Цёмныя бакі Беларускага Чырвонага Крыжа
Беларускі Чырвоны Крыж за гады існавання ў незалежнай Беларусі неаднаразова рабіўся прычынай скандалаў. Добраахвотна-прымусовыя сяброўскія складкі, удзел у выбарчых камісіях, вываз дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны і шмат іншага.
Cёння мы раскажам, як жыве Чырвоны Крыж падчас праўлення Дзмітрыя Шаўцова. За чый кошт ён лётае са «світай» у міжнародныя камандзіроўкі? Як размяркоўваюцца замежныя грошы ў рамках міжнародных праектаў? Пра гэта і не толькі ў новым расследаванні «Бюро».
Дзякуем за дапамогу ў падрыхтоўцы гэтага матэрыялу «КіберПартызанам», BELPOL і «Фонду Медычнай Салідарнасці Беларусі».
ПАТРЭБНЫ НАМ БЕРАГ ТУРЭЦКІ…
4 чэрвеня 2022 года гарачым летнім днём у Стамбул з Мінска прылятае самалёт «Белавія». На борце – супрацоўнікі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
Ужо на шпацыры ў горадзе па кірмашовых вулачках іх ахутвае насычаны водар усходніх спецый, вакол каларытныя мячэці, асляпляльна-блакітнае неба і ярка-зялёныя пальмы.
Праз пару дзён начальнік па міжнародным супрацоўніцтве БТЧК Вольга Ісакава публікуе ў сваім інстаграме фотаздымкі турэцкага кірмашу і дзеліцца з падпісчыкамі відамі на заліў Залаты Рог з рэстарана побач з Галацкім мостам.
Скрыншоты з інстаграм-акаўнта супрацоўніцы БТЧК Волькі Ісакавай
«Оля, ты да 15-га вернешся?) Ці ты на адпачынак?» – непакоіцца адна падпісчыца.
«Вы на адпачынку? Віншую!» – цешыцца іншая.
І ёсць чаму. Але пра ўсё па парадку.
9 траўня 2022 года Турэцкі Чырвоны Паўмесяц запрасіў старшыню БТЧК Дзмітрыя Чараднічэнку ў Стамбул з 6 па 10 чэрвеня для абмену досведам.
Але той сам не паехаў і спусціў прапанову генеральнаму сакратару Дзмітрыю Шаўцову.
Дзесяць за аднаго – пастанавіў генеральны сакратар. І праз паўтара тыдня купіў у «Белавія» дзевяць квіткоў крыху больш чым за 4300 долараў. Замест Чараднічэнкі ў Стамбул сабраліся Дзмітрый Шаўцоў, дзве ягоныя намесніцы Іна Лемяшэўская і Раманія Зорына, начальнікі аддзелаў з сакратарыята Вольга Ісакава і Ігар Трусаў, а таксама эканаміст Сяргей Шагун. Да вярхушкі БТЧК далучыліся рэгіянальныя кіраўнікі Ала Смаляк, Наталля Талкачова і Мікалай Кузьміцкі, а потым і Галіна Жаланава.
Усяго – 10 чалавек. Дэлегацыя – унушальная. Шаўцоў просіць у нацыянальнага аэрапорта Мінск даць для вылету VIP-залу на бязвыплатнай аснове. Прычына? У складзе дэлегацыі ляціць аж цэлы член Савета Рэспублікі і па сумяшчальніцтве старшыня Гомельскага БТЧК Ала Cмаляк, а яшчэ ў іх многа крохкіх сувеніраў для турэцкіх калег.
Паводле слоў крыніц, не звязаных адна з адной, у гэтай камандзіроўцы супрацоўнікі БТЧК былі даўжэй, чым таго патрабавала праграма, і ў большым складзе. Асобную ўвагу нашы суразмоўцы надалі Дзмітрыю Шаўцову і Наталлі Талкачовай.
«Шаўцоў сабраў усіх, каго можна і нельга. Абураліся ўсе. Ну як абураліся? Ціхенечка сабе. Таму што [Шаўцоў] адвёз туды і каханку. Чаго ён усюды яе цягае? Я разумею, што ім хочацца бавіць час [разам], але не за кошт жа сяброўскіх складак», – расказвае былая супрацоўніца БТЧК.
Мы патэлефанавалі Наталлі Талкачовай, але яна адмовілася адказваць на нашыя пытанні і кінула слухаўку.
Сапраўды, беларуская дэлегацыя атрымала запрашэнне ў Стамбул на пяць дзён, але затрымалася там нашмат даўжэй.
Напярэдадні паездкі Шаўцоў выдаў распараджэнне на васьмідзённую камандзіроўку – з 4 па 11 чэрвеня.
А дэлегацыя, мяркуючы па квітках, і ўвогуле вярнулася толькі рана раніцай 13 чэрвеня. Атрымліваецца, замест пяці першапачаткова прапанаваных дзён супрацоўнікі БТЧК прабылі ў Стамбуле цэлых дзевяць дзён.
Што ж яны там рабілі? Камандзіровачныя заданні ва ўсіх супрацоўнікаў сакратарыята цалкам аднолькавыя, па іх немагчыма зразумець, чым займаўся кожны канкрэтны чалец беларускай дэлегацыі.
Напрыклад, першапачаткова ў праграме візіту на сустрэчы з консулам заяўленая прысутнасць пяці чалавек ад Чырвонага Крыжа. Але на справаздачных фатаграфіях за сталом перамоваў мы бачым толькі траіх – Дзмітрыя Шаўцова, Іну Лемяшэўскую і Алу Смаляк. Вольгі Ісакавай і Раманіі Зорынай там няма. Дзе былі ў гэты час астатнія і што рабілі – загадка. Сядзелі ў прыёмнай?
Скрыншот з інстаграм-акаўнта БТЧК. Па правым баку злева направа: Ала Смаляк, Дзмітрый Шаўцоў, Іна Лемяшэўская
На сайце БТЧК у навіне за 8 чэрвеня пералічваюцца «дасягненні» дэлегацыі: наведалі, азнаёміліся, сустрэліся. Асобна згадваецца пра сустрэчу з кіраўніком Турэцкага Чырвонага Паўмесяца і падпісанне з ім дадаткаў да мемарандума пра ўзаемаразуменне. Практычна ўся праграма камандзіроўкі выкананая за тры дні да яе заканчэння.
Ужо раніцай 11 чэрвеня ў Стамбуле дэлегацыя абмяркоўвала вынікі паездкі. Затым горад быў у распараджэнні абсалютна вольных супрацоўнікаў аж да вылету ўвечары 12 чэрвеня. У Беларусь кампанія прыляцела 13 чэрвеня каля 5 гадзін раніцы.
Колькі каштавала гэтая паездка вярхушцы БТЧК? Ва ўцечцы, на жаль, няма чэкаў або іншых дакументаў на пражыванне і харчаванне, а толькі авіябілеты. Але прыкладныя выдаткі можна разлічыць. Для гэтага мы звярнуліся да пастановы Саўміна, якой кіруецца БТЧК пры замежных камандзіроўках. На дзень беларускаму работніку ў Турцыі належыць 40 долараў камандзіровачных, яшчэ 90 долараў – выдаткі на жытло. Выходныя дні, дні ад’езду і прыезду аплачваюцца як працоўныя. Паводле нашых падлікаў, на пражыванне і харчаванне выдаткавалі як мінімум каля 11 тысяч долараў. Усяго – больш як 15 тысяч долараў з улікам авіябілетаў.
Скрыншот з інстаграм-акаўнта перакладчыка дэлегацыі БТЧК у Стамбуле. Дэлегацыя БТЧК за абедам у Стамбуле
З дакументаў відаць, што Шаўцоў планаваў пакрыць выдаткі на пражыванне з нейкага праекта Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП). Мы накіравалі запыт у гэтую арганізацыю, і там пацвердзілі, што аказалі БТЧК мінімальную фінансавую падтрымку, але не ўдакладнілі, на якую суму:
«МФТЧКіЧП падтрымала гэтую магчымасць супрацоўніцтва, узяўшы на сябе выдаткі на паездку невялікай часткі дэлегацыі (двух чалавек), што з’яўляецца звычайнай практыкай».
Вось жа, шыкарная паездка ў Стамбул аплачвалася на дваіх супрацоўнікаў з грошай МФТЧКіЧП і на 8 з уласных сродкаў БТЧК. Што такое ўласныя сродкі? Гэта не грошы ад сацзамовы або фінансаванне замежных донараў. Гэта ахвяраванні, спонсарская дапамога і сяброўскія складкі. Тыя самыя, якія складаюць амаль 40% ад усяго бюджэту БТЧК за 2022 год.
Гэта іх збіраюць з беларусаў у добраахвотна-прымусовым парадку па лякарнях і школах.
«Калі я прыходзіла ў Чырвоны Крыж, мае вочы гарэлі і я была поўная энтузіязму. Мне хацелася дапамагаць людзям. Але праз некалькі гадоў я сышла абсалютна расчараваная. Я не выконвала планаў па зборах, і таму нам не давалі грошай на дзейнасць арганізацыі», – расказвае былая супрацоўніца Чырвонага Крыжа.
Сам Шаўцоў, як толькі прыйшоў на сваю пасаду, выдаў загад і прыкладна ўдвая павялічыў прэміі кіраўнічаму складу за праяўленую актыўнасць у вытрасанні грошай з насельніцтва.
І, гледзячы на памеры квартальных прэмій, верыш у тое, што вобласці пры такім падыходзе сапраўды сталі перадавікамі пабораў.
Яшчэ ў 2021 годзе ў першасныя арганізацыі масава сталі дадаваць дамы-інтэрнаты для старых і інвалідаў, дамы культуры і яслі-сады. Іначай кажучы, збіраць сталі і з тых, каму гэтая дапамога самім была б дарэчы.
«Сакратарыят займаецца выбіваннем сродкаў з рэгіёнаў. І калі дапусціць, што ў іх дапатопная арганізацыя працы, я ўсё адно не магу ўявіць, што яны там усе робяць. Гэта ж трэба стварыць апарат, які будзе кіраваць апаратам», – кажа кіраўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак з вялікім досведам працы ў грамадскім сектары.
Наступная камандзіроўка, якая выклікала ў нас пытанні, таксама аплачвалася часткова за кошт спонсарскай дапамогі, ахвяраванняў насельніцтва і сяброўскіх складкаў.
РЫМСКАЕ РАНДЭВУ
Амаль праз чатыры месяцы пасля турэцкага ваяжу Дзмітрый Шаўцоў нацэльваецца на новыя гарызонты. Яму трэба ляцець у Рым па запрашэнню Італьянскага Чырвонага Крыжа. На чале з генеральным сакратаром у Італію ляцяць яшчэ чатыры супрацоўнікі БТЧК.
І тут нам пашанцавала болей. Выдаткі на гэтую паездку задакументаваныя. Квіткі каштавалі прыкладна 6400 еўра, пражыванне амаль 5000 еўра.
Камандзіровачныя зноў разлічваем па табліцы Саўміна. Для Італіі – гэта 85 еўра на суткі або 2500 за ўсіх. Усяго амаль 14000 еўра. Нармалёвая сума для рымскіх канікул.
Праўда, ёсць нюанс. Як відаць з дакументаў аб плацяжах за гатэлі, само БТЧК парушыла пастанову Саўміна па дапушчальных выдатках на жытло. Павінна быць 135 еўра за ноч, а ў аднаго з чальцоў гэтай дэлегацыі – нумар прэміум коштам амаль 1200 еўра за шэсць начэй, або 235 еўра за ноч. То бок выдаткі на пражыванне – больш як у паўтара разу вышэйшыя за норму. Каму дастаўся гэты нумар – застаецца толькі здагадвацца. Але і іншыя нумары даражэйшыя за ўстаноўленую норму.
«Калі ў выпадку з Турцыяй мы казалі пра асаблівасці кіраўнічых здольнасцяў Шаўцова, то тут ужо назіраецца сістэмнасць. Калі б гэта адбылося адзін раз, ён мог нешта прапусціць. Мяркую, што ён ставіцца да БТЧК як да сваёй кішэні. Гатэль у Шаўцова каштуе 200 долараў за ноч. Калі гэта Швейцарыя, Нарвегія, то эканом сапраўды можа каштаваць 100 долараў. Але ў Італіі дакладна можна было знайсці танней. Калі мы кажам пра некамерцыйныя арганізацыі, то гэта павінны быць нумары стандарт ці эканом. Падобна, што тут гаворка ідзе ўжо не пра кіраўнічыя здольнасці Шаўцова, а пра любоў да прыгожага жыцця за чужы кошт», – каментуе Андрэй Стрыжак.
На гэты раз Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца пагадзілася пакрыць выдаткі на суму не большую за 7500 еўра, узяўшы і пераразмеркаваўшы іх з праектаў, якія яны спансуюць. Выходзіць, што яшчэ практычна такую ж суму БТЧК зноў узяло з уласнай касы, бо для Рыма нічога не шкада.
Гэтыя дзве паездкі прадстаўнікоў вярхушкі БТЧК наглядна дэманструюць: на камандзіроўках грошы арганізацыя не эканоміць. Замест пяці дзён ляцяць на дзевяць і заказваюць нумары прэміум. І ўсё гэта – за кошт добраахвотна-прымусовых збораў і выдзеленых на канкрэтныя праекты грошай ад міжнародных арганізацый.
Мы датэлефанаваліся першаму намесніку генеральнага сакратара Раманіі Зорынай і яе кіраўніку Дзмітрыю Шаўцову, але яны адмовіліся адказваць на нашыя пытанні. Пасля гэтага мы адправілі афіцыйны запыт у БТЧК, але адказу не атрымалі.
Затым мы вырашылі прыгледзецца, на што і як гэтая грамадская арганізацыя выдаткоўвае грошы, якія выдзяляюць ёй міжнародныя донары. А гэта між іншым амаль 60% ад бюджэту БТЧК за 2022 год. У пазамінулым годзе БТЧК атрымала ад міжнародных донараў амаль 13 мільёнаў рублёў. Давайце вывучым некаторыя з грантаў. На якія праграмы атрымлівае міжнародныя грошы БТЧК, як і на што размяркоўваецца бюджэт і якая ў іх сацыяльная эфектыўнасць?
ДАПАМОГА 3%
Усе міжнародныя гранты, якія атрымлівае БТЧК, трэба рэгістраваць у Дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі. А каб такія гранты вызвалілі ад выплаты падаткаў, трэба атрымаць падтрымку профільных міністэрстваў.
Адзін з такіх грантаў, на які мы звярнулі ўвагу, быў ад МФТЧКіЧП на 37800 швейцарскіх франкаў (амаль 42 тысячы долараў) у межах праекта «Беларусь: захады па рэагаванні на ўспышку COVID-19». Грошы планавалі патраціць на падтрымку людзей з парушэннем слыху і зроку, закупку прадуктовых і гігіенічных набораў і інфармацыйную кампанію. БТЧК звярнулася па ўзгадненне гранта ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Але ў міністэрстве адмовіліся! Іх не задаволіла, што на дапамогу канкрэтным людзям пойдзе ўсяго 3,3% ад бюджэту, або 1250 швейцарскіх франкаў (каля 1390 долараў).
І тады БТЧК звярнулася ў ведамства Дзмітрыя Піневіча – Міністэрства аховы здароўя. Сам Піневіч, дарэчы, не так даўно сумяшчаў сваю міністэрскую працу з пасадай выканаўцы кампетэнцыі старшыні БТЧК.
У Мінздароўя пытанняў не ўзнікла. Заключэнне для Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці было гатовае. Нават нягледзячы на тое, што 67,5% гранта БТЧК планавала выдаткаваць на паслугі па правядзенні інфармацыйнай кампаніі, да якой у Мінпрацы ўзніклі заўвагі.
МФТЧКіЧП адказалі на запыт «Бюро» наконт гэтага гранта. На іх думку, «у разгар бедства людзі маюць патрэбу ў інфармацыі не менш, чым у вадзе, ежы, медыкаментах або прыстанішчы». У такіх надзвычайных сітуацыях, як пандэміі, «інфармацыя ратуе жыцці».
«Я думаю, што гэты праект быў напісаны для таго, каб атрымаць нейкае фінансаванне і падтрымаць супрацоўнікаў сакратарыята. Гэта часта рабілася. А пабочная рэакцыя – раздрукаваць [улёткі], паказаць [дзейнасць]. Любую інфармацыйную кампанію прасцей асвятліць, чым аказаць непасрэдную дапамогу падапечным», – расказвае былы супрацоўнік БТЧК.
ХТО НА ПЯСЧАНЫ КАР’ЕР?
А вось іншыя дакументы на той жа кавідны праект, які мы знайшлі ва ўцечцы. Прыкметныя яны тым, што тут ад рукі зробленыя пазнакі, якую частку працы і за якія грошы члены сакратарыята БТЧК гатовыя выканаць у межах праекта «Беларусь: захады па рэагаванні на ўспышку COVID-19».
На праект вылучаны грант паболей – 140 тысяч еўра з 1 кастрычніка 2021 года па 31 мая 2022 года.
Мэты простыя: палепшыць доступ да вакцынацыі супраць каранавіруса ўразлівых катэгорый насельніцтва, якія жывуць у аддаленых раёнах Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцей. БТЧК планавала дапамагчы дзвюм тысячам людзей і ў цэлым праінфармаваць пра вакцынацыю 500 тысяч.
Давайце ж паглядзім, на што на самай справе былі патрачаныя грошы, і самае галоўнае, колькі з іх усё ж былі выдаткаваныя пад мэтавыя патрэбы гранта.
На лесвічны падымальнік для Гродна – 3739 еўра, на тры мабільныя перасоўныя падымальнікі – 8414 еўра. Купілі сродкі індывідуальнай засцярогі, пульсаксіметры і тэрмометры для супрацоўнікаў і валанцёраў за 8694 еўра. Яшчэ 3739 еўра патрацілі на друкаваныя матэрыялы і промапрадукцыю. Усяго амаль 21 тысяча еўра.
Асобна варта вылучыць трэнінгі, семінары і каардынацыйныя сустрэчы. Будзем іх лічыць часткай праграмы па інфармаванні насельніцтва. Усяго на іх вылучана 22.765 еўра.
Вядома, ёсць яшчэ выдаткі на машыны, на якіх людзей павязуць на вакцынацыю. Абслугоўванне і паліва абышлося ў 6 тысяч еўра. На нейкія дадатковыя транспартныя паслугі выдаткавана яшчэ 1400 еўра.
Такім чынам, падрахуем бюджэт. На інфармаванне пра вакцынацыю, а таксама дапамогу канкрэтным людзям выдаткавалі 39%, або 55 тысяч еўра з выдзеленай сумы. Астатнія грошы былі пушчаныя на заробкі супрацоўнікаў і паляпшэнне так званай матэрыяльна-тэхнічнай базы БТЧК. А менавіта закупка экіпіроўкі для валанцёраў, тэхнікі і іншага.
КААРДЫНАЦЫЙНАЯ РАДА
Вось яшчэ адна праграма і грант БТЧК, на сродкі якога акрамя грамадзян, што маюць патрэбу ў дапамозе, падтрымліваюцца і калегі. У пачатку 2023 года БТЧК ад ЮНІСЭФ атрымала 210 тысяч долараў на праект «Выяўленне, асноўныя паслугі і матэрыяльная дапамога і інтэграцыя сем’яў з дзецьмі з Украіны ў Рэспубліцы Беларусь». З гэтых 210 тысяч 124 тысячы выдадзеныя грашыма, астатняя сума выдадзеная таварамі. Для таго каб асвоіць 124 тысячы долараў, ад БТЧК у праекце прадугледжаныя 21 пазіцыя розных каардынатараў праекта і 8 сацыяльных работнікаў. Дадамо псіхолагаў, фінансавых менеджараў, кіроўцаў, валанцёраў, інфармацыйных прадстаўнікоў і атрымаем 59 чалавек у праекце.
У асобным артыкуле бюджэту ўдакладняецца – на забеспячэнне эфектыўным кіраваннем праекта патрабуецца 58.250 долараў, або практычна 50% ад вылучаных ЮНІСЭФ грошай.
«Тое, што кіраванне праектам каштуе 58 тысяч, – гэта несувымерныя выдаткі. Колькасць людзей у праекце – гэта як мінімум нерацыянальнае і неэфектыўнае размеркаванне грошай, не тыя аб’ёмы. Такі штат дакладна раздзьмуты і выглядае гэта ненатуральна», – пракаментаваў такое размеркаванне грантавага бюджэту Андрэй Стрыжак.
Але мы яшчэ асобна падлічылі, колькі з гэтых 124 тысяч пойдзе на аплату вялізнага штату супрацоўнікаў – каля 80 тысяч долараў, або 65% выдадзеных грошай.
НА БТЧК
Два з трох вышэйапісаных грантаў былі аформленыя пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Шаўцова. Чаму на такое марнатраўства дабрачыннай арганізацыі заплюшчваюць вочы беларускія ўлады і міжнародныя донары – застаецца толькі здагадвацца. Але можна меркаваць, чаму беларускім уладам гэта нават на руку.
«Беларускі Чырвоны Крыж – гэта такое месца, дзе можна спакойна даседзець да пенсіі на еўрапейскім заробку, таму тут [працуюць] былыя чыноўнікі, чыесьці сваякі», – кажа былы супрацоўнік БТЧК.
У асобным матэрыяле мы падрабязна раскажам пра асоб Беларускага Чырвонага Крыжа, а сёння спынімся на самім Дзмітрыі Шаўцове.
Скрыншот з інстаграм-акаўнта супрацоўніцы БТЧК Алы Смаляк. Дэлегацыя БТЧК у Стамбуле. Злева направа: Іна Лемяшэўская, Галіна Жаланава, Ала Смаляк, Дзмітрый Шаўцоў, Наталля Талкачова, Раманія Зорына, Вольга Ісакава
У мінулым лекар і дэпутат актыўна дзейнічаў у выбарах. На прэзідэнцкіх выбарах 2015 года яму давяраюць месца старшыні Мінскай гарадской выбарчай камісіі. Займае гэтую пасаду ён і ў 2017-м на выбарах у Мінгарсавет, і ў 2019-м на выбарах у Палату прадстаўнікоў, і на сумна вядомых прэзідэнцкіх выбарах у 2020 годзе.
У тым самым 2020 годзе Шаўцоў наведвае «таемную інаўгурацыю» Аляксандра Лукашэнкі. Сваімі ўражаннямі ён падзяліўся ў каментары для газеты Адміністрацыі Лукашэнкі: «Цырымонія інаўгурацыі была вельмі насычанай, эмацыянальнай. Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што мы выстаялі перад тымі сіламі, якія спрабавалі захапіць уладу, змяніць канстытуцыйны лад».
НОВЫ СТАРШЫНЯ
Якімі ж шляхамі Шаўцоў трапіў у БТЧК? Пасля дэпутацтва ў студзені 2020 года яго пераводзяць на пасаду галоўнага лекара 1-й Гарадской клінічнай лякарні. Але там ён прасядзіць не доўга. У верасні 2021-га на з’ездзе Беларускага Чырвонага Крыжа старшыня прэзідыума і па сціплым сумяшчальніцтве намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Чараднічэнка вылучае яго кандыдатуру на пасаду генеральнага сакратара. Замест Вольгі Мычко, якая займала гэтую пасаду ўжо пяць гадоў.
Так ужо атрымалася, што прызначэнне Шаўцова супала з міграцыйным крызісам на беларуска-польскай мяжы, які пачаў тады разгарацца. Пад кіраўніцтвам Шаўцова БТЧК забяспечвала мігрантаў, якія ўвязлі на мяжы, ежай, адзеннем, коўдрамі і падушкамі, перадавала лекі, вывозіла людзей у лякарні.
Вядома, гэта было не толькі за кошт Беларускага Чырвонага Крыжа. Грошы на дапамогу па традыцыі вылучалі міжнародныя арганізацыі, а таксама быў абвешчаны дадатковы збор ахвяраванняў ад насельніцтва. Падчас тых падзей БТЧК практычна штодзень давала справаздачу перад Саветам міністраў аб аказанай дапамозе.
Ну і, вядома, не абышлося і без новага аўтамабіля. Бо важныя начальнікі павінны ездзіць на службовых аўто. Восенню 2022 года ў БТЧК з’явіўся новы Geely Tugella, цана на які ў беларуска-кітайскага аўтавытворцы пачынаецца ад 110 тысяч рублёў.
Geely Tugella. Крыніца: av.by
Мы не знайшлі дэталёвых звестак, адкуль з’явілася гэтая машына ў БТЧК. Але, згодна з сайтам дзяржзакупак, у жніўні 2022 года Чырвоны Крыж абвясціў тэндар на пакупку новага аўтамабіля. БТЧК праводзіла яго па-даўнейшаму – з ускрыццём канвертаў асабіста, электронныя пляцоўкі не выкарыстоўваліся. Вынікі тэндара невядомыя.
Але вось дык супадзенне – Geely Tugella прыехала ў кастрычніку. Менавіта тады, калі яе павінны былі паставіць БТЧК па тэндары. Спярша навюткую Geely замацавалі за загадчыкам гаспадаркі арганізацыі, і ўсяго праз пару дзён пасля гэтага Шаўцоў паехаў на ёй у першую камандзіроўку. У снежні 2022 года ён і ўвогуле яе замацаваў за сабой уласным распараджэннем.
РУСКІ СВЕТ
Не чужыя Шаўцову і ідэалы рускага свету. У ліпені 2014 года Шаўцоў стаў кіраўніком беларускага аддзялення Міжнароднага грамадскага фонду адзінства праваслаўных народаў (МГФАПН). І застаецца на пасадзе па гэты дзень.
На гэтай пасадзе ён змяніў Уладзіміра Канаплёва – блізкага паплечніка Аляксандра Лукашэнкі яшчэ з часоў яго дэпутацтва ў Вярхоўным савеце.
Пра дзейнасць гэтага фонду ў Беларусі вядома няшмат. У скупых справаздачах на сайце расійскага фонду згадваецца пра дапамогу ў будаўніцтве некалькіх праваслаўных храмаў у Беларусі, удзел у падрыхтоўцы шэрагу законапраектаў, а таксама асветніцкую дзейнасць. Фінансавыя справаздачы фонду не публікуюцца на сайце Міністэрства юстыцыі, сайт арганізацыі мы не знайшлі. А тэлефонны нумар у юрыдычных дакументах належыць аднаму з дэпутацкіх кабінетаў у Палаце прадстаўнікоў.
Расійскі ж фонд у прэсе называўся «газпромаўскім царкоўным фондам». У ім сярод заснавальнікаў фігуруе Уладзімір Патанін (прэзідэнт «Норнікеля», у мінулым – першы намеснік старшыні ўрада РФ), а таксама Павел Барадзін (экс-кіраўнік спраў Уладзіміра Пуціна). Што датычыць самога фонду, то ён, па сутнасці, адзін з інструментаў мяккай сілы па прасоўванні рускага свету праз праваслаўе.
Але не толькі гэта сведчыць пра прыхільнасць Шаўцова да рускага свету. Тут, вядома, варта прыгадаць яго нашумелую паездку на акупаваныя тэрыторыі Украіны з нашыўкай Z на джэмперы. Хаця Шаўцоў і не хавае, што ягоныя сімпатыі на баку ўладаў Расіі і Беларусі.
Дзмітрый Шаўцоў падчас паездкі на Данбас. Крыніца: euroradio.fm
З-за скандальнай паездкі генеральнага сакратара на акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі сяброўства Беларускага Чырвонага Крыжа ў міжнароднай арганізацыі паставілі на паўзу. З 1 снежня любое новае фінансаванне БТЧК будзе прыпыненае. Гэта можа пагражаць вялікімі праблемамі для самай буйной беларускай грамадскай арганізацыі, бо яна жыве ў асноўным за кошт грошай замежных донараў. Удзельнікі міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, згодна са справаздачай за 2022 год, выдалі 58% усёй міжнароднай дапамогі для БТЧК. Яшчэ 41% прыпаў на грошы ад агенцтваў ААН.
У беларускім прадстаўніцтве ААН нам сказалі, што цяпер завяршаюць бягучыя праекты з БТЧК на перспектыву. Аказанне дапамогі магчымае праз іншыя няўрадавыя арганізацыі або тым жа лякарням наўпрост.
«Арганізацыя Аб'яднаных Нацый у Беларусі прымае да ведама інфармацыю аб прыпыненні сяброўства Беларускага Чырвонага Крыжа (БЧК) у Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФЧК). Агенцтвы ААН у Беларусі засяроджаныя на завяршэнні цяперашніх праектаў з Беларускім Чырвоным Крыжам. Мы вывучаем альтэрнатыўныя метады, як працягнуць аказваць неабходную падтрымку ўразлівым супольнасцям у Беларусі, каб гарантаваць бесперабойнасць гуманітарнай дапамогі ў гэты пераходны перыяд», – зазначылі ў прадстаўніцтве ААН у Беларусі.
Кім або чым Чырвоны Крыж будзе закрываць гэтую бюджэтную дзірку? Паводле інфармацыі нашай крыніцы, у БТЧК плануюць скараціць 30% супрацоўнікаў. Атрымліваецца, што будзе як у тым анекдоце: «Тата, дык што, ты цяпер будзеш меней піць? Не, сынок, цяпер ты будзеш меней есці».
Даданні па тэме
І тым самым парушыў прынцыпы Міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца
І гэта была не «працоўная» паездка, як у Шаўцова
З-за гэтага арганізацыя можа страціць каля 40% свайго замежнага фінансавання