Алімпійскія «рэзервы». Колькі атрымлівае кіраўніцтва НАК
«Бюро» высветліла, якую налічаную заработную плату атрымліваюць намеснікі Віктара Лукашэнкі ў Нацыянальным алімпійскім камітэце (НАК) – Дзмітрый Даўгалёнак і Ксенія Санковіч.
Дзмітрый Даўгалёнак – віцэ-прэзідэнт НАК са студзеня 2025 года. Гэтую пасаду ён сумяшчае з пазіцыяй начальніка аддзела па развіцці алімпійскага руху НАК.

Дзмітрый Даўгалёнак. Крыніца: belta.by
За 9 месяцаў 2024 года яму сукупна налічылі крыху больш за 91 тысячу беларускіх рублёў. Яго сярэдняя заработная плата да выліку падаткаў і ўнёскаў у ФСАН за месяц склала 10,1 тысячы беларускіх рублёў, або прыкладна 2,9 тысячы еўра.
Акрамя гэтага, Даўгалёнак у 2024 годзе пераабраўся на пасаду намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі каноэ і там таксама атрымліваў зарплату – 1,5 тысячы беларускіх рублёў брута за месяц.
Ксенія Санковіч працуе генеральным сакратаром НАК з 2024 года. У алімпійскім спорткамітэце экс-фаварытка Аляксандра Лукашэнкі працуе аж з 2015 года. Да таго як заняць пасаду генсакратара, Санковіч адказвала ў НАК за міжнародныя дачыненні. Акрамя таго, яна дагэтуль застаецца сябрам камісій «Жанчыны і спорт» і Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў па гендарнай роўнасці, разнастайнасці і інклюзіўнасці.

Ксенія Санковіч. Крыніца: noc.by
У 2024 годзе Санковіч за 9 месяцаў сумарна налічылі 91,5 тысячы беларускіх рублёў да выліку падаткаў і ўнёскаў у ФСАН. Яе сярэдні «брудны» штомесячны аклад склаў амаль 10,2 тысячы беларускіх рублёў, або 2,9 тысячы еўра.
Мяркуючы па ўсім, усе гэтыя пасады ў НАК Ксенію Санковіч не моцна абцяжарваюць працай, бо ў яе хапае часу на тое, каб паралельна супрацоўнічаць з тэлеканалам ОНТ у якасці тэлевядоўцы. У 2024 годзе яе аклады там вар’іраваліся ад 600 да 1,35 тысячы рублёў за месяц. Сукупна за 9 месяцаў 2024 года ОНТ ёй налічыла яшчэ 10,1 тысячы беларускіх рублёў брута.
Паводле дадзеных Белстата, сярэдняя зарплата ў Беларусі ў 2024 годзе склала 2271,9 рубля. Атрымліваецца, што вярхушка НАК зарабляе амаль у 4,5 разу больш, чым сярэднестатыстычны беларус.
Нагадаем, нядаўна мы расказвалі пра зарплату ў НАК і самога Віктара Лукашэнкі. За 9 месяцаў 2024 года яму налічылі прыкладна 97 тысяч беларускіх рублёў брута.