Холдынг «Армтэк» змяніў маршрут. Еўрапейскія запчасткі едуць у Расію праз Турцыю
Холдынг «Армтэк» змяніў пастаўшчыка аўтазапчастак для расійскага рынку на фоне санкцыйнага ціску. Пра гэта сведчаць мытныя дадзеныя, якія мае «Бюро».
Новым экспарцёрам аўтакампанентаў у Расію стала турэцкая фірма Steel Universe Lojistik Ve Ticaret Limited. Яна замяніла кампаніі з Казахстана і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, якія трапілі пад заходнія абмежаванні пасля нашага расследавання «Вялікая наладка».
Тады мы расказалі пра міжнародны холдынг «Армтэк», які займаецца дыстрыбуцыяй аўтазапчастак ва ўсім свеце. Яго стварылі беларусы Вадзім і Алег Грынкевічы. «Бюро» высветліла, што «Армтэк» абслугоўваў асабісты гараж Аляксандра Лукашэнкі і пастаўляў у ваяўнічую Расію падсанкцыйныя тавары падвойнага прызначэння – падшыпнікі з Еўропы.
У нашым матэрыяле згадваліся казахская кампанія «ЗапчастьТрейд» і эмірацкая кампанія Texco FZE. Летась праз іх ішлі асноўныя пастаўкі аўтазапчастак для расійскай кампаніі «А.П.Р.» з холдынга «Армтэк». Але пасля нашага расследавання абодва пасярэднікі падпалі пад санкцыі. У лістападзе мінулага года Брытанія наклала санкцыі на «ЗапчастьТрейд», а ў лютым гэтага года пад санкцыі Еўрасаюза падпала Texco FZE.
Іх замяніла турэцкая кампанія Steel Universe. Згодна з мытнымі дадзенымі, яна пачала пастаўкі ў Расію са жніўня мінулага года, але сёлета аб’ёмы выраслі больш як у шэсць разоў – да 2,5 мільёна долараў у студзені – сакавіку.
Дзякуючы OCCRP мы высветлілі, што ўладальнікам Steel Universe з’яўляецца Рэджэп Йылдыз. Мы патэлефанавалі яму і спыталі пра пастаўкі ў Расію. Бізнэсовец сказаў, што яму трэба абмеркаваць з групай кампаній «Армтэк», ці ёсць падставы для адказу на нашыя пытанні. Пазней ён напісаў у мэсэнджары, што Steel Universe працуе на турэцкім рынку і кампанія не мае сувязяў з Расіяй.
Разам з тым праз турэцкую фірму ў першым квартале гэтага года «А.П.Р.» завезла ў Расію вялікі асартымент аўтакампанентаў з Еўропы. Іх кошт – амаль 1,5 мільёна долараў. Так, у сакавіку гэтага года Steel Universe паставіла «А.П.Р.» некалькі соцень падшыпнікаў, краінай паходжання якіх пазначаная Італія і Германія. Гэтыя аўтакампаненты лічацца таварамі падвойнага прызначэння і забароненыя для вывазу з Еўропы ў Расію.
Турцыя часта выкарыстоўваецца ў якасці пасярэдніка для абыходу заходніх санкцый, бо гэта вельмі зручная юрысдыкцыя для такіх аперацый.
«У якасці пасярэдніка ў гандлі таварамі, за якімі ажыццяўляецца экспартны кантроль, вам спатрэбіцца палітычна стабільнае, фармальна нейтральнае ў адносінах да расійскай агрэсіі месца, дзе ёсць фінансавыя інстытуты, здольныя праводзіць аперацыі, звязаныя з гэтымі здзелкамі, патэнцыйна зручна размешчанае геаграфічна і з рэпутацыяй краіны, якая абараняе такія аперацыі ад празрыстасці. Нядзіўна, што канечнымі прадаўцамі тавараў ваеннага прызначэння для Расіі з’яўляюцца ў асноўным мацерыковы Кітай, Ганконг, ААЭ і Турцыя», – каментаваў «Бюро» старшы эканаміст Кіеўскай школы эканомікі, удзельнік міжнароднай працоўнай групы па санкцыях супраць Расіі Беньямін Хільгеншток.
Раней мы расказвалі, што сузаснавальнік «Армтэка» Вадзім Грынкевіч прадаў польскую кампанію SP Europe, якая кіруе вялікім лагістычным цэнтрам пад Варшавай. Бізнэс па гандлі аўтазапчасткамі перайшоў малавядомаму інвестару, які раней быў звязаны з беларускімі актывамі Грынкевіча.