Асабістая лекарка Лукашэнкі стала ўладальніцай сеткі аптэк
Асабістая лекарка Аляксандра Лукашэнкі Алена Казак стала ўладальніцай сеткі аптэк у Беларусі.

Алена Казак (крайняя злева) на вечарынцы Antiage Clinic. Крыніца: Інстаграм
Як даведалася «Бюро», у жніўні 2024 года кампанія «Лігматон», якой раней валодалі Георгій Тапузідзіс і ягоная маці Галіна Пятровіч, была перааформленая на Алену Казак. Дзякуючы «Кіберпартызанам» мы змаглі высветліць, што асабістая лекарка Лукашэнкі працаўладкаваная ў кампаніі з ліпеня 2024 года.
Першапачаткова новая ўладальніца была пазначаная ў дадзеных кампаніі як Алена Уладзіміраўна Казак. Мы не ведаем, ці было гэта зроблена наўмысна або памылкова, аднак пазней імя па бацьку памянялі. Недзе ў перыяд паміж лютым 2025 года і жніўнем 2026 года Алена Казак ператварылася з Уладзіміраўны ў Георгіеўну. Пры гэтым запіс пра структурныя змены кампаніі не ўносіўся, а мяркуючы па актуальнай выпісцы, менавіта асабістая лекарка Лукашэнкі валодае аптэкамі «Лігматон» са жніўня 2024 года. Дырэктаркай фірмы, як і раней, засталася Галіна Пятровіч, маці Георгія Тапузідзіса.
Кампанія «Лігматон» валодае сеткай аптэк ва ўсёй Беларусі, а таксама ўдзельнічае ў дзяржаўных тэндарах на пастаўку разнастайных медыкаментаў. Выручка кампаніі ў 2025 годзе склала 83,6 мільёна рублёў, а чысты прыбытак 2,79 мільёна.
Раней «Бюро» здолела даведацца, што яшчэ адна фаварытка Аляксандра Лукашэнкі звязаная з кампаніяй «Лігматон». З ліпеня 2024 года Марыя Васілевіч, былая дэпутатка, лічыцца там вядучай спецыялісткай па камерцыйнай дзейнасці.