І ад бабкі ўцёк, і ад дзеда ўцёк
Літва падазрае беларускага бізнэсоўца Рамана Семяненю ў магчымым парушэнні санкцый. Як паведамілі расследавальніцкаму выданню Siena ў крымінальнай службе Літоўскай мытні, у дачыненні да Семянені праводзяцца актыўныя дасудовыя следчыя дзеянні – літоўскія чыноўнікі хочуць дапытаць беларускага бізнэсоўца. Яны накіравалі запыт у Германію, бо ў афіцыйных дакументах сваім месцам жыхарства Семяненя пазначыў Берлін.
24-гадовы Раман Семяненя – уладальнік літоўскай кампаніі Milca Baltija, якая вазіла беларускую прадукцыю ў ЕС у абыход еўрапейскіх абмежаванняў. У 2022 годзе Milca Baltija паставіла ў Еўрасаюз партыю карбаміду падсанкцыйнага завода «Гродна Азот» пад выглядам узбекістанскага дзякуючы падробленым дакументам, такім чынам парушыўшы санкцыйнае заканадаўства – раней пра гэта паведамлялі журналісты-расследавальнікі. Акрамя таго, Milca Baltija набывала падсанкцыйную прадукцыю Беларускага металургічнага завода з мэтай далейшага перапродажу на рынках ЕС, што таксама разглядаецца як парушэнне еўрапейскага заканадаўства.
«Бюро» вырашыла пацікавіцца, як пажывае сам Семяненя і ягоны еўрапейскі бізнэс пасля скандалаў.
Юрыдычная асоба Milca Baltija была зарэгістраваная ў сакавіку 2021 года. Асноўным профілем дзейнасці фірмы, аднак, былі зусім не ўгнаенні, а гандаль металапрадукцыяй. Пасля выхаду выкрывальнага матэрыялу кампанія была ліквідаваная паводле рашэння суда, і з кастрычніка гэтага года яе афіцыйна не існуе, а сайт кампаніі адключаны. Таксама ў нас не атрымалася датэлефанавацца ні на адзін літоўскі нумар Milca Baltija.
Тая ж доля напаткала і нямецкі актыў Семянені Stecore International GmbH, які займаўся ліцейнымі трубамі і металічнымі профілямі – вэб-старонка кампаніі болей не дасяжная ў сеціве, а ў пошукавіку ўласнік пазначыў, што фірма «зачынілася назаўсёды», аднак юрыдычная асоба ў Берліне дагэтуль не ліквідаваная.
Ёсць у Рамана Семянені кампанія і ў Польшчы – Milca Poland. Юрыдычная асоба ўсё яшчэ актыўная. Мы паспрабавалі звязацца з бацькам маладога бізнэсоўца Русланам Семяненем, аднак яго польскі нумар таксама быў адключаны.
«Медиазона» паведамляла, што Семяненя апынуўся ў полі зроку і айчынных праваахоўнікаў – яго дадзеныя знайшлі сярод больш чым 700 беларусаў у расійскай базе вышуку. Мяркуючы па ўсім, ён апынуўся там паводле запыту беларускага боку.
«Бюро» не здолела высветліць, дзе на гэты момант знаходзіцца Раман Семяненя і з якой прычыны ім зацікавіліся спецслужбы Беларусі.