Кліенты мабільнага аператара А1 не могуць зарэгістравацца ў Signal
Беларускія кліенты мабільнага аператара А1 сутыкаюцца з праблемай пры першаснай рэгістрацыі ў месэнджары Signal.
Рэч у тым, што пры стварэнні акаўнта ў Signal карыстальніку неабходна ўвесці свой нумар мабільнага тэлефона і пацвердзіць яго з дапамогай 6-значнага кода, які мабільны аператар дасылае праз смс-паведамленне. Аднак, паводле інфармацыі ад нашых чытачоў, правайдар А1 абмяжоўвае магчымасць атрымання кода.
«Бюро» папрасіла беларусаў, якія раней ніколі не карысталіся Signal і маюць у наяўнасці беларускую сім-карту, усталяваць дадатак і зарэгістраваць акаўнт у месэнджары.
Выявілася, што карыстальнікі ўнутры Беларусі могуць загружаць і ўсталёўваць мабільны дадатак Signal на смартфоны, а вось непасрэдна зарэгістраваць акаўнт выйшла толькі ў кліентаў мабільных аператараў МТС і Life, прычым нават у роўмінгу. Карыстальнікі А1 на запыт кода атрымліваюць наступнае паведамленне:
«У Signal не атрымалася адправіць смс-код з-за праблем з пастаўшчыком смс-паведамленняў».

Скрыншот перададзены рэдакцыі чытачом
«Бюро» пад выглядам занепакоенага карыстальніка звязалася з тэхпадтрымкай А1 – там адмаўляюць якія-небудзь абмежаванні адносна Signal:
«Кампанія [А1] не блакуе працу дадаткаў, месэнджараў і сацыяльных сетак».
Мы таксама накіравалі афіцыйны запыт у Signal і чакаем іх адказу.