Цёплыя месцейкі для сваякоў Ліліі Лукашэнкі
«Бюро» высветліла, дзе працавалі і працуюць блізкія сваякі Ліліі Лукашэнкі – яе родная сястра Іна Гарусава і пляменнікі Кірыл і Уладзіслаў.

Злева направа: Уладзіслаў Гарусаў, Кірыл Гарусаў і Вікторыя Дзятлава (Лукашэнка). Крыніца: інстаграм-акаўнт Кірыла Гарусава
Нядаўна мы расказвалі пра тое, што швагер Ліліі Лукашэнкі Аляксандр Гарусаў служыў у КДБ, а цяпер заняты ў бізнэсе Людмілы Няронскай. Цяпер «Бюро» вывучыла працоўную біяграфію ўсёй сям’і Гарусавых.
Сястра Ліліі Лукашэнкі Іна Гарусава пачынала сваю кар’еру ў сістэме адукацыі, але ў 2009 годзе яна перайшла працаваць у Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце. У наступных запісах працадаўцам Гарусавай пазначаная вайсковая частка № 08188, якую таксама звязваюць з ААЦ.
Старэйшы сын Гарусавых Кірыл у 2014 годзе пачаў працу ў кампаніі «Зомекс Інвестмент», якая ўваходзіла ў дывелаперскую групу Dana Holdings, звязаную з сербскім сямействам Карычаў. На момант працаўладкавання яму было 17-18 гадоў. Пазней кампанію перайменавалі ў «Эмірэйтс Блю Скай».
У сваім профілі LinkedIn Кірыл Гарусаў называў сябе намеснікам дырэктара «Эмірэйтс Блю Скай». У жніўні 2021 года ўлады ЗША ўключылі гэтую кампанію ў санкцыйны спіс, пазначыўшы яе ранейшую назву «Зомекс Інвестмент» і сувязь з Dana Holdings.
У 2021 годзе пляменнік Ліліі Лукашэнкі перайшоў у «Рыверсайд Дэвелапмент Лімітэд» – беларускую кампанію, якая рэалізуе ў Мінску маштабны дывелаперскі праект «Паўночны бераг». Праект таксама звязваўся з сямействам Карычаў.
З мая 2024 года працадаўцам Кірыла стала кампанія «Сцісхо». Яна ўваходзіць у бізнэс-імперыю набліжанага да Віктара Лукашэнкі бізнэсмена Аляксандра Зайцава. Кампанія рэалізуе праект па перапрацоўцы мяса на тэрыторыі адмысловай эканамічнай зоны «Брэміна – Орша», створанай паводле асобнага ўказа Лукашэнкі.
Кіруе «Сцісхо» Андрэй Чырко – былы вайсковец той жа часткі № 08188, у якой працавала маці Кірыла – Іна Гарусава. Раней «Бюро» расказвала, што Чырко таксама звязаны з іншымі актывамі Зайцава.
Малодшы сын Аляксандра і Іны Уладзіслаў Гарусаў вучыўся па спецыяльнасці «сусветная эканоміка» на факультэце міжнародных адносінаў БДУ. Гуляе ў хакейнай камандзе Віктара Лукашэнкі «Бастыён-2», дзе трэнерам працуе Дзмітрый Баскаў.
Першым працадаўцам Уладзіслава, у 2023 годзе, стала брэсцкая кампанія «ЗахадТрансЭкспедыцыя», якая займаецца лагістыкай і транспартна-экспедыцыйнымі паслугамі. Кампанія ўваходзіць у бізнэс-імперыю Людмілы Няронскай.
У лістападзе 2023-га Гарусаў перайшоў у мінскую фірму «Партнёрская праграма». У ліпені 2025 года яе перайменавалі ў «ЭфЭлЭс Компані». Цяпер яна набірае супрацоўніц і супрацоўнікаў для кліенцкай падтрымкі праектаў у сферы iGaming.