Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Згубіў, але не сышоў. Як чэшскі мільярдэр гандлюе сантэхнікай у Беларусі

У чэшскага мільярдэра Францішка Фабічавіца знайшоўся дзейны бізнэс у Беларусі. Хаця раней ён заяўляў пра страту беларускага рынку з-за вайны ва Украіне. «Бюро» разам з чэшскім выданнем Voxpot разбіралася ў сітуацыі.

 

Францішак Фабічавіц – адзін з найзаможнейшых людзей Чэхіі. Разам з жонкай Радкай Прокапавай займаецца вытворчасцю сантэхнікі пад брэндам Alca. Іх багацце ацэньваецца ў 10,4 мільярда крон.

 

FABOCOVIC & PROKOPOVA

Францішак Фабіцавіч і Радка Пракопава. Крыніца: forbes.cz

 

Чэшскія прадпрымальнікі адкрылі бізнэс у Беларусі ў 2014 годзе. Кампанія называлася «АлцаПласт» (AlcaPlast). Яна пастаўляла сантэхніку для адміністрацыі Лукашэнкі, стадыёна «Дынама», нацыянальнай бібліятэкі, цэнтральнага чыгуначнага вакзала ў Мінску, нацыянальнага аэрапорта Мінск, БелАЗа. У 2017 годзе Фабічавіц бываў у Беларусі і атрымаў узнагароду ад аднаго са сваіх партнёраў – прадпрыемства «Керамін».

«Расійскае ўварванне і вайна пазбавілі нас трох рынкаў – Расіі, Беларусі і Украіны, якія былі для нас вельмі важнымі, асабліва ў той час, калі мы ўсё яшчэ змагаліся з парушэннямі ў ланцужках паставак пасля кавіду», заявіў Фабічавіц часопісу Forbes у ліпені мінулага года.

Але, як высветліла «Бюро» ў партнёрстве з выданнем Voxpot, чэшскі мільярдэр не спыняў бізнэсу ні ў Расіі, ні ў Беларусі. Праз чатыры месяцы пасля пачатку поўнамаштабнай вайны «АлцаПласт» была перайменаваная ў «Алкадрэйн Бел» (Alcadrain Bel). Адзіным уладальнікам кампаніі з лістапада 2023 года стаў Францішак Фабічавіц.

 

Прадстаўніца чэшскага бізнесмена растлумачыла Voxpot, што выказванні Фабічавіца тычыліся страты Расіі і Беларусі як актыўных і перспектыўных рынкаў збыту.

«Гэта не азначала, што мясцовыя юрыдычныя асобы неадкладна спынілі існаванне», – адзначыла спецыяліст па маркетынгу чэшскай кампаніі Alcadrain.

Паводле яе слоў, цяперашняе фармальнае функцыянаванне расійскай і беларускай кампаній звязана перш за ўсё з кіраваннем пакінутай маёмасцю, а мясцовыя законы перашкаджаюць прадаць або закрыць фірмы.

«Цяпер гэтыя структуры не вядуць звычайнай камерцыйнай дзейнасці і не маюць абаротаў», – падкрэсліла прадстаўніца Фабічавіца.

Нашы знаходкі наводзяць на іншыя высновы. На фоне вайны «Алкадрэйн Бел» працягнула атрымліваць сертыфікаты на чэшскую сантэхніку, каб легальна імпартаваць яе і прадаваць у Беларусі. Выручка кампаніі ўвесь час расла і па выніках 2024 года дасягнула 30 мільёнаў рублёў, хаця той год «Алкадрэйн Бел» скончыла са стратай. У 2025 годзе фірма атрымала невялікі прыбытак, але яе выручка абрынулася на 75% – да 7,6 мільёна рублёў.

«Гэтай юрыдычнай асобай [«Алкадрэйн Бел»] кіруе мясцовы дырэктар, а наш уплыў на яе паўсядзённую дзейнасць у сілу мясцовых прававых умоў абмежаваны», – паведаміла прадстаўніца Фабічавіца.

Чэшскі бізнэсовец трапіў у цэнтр увагі пасля таго, як вылучыў 1 мільён крон на перадвыбарную кампанію правай партыі Motoristé sobě («Аўтамабілісты для сябе»). На выбарах 2025 года яна атрымала 13 з 200 месцаў у парламенце і ўвайшла ва ўладную кааліцыю. Ганаровым старшынёй партыі з’яўляецца былы аўтагоншчык і прадпрымальнік Філіп Турэк, якога абвінавачвалі ў расісцкіх і гамафобных выказваннях. У парламенце ён займае пасаду намесніка кіраўніка камітэта па замежных справах, паўтараючы расійскія наратывы пра вайну ва Украіне.

 

Турэк гаварыў, што вайна ва Украіне выкліканая пашырэннем НАТА на Усход, кепскай знешняй палітыкай супердзяржаў і этнічнымі прычынамі. На думку чэшскага палітыка, нельга называць Расію агрэсарам, калі вы хочаце замірыцца з ёй.

 

Пры гэтым беларускі рэжым у перадвыбарнай праграме «Аўтамабілістаў» названы таталітарным, а супрацоўніцтва з ім непрымальным. На фоне вайны ва Украіне многія еўрапейскія кампаніі сышлі з беларускага рынку. Фабічавіц пакуль працягвае бізнэс у Беларусі, але абяцае яго згарнуць і закрыць, як толькі дазволяць мясцовыя прававыя і рэгулятарныя ўмовы.

 

З пачатку 2024 года замежнікі з «недружалюбных краін» не могуць рэарганізоўваць і прадаваць свае актывы ў Беларусі без дазволу ўладаў.