Лукашэнка Віктар Аляксандравіч
Дзейныя актывы: Нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК), «Глаўгандальпрэд» (агенцкія паслугі ў гуртовым гандлі), «Лябяжы парк» (дзейнасць фізкультурна-спартовых збудаванняў).
Гістарычныя актывы: «Маркетліга» (крамы Duty Free), «Кайрас спорт» (гандаль адзеннем).
Сувязі: Аляксандр Лукашэнка (бацька), Дзмітрый Лукашэнка (брат), Лілія Лукашэнка (жонка), Аляксандр Зайцаў (экс-памочнік, бізнэс-партнёр), Аляксей Алексін (набліжаны бізнэсовец), Людміла Няронская (сяброўка сям’і, набліжаная бізнэсоўка), Багалюб Карыч (былы бізнэс-партнёр), Аляксандр Лукашэнка – малодшы (сын), Вікторыя Дзятлава (у дзявоцтве Лукашэнка; дачка), Дзмітрый Дзятлаў (зяць).
Бенефіты: Кар’еру чыноўніка старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар пачынаў на пасадзе трэцяга сакратара беларускага МЗС у 1998 годзе. З 2003 па 2005 гады займаў пазіцыю начальніка аддзела знешнеэканамічных сувязяў УП «НДІ сродкаў аўтаматызацыі» (галаўнога прадпрыемства дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднання «Агат», якое спецыялізавалася на распрацоўках для абароннай прамысловасці). У пачатку двухтысячных таксама загадваў аддзелам у дэпартаменце знешнеэканамічнай дзейнасці МЗС. У 2005-м Віктар Лукашэнка асабістым указам бацькі быў прызначаны курыраваць усю сілавую вертыкаль краіны ў якасці памочніка прэзідэнта РБ па нацыянальнай бяспецы. Паралельна з гэтым у 2007 годзе ён стаў членам Савета бяспекі. На абедзвюх пасадах пратрымаўся да 2021 года ўключна, пасля чаго ўзначаліў Нацыянальны алімпійскі камітэт, якім кіруе і дагэтуль.
За гады працы Віктара Лукашэнкі памочнікам прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы ў Беларусі ўмацаваліся пазіцыі шэрагу набліжаных да ўладнай сям’і бізнэсоўцаў, якіх Мінфін ЗША пазней назваў «кашалькамі рэжыму». Праз падкантрольныя ім структуры і лагістычныя хабы на мяжы з ЕС пад крылом спецслужбаў была пабудаваная сістэма «шэрага» імпарту, рээкспарту санкцыйных тавараў і кантрабанды.
Узначаліўшы НАК у 2021 годзе, Віктар Лукашэнка ў тым ліку выкарыстоўвае спартовы сектар як пляцоўку для нефармальных міжнародных камунікацый і кантактаў з лаяльнымі замежнымі элітамі (у прыватнасці з арабскімі інвестарамі).
НАК з’яўляецца ўласнікам дзвюх камерцыйных арганізацый: «Лябяжы парк» і «Глаўгандальпрэд». «Лябяжы парк» акумулюе дзейнасць трох пунктаў грамадскага харчавання: «Лябяжы» (скандальны рэстаран на месцы мінскага заказніка), кавярня Velmi і французскі рэстаран Le Château 27. Таксама на балансе «Лебяжы парк» знаходзіцца спартовы комплекс «Алімпік арэна», які зарабляе на даванні ў карыстанне спартовых пляцовак, памяшканняў і лядовых каткоў. З 2020 па 2025 гады «дачка» НАК толькі на тэндарных закупках атрымала амаль 1,5 мільёна еўра з дзяржбюджэту.
Долю (49%) у «Глаўганальпрэдзе» НАК трымае разам з бізнэсоўцам Аляксандрам Зайцавым (51%), які быў памочнікам Віктара Лукашэнкі ў Савеце бяспекі. З 2021 па 2026 гады «Глаўгандальпрэд» валодаў крамай бяспошліннага гандлю (Duty Free) на пагранпераходзе Бераставіца – Баброўнікі (мяжа з Польшчай). А ў 2025 годзе ў скарбонку актываў «Глаўгандальпрэда» дадаліся два алкамаркеты пад брэндам «Дуб зялёны»: у Пінску і на малой радзіме Зайцава – у Пружанах (ліквідаваны ў красавіку 2026 года).
З 2020 па 2024 гады НАК быў адным з уладальнікаў фірмы «Кайрас спорт», якая была ўласнікам «нацыянальнага брэнда спартовага адзення» Iros – у форме гэтай маркі беларуская алімпійская зборная выступала на Гульнях у Пекіне ў 2022 годзе. Партнёрамі «Кайрас спорт» былі «Рух спорт менеджмент» Аляксандра Зайцава і «Дана Астра» – будаўнічы актыў сербскіх бізнэсоўцаў, братоў Карычаў. У чэрвені 2024 года фірма «Кайрас спорт» спыніла існаванне падчас рэарганізацыі і далучаная да швейнага прадпрыемства «Сола-Пінск». Аднак таварны знак Iros да 2030 года належыць НАК.
Абмежаванні: З 2020 года знаходзіцца ў санкцыйных спісах ЕС, Вялікабрытаніі, Канады і Швейцарыі, у 2021-м ЗША працягнулі санкцыі супраць яго. У снежні 2020 года Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) адхіліў кіраўніцтва НАК Беларусі ад алімпійскіх мерапрыемстваў і прыпыніў фінансавыя выплаты арганізацыі захаваўшы фінансаванне падрыхтоўкі і ўдзелу беларускіх спартоўцаў у Алімпійскіх гульнях. У сакавіку 2021-га МАК афіцыйна адмовіўся прызнаваць Віктара Лукашэнку кіраўніком НАК, са жніўня 2021 года пад санкцыямі ЗША знаходзіцца і сам НАК Беларусі.
