Брацкія зарплаты. Колькі зарабляюць сыны Аляксандра Лукашэнкі
Два старэйшыя сыны Аляксандра Лукашэнкі ўжо шмат гадоў працаўладкаваныя ў розных дзяржаўных установах. Амаль 20 гадоў Дзмітрый Лукашэнка ўзначальвае Прэзідэнцкі спартовы клуб. Ягоны брат Віктар Лукашэнка доўгі час працаваў у Савеце бяспекі Беларусі, а з 2021 года ён – старшыня Нацыянальнага Алімпійскага камітэта Беларусі.
Дзмітрый і Віктар Лукашэнкі. Крыніца: kp.ru
Якая ж налічаная зарплата братоў на іх пасадах, з якой выплачваліся падаткі і ўнёскі? У Беларусі чыноўнікі, дэпутаты і дзяржслужбоўцы не публікуюць свае дэкларацыі пра даходы. Але мы змаглі даведацца, колькі Віктар і Дзмітрый Лукашэнкі атрымалі брута на сваіх пасадах у 2023 і 2024 гадах.
У Віктара Лукашэнкі на пасадзе старшыні НАК Беларусі заработная плата брута за 2023 год склала 112 341 рубель. А за дзевяць месяцаў 2024 года – каля 97 тысяч рублёў.
Ягоны брат Дзмітрый Лукашэнка з ліпеня 2005 года ўзначальвае Прэзідэнцкі спартовы клуб. За 2023 год яго заработная плата брута была 112 341 рубель. За дзевяць месяцаў 2024 года – каля 99 тысяч рублёў.
У 2023 годзе зарплаты брута ў братоў былі абсалютна ідэнтычныя – капейка ў капейку. Але ў 2024 годзе ў Віктара ліпеньская зарплата атрымалася меншай, чым у Дзмітрыя. За выключэннем гэтага выпадку, у абодвух братоў аднолькавыя сумы мінімум апошнія два гады. Гэта каб нікому крыўдна не было?
Што да іхнага бацькі, Аляксандра Лукашэнкі, то пра ягоную зарплату беларусы даведваюцца прыкладна раз на пяць гадоў, калі ЦВК публікуе дэкларацыі пра даходы і маёмасць усіх кандыдатаў.
Даход Аляксандра Лукашэнкі за 2023 год склаў 203 590 рублёў, што па сярэднім курсе на той год было эквівалентным прыкладна 67 тысячам долараў. Увесь ягоны даход – гэта зарплата на пасадзе «прэзідэнта». Падчас кампаніі 2020 года ён задэклараваў даход за 2019 год у 117 тысяч рублёў. То бок за 4 гады ягоны даход у рублях вырас амаль удвая.