Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва
ARMTEK_MAIN

Вялікая наладка

Нашыя сацсеткi

Як найбуйнейшы дыстрыб’ютар аўтазапчастак варочае мільярдамі насуперак заходнім санкцыям

Аўтары

Сотні крамаў, тысячы супрацоўнікаў, мільёны дэталяў. Міжнародны холдынг з беларускімі каранямі «Армтэк» зрабіў сабе імя на продажы запчастак для іншамарак. Але санкцыі паставілі паспяховы бізнэс пад пагрозу.

 

«Бюро» высветліла, што «Армтэк» абслугоўвае гараж Лукашэнкі і абыходзіць санкцыі. І менавіта дзякуючы гэтай кампаніі тавары падвойнага прызначэння паступаюць у Расію, якая вядзе вайну.

Гэты матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы OCCRP ID і на падставе звестак, пададзеных «КіберПартызанамі». Мы таксама дзякуем за дапамогу літоўскаму расследавальніцкаму цэнтру Siena і казахстанскаму выданню «Власть»

 

 

ЗАПЧАСТКІ ДЛЯ ГАРАЖА ЛУКАШЭНКІ

Тармазныя дыскі і калодкі, падшыпнікі і амартызатары, паветраныя і аліўныя фільтры. Дзяржаўнае прадпрыемства «Белтрансспецаўта» рэгулярна закупляе запчасткі для свайго аўтапарку. У тройцы асноўных пастаўшчыкоў – беларуская кампанія «Еўразапчастка», якая ўваходзіць у групу «Армтэк».

СТРУКТУРА ЎЛАСНАСЦІ БЕЛАРУСКАЙ ФІРМЫ «ЕЎРАЗАПЧАСТКА» – ВЫПІСКА З АДЗІНАГА ДЗЯРЖАЎНАГА РЭГІСТРА ЮРЫДЫЧНЫХ АСОБ І ІНДЫВІДУАЛЬНЫХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ РБ, ВЫПІСКА І СПРАВАЗДАЧА З ІРЛАНДСКАГА ЎПРАЎЛЕННЯ РЭГІСТРАЦЫІ КАМПАНІЙ
STRUKTURA SOBSTVENNOSTI BELARUSSKOJ FIRMY EVROZAPCHAST_1
STRUKTURA SOBSTVENNOSTI BELARUSSKOJ FIRMY EVROZAPCHAST_2
STRUKTURA SOBSTVENNOSTI BELARUSSKOJ FIRMY EVROZAPCHAST_3
STRUKTURA SOBSTVENNOSTI BELARUSSKOJ FIRMY EVROZAPCHAST_4
STRUKTURA SOBSTVENNOSTI BELARUSSKOJ FIRMY EVROZAPCHAST_5
STRUKTURA SOBSTVENNOSTI BELARUSSKOJ FIRMY EVROZAPCHAST_6

«Белтрансспецаўта» абслугоўвае замежныя дэлегацыі і топавых чыноўнікаў, а падначальваецца Упраўленню спраў Аляксандра Лукашэнкі. Транспартную фірму яшчэ называюць гаражом беларускага палітыка. У гэтым гаражы значыліся такія прадстаўнічыя аўтамабілі, як BMW 750, Audi A8, Lexus LS430, Lincoln Town Car і многія іншыя. Ёсць сярод іх і старэнькі Mercedes-Benz S600, на якім ездзіў асабіста Лукашэнка.

З 2022 года «Еўразапчастка» выйграла каля 250 аўкцыёнаў на пастаўку запчастак для «Белтрансспецаўта». Дэталі для гаража Лукашэнкі закуплялі пераважна з адной крыніцы, што лічыцца больш простай і менш канкурэнтнай працэдурай выбару пераможцы. З дзяржбюджэту патрачана амаль 100 тысяч рублёў. Яшчэ «Еўразапчастка» абслугоўвала гараж аператыўнага прызначэння КДБ і іншыя сілавыя структуры пасля жорсткага задушэння пратэстаў у Беларусі.

 

 

СЯМЕЙНЫ БІЗНЭС

Групу кампаній «Армтэк» стварылі браты Вадзім і Алег Грынкевічы. Яны ўваходзяць у топ-20 паспяховых бізнэсоўцаў Беларусі. Пачаўшы ў сярэдзіне 90-х, з часам яны выбіліся ў лідары не толькі ў нашай краіне, але і атрымалі прызнанне на больш буйным рынку Расіі, у Казахстане і іншых краінах. «Армтэк» пазіцыянуе сябе як найбуйнейшы дыстрыб’ютар аўтазапчастак ва Усходняй Еўропе. Маючы сотні крамаў, група кампаній прапаноўвае больш як 500 тысяч дэталяў са склада і 60 млн дэталяў пад замову для легкавых і грузавых аўтамабіляў еўрапейскіх, амерыканскіх, японскіх, карэйскіх і расійскіх марак. Абароты – каля мільярда долараў за год.

 

VADIM GRINKEVICH

Вадзім Грынкевіч. Крыніца: belmarket.by

 

OLEG GRINKEVICH

Алег Грынкевіч. Крыніца: belmarket.by

 

Сёння «Армтэк» уяўляе сабой разгалінаваную сетку з дзясятка кампаній не толькі ў Расіі, Беларусі і Казахстане, але і ў Германіі, Ірландыі, Ганконгу, ААЭ і іншых краінах. Група кампаній не вырабляе запчасткі, а імпартуе іх з-за мяжы. Важнае месца ў гэтым бізнэсе займае нямецкая кампанія ATH&S GmbH, на яе да нядаўняга часу былі завязаныя гандлёвыя патокі «Армтэка».

 

У ATH&S GmbH няма ні сайта, ні старонак у сацыяльных сетках, затое яна рэгулярна публікуе карпаратыўныя справаздачы ў нямецкім рэестры. З іх нам сталі вядомыя цікавыя дэталі бізнэсу сям’і Грынкевічаў.

 

BEL_1

Галаўны офіс ATH&S GmbH знаходзіцца ў нямецкім горадзе Білефельд, а склад генеральных грузаў плошчай 10 тысяч квадратных метраў – пад Варшавай. Згодна са справаздачай за 2022 год, нямецкая кампанія размяшчала замовы на вытворчасць запчастак на іншых прадпрыемствах у 12 краінах – у асноўным у Кітаі, Турцыі, ЕС. Затым прадавала ўжо гатовыя дэталі ва Усходняй Еўропе праз дыстрыб’ютарскую сетку. Па сутнасці, ATH&S GmbH іграла ролю пасярэдніка, вядомага на рынку перш за ўсё пад брэндам Stellox.

 

Адзінай уладальніцай нямецкай кампаніі з’яўляецца загадкавая жанчына па імені Марыя Тэйлар. Яна атрымала ступень бакалаўра філасофіі і эканомікі ў Лонданскай школе эканомікі, затым працавала ў буйной аўдытарскай і кансалтынгавай карпарацыі PricewaterhouseCoopers і міжнароднай інвестыцыйнай кампаніі Liongate Capital Management. Цяпер – у групе кампаній «Армтэк». Марыя Тэйлар – не проста наёмная супрацоўніца альбо трымальніца актываў. Як высветліла «Бюро», яна яшчэ і дачка Алега Грынкевіча, адрасам месца жыхарства якой пазначаны Дублін.

 

MARIYA TEJLOR

Марыя Тэйлар. Крыніца: pantek.ie

 

Асноўныя краіны збыту для ATH&S GmbH – Расія, Беларусь, Казахстан. Прычым Расія з’яўляецца найбольш прывабным кірункам, дзе агульны аб’ём рынку запчастак для сэрвіснага абслугоўвання іншамарак летась ацэньваўся ў 21 мільярд долараў.

УЛАДАЛЬНІКІ ATH&S GMBH – ВЫПІСКА З НЯМЕЦКАГА ГАНДЛЁВАГА РЭЕСТРА
ATH&S GMBH

На расійскім рынку ATH&S GmbH шчыльна працавала з фірмай «А.П.Р.». Гэта ключавы актыў сям’і Грынкевічаў у Расіі. Кампанія мае 85 адасобленых падраздзяленняў па ўсёй краіне, яе штат перавышае 5 тысяч чалавек.

СТРУКТУРА УЛАСНАСЦІ РАСІЙСКАЙ КАМПАНІІ «А.П.Р.» – ВЫПІСКІ З ІНФАРМАЦЫЙНАЙ СІСТЭМЫ «СПАРК» І ГАНКОНГСКАГА РЭЕСТРА КАМПАНІЙ
A.P.R
ORION_1
ORION_2
ORION_3

Мытныя дадзеныя паказалі, што ў 2020 і 2021 гадах прыкладна траціна ўсіх аб’ёмаў імпартных запчастак «А.П.Р.» закупляла менавіта ў нямецкай кампаніі ATH&S GmbH наўпрост або з яе даручэння. У грашах гэта больш як 100 мільёнаў долараў за два гады. Бізнэс набіраў абароты, але сітуацыя рэзка памянялася ў 2022 годзе, калі Расія напала на Украіну.

 

 

КАЗАХСТАНСКІ БРАТ

Пасля пачатку вайны заходнія аўтамабільныя брэнды сышлі з расійскага рынку. Еўрасаюз забараніў прадаваць у Расію люксавыя машыны і запчасткі да іх, каб пазбавіць расійскую эліту «магчымасці атрымліваць асалоду ад раскошнага ладу жыцця, у той час як бомбы падаюць на невінаватых людзей ва Украіне».

 

Санкцыі сталі пагрозай для «Армтэка», таму што Расія – асноўны рынак збыту для холдынгу. Яго страта нанесла б сур’ёзны ўрон для бізнэсу, абароты якога да вайны складалі сотні мільёнаў долараў штогод. Але разважлівыя бізнэсоўцы знайшлі выйсце. Ва ўмовах санкцый яны арганізавалі пастаўкі запчастак праз трэція краіны, на якія не распаўсюджваюцца эканамічныя абмежаванні. І зарабілі на гэтым яшчэ болей, чым да вайны.

 

SKLAD ARMTEK

Склад «Армтэка». Крыніца: etp-armtek.com

 

У 2022 годзе нямецкая і расійская фірмы практычна перасталі працаваць наўпрост. ATH&S GmbH рэзка памяняла свайго ключавога пакупніка, а «А.П.Р.» – ключавога пастаўшчыка. На здзіўленне, ім аказалася адна і тая ж кампанія з Казахстана. Адзінае, што не змянілася, – гэта назва брэнда. Запчасткі пад гандлёвай маркай Stellox працягнулі ехаць у Расію, але абходнымі шляхамі.

 

У адрозненне ад Расіі і Беларусі Казахстан не знаходзіцца пад заходнімі сектаральнымі санкцыямі. Кампаніі з гэтай цэнтральнаазіяцкай юрысдыкцыі часта выкарыстоўваюць як шырму для дастаўкі грузаў у абыход еўрапейскіх абмежаванняў. Гандлёвыя дадзеныя паказалі, што менавіта так адбылося з бізнэсам Грынкевічаў.

 

У апошняй справаздачы нямецкая кампанія ATH&S назвала свайго асноўнага кліента – «ЗапчастьТрейд». І менавіта гэтая казахская кампанія стала асноўным пастаўшчыком запчастак для «А.П.Р.». Згодна з мытнымі звесткамі, у 2022 годзе яна прадала расійскай фірме тавараў амаль на 20 мільёнаў долараў, у 2023 годзе аб’ёмы выраслі да 60 мільёнаў долараў.

 

BEL_2

 

«ЗапчастьТрейд» – гэта яшчэ адна кампанія братоў Грынкевічаў. Створаная ў 2017 годзе для выхаду на казахскі рынак, яна сыграла асаблівую ролю – на фоне заходніх санкцый абароты «А.П.Р.» наблізіліся да мільярда долараў.

СТРУКТУРА ЎЛАСНАСЦІ КАЗАХСТАНСКАЙ КАМПАНІІ «ЗАПЧАСТЬТРЕЙД» – ВЫПІСКІ З ЭЛЕКТРОННАГА ІНСТРУМЕНТА ПОШУКУ І ПРАВЕРКІ «A DATA» І ГАНКОНГСКАГА РЭЕСТРА КАМПАНІЙ
ZAPCHASTTREJD
ORION_1
ORION_2
ORION_3

 

 

ПРАЗ ТРЭЦІЯ КРАІНЫ

Расійскі дыстрыб’ютар закупляе запчасткі не толькі праз Казахстан. Аналіз мытных дадзеных паказаў, што ў ланцужку паставак бяруць удзел фірмы з Турцыі, Кітая, ААЭ і іншых краін. Гэтыя юрысдыкцыі таксама выкарыстоўваюцца для абыходу санкцый. Так, летась «А.П.Р.» увезла ў Расію тысячы падсанкцыйных аўтазапчастак, сярод якіх тармазы, падвеска, радыятары, амартызатары, счапленні, стартары, генератары, бамперы, глушыльнікі, каробкі перадач, свечкі запальвання, люстэркі, стабілізатары і іншыя дэталі.

 

Краінай паходжання гэтых запчастак у мытных дэкларацыях пазначаныя пераважна Турцыя і Кітай, але ёсць і Італія, Іспанія, Польшча. Затое вытворца прапісаны толькі адзін – нямецкая фірма ATH&S GmbH. Аб’ём паставак толькі па адным гэтым вытворцы за мінулы год перавысіў 76 мільёнаў долараў. Але акрамя яго «А.П.Р.» завозіла ў Расію запчасткі і іншых вядомых нямецкіх брэндаў, зробленыя як у Еўропе, так і за яе межамі. Агульны аб’ём імпарту за мінулы год перавысіў 270 мільёнаў долараў.

 

 

АДЧУВАЛЬНЫ ТАВАР

Мы звярнулі ўвагу на адну асаблівую катэгорыю тавараў, якія «А.П.Р.» імпартуе ў Расію. Гаворка ідзе пра падшыпнікі, якія лічацца таварам падвойнага прызначэння. Заходнія краіны ўнеслі іх у адмысловы санкцыйны спіс, таму што яны могуць выкарыстоўвацца ў расійскай ваеннай тэхніцы на полі бою ва Украіне.

«ЕС і яго міжнародныя партнёры адказалі на агрэсіўную вайну Расіі супраць Украіны маштабнымі і ўсёабдымнымі абмежавальнымі мерамі. Сектаральныя санкцыі накіраваныя на скарачэнне здольнасці [Расіі] весці вайну [ва Украіне], пазбавіць яе крытычна важных тэхналогій і значна аслабіць прамысловую базу», – сказана ў тлумачэнні Еўракамісіі.

Згодна з мытнымі дадзенымі, летась «А.П.Р.» увезла ў Расію больш як 17 тысяч падшыпнікаў еўрапейскага паходжання ў абыход санкцый. Сума паставак – звыш 340 тысяч долараў.

У ЕС спрабуюць прадухіліць абыход санкцый праз трэція краіны. Летась у снежні брусельскія чыноўнікі абавязалі еўрапейскія кампаніі ўключаць ва ўсе экспартныя кантракты спецыяльныя нормы, якія прадугледжваюць адказнасць за рээкспарт тавараў падвойнага прызначэння ў Расію.

 

Старшы эканаміст Кіеўскай школы эканомікі, удзельнік міжнароднай працоўнай групы па санкцыях супраць Расіі Беньямін Хільгеншток бачыць асноўную праблему ў тым, што санкцыі ЕС не маюць экстэрытарыяльнага дзеяння, як амерыканскія. Паводле эксперта, любыя тавары з амерыканскімі камплектуючымі (вытворчае абсталяванне, інтэлектуальная ўласнасць, кампаненты і г. д.) падпадаюць пад амерыканскі экспартны кантроль, незалежна ад таго, дзе і кім яны вырабленыя.

 

У Бруселі працуюць у гэтым напрамку. Сёлета ў чэрвені ЕС забараніў перадачу правоў інтэлектуальнай уласнасці на адчувальныя тавары, каб прадухіліць іх некантраляваную вытворчасць у трэціх краінах. Акрамя таго, еўрапейскія кампаніі абавязаныя прыкладаць усе намаганні для таго, каб іх даччыныя кампаніі ў трэціх краінах не парушалі санкцыі і належным чынам правяралі сваіх кліентаў.

Сёлета «А.П.Р.» працягнула закупляць падшыпнікі праз трэція краіны. З мытных дадзеных мы пабачылі, што пастаўкі ідуць пераважна па даручэнні эмірацкай кампаніі Texco FZE. Менавіта яна цяпер адказвае за прасоўванні брэнда Stellox замест нямецкай кампаніі ATH&S GmbH.

 

DUBAI

Дубай. Крыніца: lonelyplanet.com

 

Texco FZE з’явілася неўзабаве пасля вайны – у маі 2022 года. Генеральны і выканаўчы дырэктары эмірацкай фірмы працуюць альбо раней працавалі на «Армтэк».

«Каб абыходзіць санкцыі, была створаная эмірацкая кампанія. Ключавыя кіраўнікі, якія займаюцца пастаўкамі, працуюць цяпер у ААЭ, забяспечваючы працу з пастаўшчыкамі і з пастаўкамі ў Беларусі і Расіі. І гэта датычыць як Stellox, так і астатніх брэндаў», – расказаў былы работнік «Армтэка», які ведае пра бягучую дзейнасць дыстрыб’ютара запчастак.

Аб’яднаныя Арабскія Эміраты сталі надзейным прыстанкам для «Армтэка» пасля ўвядзення санкцый.

 

 

ЦІХАЯ ГАВАНЬ

Гламурны Дубай – найулюбёнае месца адпачынку Вадзіма Грынкевіча. Новы, 2024-ты, год бізнэсовец сустрэў менавіта ў гэтым горадзе разам са сваімі дочкамі. Каля дзесяці год таму бізнэсовец набыў сабе тры шыкоўныя кватэры ў Дубаі амаль за 2 мільёны долараў і зарабляе на здачы іх у арэнду. Гэта не адзіны бізнэс Грынкевіча ў Арабскіх Эміратах.

 

У дубайскім рэестры ён пазначаны мэнэджарам эмірацкай фірмы Pantek FZCO. Яна мае «дачку» ў Ірландыі пад падобнай назвай Pantek Automotive Limited. У справаздачы за 2021 год ірландская фірма пазіцыянавала сябе як штаб-кватэра групы «Армтэк». Цяпер, падобна, цэнтральны офіс групы кампаній перамясціўся ў ААЭ.

 

Гэтая блізкаўсходняя краіна прыцягвае багачоў з усяго свету, бо мае рэпутацыю падатковай гавані з высокай фінансавай сакрэтнасцю. Кампаніі ў ААЭ не раскрываюць сваіх бенефіцыяраў і фінансавыя паказчыкі. Мясцовыя ўлады не задаюць лішніх пытанняў пра паходжанне грошай і рэдка выконваюць запыты аб экстрадыцыі. Вадзім Грынкевіч меў досвед крымінальнага пераследу з боку беларускіх уладаў. У гэтым плане ААЭ – бяспечнае месца для захоўвання сваіх актываў у выпадку непрадбачаных сітуацый.

У 2013 годзе Вадзіма Грынкевіча затрымалі за ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Следства высветліла, што па ўказцы бізнэсоўца на падкантрольных фірмах складалі ліпавыя дагаворы, каб заніжаць падатковую базу. Урон ад недаплачанага падатку на прыбытак ацанілі больш як у 200 тысяч долараў. Паводле дадзеных нашай крыніцы, бізнэсовец правёў у зняволенні некалькі месяцаў і заплаціў буйную суму, каб выйсці на волю.

Акрамя таго ААЭ прыцягвае бізнэсоўцаў з такіх краін, як Расія і Беларусь, слабым кантролем за выкананнем заходніх санкцый.

«У якасці пасярэдніка ў гандлі таварамі, за якімі ажыццяўляецца экспартны кантроль, вам спатрэбіцца палітычна стабільнае, фармальна нейтральнае ў адносінах да расійскай агрэсіі месца, дзе ёсць фінансавыя інстытуты, здольныя праводзіць аперацыі, звязаныя з гэтымі здзелкамі, патэнцыйна зручна размешчанае геаграфічна і з рэпутацыяй краіны, якая абараняе такія аперацыі ад празрыстасці. Нядзіўна, што канечнымі прадаўцамі тавараў ваеннага прызначэння для Расіі з’яўляюцца ў асноўным мацерыковы Кітай, Ганконг, ААЭ і Турцыя», – зазначыў старшы эканаміст Кіеўскай школы эканомікі, удзельнік міжнароднай працоўнай групы па санкцыях супраць Расіі Беньямін Хільгеншток.

Пакуль Вадзім Грынкевіч посціць у сваіх сацыяльных сетках відэа з канцэртаў Юрыя Шаўчука і Андрэя Макарэвіча, якія вядомыя сваёй непрымірымай пазіцыяй супраць вайны ва Украіне, заснаваная ім група кампаній «Армтэк» працягвае набіраць абароты на расійскім рынку. З эмірацкай гавані рабіць гэта цяпер найбольш бяспечна.

«Яны цудоўна адчуваюць сябе на такім агромністым рынку [Расіі], куды з-за карупцыі і непразрыстасці не прыходзілі гульцы з іншых краін. У іхных інтарэсах захоўваць такі стан рэчаў. На гэта трэба звяртаць увагу, бо яны спансуюць вайну ва Украіне. Ім не павінна гэта лёгка давацца. Адказваць давядзецца. Гэта не пра бізнэс па-за палітыкай», – падзяліўся сваім бачаннем былы работнік «Армтэка».

Вадзім Грынкевіч не адказаў на нашыя званкі. Алег Грынкевіч сказаў, што «Армтэк» не супрацоўнічае з бюджэтнымі арганізацыямі ні ў адной краіне. Паводле яго слоў, такое правіла прапісанае ў палітыцы кампаніі яшчэ з 90-х гадоў, каб пазбегнуць карупцыі. Але інфармацыя пра кантракты «Армтэка» з беларускімі дзяржаўнымі органамі размешчаная на электроннай гандлёвай пляцоўцы Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан’юнктуры цэн.

ТЭНДАРНЫЯ ЗАКУПКІ ПАМІЖ «ЕЎРАЗАПЧАСТКАЙ» І «БЕЛТРАНССПЕЦАЎТА»; ТЭНДАРНЫЯ ЗАКУПКІ ПАМІЖ «ЕЎРАЗАПЧАСТКАЙ» І ГАРАЖОМ АПЕРАТЫЎНАГА ПРЫЗНАЧЭННЯ КДБ – ДЗЯРЖКАНТРАКТЫ З ЭЛЕКТРОННАЙ ГАНДЛЁВАЙ ПЛЯЦОЎКІ GOSZAKUPKI.BY
GOSZAKUPKI_1
GOSZAKUPKI_2
GOSZAKUPKI_3
GOSZAKUPKI_4
GOSZAKUPKI_5

Бізнэсовец таксама запэўніў, што «Армтэк» не парушае міжнародныя санкцыі, хаця яго каментар выглядае дзіўна.

«Дзіўна, што вы звяртаецеся да мяне. Беларускія журналісты не павінны садзейнічаць злачынствам, якімі лічацца выкананне санкцый на тэрыторыі Беларусі. Вы ў курсе законаў вашай краіны, у якой вы нібыта знаходзіцеся?! Дык а што ж вы тады сабе артыкул шыеце, галубчык? Я ўвогуле не маю права ні спрыяць санкцыям, ні парушаць санкцыі, таму што ў нас прадпрыемствы знаходзяцца ў розных краінах, таму мы робім усё магчымае, каб мінімізаваць нават рызыкі, якія звязаныя з такога роду дзейнасцю», – сказаў Алег Грынкевіч.

Даданні па тэме