Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва
LUDI PUTINA_MAIN

Людзі Пуціна

Нашыя сацсеткi

Як Крэмль спансуе «рускі свет» у Беларусі

Аўтары

Крэмль ужо доўгі час шчодра спансуе сваіх марыянетак у Беларусі. Гэта паказала масіўная ўцечка дадзеных з расійскага Фонду падтрымкі і абароны правоў суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой (Праўфонду).

 

Доступ да сакрэтных дакументаў атрымала Дацкая вяшчальная карпарацыя (DR) і падзялілася імі з журналістамі-расследавальнікамі з OCCRP. «Бюро» вывучыла сотні файлаў: заяўкі на гранты і фінансавыя справаздачы, перапіску з куратарамі і банкаўскія выпіскі. Дакументы праліваюць святло на шматгадовую гісторыю падтрымкі «мяккай сілы» ў Беларусі. Агульны аб’ём грантаў – сотні тысяч долараў.

 

Як высветліла «Бюро», крамлёўскі фонд фінансаваў разнастайныя праекты ў Беларусі: ад выдання прапагандысцкай літаратуры і круглых сталоў да працы Цэнтра прававых кансультацый у Мінску, ад кампенсацыі юрыдычнай дапамогі для затрыманай актывісткі да стварэння музея савецкіх манументаў, вывезеных з Еўропы. Асабліва інтэнсіўна фонд стаў працаваць пасля задушэння маштабных пратэстаў 2020 года.

Мы ўдзячныя «КіберПартызанам» за дапамогу пры падрыхтоўцы гэтага матэрыялу

Цяпер аўдыяверсія расследавання даступная на YouTube. Прыемнага праслухоўвання!

 

 

 

 

КАНСУЛЬТАНТЫ ПАД ПРЫКРЫЦЦЁМ

Непрыкметны офіс руху «Саюз» у цэнтры Мінска – апірышча «рускага свету» ў Беларусі. Тут, недалёка ад Дома ўрада і КДБ, раздаюць георгіеўскія стужкі і збіраюць гуманітарную дапамогу для расійскіх вайскоўцаў. Кіраўнік руху «Саюз» Сяргей Лушч асабіста вазіў прадукты, медыкаменты, насілкі і генератар на перадавую.

 

LUSCH

Сяргей Лушч (трэці справа) прывёз гуманітарку расійскім вайскоўцам у Запарожжа. Крыніца: souyz.by

 

Мілавідны актывіст з неанацысцкім мінулым не хавае сваіх прарасійскіх поглядаў. Але пра штосьці ён палічыў за лепшае з намі не гаварыць. А менавіта пра гранты ад Праўфонду. Праўда, крамлёўскія грошы ён атрымаў не адразу. У пачатку сваёй актыўнасці Лушч быў звязаны з маргінальнымі сіламі.

 

Як пісала выданне «Наша Ніва», у маладосці ён быў членам расійскай рэлігійнай неапаганскай секты «Схорон Еж Словен», што перакладаецца як «захаванне ўсіх славян». Ідэалогію гэтай секты праваабаронцы апісвалі як ультраправую і антысеміцкую. Падчас рытуалаў сектанты ўскідвалі рукі ў нацысцкім вітанні. Лушч займаў высокую пазіцыю ў гэтай секце – ён быў жрацом і праводзіў рытуалы.

 

У 2011 годзе Лушч узначаліў у Беларусі моладзевае грамадскае аб’яднанне «Русь маладая» («Румал»), актывісты якога раздавалі георгіеўскія стужкі і бралі ўдзел у акцыі «Бессмяротны полк» – і тое і іншае сімвалічна звязанае з так званым рускім светам. У 2019 годзе прарасійскі актывіст паспрабаваў стаць кандыдатам у дэпутаты на выбарах у парламент, але не сабраў патрэбнай колькасці подпісаў. А ў 2021 годзе хацеў стварыць прарасійскую палітычную партыю «Саюз», але Мінюст адмовіў у рэгістрацыі.

 

LUSCH

Сяргей Лушч на акцыі «Бессмяротны полк» у Мінску. Крыніца: t.me/slusch

 

Цяпер Лушч ходзіць у эфіры да беларускага прапагандыста Рыгора Азаронка і ездзіць на акупаваныя тэрыторыі Украіны ад імя таго самага руху «Саюз». Менавіта ў офісе гэтай арганізацыі ў самым сэрцы Мінска знаходзіцца і Цэнтр прававых кансультацый, які спансуецца Праўфондам.

«Цэнтры прававой дапамогі служаць для таго, каб ведаць, каму патрэбная дапамога. Вы павінны ведаць, хто ўразлівы. Гэта заснавана на логіцы: рука руку мые. Калі я зраблю вам паслугу і дапамагу з юрыдычнымі пытаннямі, то вы будзеце больш схільныя зрабіць мне паслугу ў наступным», – сказала DR крыніца ў еўрапейскай выведцы.

На запуск Цэнтра прававых кансультацый у Мінску крамлёўскія куратары выдаткавалі больш як 60 тысяч долараў. Атрымальнікам гранту ў дакументах пазначаная яшчэ адна арганізацыя, якую сумесна заснаваў і ўзначаліў Лушч – асацыяцыя «Садзейнічанне развіццю інтэграцыі, міжнароднага сацыяльна-культурнага і дзелавога супрацоўніцтва». Але не ўсё ішло гладка ў ягонай працы з самага пачатку.

 

Нам у рукі трапіў ліст, напісаны Лушчом у кастрычніку 2021 года расійскаму паслу ў Беларусі Яўгену Лук’янаву. У лісце кіраўнік нядаўна адкрытага Цэнтра прававых кансультацый у Мінску скардзіцца, што Адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі перасякервае дарогу.

ЛІСТ СЯРГЕЯ ЛУШЧА РАСІЙСКАМУ ПАСЛУ ЯЎГЕНУ ЛУК’ЯНАВУ
PIS'MO_LUSCH_1
PIS'MO_LUSCH_2

Рэч у тым, што любая грантавая падтрымка патрабуе ўзгаднення ў Дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці Адміністрацыі Лукашэнкі. Афіцыйныя тэрміны разгляду зваротаў 14 дзён.

«Фактычна ж асацыяцыя ўвесь час сутыкаецца з зацягваннем тэрмінаў разгляду заяваў, што негатыўна адбіваецца на працы Цэнтра і перашкаджае ягонай сістэмнай працы», – скардзіўся Лушч.

LUSCH V POSOL'STVE ROSSII

Сяргей Лушч (у цэнтры) на прыёме ў расійскім пасольстве ў Беларусі. Крыніца: t.me/slusch

 

Першы транш у Адміністрацыі Лукашэнкі ўхвалілі толькі праз тры месяцы пасля адкрыцця цэнтра і толькі пасля непасрэднага ўмяшання расійскага пасольства. Другі транш увогуле не ўзгаднілі. Тады Лушч зноў падключыў свае сувязі ў пасольстве, але на гэты раз яны не спрацавалі. Палова гадавога бюджэту завісла ў паветры. Але прарасійскі актывіст знайшоў выйсце са становішча. Ён прапанаваў Праўфонду скласці дамову з ім, а не з асацыяцыяй «Садзейнічанне развіццю інтэграцыі, міжнароднага сацыяльна-культурнага і дзелавога супрацоўніцтва».

ЛІСТ СЯРГЕЯ ЛУШЧА ВЫКАНАЎЧАМУ ДЫРЭКТАРУ ПРАЎФОНДУ АЛЯКСАНДРУ УДАЛЬЦОВУ
PIS'MO UDAL'TSOVU_1
PIS'MO UDAL'TSOVU_2

Пасля Праўфонд вылучаў грошы на працу цэнтра ў Мінску непасрэдна Лушчу. У кантрактах з фондам быў пазначаны рахунак актывіста ў маскоўскім «Райфайзенбанку», рух грошай на якім больш складана прасачыць з Беларусі. Сяргей Лушч адмовіўся каментаваць супрацоўніцтва з фондам у размове з «Бюро» па тэлефоне.

 

ППаводле нашых падлікаў, бюджэт Цэнтра прававых кансультацый за 2022–2023 гады перавысіў 160 тысяч долараў. Больш за палову пайшло на зарплаты супрацоўнікаў: кіраўніка, юрыста, сакратара, сістэмнага адміністратара.

 

У падрабязных справаздачах перад фондам Лушч апісаў, чым цэнтр займаўся ў гэтыя гады. Яго супрацоўнікі кансультавалі суайчыннікаў пры зваротах у суды, міліцыю і іншыя афіцыйныя органы, маніторылі заканадаўства і рыхтавалі аналітычныя запіскі для расійскіх чыноўнікаў, умацоўвалі сувязі сярод сваіх прыхільнікаў.

СПРАВАЗДАЧА ПРА ВЫКАРЫСТАННЕ ГРАНТУ, ВЫДАДЗЕНАГА СЯРГЕЮ ЛУШЧУ
OTCHET_LUSCH_1
OTCHET_LUSCH_2
OTCHET_LUSCH_3
OTCHET_LUSCH_4
OTCHET_LUSCH_5
OTCHET_LUSCH_6
OTCHET_LUSCH_7
OTCHET_LUSCH_8
OTCHET_LUSCH_9
OTCHET_LUSCH_10
OTCHET_LUSCH_11

За два гады ў цэнтр паступіла каля 1500 зваротаў. Асноўныя тэмы звязаныя з правамі і магчымасцямі беларускіх грамадзян у Расіі і расійскіх у Беларусі, пачынаючы ад парадку атрымання адукацыі ці ўладкавання на працу ў кожнай з краін, перамяшчэння паміж краінамі і легалізацыі, заканчваючы пераездам на сталае месца жыхарства, а таксама вядзеннем бізнэсу і набыццём маёмасці. У цэнтры дакументавалі кожны зварот і перадавалі асабістыя звесткі заяўнікаў у Праўфонд.

«Калі вы кантактуеце з гэтымі людзьмі, нават калі вы даяце нейкія самыя элементарныя юрыдычныя кансультацыі, вы проста збіраеце разведдадзеныя і нарошчваеце свае сеткі», – зазначыў у размове з OCCRP эксперт па расійскіх спецслужбах Андрэй Салдатаў.

З пачаткам вайны ў мінскі Цэнтр прававых кансультацый сталі паступаць пытанні ад расіян, якія жывуць ва Украіне, наконт таго, як можна трапіць у Беларусь і Расію праз украінска-польскую мяжу. Акрамя таго, цэнтр растлумачваў прадпрымальнікам, як весці бізнэс на акупаваных землях Украіны, у прыватнасці ў пытаннях камандзіровак у гэтыя рэгіёны, правіл перасячэння мяжы, асаблівасцяў мытна-лагістычных працэдур.

 

На 2024 год Лушч запытаў у Праўфонду на працу цэнтра больш за 60 тысяч долараў. Але гэта не адзіны праект, які фінансуецца з Крамля.

 

LUSCH V PRAVFONDE

Сяргей Лушч (злева) сустрэўся з выканаўчым дырэктарам Праўфонду Аляксандрам Удальцовым (трэці справа). Крыніца: pravfond.ru

 

Кіраўнік Цэнтра прававых кансультацый атрымліваў ад Праўфонду грошы на правядзенне прапагандысцкіх мерапрыемстваў. Да прыкладу, у лістападзе 2022 года ў Мінску ён правёў круглы стол «Права на гістарычную памяць», каб «супрацьстаяць спробам фальсіфікацыі гісторыі» пра Другую сусветную вайну. У мерапрыемстве бралі ўдзел каля 30 чалавек, сярод якіх: дырэктар Праўфонду Аляксандр Удальцоў, старшы саветнік пасольства Расіі ў Беларусі Станіслаў Макаранка, беларускія і расійскія прапагандысты Аляксей Дзермант, Пётр Пятроўскі, Мікалай Мяжэвіч і іншыя. Арганізацыя круглага стала абышлася амаль у шэсць тысяч долараў.

 

Бурную дзейнасць Лушча рэгулярна аплачвалі з Расіі. Але не толькі ягоную.

 

 

«МЯККАЯ СІЛА» РАСІІ

Да пратэстаў 2020 года актыўнасць «рускага свету» ў Беларусі зводзілася ў асноўным да правядзення прапагандысцкіх мерапрыемстваў: канферэнцый, чытанняў, форумаў, байкерскага злёту, фестывалю казацкага мастацтва. Частымі гасцямі такіх мерапрыемстваў былі прадстаўнікі расійскага пасольства ў Беларусі.

 

Пры пасольстве працуе Каардынацыйны савет расійскіх суайчыннікаў (КСАРС). У гэты савет уваходзіць каля трох дзясяткаў арганізацый, сярод якіх ужо згаданы намі рух «Саюз», а таксама менш вядомыя прарасійскія сілы накшталт Рускага дома, Рускага таварыства, Зямляцтва Данбаса, Крымскага зямляцтва, Цэнтра казацкай культуры і іншых арганізацый.

 

КСАРС узначальвае былы настаўнік гісторыі і віцебскі чыноўнік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Андрэй Герашчанка. У яго шматгадовая гісторыя супрацоўніцтва з Праўфондам. За кошт фінансавай падтрымкі расійскіх донараў Герашчанка рэалізаваў свае пісьменніцкія амбіцыі. З 2018 года Праўфонд выдаткаваў яму каля 70 тысяч долараў на выданне пяці кніг пра Вялікую Айчынную вайну.

 

GERASCHENKO

Андрэй Герашчанка (першы злева) і выканаўчы дырэктар Праўфонду Аляксандр Удальцоў (у цэнтры). Крыніца: pravfond.ru

 

Дзейнасць Праўфонду ў Беларусі не абмяжоўваецца падтрымкай прапагандысцкіх выданняў і публічных мерапрыемстваў. Герашчанка і яго паплечнікі актыўныя ў сеціве.

 

КСАРС мае ўласны сайт з недвухсэнсоўнай назвай «Разам з Расіяй», дзе публікуецца расійская прапаганда. Крамлёўскі фонд вылучыў каля 10 тысяч долараў на запуск прававой рубрыкі на гэтым сайце ў 2022 годзе, дзе ў тым ліку ёсць асобны раздзел «Для грамадзян Украіны, ЛНР і ДНР».

СПРАВАЗДАЧА ПРА ВЫКАРЫСТАННЕ ГРАНТУ, ВЫДАДЗЕНАГА АНДРЭЮ ЛАПАЦКАМУ
OTCHET LOPACKOGO_1
OTCHET LOPACKOGO_2
OTCHET LOPACKOGO_3
OTCHET LOPACKOGO_4
OTCHET LOPACKOGO_5
OTCHET LOPACKOGO_6
OTCHET LOPACKOGO_7

Заяўку на грант падаваў намеснік старшыні КСАРС, юрыст Андрэй Лапацкі. Гэты ўраджэнец Севастопаля заснаваў у Беларусі сацыяльна-культурны цэнтр «Крымскае зямляцтва». Ад імя гэтага цэнтра ён падпісваў пагадненне пра супрацоўніцтва з чыноўнікамі з акупаванага Крыма.

 

У 2023 годзе апетыты Лапацкага выраслі. Ён запытаў у Праўфонду ўдвая больш грошай на працяг працы прававой рубрыкі сайта. У размове з «Бюро» прарасійскі дзеяч пацвердзіў супрацоўніцтва з крамлёўскім фондам.

«Мы супрацоўнічаем з Праўфондам па розных напрамках, у тым ліку і безграшова. Заяўкі мы пішам з зайздроснай рэгулярнасцю, але гэта не значыць, што гэтыя заяўкі нам задавальняюць», – сказаў «Бюро» Лапацкі.

Ягоны шэф і калега Герашчанка атрымліваў ганарары як тэхнічны спецыяліст сайта «Разам з Расіяй» з гранту Праўфонду.

ВЕДАМАСЦІ ПРА АТРЫМАННЕ ЎЗНАГАРОДАЎ З ГРАНТУ ПРАЎФОНДУ
VEDOMOSC'_1
VEDOMOSC'_2
VEDOMOSC'_3

Герашчанка не адказаў на нашыя тэлефанаванні і запыт па электроннай пошце.

 

У сферу інтарэсаў Праўфонду ў Беларусі ўваходзіў не толькі савет пры расійскім пасольстве.

 

 

ГРОШЫ НА МУЗЕЙ

Калі пару год таму ў Польшчы пачалі дэмантаваць савецкія помнікі ў межах праграмы дэкамунізацыі краіны, брэсцкая прадпрымальніца Наталля Ільніцкая вырашыла іх выратаваць. Яна стала звозіць манументы ў Беларусь, каб стварыць пад Брэстам музей пад адкрытым небам «Алея памяці».

 

У Беларусі Ільніцкая вядомая як дырэктарка брэсцкага рынку і «багіня фаташопа». Яе выява ва ўвешаным медалямі мундзіры няўмела «ўклейвалася» з дапамогай графічнага рэдактара на розныя карпаратыўныя фатаграфіі. Здымкі разляцеліся па сеціве і сталі мемамі. Ільніцкая настойвала, што фотаздымкі сапраўдныя, але ёй не паверылі.

 

IL'NITSKAYA

Фотажаба з Наталляй Ільніцкай (злева). Крыніца: onliner.by

 

Больш удалым выявіўся ейны праект «Алея памяці», які падтрымаў усё той жа Праўфонд. Наталля Ільніцкая расказала «Бюро», што цяпер у музеі 30 манументаў. 26 экспанатаў былі вывезеныя з Польшчы. Паводле слоў прадпрымальніцы, музей наведала больш як 10 тысяч чалавек з 36 краін.

«Мы спрабавалі [прывезці помнікі] з Латвіі, але ў нас не атрымалася», – сказала Ільніцкая.

Паводле яе слоў, стварэнне музея падтрымала пасольства Расіі ў Беларусі. Яно папрасіла Праўфонд вылучыць Ільніцкай фінансавую падтрымку, каб «наблізіць адкрыццё ўнікальнай экспазіцыі – адзінай у сваім родзе на постсавецкай прасторы».

 

У чэрвені 2022 года расійскі фонд выдаткаваў Ільніцкай амаль 13 тысяч долараў.

ПАСВЕДЧАННЕ ПРА РЭГІСТРАЦЫЮ ЗАМЕЖНАЙ БЯЗВЫПЛАТНАЙ ДАПАМОГІ І ПЛАН ПА ВЫКАРЫСТАННІ ЗАМЕЖНАЙ БЯЗВЫПЛАТНАЙ ДАПАМОГІ НАТАЛЛЯЙ ІЛЬНІЦКАЙ
ALLEA PAMYATY_1
ALLEA PAMYATY_2
ALLEA PAMYATY_3

«Мы атрымалі 795 тысяч расійскіх рублёў. За гэтыя грошы мы пабудавалі агароджу і паклалі плітку. Што да помнікаў, нам нічога не кампенсавалі. Пасольства сказала, што будзе дапамагаць, каб яшчэ выдалі грант, але пакуль нам нічога не далі», – расказала брэсцкая прадпрымальніца.

IL'NITSKAYA V ALLEA PAMYATY

Наталля Ільніцкая (трэцяя справа) у музеі «Алея памяці». Крыніца: sb.by

 

У справаздачы для фонду Ільніцкая пазначыла інакш – вылучаны грант быў накіраваны на кампенсацыю выдаткаў па перавозцы і рэстаўрацыі помнікаў, на добраўпарадкаванне музейнай прасторы, а таксама на правядзенне асветных і патрыятычных мерапрыемстваў і распрацоўку тэматычных экскурсій.

 

 

ГУЧНАЕ ЗАТРЫМАННЕ

«Бюро» таксама выявіла ва ўцечцы грант на кампенсацыю юрыдычнай дапамогі апанентцы беларускага рэжыму Соф’і Сапезе. Яна была затрыманая разам са сваім хлопцам, блогерам Раманам Пратасевічам у маі 2021 года, калі ў Мінску прымусова пасадзілі авіялайнер кампаніі Ryanair, што ляцеў з Афін у Вільню. Гэты скандальны інцыдэнт назвалі паветраным пірацтвам.

 

Беларускія ўлады абвінавацілі Сапегу ў адміністраванні пратэставага тэлеграм-канала «Чорная кніга Беларусі», дзе публікаваліся дадзеныя сілавікоў. Ёй пагражала да 12 гадоў турмы. Беларускія праваабаронцы прызналі Сапегу палітычнай зняволенай.

 

Сапега – расійская грамадзянка. Уладзімір Пуцін абмяркоўваў яе затрыманне з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Вядома, яе лёс нам неабыякавы», – казаў прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў.

Праўфонд вылучыў больш як сем тысяч долараў на кампенсацыю адвакацкіх паслуг для расіянкі.

РЭЕСТР ВЫДАТКАЎ НА ЮРЫДЫЧНУЮ ДАПАМОГУ СОФ’І САПЕЗЕ
RASHODY NA SAPEGU

Праз год пасля затрымання яе асудзілі на шэсць гадоў калоніі за распальванне варожасці і незаконны збор інфармацыі пра прыватнае жыццё. У чэрвені 2023 года Сапега выйшла на волю – яе памілаваў Лукашэнка. З гомельскай калоніі дзяўчыну асабіста забіраў кіраўнік Прыморскага краю, адкуль яна родам.

 

SAPEGA

Кіраўнік Прыморскага краю Алег Кажамяка сустракае Соф’ю Сапегу з калоніі. Крыніца: belta.by

 

 

«РАСІЯ СВАІХ НЕ КІДАЕ»

Больш свежы грант Праўфонду звязаны з нядаўняй хваляй затрыманняў прарасійскіх актывістаў у Беларусі. Адной з першых за краты трапіла пастаянная арганізатарка «Бессмяротнага палка» ў Віцебску Эльвіра Мірсалімава.

 

Яна – актыўная прыхільніца паскарэння інтэграцыі Беларусі і Расіі. Са сваімі аднадумцамі Мірсалімава заяўляла пра неабходнасць афіцыйнага прызнання ўладамі Беларусі расійскага статусу Крыма, а таксама выступала за зняцце крымінальнага пераследу беларусаў, якія ваявалі на Данбасе за сепаратыстаў.

 

MIRSALIMOVA

Эльвіра Мірсалімава. Крыніца: reform.news

 

У лютым мінулага года Мірсалімаву затрымалі ў Віцебску міліцыянты за публікацыі ў сацыяльных сетках. У адным выпадку гэта быў перапост паведамлення расійскага ваенкара Уладлена Татарскага, дзе расійскі салдат стаяў нагамі на сцягу Узброеных сіл Украіны са свастыкай, а ў другім – за гістарычнае фота, дзе людзі з бел-чырвона-белымі сцягамі і партрэтамі Гітлера сустракаюць фашысцкіх акупантаў у Беларусі. Суд прызнаў Мірсалімаву вінаватай у «парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў» і «прапагандзе або публічным дэманстраванні, вырабе і распаўсюджванні нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі» і даў штраф у памеры 2600 рублёў (больш як 800 долараў).

«Двое сутак у ізалятары, на голай металічнай шконцы (люты), са шматлікімі паверкамі з наручнікамі за спінай, хіхіканне і жартачкі ад супрацоўнікаў, агромністы штраф і наступныя пралангаваныя наступствы, якія, калі я не буду рэабілітаваная, будуць пераследаваць мяне і маю сям’ю ўсё жыццё. Але затое. Я даведалася, што Расія сваіх не кідае. Гэта сапраўды так. Дзякуй», напісала Мірсалімава ў сябе ў тэлеграме, падводзячы вынікі мінулага года.

Праўфонд кампенсаваў Мірсалімавай гэты штраф, а таксама паслугі адваката. Грант на 1100 долараў атрымаў муж актывісткі Дзмітрый Рубанік на свой рахунак у расійскім «Цінькоф банку».

РАСПІСКА ДЗМІТРЫЯ РУБАНІКА ПРА АТРЫМАННЕ АДНАРАЗОВАЙ МАТЭРЫЯЛЬНАЙ ДАПАМОГІ ЭЛЬВІРЫ МІРСАЛІМАВАЙ
RASPISKA

Рубанік адмовіўся ад каментараў па тэлефоне. Мірсалімава не адказала на нашыя тэлефанаванні і паведамленні ў мэсэнджары.

 

Раней расійскі фонд ужо дапамагаў аплачваць юрыдычную абарону былога савецкага афіцэра і прадпрымальніка Віктара Бута, асуджанага ў ЗША на 25 год турмы за гандаль зброяй, і агента ФСБ Вадзіма Красікава, прыгаворанага да пажыццёвага зняволення за забойства былога чачэнскага палявога камандзіра Зелімхана Хангашвілі ў Берліне.

«Праўфонд – гэта яшчэ і страхавая дапамога. Калі вы просіце людзей выконваць сумнеўную працу, то вам трэба паказаць ім, што яны не застануцца ў баку, калі іх зловяць за гэтым сумнеўным заняткам. Калі вы кінеце людзей на волю лёсу, ніхто не захоча працаваць з вамі ў будучыні. Гэта датычыць як шпіёнаў, так і агентаў уплыву. Вам трэба фінансаваць іх адвакатаў і гарантаваць ім, што яны нічога не страцяць...» – патлумачыла DR крыніца ў еўрапейскай выведцы.

 

 

АПЕРАЦЫЯ ЎПЛЫВУ

Створаны загадам Пуціна Фонд падтрымкі і абароны суайчыннікаў і яго выканаўчы дырэктар Аляксандр Удальцоў знаходзяцца пад санкцыямі Еўрасаюза. Яны трапілі ў чорны спіс, таму што «іграюць важную дапаможную ролю ў рэалізацыі знешнепалітычных мэтаў расійскага ўрада і каардынуюць мабілізацыйныя намаганні для падтрымання агрэсіўнай вайны супраць Украіны».

 

Эстонскія спецслужбы лічаць Праўфонд псеўдаправаабарончай арганізацыяй, якая выкарыстоўваецца для правядзення аперацый уплыву за мяжой – прапаганды, дэзынфармацыі, вярбоўкі.

«Гэта працяг дзейнасці расійскіх спецслужбаў, які дазваляе кантраляваць і накіроўваць [у патрэбнае рэчышча] рускамоўную дыяспару ў замежных краінах. Важна разумець, што Расія на самай справе не клапоціцца пра рускамоўнае насельніцтва за мяжой, а выкарыстоўвае яго як інструмент для аперацый уплыву – іншымі словамі, як сродак невайсковага нападу», – сказала нашым калегам з Delfi прадстаўніца эстонскай паліцыі бяспекі Марта Туул.

Паводле звестак брытанскага выдання The Guardian, сярод кіраўнікоў Праўфонду было некалькі агентаў разведкі. Беларускі напрамак курыруе старшы дарадца фонду Вячаслаў Ялагін, які да гэтага доўгі час працаваў у расійскім Міністэрстве замежных спраў.

«Сувязь гэтага канкрэтнага фонду з асяроддзем, якое кантралюецца расійскімі спецслужбамі, існавала фактычна з самага пачатку стварэння гэтага фонду. [...] Асобы, якія прадстаўляюць сябе як незалежныя, скажам так, эксперты, даследчыкі, супрацоўнікі гэтага фонду, насамрэч з'яўляюцца кадравымі супрацоўнікамі расійскіх спецслужбаў», – сказаў нашым калегам з TV3 Latvia кіраўнік Службы дзяржбяспекі Латвіі Нормунд Межвіетс.

Паводле нашых падлікаў, за апошнія пяць гадоў Праўфонд вылучыў каля 400 тысяч долараў на беларускія праекты. Дзейнасць прарасійскіх актывістаў у Беларусі, якая падсілкоўваецца з Крамля, нясе пагрозу для незалежнасці нашай краіны.

Даданні па тэме