У Швецыі і Украіне адрэагавалі на нашае расследаванне пра буйнога перавозчыка з Беларусі
Фармацэўтычны гігант AstraZeneca робіць захады пасля нашага сумеснага расследавання з SVT і Fundacja Reporterów. Згаданыя ў публікацыі транспартныя кампаніі болей не будуць выкарыстоўвацца для перавозкі грузаў.
У расследаванні мы расказалі пра перавозку медычных прэпаратаў са шведскай фабрыкі AstraZeneca ў Расію. Для дастаўкі грузаў прыцягвалася польская кампанія DSPL і казахская кампанія «Тэхнабел». Нам удалося даказаць, што яны звязаныя з буйным беларускім перавозчыкам «Джэнці-спедзішн». Транспартным кампаніям з Беларусі забаронена працаваць у Еўрасаюзе з-за падтрымкі расійскай агрэсіі супраць Украіны. «Джэнці-спедзішн» працуе ў ЕС не наўпрост, а праз звязаных субпадрадчыкаў.
У AstraZeneca заявілі, што не парушалі ніякіх законаў, правіл або санкцый, але тым не менш вельмі сур’ёзна ставяцца да інфармацыі, выкладзенай у нашым расследаванні.
«Мы далі ўказанне нашаму пастаўшчыку лагістычных паслуг, каб субпадрадчыкі, згаданыя ў расследаванні, больш не прыцягваліся да перавозак AstraZeneca ў межах ЕС. Пастаўшчык пацвердзіў, што гэта цяпер ажыццяўляецца як мага хутчэй, не ставячы пад пагрозу дастаўку жыццёва важных лекаў пацыентам», – паведамілі SVT у фармацэўтычнай кампаніі.
Упаўнаважаны прэзідэнта Украіны ў пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіслаў Уласюк таксама адрэагаваў на нашае сумеснае расследаванне. Ён лічыць, што абыход санкцый павінен быць расследаваны.
«Народ Украіны прыносіць велізарныя ахвяры. І калі, з аднаго боку, мы бачым гэтыя ахвяры, а з іншага – падобныя схемы абыходу санкцый, гэта выклікае расчараванне», – заявіў Уласюк у размове з журналістамі SVT.
Паводле ягоных слоў, нават калі ў канкрэтным выпадку гаворка можа ісці пра фармацэўтычную прадукцыю, экспарт якой не забаронены ў Расію, праблема палягае ў лагістыцы. Уласюк зазначыў, што тыя ж маршруты і тыя ж ланцужкі паставак могуць выкарыстоўвацца для абыходу санкцый пры дастаўцы мікраэлектронікі для расійскіх ракет і дронаў.
«Вядома, частка гэтай інфармацыі павінна быць афіцыйна правераная. Думаю, мы накіруем адпаведны запыт ураду Швецыі з прапановай разгледзець магчымасць распачаць афіцыйнае расследаванне. Таму што абыход санкцый – гэта пытанне, да якога мы ставімся вельмі сур’ёзна. Наколькі мне вядома, шведскі ўрад таксама ставіцца да яго [абыходу санкцый] вельмі сур’ёзна. І, вядома, мы хацелі б убачыць канкрэтныя дзеянні», – заявіў Уласюк.