Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва
OLEKSIN_MAIN

Шлюбная афёра

Нашыя сацсеткi

Як таемныя сваякі Аляксея Алексіна дапамагаюць тытунёваму каралю абыходзіць санкцыі

«Аўтар схемы з растваральнікамі і разбаўляльнікамі», «тытунёвы кароль», «трымальнік аршанскага афшора», «кантрабандыст» –усе гэтыя «дасягненні і рэгаліі» прынеслі бізнэсоўцу Аляксею Алексіну багацце, поспех і ўплыў у Беларусі. Але на Захадзе гаспадар «Табакерак» цяпер персона нон грата. З-за блізкасці да ўладаў яго празвалі «кашальком Аляксандра Лукашэнкі» і ў чэрвені 2021 года ўнеслі ў санкцыйны спіс ЕС. А ўсяго праз два месяцы – у жніўні 2021 года – Алексіна дадалі ў чорны спіс і ўлады ЗША.

 

Яшчэ да ўвядзення абмежаванняў бізнэсовец перастрахаваўся і «пераразмеркаваў» частку сваіх актываў паміж жонкай і двума сынамі, але ўжо ў чэрвені 2022 года Дзмітрый і Віталь Алексіны самі апынуліся пад санкцыйным націскам ЕС. Сям’я зноў сутыкнулася з праблемай – трэба шукаць новых, не засвечаных, людзей, каб адвесці небяспеку ад часткі бізнэсу. Але, як аказалася, у рукаве табачнага караля былі і такія козыры.

 

«Бюро» выявіла, што ў Аляксея Алексіна ёсць таемныя сваякі, якіх сям’я алігарха старанна хавае. Бо частка новаспечанай радні бізнэсоўца дапамагае яму пазбягаць санкцый.

Гэты матэрыял падрыхтаваны на аснове звестак, пададзеных «КіберПартызанамі»

 

 

ГОРКА!

12 жніўня 2017 года. Да сталічнага рэстарана «Сядзіба Ваньковічаў» пад’язджае рарытэтны кабрыялет Mercury Monterey 1949 года. На заднім сядзенні маладая брунетка ў бялюткай шлюбнай сукенцы – яе клічуць Вікторыя Губанава.

 

GUBANOVA

Вясельная фотасесія Вікторыі Губанавай. Крыніца: інстаграм-акаўнт вясельнага арганізатара

 

Усяго праз некалькі імгненняў пад раскошнай брамай з жывых ліловых гартэнзій і архідэй яна абмяняецца абяцаннямі і пярсцёнкамі з будучым мужам.

 

ARKA_GUBANOVA

Цырыманіяльная брама на вяселлі Вікторыі Губанавай. Крыніца: вэб-сайт вясельнага арганізатара

 

Пасля святых абяцанняў была святочная бяседа ў рэстаране. Банкетную залу акрамя ззяння маладой аздабляла незлічонае мноства шкла, люстэркаў і абрусы са срэбных паетак – арганізатары ахарактарызавалі гэтае буянства бляску як «ледзяную казку сярод гарачага лета».

 

DEKOR_GUBANOVA_1

DEKOR_GUBANOVA_2

Дэкор банкетнай залы на вяселлі Вікторыі Губанавай. Крыніца: вэб-сайт вясельнага арганізатара

 

Ну і які ж хлеб без відовішчаў! Маладыя і іх госці спрытна танчылі пад акампанемент вядомых зорак шоу-бізу: «Іванушак International», «Адпетых махляроў», а таксама беларускага музычнага калектыву Brutto і яго лідара Сяргея Міхалка.

 

IVANUSHKI INTERNATIONAL

OTPETYE MOSHENNIKI

BRUTTO

Зорныя выканаўцы выступаюць на вяселлі Вікторыі Губанавай. Крыніца: вэб-сайт вясельнага арганізатара

 

Зафіналілі вечар залпы феерверкаў.

 

«Бюро» мае ў распараджэнні дзясяткі фота і нават відэа з вясельнай вечарынкі Вікторыі Губанавай. Але нягледзячы на тое, што шлюб нібыта мерапрыемства «на дваіх», адзінага, каго мы на іх не знайшлі, дык гэта жаніха. І госці, і арганізатары ў сваіх сацсетках чамусьці старанна ўтойвалі сужэнца Вікторыі.

 

Аднак мы ўсё ж высветлілі, хто гэты таямнічы абраннік нашай гераіні. А дапамог нам той самы кабрыялет, які прывёз Вікторыю Губанаву на ўрачыстую цырымонію. Для большай дакладнасці яго дзяржнумар – 0007OA7.

 

SCREENSHOT_MONTEREY

Скрыншот вясельнага відэа Вікторыі Губанавай. Крыніца: інстаграм-акаўнт вясельнага аператара

 

Гэты аўтамабіль добра вядомы «Бюро», бо ён ужо шмат год значыцца ў асабістым аўтапарку свёкра Вікторыі – Аляксея Алексіна.

ДАДЗЕНЫЯ АЛЯКСЕЯ АЛЕКСІНА З БАЗЫ ДАІ МУС РБ
GAI_OLEKSIN_1
GAI_OLEKSIN_2

Мяркуючы па нешматлікіх сумесных фотаздымках з сацыяльных сетак, Дзмітрый Алексін і Вікторыя Губанава ў адносінах з 2014 года.

 

DMITRIJ I VIKTORIYA

Злева направа: Віталь Алексін, Вікторыя Губанава, Дзмітрый Алексін (снежань 2014 года). Крыніца: профіль «УКантакце»

 

Вось яны разам у 2015 годзе на рыбалцы ў турыстычным комплексе «Чырвоны бор».

 

DMITRIJ I VIKTORIYA_KRASNYJ BOR

Вікторыя Губанава і Дзмітрый Алексін з сябрамі на рыбалцы ў «Чырвоным бары». Крыніца: інстаграм-акаўнт сяброўкі Вікторыі Губанавай

 

А тут Вікторыя пазіруе ля басейна ў загарадным комплексе «Сябры», які належыць сям’і яе мужа.

 

VIKTORIYA_SYABRY

Вікторыя Губанава ў загарадным комплексе «Сябры». Крыніца: інстаграм-акаўнт «Сябры»

Да 2021 года «Сябры» былі запісаныя на тытунёвы актыў Аляксея Алексіна СЗАТ «Энерга-оіл». Пасля ўвядзення санкцый ЕС супраць бізнэсоўца і самой кампаніі «Сябры» перапісалі на новую юрыдычную асобу – ТАА «Сёмкава клаб», долі якога 50/50 былі размеркаваныя паміж сынамі Алексіна. Пасля таго як Дзмітрый і Віталь патрапілі ў санкцыйны спіс ЕС у 2022 годзе, фірма перайшла ва ўласнасць жонкі Алексіна Іны – яна з’яўляецца бенефіцыярам фірмы па сёння, а яе малодшы сын Віталь займае пасаду дырэктара.

«Бюро» высветліла, што менавіта Вікторыя Губанава і яе радня выратавалі ад санкцыйнага дамоклава мяча некалькі актываў, запісаных раней на старэйшага сына Алексіна Дзмітрыя.

 

 

МУЖ І ЖОНКА – НАЙЛЕПШАЯ СУПОЛКА

3 чэрвеня 2022 года Дзмітрый Алексін і ягоны брат Віталь былі ўключаныя ў новы санкцыйны пакет ЕС. Усяго праз 27 дзён, 30 чэрвеня, у беларускай кампаніі «Метраж» рэзка мяняецца бенефіцыяр. Дзмітрыя Алексіна, які сумесна валодаў фірмай з 2007 года, на пасадзе змяняе яго жонка Вікторыя Губанава.

ВЫПІСКА З АДЗІНАГА ДЗЯРЖАЎНАГА РЭГІСТРА ЮРЫДЫЧНЫХ АСОБАЎ І ІНДЫВІДУАЛЬНЫХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ РБ – ТАА «МЕТРАЖ»
METRAZH

Кампанія спецыялізавалася на здачы нерухомай маёмасці. У 2023 годзе «Метраж», мяркуючы па бухгалтарскай справаздачнасці, вёў даволі сціплую дзейнасць – чысты прыбытак склаў усяго 11 тысяч рублёў. Нягледзячы на гэта, фірма атрымала крэдытаў і пазык на 4,7 мільёна рублёў (крыху больш за 1,5 мільёна долараў).

 

У снежні 2023 года «Метражу» выдалі дэкларацыю адпаведнасці на рэканструкцыю капітальнага збудавання пад шматфункцыянальны будынак са зносам капітальных збудаванняў па адрасе вул. Аўтамабілістаў, 8. Згодна з публічнай кадастравай картай, да будынка дадаецца ўчастак у паўгектара. Але ўжо сёлета ў красавіку кампанія была ліквідаваная – яе далучылі да другой фірмы Алексіных, якая Губанавай таксама дасталася ў «спадчыну» ад мужа – «Алекс Карга».

ВЫПІСКА З АДЗІНАГА ДЗЯРЖАЎНАГА РЭГІСТРА ЮРЫДЫЧНЫХ АСОБАЎ І ІНДЫВІДУАЛЬНЫХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ РБ – ТАА «АЛЕКС КАРГА»
ALEKS KARGO_1
ALEKS KARGO_2
ALEKS KARGO_3

«Алекс Карга» займаецца імпартам і рэалізацыяй спецый, мясных вырабаў і нікатынавых паўчаў з краін СНД, Еўропы і Азіі. Знаходжанне ўласніка фірмы ў санкцыйным спісе безумоўна паставіла б пад пагрозу гандаль кампаніі з некаторымі з гэтых рэгіёнаў.

 

Акрамя таго, фірма валодае сеткай мітэрый Hooper у Мінску. Першая кропка запрацавала ў канцы кастрычніка 2022 года ў фудмоле «Канкорс» ў гандлёва-забаўляльным цэнтры Galileo. Гэтай вясной «Алекс Карга» зарэгістравала ў беларускай сталіцы яшчэ два аб’екты грамадскага харчавання: у Фрунзенскім раёне на вуліцы Акадэміка Вышалескага і на Кірава, 8/6. У 2023 годзе «Алекс Карга» папоўніла і без таго немалы капітал сям’і Алексіна на 826 тысяч беларускіх рублёў.

 

Гледзячы па ўсім, мітэрыі Hooper паралельна дапамагаюць развівацца і іншаму мясному бізнэсу Алексіна. На гандлёвай кропцы рэстарана ў ГЗЦ Galileo можна заўважыць неонавую шыльду MeatHouse – гэтая сетка крамаў належыць яшчэ аднаму актыву сям’і – «Велес-Міт».

 

MEATHOUSE

Корнер Hooper у ГЦ Galileo. Крыніца: konkors.by

 

«Бюро» выявіла ўскосныя прыкметы, што «Велес-Міт» з’яўляецца пастаўшчыком мясной прадукцыі для рэстаранаў, якімі валодае «Алекс Карга»: у інстаграм-акаўнтах Hooper і MeatHouse рэгулярна публікуюцца ўзаемныя пасты, а на сайце Маладзечанскага мясакамбіната была навіна аб адкрыцці першай кавярні сеткі Hooper.

«Велес-Міт» раней насіла назву «Трайпл-Велес» і ўваходзіла ў групу кампаній «Трайпл» цяпер апальнага бізнэсоўца Юрыя Чыжа. «Велес-Міт» была створаная ў 2008 годзе падчас прыватызацыі Маладзечанскага мясакамбіната. У 2015 годзе Лукашэнка падпісаў указ аб рэалізацыі інвестпраектаў для будаўніцтва двух свінакомплексаў сумарна на 200 тысяч галоў. Паведамлялася, што зямлю Алексіну далі без аўкцыёну і без унясення платы за права складання дамоваў арэнды, а сама кампанія магла без правядзення падрадных таргоў прыцягваць праектныя і падрадныя арганізацыі. Таксама ўказам «Велес-Міт» былі дадзеныя льготы ў выглядзе поўнага выліку ПДВ да канца 2018 года. Акрамя таго, Лукашэнка вызваліў Алексіна ад выплаты ўвазных мытных пошлін і ПДВ на абсталяванне, якое ўвозілася.

Да чэрвеня 2022 года «Велес-Міт» належала іншай кампаніі сыноў Алексіных – «Грантло». У ліпені 2022-га, пасля таго як Віталь і Дзмітрый трапілі ў блэк-ліст Еўрасаюза, «Велес-Міт» перадалі ва ўласнасць новастворанай юрыдычнай асобе – ТАА «Сандао».

ВЫПІСКА З АДЗІНАГА ДЗЯРЖАЎНАГА РЭГІСТРА ЮРЫДЫЧНЫХ АСОБАЎ І ІНДЫВІДУАЛЬНЫХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ РБ – ТАА «ВЕЛЕС-МІТ»
VELES-MIT_1
VELES-MIT_2

2023 год «Велес-Міт» скончыла з чыстым прыбыткам амаль у 25 мільёнаў рублёў (больш за 8,3 мільёна долараў) – гэта на 28% больш, чым за аналагічны перыяд 2022 года.

 

Валодае «Сандао» Андрэй Губанаў – бацька Вікторыі Губанавай, жонкі Дзмітрыя Алексіна.

ВЫПІСКА З АДЗІНАГА ДЗЯРЖАЎНАГА РЭГІСТРА ЮРЫДЫЧНЫХ АСОБАЎ І ІНДЫВІДУАЛЬНЫХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ РБ – ТАА «САНДАО»
SONDAO_1
SONDAO_2

BEL_1

 

«Сандао» акрамя «ператрымкі» мяснога актыву Алексіна паралельна займаецца імпартам пнеўматычных шын для аўтамабіляў з Францыі і Германіі.

 

Пасаду дырэктара ў фірме займае Раман Паўловіч. Дзякуючы «КіберПартызанам» мы высветлілі, што ў 2020 годзе Паўловіч працаваў кіраўніком кампаніі і намеснікам начальніка аддзела па рэалізацыі ў «Велес-Міт».

У рэзюмэ Андрэя Губанава ёсць яшчэ адна цікавая пасада. Як нам стала вядома са звестак, атрыманых ад «КіберПартызан», у 2021 годзе Андрэй Губанаў працаваў намеснікам дырэктара ў кампаніі «Атэнаіс». На гэтую фірму зарэгістраванае сталічнае казіно Shangri La.

 

Раней расследавальнікі высветлілі, што з 2011 па 2019 гады «Атэнаіс» валодала кіпрская кампанія Roslaton Holdings Limited. У 2019 годзе гэтая афшорная фірма ў сваіх справаздачах рассакрэціла ўласную афіляваную кампанію – эмірацкую фірму Petrotrade FZE, уладальнік і дырэктар якой – Дзмітрый Алексін. Але, якраз у тым годзе, калі алексінаўскі Petrotrade FZE засвяціўся ў справаздачнасці Roslaton Holdings Limited, гэтая фірма выйшла са складу акцыянераў кіраўнічай кампаніі беларускага Shangri La. А доля гэтая перайшла іншай кіпрскай фірме – Demistat Company Limited. Канечны бенефіцыяр Demistat Company Limited – расіянін Мехці Мехціеў. Разам з Дзмітрыем Алексіным яны валодаюць турэцкай кампаніяй MSDF, на яе запісаны гандлёвы цэнтр у Стамбуле.

 

BEL_2

 

Такім чынам, удзел Андрэя Губанава, свата Аляксея Алексіна, у дзейнасці «Атэнаіс» яшчэ раз даказвае датычнасць вядомага беларускага бізнэсоўца да казіно Shangri La.

 

 

ЦЁМНАЯ СПАДЧЫНА

Як бачым, Аляксей Алексін працягвае выкарыстоўваць правераную, але збітую схему «адбельвання» актываў шляхам перапісвання іх на сваякоў і давераных асобаў.

 

Адным з ключавых жа «захавальнікаў» алексінаўскага бізнэсу пасля ўвядзення санкцый быў і застаецца старэйшы сын Дзмітрый. На ім значацца долі ў «Белнафтагазе», «Энерга-оіле», «Грантло» і IT-кампаніі «Котвек». Частку фірмаў, якія можна і трэба было выратаваць ад санкцыйнай блакіроўкі, аддалі на «захоўванне» яго таемнай жонцы Вікторыі Губанавай і цесцю Дзмітрыя Алексіна – Андрэю Губанаву.

 

«Бюро» мае падставы меркаваць, што Дзмітрый Алексін і Вікторыя Губанава выконваюць зусім не намінальную функцыю, а могуць з’яўляцца паўнапраўнымі ўдзельнікамі бізнэс-працэсаў «кашалька Лукашэнкі».

 

19 студзеня 2020 года з Мінска ў кірунку да швейцарскага горада Базэль вылецеў бізнэс-джэт Embraer Legacy 650 з бартавым нумарам OE-ITA. Кампанія на борце падабралася вельмі цікавая: Дзмітрый Алексін, яго жонка Вікторыя Губанава і іх дачка Мішэль, месяца ад роду. Кампанію сямейству ў небе склалі некалі супрацоўніца алексінаўскай фірмы «Газ Венчурэ» Яна Леванеўская, супрацоўнік Службы бяспекі Лукашэнкі Аляксандр Мароз, экс-супрацоўнік адміністрацыі Лукашэнкі і другі сакратар МЗС Сяргей Зелянкевіч і старэйшы сын Лукашэнкі Віктар.

 

Але на гэтым гісторыя не завяршаецца, бо ў запасе ў табачнага караля ёсць яшчэ адзін сын – Віталь. І, як высветліла «Бюро», у яго таксама ёсць таемная жонка.

 

 

ВЯСЕЛЛЕ НА КАСЦЯХ

Жнівень 2020 года – самыя крывавыя дні ў сучаснай гісторыі Беларусі: жорсткія разгоны мірных пратэстоўцаў, бесчалавечныя катаванні ў засценках Акрэсціна, вуліцы і праспекты, залітыя барвовымі рэкамі наступстваў палітычнага крызісу, што быў справакаваны вынікамі прэзідэнцкіх выбараў і хутка набіраў абароты. 15 жніўня 2020 года запісанае ў хроніцы як дзень развітання з застрэленым сілавікамі Аляксандрам Тарайкоўскім. Тысячы людзей высыпалі на вуліцы, каб ускласці кветкі да стыхійнага мемарыяла – ушанаваць хвілінай маўчання памяць пра забітага.

 

У той самы час, за 7 км ад станцыі метро «Пушкінская», у скандальным рэстаране «Лебядзіны» ніхто не гараваў па нявінна забітым. Наадварот, прыгожа ўбраныя мужчыны і жанчыны сабраліся ў сталічнай установе зусім з іншай нагоды – павіншаваць маладых Надзею Зайцаву і Віталя Алексіна.

 

NADEZHDA I VITALIJ_SVADBA

Фота з вясельнай вечарынкі Надзеі Зайцавай і Віталя Алексіна. Крыніца: вэб-сайт вясельнага фатографа

 

Банкетная зала была аздобленая сапраўды шыкоўна і велічна! Прэзідыум маладых уяўляў сабой чатырохметровую канструкцыю, дэкараваную жывымі півонепадобнымі і звычайнымі ружамі. Яна была выгодна падкрэсленая паўтараметровымі кампазіцыямі з жывых гартэнзій і руж у пастэльных тонах, а штучныя свечкі на сталах надавалі мерапрыемству яшчэ большай таямнічасці, бо жаніха на гэтым вяселлі ні госці, ні арганізатары не «засвечвалі».

 

DECOR_NADEZHDA I VITALIJ_1

DECOR_NADEZHDA I VITALIJ_2

Дэкор банкетнай залы на вясельнай вечарынцы Надзеі Зайцавай. Крыніца: інстаграм-акаўнт вясельнага арганізатара

 

«Растрэсці» банкетнае меню дапамагалі запрошаныя знакамітасці: Верка Сярдзючка і рэп-дуэт HammAli & Navai.

 

VERKA SERDYUCHKA

HAMMALI & NAVAI

Зорныя выканаўцы выступаюць на вяселлі Надзеі Зайцавай. Крыніца: вэб-сайт вясельнага фатографа

 

Кульмінацыяй вечара стаў велічэзны чатырох’ярусны торт з «шапкай» з жывых кветак.

 

TORT_NADEZHDA

Торт на вяселлі Надзеі Зайцавай. Крыніца: інстаграм-акаўнт вясельнага арганізатара

 

І мы, і вы, дарагія чытачы, маглі б так і заставацца ў няведанні, што малодшы сын Аляксея Алексіна таксама здабыў асабістае шчасце і пабраўся шлюбам. Самога Віталя і ягонае вяселле, як і брата Дзмітрыя, адчайна імкнуліся ўтаіць ад цікаўных вачэй грамадскасці. «Бюро» ўсталявала факт гэтага мерапрыемства дзякуючы ўсё таму ж аўтамабілю Аляксея Алексіна – рарытэтнаму Mercury Monterey 1949 года. Вясельныя фотаздымкі Надзеі Зайцавай у гэтым кабрыялеце былі знойдзеныя ў партфоліа таго ж фатографа, які здымаў урачыстасць Дзмітрыя Алексіна і Вікторыі Губанавай.

 

NADEZHDA_SVADBA

Вясельная фотасесія Надзеі Зайцавай. Крыніца: вэб-сайт вясельнага фатографа

 

«Бюро» таксама высветліла, што на дадзены момант Надзея Алексіна, у дзявоцтве Зайцава, не з’яўляецца ўласніцай або кіраўніцай ні ў адной кампаніі бізнэс-імперыі Алексіных. Тым не менш мы палічылі патрэбным асвятліць факт яе шлюбу з Віталём Алексіным, каб папярэдзіць спробы «кашалька Лукашэнкі» перапісаць якія-небудзь актывы на другую нявестку.

Даданні па тэме