні сын кіраўніка Беларусі Дзмітрый Лукашэнка, арганізаваў фестываль вулічных відаў спорту MINSK URBAN FEST. Івэнт прайшоў у ліпені 2026 года пры падтрымцы Мінгарвыканкама. Арганізацыю фестывалю забяспечыла кампанія «Саундкафэ прадакшн». Яна даўні партнёр структуры сярэдняга сына Лукашэнкі.
Напрыклад, адказвае за кастынгі і прадакшн шоу «Героі» на канале «Беларусь 1». Гэтую тэлевізійную спорт-гульню Прэзідэнцкі спартыўны клуб стварыў разам з МНС, Беларускай федэрацыяй пажарна-выратавальнага спорту і Белтэлерадыёкампаніяй. Саундтрэк «Герояў» напісала жонка Дзмітрыя Лукашэнкі – Ганна Лукашэнка, вядомая пад творчым псеўданімам Ганна Сялук. Вядоўцай першага сезону шоу была іхная дачка – Дар’я Лукашэнка. Сайт праекта пры гэтым належыць кампаніі «Саундкафэ прадакшн».
Яе рэквізіты пазначаныя і на сайце марафону «Спорт для ўсіх» – яшчэ аднаго праекта Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.
Таксама «Саундкафэ» праводзіць у Беларусі канцэрты, пераважна – зорак расійскага шоу-бізнэсу. Напрыклад, кампанія заяўляе, што забяспечвала праекты, звязаныя з канцэртамі ў Мінску Грыгорыя Лепса, Стаса Міхайлава, Клавы Кокі і МакSім, а на «Вечарах у Мірскім замку» дала гукавое абсталяванне для выступу Алега Газманава.
Нават у 2026 годзе, калі, паводле звестак СМІ, індустрыю канцэртаў Беларусі практычна манапалізавалі звязаныя з Ганнай Сялук структуры, «Саундкафэ» прымудрылася арганізаваць у Мінску выступ Мары Краймбрэры. Імаверна, супрацоўніцтва з Дзмітрыем Лукашэнкам, мужам Ганны, не прайшло дарма.
Хто ж стаіць за гэтым бізнэсам?
УСЕ СВАЕ
«Саундкафэ прадакшн» уваходзіць у групу кампаній, якія займаюцца тэхнічным забеспячэннем культурных і спартовых мерапрыемстваў. Да гэтай сеткі таксама адносяцца фірмы «Індустрыя канцэрта», «Саундкафэ рэалці», «Пінк Нойз», «Саундкафэ бай» і «Гукавое агенцтва “Саундкафэ”». Усімі імі кіруюць члены адной сям’і і іхныя сябры.
На чале бізнэсу стаіць Вадзім Рашацько. Паводле інфармацыі «Кіберпартызан», кар’еру ён пачаў на дзяржаўнай службе – ва ўпраўленні адукацыі і па справах моладзі адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска. У той час намеснікам кіраўніка гэтай жа адміністрацыі працаваў бацька Вадзіма, Генадзь Рашацько.
У 2004 годзе Рашацько-старэйшы атрымаў павышэнне і пайшоў у адміністрацыю Лукашэнкі. Спачатку бы галоўным дарадцам, а затым заняў пасаду намесніка начальніка кадравага ўпраўлення адміністрацыі. Там ён працаваў як мінімум да 2024 года, вынікае з дадзеных «Кіберпартызан».
Яго сын абраў іншы шлях – на пачатку нулявых падаўся ў шоу-бізнэс і стварыў першую кампанію з сеткі «Саундкафэ». Бацька-чыноўнік такому рашэнню сына спачатку не быў рады.
«Мой тата, чалавек старога гарту, да майго 25-годдзя лічыў, што ўсё, чым я займаюся, – гэта хобі, а не прафесія. Ён хацеў бачыць мяне супрацоўнікам якога-небудзь перадавога выканкама. І калі я яму сказаў «не», бацька не размаўляў са мной доўгі час», – прыгадваў Вадзім Рашацько ў інтэрв’ю.
Бацька адышоў, калі сын дастаў яму запрашальныя на канцэрт «Бі-2».
«…Ён на свае вочы пабачыў вялікую сцэну, тэхнічнае забеспячэнне, тысячы людзей і ўвесь маштаб мерапрыемства – вось тады ён паверыў у мяне!» – дзяліўся гендырэктар «Саундкафэ».
Пасля бацькоўскага добраславення да бізнэсу Вадзіма Рашацько пачалі падцягвацца сваякі. Брат Дзмітрый стаў гукарэжысёрам «Саундкафэ», а надалей – кіраўніком некалькіх кампаній сеткі. Жонкі абодвух братоў, Наталля і Таццяна, атрымалі працу ў «Саундкафэ прадакшн».
Маці сямейства, Людміла, таксама ў справе. Паводле звестак «Кіберпартызан», яна была працаўладкаваная ў кампаніях «Саундкафэ бай» і «Індустрыя канцэрта». Раней жанчына працавала ў «Мінскканцэрце». Гэтая дзяржустанова часта набывае паслугі «Саундкафэ» без правядзення належнага паводле закона аўкцыёну. Характэрна, што робіць так не толькі «Мінскканцэрт».
ІЛЮЗІЯ ВЫБАРУ
«Бюро» высветліла, што кампаніі з сеткі «Саундкафэ» рэгулярна атрымліваюць бюджэтныя грошы на правядзенне культурных і «патрыятычных» мерапрыемстваў. Многія дзяржзамовы дастаюцца Рашацько без тэндараў.
Напрыклад, некалькі разоў «Саундкафэ прадакшн» выбіралі выканаўцам дзяржзамовы ў адпаведнасці з пунктам 2 пастановы Саўміна № 454.
«Гэта важны чырвоны сцяг, які азначае, што пры закупцы падставу падбіралі пад ужо прынятае рашэнне, а не рашэнне пад падставу. Норма сканструяваная так, што дазваляе аформіць загадзя абранага пастаўшчыка, бо ў ёй няма ні крытэраў выбару, ні патрабавання публікаваць падставу, ні механізму аспрэчвання. Праверыць, што пастаўшчыка абралі сумленна, немагчыма», – патлумачыў «Бюро» кіраўнік праекта «Адкрытыя закупкі», эканаміст Уладзімір Кавалкін.
Адна з прычын прыхільнасці дзяржавы да «Саундкафэ» можа хавацца ў тым, што бацька сямейства як мінімум два дзесяцігоддзі працаваў у адміністрацыі Лукашэнкі.
«Гэта літаральна прыклад з падручніка канфлікту інтарэсаў, прычым паводле азначэння закона “Аб барацьбе з карупцыяй”. У адпаведнасці з ім, канфліктам інтарэсаў з’яўляецца сітуацыя, калі асабістыя інтарэсы чыноўніка, яго жонкі, блізкіх сваякоў або сваякоў па шлюбе (сыны і іх жонкі) могуць паўплываць на выкананне ім службовых абавязкаў. Гэты ж закон наўпрост забараняе чыноўніку спрыяць сваякам у бізнэсе, выкарыстоўваючы службовае становішча, і абавязвае пісьмова паставіць у вядомасць кіраўніцтва пра ўзнікненне канфлікту інтарэсаў», – зазначыў Уладзімір Кавалкін.
Асаблівае становішча «Саундкафэ» пацвярджаецца тым, што для выканання як мінімум трох дзяржзамоваў кампанію наўпрост выбраў Саўмін паводле даручэння Лукашэнкі.
Сутнасць падобных прызначэнняў «Бюро» апісаў эканаміст Уладзімір Кавалкін:
«У 2025 годзе Саўмін выдаў серыю пастановаў з аднолькавай назвай “Аб ажыццяўленні дзяржаўных закупак з прымяненнем працэдуры закупкі з адной крыніцы”. Кожная пастанова – гэта замацаванне сегмента рынку за прызначанымі кампаніямі: шыны браць у такіх вось вытворцаў, лакафарбавую прадукцыю – у такога вось завода і гэтак далей, на год-два наперад. Атрымліваецца трохступенная вертыкаль прызначэння. Лукашэнка дае даручэнне, і яно не публічнае. Саўмін выдае пастанову – і яна ўжо публічная, але не тлумачыць, чаму абраная пэўная кампанія. Замоўцы ва ўсёй краіне набываюць у прызначанага пастаўшчыка. Гэта інстытуалізаваная сістэмная карупцыя».
Эксперт пракаментаваў яшчэ адзін цікавы выпадак: калі кампанія «Саундкафэ» атрымала дзяржзамову дзякуючы дакладной запісцы намесніцы прэм’ер-міністра Беларусі Наталлі Пяткевіч.
«Юрыдычна дакладная запіска не з’яўляецца падставай для закупкі з адной крыніцы. Калі ж яна пазначаная ў даведцы аб працэдуры, то гэта альбо дэфект афармлення, альбо, што больш імаверна, шчырае адлюстраванне таго, як рашэнне прымалася на самай справе – зверху ўніз, праз апаратную перапіску. Сама канструкцыя кажа пра тое, што ініцыятыва і параметры закупкі сфармаваныя на ўрадавым узроўні, а працэдура толькі аформіла гатовае рашэнне», – зазначыў Уладзімір Кавалкін.
Паводле падлікаў «Бюро», з 2019 года фірма «Саундкафэ прадакшн» зарабіла на дзяржзамовах каля 6,5 мільёна рублёў.
У гэтую суму ўваходзяць, напрыклад, пастаўкі абсталявання на святкаванне Дня Незалежнасці ў Мінску і «Славянскі базар у Віцебску» ў 2025 годзе; абслугоўванне сцэны «Дажынак» і гала-канцэрта ў гонар Дня Дзяржаўнага сцяга, герба і гімна ў 2024 годзе; правядзенне рэспубліканскага «Апошняга званка» ў 2023 годзе.
Іншыя кампаніі з сеткі «Саундкафэ» выручылі на дзяржзамовах яшчэ як мінімум 1,5 мільёна рублёў. З кожным годам заробак расце.
Поспехі ў Беларусі дазволілі «Саундкафэ» пашырыць бізнэс і выйсці на расійскі рынак.
ЗАВАЁЎВАЮЧЫ МАСКВУ
У структурах «Саундкафэ» знайшлося месца і для сяброў сям’і Рашацько – мужа і жонкі Ігара і Вольгі Раманавых. Ён – тэхнічны дырэктар, яна – фінансавы. Разам яны таксама працуюць над расійскім кірункам бізнэсу.
У Маскве «Бюро» знайшло чатыры фірмы, якімі кіруюць Вадзім Рашацько і Вольга Раманава: «Саундкафэ прадакшн», «СК Про», «Саундкафэ Масква» і «РР Салюшн». Першыя дзве зарэгістраваныя па адным адрасе, а трэцяя і чацвёртая размешчаныя па суседстве. Гэта дазваляе казаць пра іх прыналежнасць да адзінай сеткі.
Сумарны чысты прыбытак гэтых кампаній за апошнія пяць гадоў склаў каля 6,6 мільёна долараў.
У Расіі «Саундкафэ» займаецца тым жа, чым і ў Беларусі: дае ў арэнду сцэнічныя канструкцыі, гукавое, светлавое і відэаабсталяванне для канцэртаў, фестываляў, спартовых івэнтаў і дзяржаўных святаў. У партфоліа фірмы, напрыклад, конкурс «Інтэрбачанне 2025», канцэрт на Дзень Расіі ў 2024 годзе, суперфінал Кубка Расіі па футболе 2023 года, VK Fest 2022.
«За актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці дзяржавы і вялікі ўнёсак у рэалізацыю прыярытэтных сацыяльных праектаў» Ігар Раманаў атрымаў падзяку ад Уладзіміра Пуціна ў 2024 годзе.
Характэрна, што ў Ігара Раманава, як і ў Вадзіма Рашацько, бацька працуе на дзяржслужбе. З 1990-х гадоў Андрэй Раманаў выступае ў ансамблі песні і танца Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. У 2023 годзе яго нават унеслі ў Кнігу гонару ансамбля.
Праца ў сферы забаў, падмацаваная сувязямі ў адміністрацыі Лукашэнкі і ўзброеных сілах, забяспечвае Рашацько і Раманавым больш чым камфортнае жыццё, высветліла «Бюро».
ГЛЯНЦАВАЕ ЖЫЦЦЁ
З дапамогай «Кіберпартызан» нашы журналісты праверылі, якой нерухомасцю валодаюць кіраўнікі «Саундкафэ» і іх сваякі.
На Вадзіма Рашацько запісаная кватэра на вуліцы Голубева ў Мінску плошчай 57 м2, ацэначны кошт – 121 тысяча долараў. На ягоную жонку – дом у Валожынскім раёне плошчай 59 м2. Бацька гендырэктара «Саундкафэ», які працаваў у адміністрацыі Лукашэнкі, займеў апартаменты плошчай 108 м2 на сталічным праспекце Пераможцаў. Іх ацэначны кошт – 255 тысяч долараў. Маці Вадзіма Рашацько – уладальніца дома ў Смалявіцкім раёне плошчай 199 м2 і кватэры ў 62 м2 на мінскай вуліцы Русіянава ацэначным коштам 123 тысячы долараў.
Ва ўласнасці Вольгі Раманавай кватэра ў 115 м2 на вуліцы Нёманскай у Мінску ацэначным коштам 194 тысячы долараў і дом плошчай 293 м2 у Калодзішчах. На бацьку Ігара Раманава, які выступае ў ансамблі ўзброеных сіл, аформленая кватэра ў Мінскім раёне – 76 м2.
Дома Рашацько і Раманавы, аднак, не сядзяць. Сем’і актыўна падарожнічаюць і дзеляцца кадрамі з паездак у сацсетках.
Наталля Рашацько – жонка Вадзіма, кіраўніка бізнэсу – у 2024 годзе публікавала фота з сямейнага адпачынку на Шры-Ланцы.

Наталля Рашацько на Шры-Ланцы, 2024 год. Крыніца: інстаграм-акаўнт Наталлі Рашацько
У 2023 годзе Наталля посціла кадры з Італіі.

Наталля і Вадзім Рашацько з сынамі ў Італіі, 2023 год. Крыніца: інстаграм-акаўнт Наталлі Рашацькоо
Таццяна Рашацько – жонка Дзмітрыя, малодшага з братоў – таксама дзялілася фота з падарожжаў. У студзені 2026 года яна апублікавала кадры са спа ў кітайскім Ханчжоу. Там Таццяна, падобна, сустракала Новы год.

Таццяна Рашацько ў Кітаі, 2026 год. Крыніца: інстаграм-акаўнт Таццяны Рашацько
Вясной 2026 года Таццяна з дачкой падарожнічала па Італіі.

Таццяна Рашацько ў Італіі, 2026 год. Крыніца: інстаграм-акаўнт Таццяны Рашацько
У 2025 годзе Таццяна з мужам і дачкой адпачывала ў ААЭ, у 2023 і 2022 гадах – у Турцыі.

Таццяна і Дзмітрый Рашацько з дачкой у ААЭ, 2025 год. Крыніца: інстаграм-акаўнт Таццяны Рашацько

Таццяна Рашацько ў Турцыі, 2023 год. Крыніца: інстаграм-акаўнт Таццяны Рашацько

Таццяна і Дзмітрый Рашацько з дачкой у Турцыі, 2022 год. Крыніца: інстаграм-акаўнт Таццяны Рашацько
У 2020 годзе Таццяна апублікавала фота з мужам з Барселоны.

Таццяна і Дзмітрый Рашацько ў Іспаніі, 2020 год. Крыніца: інстаграм-акаўнт Таццяны Рашацько
Вольга Раманава ў 2025, 2024 і 2021 гадах дзялілася фотаздымкамі з Мальдыўскіх выспаў.

Вольга Раманава на Мальдывах, 2025 год. Крыніца: інстаграм-акаўнт Вольгі Раманавай

Вольга Раманава на Мальдывах, 2024 год. Крыніца: інстаграм-акаўнт Вольгі Раманавай

Вольга і Ігар Раманавы на Мальдывах, 2021 год. Крыніца: інстаграм-акаўнт Вольгі Раманавай
У 2024 годзе фінансавая дырэктарка «Саундкафэ» адпачывала на Балі.

Вольга Раманава на Балі, 2024 год. Крыніца: інстаграм-акаўнт Вольгі Раманавай
У 2023 годзе Вольга публікавала здымкі з адпачынку ў Турцыі, Тайландзе і ААЭ.

Вольга Раманава ў Турцыі, 2023 год. Крыніца: інстаграм-акаўнт Вольгі Раманавай

Вольга Раманава ў Тайландзе, 2023 год. Крыніца: інстаграм-акаўнт Вольгі Раманавай

Вольга Раманова ў ААЭ, 2023 год. Крыніца: інстаграм-акаўнт Вольгі Раманавай
Журналіст «Бюро» пазваніў Рашацько і Раманавым па тэлефоне, але трубку зняла толькі Таццяна Рашацько. Яна заявіла, што сувязі ў адміністрацыі Лукашэнкі не паўплывалі на працу «Саундкафэ». «Бюро» таксама накіравала кампаніі пісьмовы запыт на каментар. Мы чакаем адказу.
ЗАРАЗЛІВЫ ПРЫКЛАД
Карупцыя ў Беларусі сёння стала часткай дзяржаўнай сістэмы. Людзі пры ўладзе мэтанакіравана ператвараюць дзяржаўныя рэсурсы ў сямейныя і кланавыя актывы. У любой сферы, у кожным дзяржаўным праекце яны бачаць магчымасць азалаціцца. Каб не прапусціць ні адной капейкі, рынкі дзеляць паміж набліжанымі і накіроўваюць бюджэтныя плыні ў патрэбныя кішэні.
Супраціўляцца няма каму – пра гэта самаабвешчаныя эліты паклапаціліся загадзя. Грамадзянскія ініцыятывы зачышчаныя, незалежныя інстытуты знішчаныя, а любое адступленне ад «лініі партыі» пагражае праблемамі.
У такіх умовах абраныя бізнэсы растуць як на дражджах. Самы яскравы прыклад – структуры Ганны Лукашэнкі-Сялук, якія ўсяго за некалькі гадоў захапілі і перакроілі беларускі шоу-бізнэс. Поспех на гэтай ніве цяпер гарантуюць не талент і прадпрымальніцкая хватка, а сувязі.
Гісторыя «Саундкафэ» ілюструе менавіта гэта. Каб дамагчыся поспеху, сям’і Рашацько не абавязкова было спаборнічаць з канкурэнтамі, бо буйную дзяржзамову яна магла атрымаць дзякуючы свайму прозвішчу. Калі такую мадэль задаюць наверсе, грэх яе не пераняць. Атрымліваецца заганнае кола, у якім карупцыя спараджае карупцыю.
Пакутуе ад гэтага ўся індустрыя. Замест развіцця і новых імёнаў яна атрымлівае адных і тых самых «надзейных партнёраў», якія ў выніку прыводзяць да застою. Аплачваць такую сістэму вымушаныя звычайныя беларусы, прычым двойчы: спачатку – накіроўваючы падаткі ў бюджэт, потым – набываючы квіткі на канцэрты і шоу.