Круты паварот
У пачатку года ў прыгарадзе Стакгольма здарылася смяротная аварыя. Грузавік сутыкнуўся з машынай аўташколы. Вучань атрымаў траўмы, а дарожны інспектар, які прымаў экзамен, загінуў. Фатальная аварыя ў Швецыі нечакана прывяла нас у Беларусь.
На прычэпе грузавіка быў лагатып Jenty і спасылка на сайт jenty-spedition.com. Гэта лога і сайт буйной транспартнай кампаніі «Джэнці-спедзішн» з офісам у прыгарадзе Мінска.
Дарожны інцыдэнт у прыгарадзе Стакгольма. Крыніца: Blåljusbilder
Але як такая фура трапіла ў Швецыю, з-за санкцый жа беларускія перавозчыкі не могуць працаваць у Еўрасаюзе? Разам з калегамі з SVT і Fundacja Reporterów мы разбіраліся, хто стаяў за той перавозкай і як яна звязаная з Беларуссю.
ПОЛЬСКІ СУБПАДРАДЧЫК
Мы даведаліся, што перавозкай грузу ў той трагічны дзень займалася польская кампанія DSPL, уладальнікам якой з’яўляецца грузінскі грамадзянін Нікалоз Гегучадзэ. Ён пацвердзіў «Бюро», што іх грузавік трапіў у аварыю, і выказаў спачуванні ў сувязі з гібеллю чалавека. Бізнэсовец падкрэсліў, што справа была афіцыйна расследаваная кампетэнтнымі органамі Швецыі, кіроўца быў вызвалены ад падазрэнняў, а справа – закрытая.
Што да выкарыстання лагатыпа беларускай кампаніі Jenty на прычэпе грузавіка, то Гегучадзэ не бачыць у гэтым нічога незвычайнага. Паводле ягоных словаў, DSPL супрацоўнічае са шматлікімі партнёрамі, таму грузавікі і прычэпы могуць мець іхныя лагатыпы. У чым жа менавіта палягае супрацоўніцтва паміж DSPL і Jenty, бізнэсовец толкам не патлумачыў.
«Наяўнасць любых падобных пазнак [лагатыпаў] <…> cама па сабе не пацвярджае права ўласнасці, кантроль, адказнасць або нейкія канкрэтныя юрыдычныя або карпаратыўныя дачыненні паміж кампаніямі», – зазначыў Гегучадзэ.
Болей дэталяў пра сувязі паміж польскай і беларускай кампаніямі нашы калегі з SVT даведаліся ў Швецыі. Рэч у тым, што грузавік вёз медычныя прэпараты, вырабленыя буйной фармацэўтычнай кампаніяй AstraZeneca на фабрыцы пад Стакгольмам. У AstraZeneca паведамілі, што для перавозкі грузаў прыцягваюць брытанскую фірму, якая даручае частку паслуг кампаніям «Тэхнабел» з Казахстана і DSPL з Польшчы. Як вынікае з перапіскі са шведскімі ўладамі, лекі планавалася даставіць у Расію.
«Што да гэтай перавозкі [са смяротным канцом], то кіроўца наняты кампаніяй DSPL у Польшчы і мае дзейны польскі дазвол на працу. Сам аўтамабіль зарэгістраваны ў Польшчы, а прычэп – у Казахстане. Усё гэта адпавядае ўсім законам і правілам і не парушае ніякіх санкцый», – паведамілі SVT у кампаніі AstraZeneca. Паводле іх дадзеных, DSPL з'яўляецца субпадрадчыкам Jenty.
Гэтая інфармацыя навяла нас на падазрэнні, што беларуская кампанія Jenty магла перафарматаваць сваю працу ва ўмовах санкцый. Еўрасаюз не забараняе экспартаваць медычныя прэпараты ў Беларусь і Расію, але беларускія і расійскія транспартнікі не могуць іх перавозіць па Еўрасаюзе без дазволу кампетэнтных органаў. Санкцыі прынялі ў красавіку 2022 года пасля ўварвання Расіі ва Украіну, саўдзельнікам якога выступіў беларускі рэжым. Праз два гады абмежавальныя меры зрабілі больш строгімі, забараніўшы працаваць у ЕС і еўрапейскім кампаніям, дзе доля расійскіх або беларускіх уласнікаў перавышае 25%.
У холдынгу Jenty, падобна, былі гатовыя да такога павароту падзей. Мы знайшлі цесную сувязь паміж транспартнымі кампаніямі з розных краін.
МЕРЫ ЗАСЦЯРОГІ
Калі амаль пяць гадоў таму ў Варшаве была заснаваная кампанія DSPL, яе кіраўнік перайшоў туды наўпрост з беларускай Jenty. А заснавальніцай выступіла расіянка, таксама звязаная з Jenty. Стартавы капітал варшаўская фірма атрымала з-за мяжы. Крэдыт на 8 мільёнаў еўра дала кампанія «Тэхнабел». Яна належыць бізнэсоўцам з Jenty. Уласнікамі DSPL доўгі час таксама былі бізнэсоўцы з Jenty.
Галоўная асоба ў гэтым транспартным холдынгу – Васіль Смятанін. Ён мае расійскае і беларускае грамадзянства. Акрамя перавозак па краінах СНД і Еўропе ён займаецца здабычай вугалю, сельскай гаспадаркай і будаўніцтвам у Расіі.

Васіль Смятанін. Крыніца: fund.mipt.ru
Смятанін быў бенефіцыярам польскай кампаніі DSPL да пачатку сакавіка 2024 года. Затым кантроль над транспартным прадпрыемствам перайшоў да іншага бізнэсоўца. Ім аказаўся шматгадовы партнёр Смятаніна з Грузіі Нікалоз Гегучадзэ. Разам яны развіваюць курортны комплекс у Аджарыі на ўзбярэжжы Чорнага мора.
Падобныя змены адбыліся і ў іншых польскіх кампаніях. Акрамя DSPL Смятанін быў бенефіцыярам у транспартных прадпрыемствах Azonik, Birc Transport і Starprim. У 2024 годзе асноўным уласнікам ва ўсіх гэтых фірмах замест Смятаніна стаў яго партнёр Гегучадзэ.
Грузінскі бізнэсовец запэўніў «Бюро», што набыццё польскіх кампаній было стандартнай камерцыйнай угодай і ніякім чынам не было звязанае са схемамі абыходу санкцый.
Некаторыя нашыя знаходкі наводзяць на іншыя высновы. Так, супрацоўнік варшаўскай кампаніі DSPL распавёў калегам з SVT, што яна з'яўляецца часткай беларускай Jenty.
Беластоцкая кампанія Birc Transport, асноўным уладальнікам якой цяпер з’яўляецца Гегучадзэ, уваходзіць у групу кампаній Kapitan разам з беларускай «Віптранс-спедзішн» і расійскімі «Русант» і «Лідаргрузаўта», асноўнымі бенефіцыярамі якіх з’яўляецца сям’я Смятаніных.
У 2025 годзе інтарэсы Гегучадзэ ў Birc Transport прадстаўляла юрыстка, якая доўгі час супрацоўнічала з «Джэнці-спедзішн». За два гады да гэтага яна ж прадстаўляла ў Birc Transport інтарэсы аўстрыйскай фірмы Eastin Forwarding Holding, якой валодае Смятанін.
Расійскі і грузінскі бізнэсоўцы застаюцца партнёрамі і ў люблінскай транспартнай кампаніі Rezon Trans. Прычым доля аўстрыйскай фірмы Смятаніна там прадбачліва знізілася з 70% да менш чым 25%, як таго патрабуе еўрапейскі закон аб санкцыях.

Грузавік з лагатыпам Jenty на транспартнай базе польскай кампаніі Azonik. Крыніца: Fundacja Reporterów
На думку экспертаў, змена ўласнікаў у польскіх кампаніях закліканая забяспечыць «прававую і іміджавую бяспеку» ў ЕС на фоне санкцый.
«Я мяркую, што ён [Смятанін] перааформіў свае долі [на Гегучадзэ] у якасці меры засцярогі, каб абараніць свае кампаніі і фінансавыя інтарэсы [на фоне санкцый]», – сказаў «Бюро» юрыст Алекс Прэзанці з няўрадавай арганізацыі State Capture Accountability Project.
«Джэнці-спедзішн», «Тэхнабел» і Смятанін не адказалі на нашыя званкі і запыты.
ХУТКАЯ РЭАКЦЫЯ
У AstraZeneca хутка адрэагавалі на вынікі нашага расследавання. У фармацэўтычнай кампаніі заявілі, што не парушалі ніякіх законаў, правіл ці санкцый, але тым не менш вельмі сур'ёзна ставяцца да інфармацыі, выкладзенай у нашай публікацыі. Субпадрадныя транспартныя кампаніі больш не будуць выкарыстоўвацца для перавозкі грузаў.
«Мы далі ўказанне нашаму пастаўшчыку лагістычных паслуг, каб субпадрадчыкі, згаданыя ў расследаванні, больш не прыцягваліся да перавозак AstraZeneca ў межах ЕС. Пастаўшчык пацвердзіў, што гэта цяпер ажыццяўляецца як мага хутчэй, не ставячы пад пагрозу дастаўку жыццёва важных лекаў пацыентам», – паведамілі SVT у фармацэўтычнай кампаніі.
Упаўнаважаны прэзідэнта Украіны ў пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіслаў Уласюк таксама адрэагаваў на нашае сумеснае расследаванне. Ён лічыць, што абыход санкцый павінен быць расследаваны.
«Народ Украіны прыносіць велізарныя ахвяры. І калі, з аднаго боку, мы бачым гэтыя ахвяры, а з іншага – падобныя схемы абыходу санкцый, гэта выклікае расчараванне», – заявіў Уласюк у размове з журналістамі SVT.
Паводле ягоных слоў, нават калі ў канкрэтным выпадку гаворка можа ісці пра фармацэўтычную прадукцыю, экспарт якой не забаронены ў Расію, праблема палягае ў лагістыцы. Уласюк зазначыў, што тыя ж маршруты і тыя ж ланцужкі паставак могуць выкарыстоўвацца для абыходу санкцый пры дастаўцы мікраэлектронікі для расійскіх ракет і дронаў.
«Вядома, частка гэтай інфармацыі павінна быць афіцыйна правераная. Думаю, мы накіруем адпаведны запыт ураду Швецыі з прапановай разгледзець магчымасць распачаць афіцыйнае расследаванне. Таму што абыход санкцый – гэта пытанне, да якога мы ставімся вельмі сур’ёзна. Наколькі мне вядома, шведскі ўрад таксама ставіцца да яго [абыходу санкцый] вельмі сур’ёзна. І, вядома, мы хацелі б убачыць канкрэтныя дзеянні», – заявіў Уласюк.
За два апошнія гады Галоўная інспекцыя дарожнага транспарту Польшчы праверыла больш за 11 тысяч прадпрыемстваў на прадмет парушэння санкцый, паведамілі Fundacja Reporterów у польскім Міністэрстве інфраструктуры. Асобна адабралі больш за 650 кампаній, дзе беларусы і расіяне маюць долю звыш 25%. У дачыненні да 453 арганізацый распачалі справы аб адкліканні дазволаў на перавозкі. Большасць справаў ужо канчаткова завершаныя.