Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва
NERONSKAYA_MAIN

Прыдворная сяброўка

Нашыя сацсеткi

Як Людміла Няронская пабудавала бізнэс-імперыю і пры чым тут сям’я Лукашэнкі

Аўтары

Людміла Няронская, бадай, самая паспяховая бізнэс-лэдзі ў Беларусі, персона якой шмат абмяркоўваецца. За сваю кар’еру яна змагла пабудаваць адразу дзве імперыі: паліўна-транспартную і рыбную. Але, як высветліла «Бюро», Няронская мае не толькі прафесійнае чуццё, але і адмысловы талент – знаходзіць карысныя сувязі і выкарыстоўваць іх для ўласнага ўзбагачэння.

 

«Бюро» здабыло эксклюзіўныя падрабязнасці пра жыццё Людмілы Няронскай. Мы раскажам, дзе яна жыве, з кім праводзіць замежныя адпачынкі, якія дачыненні насамрэч звязваюць яе з кланам Віктара Лукашэнкі і як сяброўства з сям’ёй старэйшага сына Аляксандра Лукашэнкі канвертавалася ва ўзаемавыгаднае бізнэс-супрацоўніцтва.

 

 

НОВАЕ ДВАРАНСТВА

Маладзечанскі напрамак лічыцца адным з самых элітных, экалагічна чыстых, ён актыўна развіваецца ў прыгарадзе Мінска. Ля хуткаснай трасы размясціліся папулярныя для заможных аматараў загараднага жыцця лакацыі – Ратамка і Заслаўе, якія славяцца сваёй прэстыжнай нерухомасцю.

 

Але сапраўдная пярліна архітэктуры гэтага напрамку, бадай, вось гэты пышны асабняк у стылі сучаснай класікі плошчай амаль 1050 м², у вёсцы Прудзішча за 20 км ад МКАД.

 

DOM NERONSKOY

 

Нашая крыніца ў сферы нерухомасці ацаніла гэты хорам прыкладна ў мільён долараў.

 

Да асабняка дадаюцца і тры ўчасткі агульнай плошчай амаль 0,63 гектара. На сённяшні дзень іх сукупная мінімальная кадастравая вартасць – без малога 52 тысячы долараў.

 

Акрамя таго, на тэрыторыі сядзібы маецца яшчэ адзін жылы дом у 108 «квадратаў» – імаверна, гасцявы дамок або дом для прыслугі.

 

У спякотны дзень уладальнікі гэтай раскошы могуць зладзіць пікнік на лужку каля выкапанай сажалкі або прагуляцца па ўласным маляўнічым парку.

 

PARK_1

 

PARK_2

 

Маёнтак настолькі маштабны, што кідаецца ў вочы нават са спадарожніка.

 

SPUTNIK

Крыніца: earth.google.com

 

Але хто жыве ў гэтым элітным асабняку? Хто кожную раніцу спускаецца па мармуровых сходах, каб зарабляць свае мільёны?

 

LESNTICA

 

Адказ на гэтыя пытанні мы знайшлі ў адным з пакояў маёнтка, выкананым у стылістыцы «Гульні тронаў».

 

GOBELEN

 

На сцяне можна заўважыць тканы габелен з генеалагічным дрэвам. На ім дакладна бачны надпіс: «Дрэва роду Няронскіх».

 

 

НАФТАГАЗАВЫЯ ДОЛАРЫ

Людміла і Глеб Няронскія пабраліся шлюбам у кастрычніку 2012 года. Для абаіх гэты саюз быў не першым. Глеб Няронскі на той момант ужо выхоўваў сына Сцяпана ад першага шлюбу, Людміла Няронская дзвюх дачок – Ганну і Таццяну – ад двух папярэдніх шлюбаў. У 2013 годзе на свет з’явіўся іх агульны сын Станіслаў.

 

Сямейства няўмольна расло, і Няронскія задумаліся пра ўласнае радавое гняздо. У 2014 годзе муж і жонка набылі два зямельныя ўчасткі ў Прудзішчы – усяго амаль на 0,44 гектара, а ў ліпені 2015-га дакупілі трэці. Ужо ў сакавіку 2017 года ў Прудзішчы вырас той самы асабняк амаль у 1050 м². Усю гэтую нерухомасць запісалі на Глеба Няронскага.

 

Але як і на чым сям’я Няронскіх зарабіла на гэты палац?

 

Глеб Няронскі пачынаў сваю кар’еру ў 90-х у фірме «Белтрансфер», якая займаецца гуртовым гандлем парфумернымі і касметычнымі сродкамі. Паводле звестак «Кіберпартызан», з канца 90-х і ў нулявых ён таксама працаваў у структуры Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі – Галоўным упраўленні матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння.

 

У кастрычніку 2007 года Глеб Няронскі стаў суўладальнікам кампаніі «Альфаюніон» (напісанне згодна з рэгістрацыяй). Яе асноўны профіль – гуртовы гандаль аўтамабільнымі дэталямі, вузламі і рэчамі для аўтамабіляў. Ён выйшаў з гэтага бізнэсу ў 2018 годзе.

 

Цяпер Глеб Няронскі цалкам засяроджаны на лагістыцы звадкаваных вуглевадародных газаў (ЗВГ).

Звадкаваны вуглевадародны газ (сумесь прапану і бутану) выкарыстоўваецца ў якасці аўтагазавага паліва, папулярнага ў Польшчы і ва Украіне, а таксама ў камунальна-бытавым сегменце, для аўтаномнай газіфікацыі і ў нафтахіміі – у якасці сыравіны для вытворчасці палімернай прадукцыі.

У 2015 годзе ён зарэгістраваў кампанію «Нафтатранслагістыка», якая перавозіць ЗВГ аўтацыстэрнамі. І гэта зусім не выпадковасць. Бо менавіта ў паліўна-энергетычным сектары сваё багацце сабрала яго жонка – Людміла Няронская.

 

Яе бізнэс-біяграфія ў Беларусі бярэ адлік прыкладна з 2003 года. Паводле звестак «Кіберпартызан», у той час яна займала пасаду намесніцы дырэктара ў кампаніі «Сыравінныя рэсурсы», доляй у гэтай фірме тады валодаў яе цяпер ключавы бізнэс-партнёр у гэтай галіне – Артур Зубарык. У пачатку нулявых ён займаўся нафтаздабычай у Расіі.

 

У 2005 годзе Няронская і Зубарык увайшлі ў долю фірмы «Сыравінныя рэсурсы – Бел», засяроджанай на вытворчасці і рэалізацыі ЗВГ. І на базе гэтай кампаніі пачалі будаваць уласную паліўна-транспартную імперыю.

 

ZUBARIK I NERONSKAYA

Людміла Няронская (другая злева) і Артур Зубарык (другі справа). 2012 год. Крыніца: профіль у «Аднакласніках» Артура Зубарыка

 

У беларускую групу кампаній Людмілы Няронскай і Артура Зубарыка па перапрацоўцы і транспарціроўцы ЗВГ у розны час уваходзілі: «Трансэкспедыцыя», «Грузавая служба», «Захадтрансэкспедыцыя», «Інгрыда нафта», «Газэнэрджыхім» і «Грузавая служба – Захад».

 

Некаторыя з гэтых кампаній у свой час азалаціліся дзякуючы «саюзнаму афшору» – схеме рээкспарту расійскага ЗВГ ва Украіну і Польшчу.

 

У пачатку 2017 года Украіна ўвяла санкцыі супраць расійскіх пастаўшчыкоў ЗВГ у адказ на ваенную агрэсію Крамля на Данбасе. І тыя, пазбавіўшыся долі ўкраінскага рынку, пачалі збываць свой тавар у абыход – праз Беларусь.

 

Рээкспартная схема выявілася да непрыстойнасці простай. Расія гнала ЗВГ у Беларусь без мытных пошлін, што змяншала яго сабекошт для Беларусі. У Беларусі ж расійскі ЗВГ па сутнасці пералівалі ва ўласныя рэзервуары, выраблялі сумесі і перапрадавалі іх ужо з нацэнкай ва Украіну і Польшчу пад выглядам беларускага тавару.

 

Пісалі, што за 2017 – 2018 гады аб’ём рээкспарту мог перавысіць 300 мільёнаў долараў.

 

Сярод буйных рээкспарцёраў расійскага ЗВГ тады называлі дзве фірмы пад кантролем Няронскай і Зубарыка – «Трансэкспедыцыю» і «Газэнэрджыхім».

 

Журналіст «Бюро» звязаўся з Артурам Зубарыкам па тэлефоне, каб даведацца, як ідуць справы ў іх паліўна-транспартным бізнэсе. Зубарык адзначыў, што іх холдынг цяпер не вядзе ніякай фактычнай дзейнасці ў сувязі з санкцыямі і вайной ва Украіне, а актывы стратныя. Бізнэсмэн таксама падзяліўся планамі, што пасля заканчэння вайны яны змогуць аднавіць працу. На пытанні пра Людмілу Няронскую Зубарык адказваць адмовіўся.

 

Але як так сталася, што ў 2017 – 2018 гадах выгадаатрымальнікамі ад рээкспартнай схемы сталі Артур Зубарык і Людміла Няронская? «Бюро» высветліла, што ў гэтым бізнэсоўцам маглі дапамагчы сяброўскія сувязі Людмілы Няронскай з сям’ёй старэйшага сына кіраўніка Беларусі – Віктара Лукашэнкі.

 

 

СТАРЫ ДРУГ ЛЕПШ ЗА НОВЫХ ДВУХ

12 жніўня 2022 года ў элітным асабняку ў Прудзішчы з самага ранку дым стаяў каромыслам – сужэнцы Няронскія рыхтавалася выдаваць замуж дачку Ганну. Абраннікам спадкаемніцы Няронскай стаў вядоўца мерапрыемстваў Ягор Паўленка.

 

Пасля перадвясельных збораў і фотасесіі жаніх і нявеста з сям’ёй выправіліся на выязную рэгістрацыю і банкет у загарадны комплекс «Іслач – парк». Для гасцей паміж тостамі маладыя падрыхтавалі масу забаў на свежым паветры: танцы пад жывы акампанемент кавер-бэнда, настольны футбол, джэнгу, выязны бар у рэтра-аўто і нават фотабудку.

 

Разглядваючы фотаздымкі, мы і знайшлі двух добра вядомых нам гасцей – Вікторыю Лукашэнку і яе мужа Дзмітрыя Дзятлава.

 

DZIATLOVY

 

Сужэнцы Дзятлавы апынуліся на сямейнай урачыстасці Няронскіх зусім не выпадкова. «Бюро» высветліла, што Вікторыя Лукашэнка і Ганна Яраш, старэйшая дачка Людмілы Няронскай, неразлучныя сяброўкі.

 

Самае ранняе сумеснае фота дзяўчат, якое мы знайшлі, датуецца чэрвенем 2014 года.

 

YAROSH I DZIATLOVA

Ганна Яраш (злева) і Вікторыя Лукашэнка (справа). Крыніца: інстаграм-акаўнт Ганны Яраш

 

Імаверна, сяброўства паміж спадкаемніцамі Лукашэнкаў і Няронскіх магло завязацца яшчэ ў школе – абедзве дзяўчыны заканчвалі прэстыжную мінскую гімназію № 16 і, мяркуючы па ўсім, былі аднакласніцамі.

 

VYPUSKNOI

Чэрвень 2016 года. Выпускны вечар Вікторыі Лукашэнкі (другая злева ў чырвонай сукенцы) і Ганны Яраш (чацвёртая справа ў чырвонай сукенцы). Крыніца: інстаграм-акаўнт Ганны Яраш

 

Пасля заканчэння школы Вікторыя Лукашэнка вырашыла спасцігаць азы сусветнай эканомікі ў БДУ на факультэце міжнародных адносінаў, а Ганна Яраш паехала вывучаць электратэхнічную і электронную інжынерыю ў элітную брытанскую навучальную ўстанову – універсітэт Нотынгема.

 

Удалечыні адна ад адной сяброўкі працягнулі падтрымліваць цесную сувязь, у тым ліку і сем’ямі. У інстаграм-акаўнце Ганны Яраш мы знайшлі займальнае відэа, на якім Вікторыя Лукашэнка перадае Людміле Няронскай віншаванне з днём народзінаў і пяшчотна заве яе «цёцяй Людай».

 

Мы таксама высветлілі, што «цёця Люда» разам з дочкамі рэгулярна праводзіла замежныя адпачынкі ў кампаніі членаў сям’і Лукашэнкі.

 

У ліпені 2016 года Ганна Яраш і Вікторыя Лукашэнка разам «заваёўвалі Рым».

 

RIM

Ліпень 2016 года. Вікторыя Лукашэнка і Ганна Яраш у Рыме. Крыніца: інстаграм-акаўнт Ганны Яраш

 

Дзякуючы «Кіберпартызанам» мы даведаліся, што ў Італіі дзяўчаты былі ў кампаніі маці Ганны – Людмілы Няронскай, маці Вікторыі – Ліліі Лукашэнкі і брата Вікторыі – Аляксандра Лукашэнкі – малодшага. 25 ліпеня 2016 года кампанія вярнулася ў Мінск.

 

5 ліпеня 2019 года Ганна і Вікторыя зноў выправіліся ў сумесную вандроўку – на гэты раз у Ірландыю, у Дублін.

 

DUBLIN

Ліпень 2019 года. Ганна Яраш і Вікторыя Лукашэнка ў Дубліне, Ірландыя. Крыніца: інстаграм-акаўнт Ганны Яраш

 

Па фота з інстаграм-акаўнта Ганны робіцца зразумела, што дзяўчаты зноў бавяць час разам сем’ямі. Ганна Яраш была ў паездцы з маці і сястрой Таццянай.

 

DUBLIN_2

Ліпень 2019 года. Людміла Няронская з дочкамі ў Дубліне, Ірландыя. Злева направа: Людміла Няронская, Таццяна Зайцава і Ганна Яраш.

 

Вікторыя Лукашэнка прыехала ў Дублін у кампаніі братоў: роднага Аляксандра Лукашэнкі – малодшага і стрыечнага Уладзіслава Гарусава – малодшага сына роднай сястры Ліліі Лукашэнкі – Іны Гарусавай.

 

DUBLIN_3

Ліпень 2019 года. Першае фота. Ніжні шэраг – злева направа: Вікторыя Лукашэнка, Таццяна Зайцава, Ганна Яраш. Верхні шэраг – злева направа: Уладзіслаў Гарусаў, Аляксандр Лукашэнка – малодшы. Другое фота. Злева направа: Таццяна Зайцава, Ганна Яраш, Аляксандр Лукашэнка – малодшы, Вікторыя Лукашэнка. Крыніца: інстаграм-акаўнт Ганны Яраш

 

Паводле звестак «Кіберпартызан», у Дубліне была і сама Лілія. Няронскія і Лукашэнкі вярнуліся разам у Мінск 8 ліпеня 2019 года.

 

Усяго мы налічылі чатыры сумесныя паездкі Людмілы Няронскай з членамі сям’і Лукашэнкі: у ліпені 2015, 2016, 2018 і 2019 гадоў – выглядае на добрую традыцыю.

 

У кампаніі сям’і Лукашэнкі Няронскія праводзяць не толькі адпачынкі, але і дамашнія святы.

 

Напрыклад, у 2021 годзе Лілію Лукашэнку запрасілі на святкаванне васьмігоддзя малодшага сына Няронскіх Станіслава.

 

DR

 

«Бюро» запрыкмеціла сярод гасцей на вяселлі сына Глеба Няронскага ад першага шлюбу – Сцяпана сужэнцаў Дзятлавых (урачыстасць адбылася ў 2023 годзе). Вось яны стаяць разам з маці Людмілы Няронскай – Клаўдзіяй Мінаковай.

 

SVAD'BA

 

Дзяўчына, якая на фота спінай, – гэта другая дачка Людмілы Няронскай Таццяна Зайцава. І падобна, што яна таксама водзіць сяброўства з членамі сям’і Лукашэнкі. У красавіку 2025 года яна была на хакейным матчы «Дынама-Мінск» супраць чалябінскага «Трактара». Побач з ёй на трыбуне можна разгледзець Віктара Лукашэнку і яго дачку – Валерыю Лукашэнку.

 

HOCKEY

Верхні шэраг злева направа: Валерыя Лукашэнка і Таццяна Зайцава. Ніжні шэраг злева направа: Дар’я Домрачава і Уле-Эйнар Б’ёрндален. Крыніца: інстаграм-акаўнт @sport5.by

 

«Бюро» звязалася з Людмілай Няронскай па тэлефоне, каб даведацца падрабязней пра ўзаемадачыненні дзвюх сем’яў з першых рук. Бізнэсоўка спаслалася на занятасць і кінула слухаўку.

 

 

РЫБНЫ ПРОМЫСЕЛ

Блізкія сяброўскія адносіны дзвюх сем’яў канвертаваліся для Людмілы Няронскай у яшчэ адзін паспяховы бізнэс пад апякунствам Лукашэнкі.

 

За апошнія паўтара года мы ўжо выпусцілі з дзясятак расследаванняў пра тое, як «рыбная каралева» Няронская будавала свой холдынг пад «крышай» клана Віктара Лукашэнкі. Сёння мы каротка акрэслім асноўныя вехі стварэння гэтай транснацыянальнай рыбнай імперыі і як яны перасякаюцца з асабістымі выгадамі для самой Няронскай і яе лабістаў, каб у нашага чытача склалася поўная карціна.

 

Такім чынам, у сакавіку 2022 года Людміла Няронская зарэгістравала першую кампанію «Марскія промыслы». І літаральна адразу ж уладкавала туды на пасаду намесніка дырэктара новаспечанага мужа Вікторыі Лукашэнкі – Дзмітрыя Дзятлава.

 

У красавіку 2022 года ў Расіі Няронская стварае яшчэ адзін свой значны актыў – «Саюзныя рыбныя промыслы». Яе партнёрам робіцца кампанія, звязаная з сябрамі Уладзіміра Пуціна – алігархамі братамі Ратэнбергамі. Фірма атрымала квоты на вылаў рыбы на Далёкім Усходзе згодна з пагадненнем паміж уладамі Расіі і Беларусі – у абыход існуючага парадку і цалкам бясплатна. А зяць Віктара Лукашэнкі атрымаў пасаду члена савета дырэктараў з гадавым бонусам. Напрыклад, па выніках 2025 года «Саюзныя рыбныя промыслы» аднаразова выплацілі Дзятлаву каля 30 тысяч долараў.

 

У кастрычніку 2022 года ў Няронскай з’яўляецца яшчэ адна фірма – «Марскія сезоны». І Дзятлаў атрымлівае стаўку і там.

 

Акрамя салідных пасадаў Людміла Няронская забяспечыла мужу Вікторыі Лукашэнкі, учорашняму студэнту, і салідную зарплату: ужо ў сярэдзіне 2023 года Дзятлаў стаў зарабляць адразу ў дзвюх беларускіх кампаніях Няронскай сумарна больш за 10 тысяч беларускіх рублёў штомесяц. Усяго за 2022 і 2023 гады «Марскія промыслы» і «Марскія сезоны» пералічылі Дзмітрыю Дзятлаву супольна 161,5 тысячы беларускіх рублёў да выліку падаходнага падатку і ўнёскаў у ФСАН (53 тысячы еўра).

 

Летась партфель паўнамоцтваў Дзмітрыя Дзятлава заўважна пашырыўся – ён стаў кіраўнічым дырэктарам у новай кампаніі Няронскай – «Марская мануфактура». Фірма займаецца рэстараннай дзейнасцю: развівае рыбныя краму і кафэ пад брэндам «Рыбны дом «Марскія сезоны».

 

Аднак, як высветліла «Бюро», Дзмітрый Дзятлаў далёка не адзіны член клана Лукашэнкі, хто атрымлівае выгаду з рыбнай імперыі Няронскай.

 

У чэрвені 2025 года Людміла Няронская на пару з сынам Віктара і Ліліі Лукашэнкі, Аляксандрам Лукашэнкам – малодшым, зарэгістравала сумесны бізнэс – фірму «Сезон упакоўкі». Нядаўна мы паведамлялі, што «Сезон упакоўкі» плануе будаўніцтва вытворча-складскога цэха па вырабе тары з гафраванага кардону. Будучае прадпрыемства пабудуюць за кошт дзяржаўнага крэдыту ў «аршанскім афшоры» – адмысловай эканамічнай зоне «Брэміна-Орша», якую Аляксандр Лукашэнка сваім асабістым указам забяспечыў шырокімі льготамі і прэферэнцыямі.

 

Акрамя таго, у структурах Няронскай працуе яшчэ і муж роднай сястры Ліліі Лукашэнкі – Аляксандр Гарусаў. З 2024 года ён лічыцца ў «Марскіх сезонах» як намеснік дырэктара па бяспецы. Для займанай пасады ён мае неабходную кваліфікацыю: ён доўгі час працаваў ва ўпраўленні Камітэта дзяржаўнай бяспекі па Магілёўскай вобласці, а пасля пайшоў на павышэнне як намеснік начальніка ўпраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці. У «Марскіх сезонах» ён атрымлівае за свае паслугі дастойную зарплату – каля 7,5 тысячы беларускіх рублёў (да выліку падаходнага падатку і ФСАН) штомесяц.

 

Што ж да самой Няронскай, то яна канвертавала сяброўства з сям’ёй Віктара Лукашэнкі ў «крышу» і атрымала масу бонусаў ад уладаў – буйныя льготныя крэдыты на будаўніцтва заводаў і каштоўныя вытворчыя плошчы дзяржаўных збанкрутавалых прадпрыемстваў за грашы.

 

У 2026 годзе клан Лукашэнкі пачаў старанна аберагаць бізнэс Людмілы Няронскай ад пільнай увагі «Бюро» і грамадскасці. Раней мы ўжо пісалі, што Міністэрства юстыцыі РБ закрыла доступ да структуры ўласнасці практычна ўсіх рыбных актываў Няронскай-Лукашэнкі ў Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (АДР). Падчас падрыхтоўкі гэтага расследавання мы высветлілі, што пад грыф «сакрэтна» Міністэрства юстыцыі таксама трапілі і фірмы Няронскай і Зубарыка: «Сыравінныя рэсурсы – Бел», «Газэнэрджыхім», «Грузавая служба», «Грузавая служба – Захад» і нават ужо рэарганізаваная два гады таму «Трансэкспедыцыя».

 

У дадатак да гэтага Савет міністраў РБ правёў акуратную зачыстку бухгалтарскай справаздачнасці кампаній з холдынгаў Няронскай. «Дзяржаўнай падатковай таямніцай» сталі фінансавыя паказчыкі фірм: «Марскія сезоны», «Марскія промыслы», «Марская мануфактура», «Марская гавань», «Белмарэ груп», «Сезон упакоўкі» і «Захадтрансэкспедыцыя».

 

Відавочна, што сям’і Лукашэнкі не падабаецца ўвага з боку незалежнай прэсы. Менавіта таму ўся магутнасць дзяржрэсурсу накіраваная на тое, каб замесці сляды сваіх дзеянняў – зачысціць АДР, засакрэціць фінансавую справаздачнасць, каб незалежныя СМІ не пісалі пра схемы ўзбагачэння клана Лукашэнкі, а беларускае грамадства зноў не збунтавалася, даведаўшыся, на што насамрэч трацяцца падаткі.

Даданні па тэме