Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва
OUTLET_MAIN

Модны прыгавор

Нашыя сацсеткi

Як «кашалёк» Лукашэнкі Аляксандр Зайцаў зарабляе на продажы адзення, абутку і аксесуараў сусветных брэндаў

Уплывовы беларускі бізнэсовец Аляксандр Зайцаў сышоў у цень, але па-ранейшаму застаецца пры справе. Прайшоўшы кар’ерны шлях ад памочніка Віктара Лукашэнкі да буйнога прадпрымальніка, ён аброс мноствам «дасягненняў і рэгалій»: «гандляр зброяй», «золатаздабывальнік», «уладальнік футбольных клубаў», дый урэшце – ён тытулаваны рыцар папскага ордэна!

 

Амбіцыі «кашалька» Лукашэнкі як мае быць ацанілі заходнія рэгулятары. У чэрвені 2021 года ён трапіў пад санкцыі ЕС. А пасля нападу Расіі на Украіну супраць яго ўвялі персанальныя санкцыі і ўлады ЗША.

 

Аднак «Бюро» высветліла, што Аляксандр Зайцаў працягвае весці свой бізнэс, але ўжо таемна: афармляючы новыя кампаніі на давераных людзей, каб пазбегнуць праблем з санкцыйным заканадаўствам. Сёння мы раскажам пра новы гламурны бізнэс «кашалька» Лукашэнкі, які забяспечвае прадметамі раскошы не толькі беларусаў, але і расіян – у абыход санкцый.

У гэтым матэрыяле мы выкарыстоўваем дадзеныя, у тым ліку атрыманыя ад «КіберПартызан»

 

 

БУЦІК «РУЗЭКСПЕДЫЦЫІ»

Карла Маркса – адна з найпрыгажэйшых цэнтральных вуліц Мінска, якая захавала сваё даваеннае аблічча. Фешэнебельныя рэстараны, дарагія аўто, модныя гараджане – «свецкае жыццё» тут настолькі віруе, што ў сеціве гэты раён нават празвалі «мінскімі Патрыкамі». Там, дзе вуліцу Карла Маркса перасякае сквер Дзяржынскага і вуліца Камсамольская, размясціўся буцік брэндавага адзення з Еўропы – «Аўтлет парк». Яшчэ адзін гандлёвы пункт знаходзіцца на праспекце Пераможцаў, недалёка ад элітных Драздоў.

 

OUTLET PARK

Буцік «Аўтлет парк». Крыніца: outletpark.by

 

«Аўтлет парк» – гэта першы ў Беларусі аўтлет еўрапейскага фармату са зніжкамі ад 30 да 70% на арыгінальныя вырабы ад асноўных сусветных брэндаў. Тут беларусам прапаноўваюць набыць адзенне, абутак і аксесуары па невялікіх коштах больш як ад 50 сусветна вядомых гандлёвых марак, сярод якіх: Armani, Gucci, Moschino, Calvin Klein, Tommy Hilfiger, Diesel, Guess, Trussardi, Bikkembergs, Philipp Plein, Michael Kors, Baldinini, Hugo Boss, Paul&Shark, Max Mara, Dolce&Gabbana, Valentino і Givenchy.

 

Брэнд «Аўтлет парк» належыць беларускай кампаніі «Трэндхол». Дырэктаркай кампаніі там працуе Яна Леванеўская.

 

YANA LEVANEUSKAYA

Яна Леванеўская. Крыніца: інстаграм-акаўнт Яны Леванеўскай

Ёй усяго 34 гады, але за ейнымі плячыма салідны паслужны спіс. У 2016 годзе яна працавала ў лагістычных кампаніях «Газ Венчурэ» і «Транспетролбалтык», якія звязваюць з Аляксандрам Зайцавым і яго партнёрам па «Брэміна груп», тытунёвым магнатам Аляксеем Алексіным. У 2020 годзе Леванеўская стала памочніцай кіраўніка ў кампаніі «Белказтранс». Гэта актыў яшчэ аднаго набліжанага да беларускіх уладаў бізнэсоўца Мікалая Вараб’я – трэцяга суўладальніка «Брэміна груп».

 

Леванеўская часта суправаджала сваіх патронаў у паездках. Дзякуючы «КіберПартызанам» мы высветлілі, што з 2019 па 2021 гады яна 64 разы лётала на прыватных бізнэс-джэтах Embraer Legacy 650 з бартавым нумарам OE-ITA і Gulfstream G450 з бартавым нумарам OE-ITE, якія ў тыя гады актыўна курсіравалі па маршруце Мінск – Кіеў – Вена.

 

Гэтымі авіямаршруткамі прадстаўнічага класа ў той момант актыўна карыстаўся сам Мікалай Варабей, яго сям’я і бізнэс-партнёры. Мы знайшлі ў Яны Леванеўскай сумесныя з Мікалаем Вараб’ём, сям’ёй ягонай дачкі Кацярыны Смушковіч, топ-менеджарамі Вараб’я Лідзіяй Ушаковай і Алай Пінчук.

 

У небе цяперашняя кіраўніца «Трэндхола» перасякалася і з Дзмітрыем Алексіным. У нашым ранейшым расследаванні «Шлюбная афёра» мы расказвалі, як Леванеўская ў кампаніі сям’і старэйшага сына Алексіна, Віктара Лукашэнкі, супрацоўніка службы бяспекі Лукашэнкі і другога сакратара МЗС лётала ў швейцарскі Базэль.

 

Сярод ейных спадарожнікаў мы выявілі і на той момант дзейнага ўкраінскага дэпутата Тараса Казака. Журналісты-расследавальнікі з Украіны называюць Казака найбліжэйшым паплечнікам украінскага алігарха Віктара Медзведчука, які больш вядомы як «кум Пуціна». Медзвядчук называў Вараб’я сваім сябрам.

У красавіку 2022 года Уладзімір Зяленскі абвясціў пра затрыманне Медзведчука, які збег з краіны пасля абвінавачання ў дзяржаўнай здрадзе і спрыянні дзейнасці тэрарыстычных арганізацый. У канцы верасня таго ж года Крэмль абмяняў аднаго алігарха на 215 украінскіх ваеннапалонных, палова з якіх – байцы палка ўкраінскай Нацгвардыі «Азоў». Такі абмен ваеннапалоннымі яшчэ раз падкрэслівае значнасць Віктара Медзведчука для Уладзіміра Пуціна.

Але чаму цяпер мы звязваем Яну Леванеўскую і беларускія аўтлеты менавіта з Аляксандрам Зайцавым?

 

На гэта паказваюць дадзеныя з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў РБ. 1 лістапада 2023 года бенефіцыярам «Трэндхола» стала падкантрольная Аляксандру Зайцаву лагістычная кампанія «Рузэкспедыцыя».

ВЫПІСКА З АДЗІНАГА ДЗЯРЖАЎНАГА РЭГІСТРА ЮРЫДЫЧНЫХ АСОБ І ІНДЫВІДУАЛЬНЫХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ РБ – ТАА «ТРЭНДХОЛ»
TRENHOLL_1
TRENHOLL_2

Год таму яе ранейшы намінальны ўладальнік Яўген Крахоцін выйшаў на пенсію і пасада ганаровага ўласніка перайшла да жывапісца і рэстаўратара Алега Арлова. Цяпер «Рузэкспедыцыяй» кіруе Уладзімір Міхайлюк – былы першы намеснік начальніка Беларускай чыгункі.

 

BEL_1

 

У пачатку жніўня амерыканскі Мінфін уключыў «Рузэкспедыцыю» ў новы пакет санкцый ЗША ў тым ліку як актыў Аляксандра Зайцава.

Юрыдычная асоба «Трэндхол» існуе з 2015 года. Раней кампанія называлася «Каліта Спец», а потым «Касмічнае агенцтва Белкосмас». У верасні 2023 года фірма атрымала сваё актуальнае найменне.

 

Уладальнікамі кампаніі ў розныя гады былі людзі Аляксандра Зайцава: Філіп Баранаў – некалі інжынер-праграміст зайцаўскай «Тэмо» і кіраўнік яго ж кампаніі «Кідма тэк», Ірына Баранава – жонка Філіпа Баранава, і Таццяна Кухарава – кіраўніца зайцаўскай кампаніі «Рух Спорт Менеджмент».

 

Пасаду кіраўніка ў свой час займалі Андрэй Дземянцей, сын Васіля Дземянцея – экс-намесніка старшыні КДБ, некалі высокапастаўленага мытніка і былога кіраўніка «Брэміна груп», а таксама Андрэй Чырко – ваеннаслужачы вайсковай часткі 08188 Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Лукашэнку (ААЦ). Ён жа кіраваў зайцаўскай фірмай «Сохра».

 

BEL_2

 

 

НЕ GUCCI АДЗІНЫМ

Актуальныя паступленні «Аўтлет парк» анансуе ў сваім тэлеграм-канале. Мы выбарачна параўналі цэны на некалькі пазіцый у мінскім аўтлеце з арыгінальным коштам на сайтах вытворцаў. І калі большасць тавараў катэгорый premium і middle-up прадаюць па зніжаных цэнах, то люкс-сегмент беларускі буцік рэалізуе альбо па афіцыйных цэнах вытворцы, альбо з вялікай накруткай, і гэтыя рэчы не трапляюць на сэйлы.

 

BAGS_4

BAGS_5

BAGS_6

 

«Бюро» мяркуе, што такія завоблачныя прайсы ставяць пад сумнеў пазіцыянаванне буцікоў аўтлетамі, бо як мінімум частка прадукцыі прадаецца не толькі без заяўленых зніжак, але і вышэй за афіцыйную цану, усталяваную вытворцам. Акрамя таго, адкрытым застаецца пытанне: хто ж у Беларусі мэтавая аўдыторыя такіх дарагіх рэчаў?

«Я думаю, што канечны спажывец будзе Расія. Наш рынак маленькі. Калі гэта сапраўды якасныя еўрапейскія брэнды, яны, па-першае, і каштуюць немалых грошай. І адпаведна, у нас няма столькіх прыхільнікаў, гатовых выкласці гэтую суму за нейкі такі рэальна брэнд», – лічыць нашая крыніца, якая даўно займаецца лагістычным бізнэсам у Беларусі.

 

 

НА ЧЫЁЙ ВУЛІЦЫ СВЯТА?

Нягледзячы на шырокія санкцыі ЕС, якія ўжо блакуюць у Беларусі цэлыя сектары эканомікі, тавары лёгкай прамысловасці ў нашай краіне дагэтуль не пад заходнім банам. Аднак у Расіі сітуацыя выглядае некалькі іначай. У сакавіку 2022 года, усяго праз тры тыдні пасля нападу Расіі на Украіну, Еўрасаюз увёў забарону на пастаўку рэчаў раскошы ў краіну-агрэсара. Пад раздачу трапілі ў тым ліку адзенне, абутак, аксесуары коштам звыш 300 еўра. Зроблена гэта было для таго, каб перакрыць заможным расіянам доступ да «прыгожага жыцця».

 

Частка сусветных брэндаў пасля пачатку вайны добраахвотна пакінула расійскі рынак. Каб не даводзіць расійскія эліты да вострага дэфіцыту раскошы, яшчэ вясной 2022 года ўрад Міхаіла Мішусціна падпісаў пастанову пра легалізацыю паралельнага імпарту. Гэта значыць, што цяпер у краіну можна ўвозіць тавары замежных брэндаў, якія сышлі з расійскага рынку, без іх дазволу і згоды. На фоне гэтага актывізаваліся сэрвісы, якія дазваляюць купіць, прадаць, абмяняць былыя ва ўжыванні тавары сегментаў прэміум і люкс, сэрвісы па замове тавараў папулярных брэндаў з-за мяжы, і, вядома ж, такія бізнэсоўцы, як Аляксандр Зайцаў і Яна Леванеўская.

 

«Бюро» высветліла, што зайцаўскі «Трэндхол» спрабуе наладзіць аптовыя пастаўкі брэндавага адзення і аксесуараў у Расію, карыстаючыся шчылінай у санкцыйным заканадаўстве. Офер кампаніі мы знайшлі на расійскай платформе Dzen.ru ў аўтарскім канале «Аўтлет парка».

СКРЫНШОТ АРТЫКУЛА «АЎТЛЕТ ПАРКА». КРЫНІЦА: DZEN.RU
TRENDHALL_OFFER

Журналіст «Бюро» пад выглядам зацікаўленага пакупніка з Расіі патэлефанаваў па пазначаным у матэрыяле нумары – слухаўку зняла Яна Леванеўская. Паводле слоў кіраўніцы аўтлета, кампанія выкупляе бягучыя і папярэднія калекцыі не старэйшыя за адзін год у саміх еўрапейскіх вытворцаў, фабрык і аўтарызаваных дыстрыб’ютараў брэндаў. Цяпер на складах «Трэндхола» каля 10 тысяч брэндавых адзінак.

 

Леванеўская паскардзілася, што з люксам у Беларусі «працаваць цяжка – мала інтарэсу», бо амаль няма «зазору» на прыбытак – «Трэндхол» плануе адмовіцца ад гэтага сегмента і рабіць упор на «сярэдні клас».

 

Таксама Леванеўская зрабіла некалькі прывабных прапаноў і паабяцала нам найлепшыя цэны:

«Мы маем выхады на Dolce&Gabbana – цалкам усё: і адзенне, і аксесуары, і абутак. Гэта леташняя калекцыя. Там мы можам зрабіць сапраўды добрую цану. Аддаваць, напрыклад, вам мінус 30% ад рознічнай цаны. Там мінус 15% яшчэ застанецца зазор [для прыбытку]. Калі будзе аб’ём [вялікі], то цэны можам крыху перагледзець нават [на вашую карысць]. Dolce&Gabbana мы замаўляем рэгулярна».

Акрамя таго, Яна Леванеўская прапанавала нам выкупіць люксавыя рэшткі, якія ў мінскіх буціках не ходкія:

«У нас цяпер у краме ёсць дзесяць торбачак Gucci. Мы можам вам іх аддаць. Яны ў нас цяпер каштуюць роўна ў рознічны кошт на сайце Gucci. Можам вам іх аддаць мінус 10%, калі вы іх усе забераце».

На пытанне, ці не будзе ў «нашай кампаніі ў Расіі» праблем з продажам падсанкцыйных тавараў, Леванеўская заявіла:

«Калі мы вам пачнем фурамі вазіць [смяецца] – тады, можа, і будуць. Калі гэта будуць аб’ёмы, якія не прыцягваюць увагу, тады, напэўна, не будзе. У любым выпадку, я скажу вам так, што ў Еўропе ўсе гэтыя брэнды, з якімі мы ўсталявалі адносіны, – зацікаўленыя, каб мы ў іх куплялі. І яны ведаюць, куды ідзе іх тавар і куды ён можа пайсці».

Ці гэта так на самай справе? Мы накіравалі запыты сусветным брэндам, якія фігуруюць у дакументах «Трэндхола», і чакаем ад іх адказу.

 

 

АСАБЛІВАСЦІ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ СЕРТЫФІКАЦЫІ

Калі мы пацікавіліся ў Яны Вадзімаўны, ці можам мы як патэнцыйныя пакупнікі зірнуць на дакументы, якія пацвярджаюць сапраўднасць вырабаў, іх якасць і бяспеку, Леванеўская адмовілася, хаця згодна з законам яна абавязаная гэта зрабіць.

«У нас ёсць сертыфікаты і дэкларацыі адпаведнасці – гэта нашыя ўнутраныя дакументы імпартныя. А сертыфікаты паходжання на сённяшні дзень, з-за таго што мы вымушаныя не наўпрост набываць у брэнда, а яшчэ нашыя агенты праз свае фірмы праводзяць, – сертыфікатаў [паходжання] у нас няма».

Чаму ж «Трэндхол» адмовіўся падаць пакупніку сертыфікаты і дэкларацыі адпаведнасці на прадукцыю? І што ўтойвае кампанія?

Каб завозіць і/ці рэалізоўваць адзенне, абутак і аксесуары ў Беларусі, прадукцыя павінна прайсці сертыфікацыю – гэта абавязковая працэдура, якая пацвярджае іх якасць і бяспеку. Сертыфікаты або дэкларацыі адпаведнасці выдаюцца на падставе пратаколаў выпрабаванняў на ўзорах партыі.

Нягледзячы на тое што Яна Леванеўская адмовілася паказваць гэтыя дакументы «расійскаму пакупніку», яны ўсё адно апынуліся ў распараджэнні рэдакцыі «Бюро». Мы вывучылі больш за сотню сертыфікатаў і дэкларацый адпаведнасці, выдадзеных «Трэндхолу» са снежня 2023 па верасень 2024 года, і заўважылі дзіўную заканамернасць: усе пратаколы выпрабаванняў выдадзеныя лабараторыямі з Расіі, Казахстана і Кыргызстана.

ЗВЕСТКІ ПРА ПРАТАКОЛЫ ВЫПРАБАВАННЯЎ, ВЫДАДЗЕНЫЯ «ТРЭНДХОЛУ», – ВЫПІСКІ З АНЛАЙН-СІСТЭМЫ ПРАВЕРКІ КАМПАНІЙ LEGAT.BY
PROTOKOL ISPYTANIY_1
PROTOKOL ISPYTANIY_2

Згодна з законам, беларускія фірмы могуць атрымліваць гэтыя дакументы ў любой краіне Мытнага саюза ЕАЭС. Аднак «Трэндхол» мог звяртацца ў замежныя лабараторыі з меркаванняў эканоміі, бо незалежна ад кошту рэчы гардэроба рэгламент выпрабаванняў прадугледжвае правядзенне хімічных і біялагічных тэстаў, што робіць узоры непрыдатнымі для далейшага выкарыстання, то бок ужо на гэтым этапе кампанія павінна несці істотныя страты.

«Можна набыць расійскі пратакол выпрабаванняў за грошы. У пратаколе пазначаецца, у якой лабараторыі выдадзены гэты пратакол, але пры гэтым не звяраецца, ці завозіўся ўзор — ці не завозіўся. І тая ж лабараторыя можа напісаць, што быў пададзены ўзор такі вось, хаця па факце гэтага не было. Чаму выбралі казахаў, не магу сказаць. Можа, прасцей там з імі дамоўленасці. Калі вось толькі Мытны саюз пачаў функцыянаваць, казахі ўвогуле нічога не цураліся. Патрэбны сертыфікат? Калі ласка, заўтра ён будзе. Гадоў 5-7 таму гэтыя сертыфікаты і дэкларацыі налева-направа друкавалі», – растлумачыла нашая крыніца са сферы лагістыкі, якая сутыкалася з працэсам вырабу падобных дакументаў.

У якасці органаў, якія рэгіструюць сертыфікаты і дэкларацыі адпаведнасці «Трэндхола», пазначаныя пераважна арганізацыі з Кыргызстана.

СЕРТЫФІКАТЫ І ДЭКЛАРАЦЫІ АДПАВЕДНАСЦІ, ВЫДАДЗЕНЫЯ «ТРЭНДХОЛУ», – ВЫПІСКІ З АНЛАЙН-СІСТЭМЫ ПРАВЕРКІ КАМПАНІЙ LEGAT.BY
SERTIFIKAT_1
SERTIFIKAT_2
SERTIFIKAT_3

Гэта можа быць звязана з тым, што там прасцей дамовіцца з мясцовымі чыноўнікамі, бо беларускія органы сертыфікацыі працуюць паводле пратакола:

«У нас [у Беларусі] баяцца браць адказнасць людзі, каб выпускаць нейкія сертыфікаты не па ўсталяванай праграме – без узору, без правядзення выпрабаванняў. Толькі выкананне ўсіх умоваў дазваляе выпусціць сертыфікат – наяўнасць таго ж узору, які, як торба, можа каштаваць 5 тысяч еўра. Калі ўзяць усю пяцёрку краін [Мытнага саюза ЕАЭС], – Арменія, Беларусь, Казахстан, Расія і Кыргызстан, – то Кыргызстан – гэта вось дзе ты проста заносіш у файліку грошы, кладзеш іх туды ў органы, і табе там рэгіструюць усё, выдаюць, і там увогуле з гэтым праблем ніякіх няма. Па топавасці карумпаванасці Кыргызстан – гэта нумар адзін. Ну, і памеры адкатаў невялікія параўнальна былі. Вось прычына, чаму Кыргызстан», – лічыць нашая крыніца.

Да прыкладу, у 2023 годзе ў Кыргызстане злавілі чыноўнікаў, якія, паводле Дзяржаўнага камітэта нацыянальнай бяспекі (ДКНБ КР), выдавалі бізнэсоўцам ліпавыя сертыфікаты за хабар.

 

Такім чынам, прадпрымальны «Трэндхол» мог салідна зэканоміць, набываючы пратаколы выпрабаванняў у краінах-суседках. У сертыфікатах і дэкларацыях адпаведнасці фігуруюць сотні пазіцый, якія маглі быць выратаваныя ад бязлітаснага знішчэння лабараторыямі і бюракратыяй Мытнага саюза. Бо кошт некаторых рэчаў гардэроба ў «Аўтлет парку» вылічаецца тысячамі еўра за штуку.

 

«Бюро» звязалася з Янай Леванеўскай яшчэ раз, ужо ў якасці журналістаў, і пацікавілася, чым жа быў абумоўлены выбар Кыргызстана для рэгістрацыі дакументаў адпаведнасці, але не атрымала ад дырэктаркі аўтлетаў зразумелага адказу:

«Вы для пачатку пачытайце заканадаўства. [Рэгістравалі сертыфікаты і дэкларацыі адпаведнасці ў Кыргызстане] проста таму, што маем права выбіраць, дзе гэта рабіць. Гэта камерцыйная таямніца, на падставе чаго мы выбіраем гэтыя органы сертыфікацыі».

Акрамя таго мы пацікавіліся, як ідуць справы ў «Трэндхола» з пошукам аптовых пакупнікоў еўрапейскіх брэндаў у Расіі. Леванеўская спачатку спрабавала адмаўляць офер, але калі мы спаслаліся на аб’яву на Dzen.ru, змяніла рыторыку:

«Так, гэта праўда, што мы шукаем аптовых кліентаў, але ў нас на сённяшні дзень опту няма».

На пытанне нашага журналіста, ці прадае «Трэндхол» тавары расійскім кліентам у раздроб, Леванеўская паспяшалася развітацца:

«Прабачце, вы пачынаеце задаваць такія пытанні, на якія я не абавязаная адказваць [смяецца]. Напэўна, на гэтым размова скончаная. Мы ў раздроб маем [права] прадаваць тавар любому пакупніку і абавязаныя яго абслужыць. Калі ласка, не задавайце мне недарэчных пытанняў».

Сапраўды, «Аўтлет парк» на сваім сайце прапаноўвае паслугі дастаўкі брэндавых тавараў не толькі па тэрыторыі Беларусі, але і ва ўсе рэгіёны РФ расійскай кур’ерскай службай дастаўкі CDEC.

 

DELIVERY_RF

Скрыншот паслугі «Аўтлет парка» па дастаўцы брэндавых тавараў у РФ. Крыніца: outletpark.by

Даданні па тэме