Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Аляксандр Машэнскі больш не ганаровы консул Ісландыі ў Беларусі

«Бюро» высветліла, што Аляксандр Машэнскі больш не з'яўляецца ганаровым консулам Ісландыі ў Беларусі.

 

MOSHENSKI

Аляксандр Машэнскі. Крыніца: rbc.ru

 

Паводле інфармацыі, якая ёсць у распараджэнні рэдакцыі, ён пакінуў пасаду дзесьці паміж красавіком і ліпенем 2025 года. Машэнскі быў прызначаны ганаровым консулам Ісландыі ў 2007 годзе і бесперапынна займаў гэтую пасаду каля 18 гадоў.

 

Учора стала вядома, што польскі ўрад ухваліў нацыянальныя санкцыі супраць Аляксандра Машэнскага. Крыніцы Tvn24.pl паведамляюць, што пасля расследавання дзейнасці Машэнскага ў Польшчы падатковыя органы афіцыйна звярнуліся ў Міністэрства ўнутраных спраў з просьбай уключыць яго ў спіс асоб, якія падпадаюць пад санкцыі польскіх уладаў. Па словах крыніцы, працэс заняў незвычайна шмат часу і сутыкнуўся з супрацівам з боку розных ведамстваў.

 

Унясенне чалавека ў польскі санкцыйны спіс цягне за сабой замарожванне яго сродкаў на банкаўскіх рахунках і спыненне любой дзейнасці кампаній, якія яму належаць. Таксама гэта азначае прызнанне асобы непажаданай на тэрыторыі Польшчы і магчымую забарону на ўезд на тэрыторыю Шэнгенскай зоны.

 

Аляксандр Машэнскі неаднаразова лётаў на прыватных самалётах з членамі сям'і Аляксандра Лукашэнкі. З’яўляецца чальцом Савета па развіццю прадпрымальніцтва, узначальвае Беларускую федэрацыю веславання. Таксама, па звестках BelPol, ён уваходзіць у праўленне Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, які ўзначальвае Дзмітрый Лукашэнка. Машэнскі быў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 2010 года і прысутнічаў на так званай «таемнай інаўгурацыі» у 2020 годзе.