Аляксей Алексін набыў «залаты» пашпарт Вануату
«Бюро» даведалася, што «залатыя» пашпарты Вануату атрымалі як мінімум трое вядомых беларусаў: «кашалёк» Лукашэнкі, тытунёвы магнат Аляксей Алексін і ягоны малодшы сын Віталь Алексін разам з новаспечанай жонкай – Надзеяй Алексінай, у дзявоцтве Зайцавай. Пра яе мы расказвалі ў нашым расследаванні «Шлюбная афёра».
У распараджэнні рэдакцыі маюцца дадзеныя замежных грамадзян, якія атрымалі дакументы Вануату. Інфармацыю падалі нам калегі з выдання Intelligence Online. З уцечкі вынікае, што Алексіны займелі «залатыя» пашпарты яшчэ ў 2022 годзе.
Рэспубліка Вануату размяшчаецца на 83 астравах у Ціхім акіяне і вядомая сваімі даступным грамадзянствам і афшорнымі паслугамі. Архіпелаг спецыялізуецца на продажы так званых «залатых» пашпартоў. Цана пытання – 130 тысяч долараў ЗША. Выдаецца ён у рэкордна кароткія тэрміны – ад 1 да 4 месяцаў – і дазваляе рабіць бязвізавыя паездкі ў 130 краін свету, у тым ліку і ў краіны Еўрапейскага саюза.
Аднак усімі бонусамі «залатых» пашпартоў Алексіны, падобна, скарыстацца так і не здолеюць. Рэч у тым, што якраз у 2022 годзе Савет Еўропы прыпыніў бязвізавы рэжым для «грамадзян Вануату» з-за гэтай сумнеўнай і лёгкадаступнай схемы набыцця пашпарта. У снежні 2024 года ЕС канчаткова адмяніў бязвізавы рэжым з Вануату.
Журналіст «Бюро» патэлефанаваў Аляксею Алексіну, каб даведацца, навошта яму і ягоным сваякам спатрэбіліся пашпарты Вануату, але «кашалёк» Лукашэнкі сказаў, што не чуе пытання, і слухаўку больш не здымаў. Мы накіравалі яму запыт, але ён пакуль на яго не адказаў.
Яго сын Віталь пракаментаваў «Бюро», што не ведае, што такое пашпарт Вануату:
«У мяне толькі беларускі пашпарт, сіненькі», – заявіў Віталь Алексін нашаму журналісту і абарваў дыялог.
Нядаўна «Бюро» расказала пра пяць новых ганаровых консульстваў, якія адкрыліся ў Беларусі. Сярод іх і Рэспубліка Вануату, якую прадстаўляе бізнэсовец Аляксандр Калджыеў. Сайт яго консульства з’явіўся ў лістападзе 2023 года.