Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

У крамлёўскім фондзе незадаволеныя нашым расследаваннем і пагражаюць судом

У Праўфондзе адрэагавалі на нядаўняе расследаванне «Бюро» і партнёрскіх арганізацый пра фінансаванне расійскай «мяккай сілы» за мяжой. «Бюро» і партнёрскія арганізацыі назвалі выканаўцамі «скаардынаванай паклёпніцкай інфармацыйнай кампаніі» супраць крамлёўскага фонду.

 

У маі мы выпусцілі расследаванне «Людзі Пуціна» пра тое, як расійскі Фонд падтрымкі і абароны правоў суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой (Праўфонд), гадамі спансаваў «мяккую сілу» ў Беларусі. Сотні тысяч долараў пайшло на юрыдычную дапамогу для прарасійскіх актывістаў, на прапагандысцкія канферэнцыі, круглыя сталы і кнігі, а таксама на іншыя праекты, накіраваныя на прасоўванне ідэй так званага рускага свету ў Беларусі.

 

Гэты матэрыял выйшаў у межах праекта «Дарагія суайчыннікі», які аб’яднаў каля 30 еўрапейскіх медыя. Расследаванні «Бюро» і партнёраў заснаваныя на дзясятках тысяч унутраных дакументаў фонду, якія праліваюць святло на працу крамлёўскай машыны ўплыву за мяжой. Праўфонд працуе рука ў руку з супрацоўнікамі расійскай выведкі.

 

Адказ крамлёўскага фонду вытрыманы ў стылі сучаснай расійскай прапаганды. Нашы расследаванні назвалі «правакацыйнай кампаніяй», «бруднай атакай» і «прапагандысцкімі наскокамі» супраць Праўфонду. У арганізацыі адмаўляюць сувязі з расійскімі спецслужбамі.

«Пакідаем за сабой права прыцягнуць да адказнасці арганізатараў і выканаўцаў правакацыйнай кампаніі супраць нашай НКА за публічнае выстаўленне лжывых абвінавачванняў у адрас фонду, яго супрацоўнікаў і нашых партнёраў у шэрагу дзяржаў ЕС. Будзем актыўна задзейнічаць у гэтым кантэксце пляцоўкі міжнародных праваабарончых арганізацый і разумную медыйную супольнасць. Думаецца, што сваё слова скажуць у гэтай складанай сітуацыі і следчыя, і судовыя органы Расійскай Федэрацыі», – сказана ў заяве Праўфонду.

Адзін з галоўных фігурантаў нашага расследавання, прарасійскі актывіст Сяргей Лушч, таксама пракаментаваў нашу публікацыю.

«Працуюць нашы праціўнікі. Хочуць [нас] дзесьці і дыскрэдытаваць. Зразумела, што ім гэта як костка ў горле, што працуе Саюзная дзяржава, працуюць арганізацыі, якія падтрымліваюць адзінства Беларусі і Расіі. А тое, што вораг плявузгае, – мы ўжо звыклі да таго», сказаў Лушч у інтэрв’ю беларускаму прапагандысту Рыгору Азаронку.

«Бюро» працягне сачыць за дзейнасцю прарасійскіх актывістаў і іх куратараў у Беларусі.