«Гэта крышаванне». Былы кадэбэшнік і сваяк Лукашэнкі ахоўвае бізнэс «рыбнай каралевы» Няронскай
Швагер Віктара Лукашэнкі і былы супрацоўнік КДБ Аляксандр Гарусаў адказвае за бяспеку ў рыбным бізнэсе Людмілы Няронскай, высветліла «Бюро».
Гарусаў родам са Шклова. Доўгі час працаваў ва ўпраўленні Камітэта дзяржаўнай бяспекі па Магілёўскай вобласці, сведчаць дадзеныя ад «Кіберпартызан». Пасля займаў пасаду намесніка начальніка ўпраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці, бачна з дакументаў, апублікаваных праектам Digital Intelligence Team.
З 2024 года Гарусаў працуе ў кампаніі «Марскія сезоны». Ва ўцеклых дадзеных ягоная пасада пазначаная як намеснік дырэктара па бяспецы, а налічаная заработная плата у пазамінулым годзе – больш як 7,5 тысячы рублёў за месяц.
Гарусаў – муж Іны Гарусавай, якая працавала ў Аператыўна-аналітычным цэнтры. Гарусава – гэта родная сястра Ліліі Лукашэнкі, жонкі Віктара Лукашэнкі. Раней мы расказвалі, што ў бізнэсе Людмілы Няронскай занятыя і іншыя члены сям’і Віктара Лукашэнкі. Да прыкладу, ягоны зяць Дзмітрый Дзятлаў кіруе кампаніяй «Марская мануфактура», якая валодае рыбнымі кафэ, крамай і сталовай у Мінску. А старэйшы сын Аляксандр Лукашэнка – малодшы заснаваў кампанію «Сезон упакоўкі» на пару з Няронскай.

Людміла Няронская. Крыніца: seaseasons.by
За апошнія гады гэтая бізнэс-лэдзі імкліва пабудавала буйны рыбны холдынг. Няронская – суўладальніца расійскай кампаніі «Союзные рыбные промыслы», якая атрымала квоты на вылаў рыбы ў выключнай эканамічнай зоне на Далёкім Усходзе. Квоты вылучылі па міжурадавым пагадненні.
У Беларусі Няронская таксама мае прэферэнцыі. Яе кампанія «Марскія сезоны» будуе рыбаперапрацоўчы завод у свабоднай эканамічнай зоне «Віцебск». На праект вылучылі льготны крэдыт ад «Банка развіцця» на 240 мільёнаў рублёў. Нядаўна «Марскія сезоны» запусцілі рыбны завод у мінскай прамзоне Калядзічы і выкупілі вытворчыя плошчы збанкрутавалага дзяржаўнага прадпрыемства «Белрыба».
«Усе гэтыя шчыльныя сувязі ў праўленні, ахова, свабодная эканамічная зона сведчаць пра тое, што, як ні круці, кампаніі [Няронскай] наўпрост завязаныя на сям’ю [Лукашэнкі]. Па сутнасці, гэта беларускага кшталту прывілеі і крышаванне. Апалагеты рэжыму маглі б казаць, што “так уладкаваная Беларусь”, але гэта якраз і паказвае, чым адрозніваецца свабодная канкурэнцыя і эканоміка рынку ад беларускага рэжыму», – сказаў у каментары «Бюро» дацэнт Інстытута міжнародных адносінаў і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта Віціс Юрконіс.
Пасля нашых публікацый пра бізнэсы Няронскай беларускія ўлады засакрэцілі дадзеныя пра яе кампаніі.