Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

ААН шукае замену Беларускаму Чырвонаму Крыжу для праектаў у Беларусі

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый шукае замену Беларускаму таварыству Чырвонага Крыжа (БТЧК) для праектаў у Беларусі. Гэта адбываецца на фоне прыпынення членства БТЧК у Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП).

 

Пра гэта «Бюро» расказалі ў беларускім прадстаўніцтве ААН.

 

Цяпер структуры міжнароднай арганізацыі завяршаюць бягучыя праекты з БТЧК, а на перспектыву шукаюць ім замену. Магчыма, будуць дапамагаць праз іншыя няўрадавыя арганізацыі або працаваць з лякарнямі наўпрост.

«Агенцтвы ААН у Беларусі засяроджаныя на завяршэнні цяперашніх праектаў з Беларускім Чырвоным Крыжам. Мы вывучаем альтэрнатыўныя метады, як працягнуць аказваць неабходную падтрымку ўразлівым супольнасцям у Беларусі, каб гарантаваць бесперабойнасць гуманітарнай дапамогі ў гэты пераходны перыяд», – зазначылі ў прадстаўніцтве ААН у Беларусі.

З-за скандальнай паездкі генеральнага сакратара БТЧК Дзмітрыя Шаўцова (з нашыўкай Z на плячы) на акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі членства беларускай гуманітарнай арганізацыі ў МФТЧКіЧП паставілі на паўзу. З 1 снежня любое новае фінансаванне БТЧК будзе прыпыненае.

 

Згодна са справаздачай БТЧК за 2022 год, якую мае ў распараджэнні «Бюро», замежнае фінансаванне склала 57,2% ад усяго бюджэту арганізацыі. Агульная сума дапамогі – амаль 13 мільёнаў рублёў. На долю МФТЧКіЧП прыпадала каля 30% усяго замежнага фінансавання, а ўвогуле на ўдзельнікаў міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца – 58% усёй міжнароднай дапамогі для БТЧК. Яшчэ 41% складала грашовая дапамога ад агенцтваў ААН.

 

Атрымліваецца, што калі міжнародны рух Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца і агенцтвы ААН адмовяцца ад супрацоўніцтва і фінансавання праектаў БТЧК, то арганізацыя страціць амаль усё замежнае фінансаванне – на 2022 год гэта былі б 98%.

 

Больш падрабязна пра дзейнасць БТЧК у Беларусі мы распавядзем у нашым новым расследаванні ў студзені.