Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва
ARBUZNY BATALION_MAIN

Кавуновы батальён

Нашыя сацсеткi

Дзе працуюць і колькі зарабляюць экс-фаварыткі Аляксандра Лукашэнкі

Яны круцяцца з ім у вальсе і бадзёра скачуць на «Славянскім базары», глядзяць з ім хакейныя матчы і суправаджаюць на афіцыйных мерапрыемствах. А яшчэ яны ўдзельнічаюць у галоўным сельскагаспадарчым рытуале – зборы кавуноў. За гэта ў народзе маладых прыгажунь – фаварытак Аляксандра Лукашэнкі – празвалі «кавуновы батальён». Але што дае ім набліжэнне да цела «нацыянальнага лідара»?

 

«Бюро» высветліла, як час, праведзены ў таварыстве «народнага абранніка», канвертуецца ў прэстыжныя пасады і манетызуецца ў зарплаты ў дзяржаўных структурах і кампаніях «кашалькоў» Лукашэнкі.

Гэты матэрыял падрыхтаваны на аснове дадзеных, атрыманых ад «Кіберпартызан»

Цяпер аўдыяверсія расследавання даступная на YouTube. Прыемнага праслухоўвання!

 

 

 

 

ПРЫ ПАНСКІМ СТАЛЕ

Зорка магіляўчанкі Уладлены Зайцавай заззяла для Аляксандра Лукашэнкі пасля конкурсу «Міс Беларусь – 2021». Нягледзячы на тое што фіналістцы тытула не дасталася, яна атрымала нашмат больш – квіток у vip-жыццё.

 

Vladlena Zaitseva

Уладлена Зайцава і Аляксандр Лукашэнка на навагоднім балі ў Палацы незалежнасці. Крыніца: president.gov.by

 

Упершыню Зайцаву ў кампаніі Лукашэнкі журналісты запрыкмецілі на Рэспубліканскім балі моладзі ў 2021 годзе. У той вечар супрацоўніцы магілёўскай мытні была нададзеная ганаровая роля спадарожніцы палітыка. У ліпені 2023-га дзяўчына сядзела па левую руку ад Лукашэнкі на свяце ў Александрыі, а зімой таго ж года яна вальсавала з кіраўніком Беларусі на штогадовым Венскім балі.

 

Суправаджае Лукашэнку Уладлена Зайцава і ў замежных паездках. Напрыклад, у снежні 2023 года анлайн-выданне Motolko.help паведамляла, што дзяўчына была ў складзе дэлегацыі на кліматычным саміце COP28 у Дубаі. У спісе дэлегатаў Зайцава была пазначаная ёміста – «афіцэр».

 

У кампаніі палітыка ў ААЭ Зайцава апынулася зусім не выпадкова. З лета 2022 года яна афіцыйна лічыцца галоўнай дарадцай у прыёмнай Лукашэнкі.

 

Журналіст «Бюро» патэлефанаваў Уладлене Зайцавай, каб даведацца, як яна атрымала гэтую пасаду і што ўваходзіць у ейныя службовыя абавязкі. Абмяркоўваць сваю працу па тэлефоне галоўная дарадца Лукашэнкі адмовілася:

«У мяне цяпер працоўны дзень [ідзе]. І калі я прыму рашэнне з вамі перамовіцца і абмеркаваць гэтае пытанне – я вам набяру».

Пасля гэтага дыялогу Зайцава заблакавала кантакт нашага журналіста.

 

«Бюро» паразмаўляла на ўмовах ананімнасці з былым дзяржаўным службоўцам, які знаёмы з асаблівасцямі працы ў Адміністрацыі Лукашэнкі, і даведалася, што гэта за пасада:

«У Адміністрацыі складана знайсці некага, хто не з’яўляецца галоўным дарадцам. Таму што ніжэй пасадаў проста няма. Альбо, калі яны ёсць, то гэта тэхнічны персанал. Нягледзячы на тое што [галоўны дарадца] ніжэйшая пасада Адміністрацыі – Адміністрацыя [Лукашэнкі] вышэйшая, чым любы іншы орган у сістэме кіравання Беларусі».

У 2024 годзе сярэдняя заработная плата брута Уладлены Зайцавай была каля 3,9 тысячы беларускіх рублёў.

«[Прыкладна 3 тысячы беларускіх рублёў] гэта мяжа, таму што ўсё даволі зарэгулявана. Могуць быць надбаўкі за стаж працы, але яны глабальна не вельмі вялікія. Ёсць варыянты яшчэ давання прэмій, можа, і ў канвертах, але ёсць і бесканвертная гісторыя. І зноў жа, няма нейкай суперзабароны, каб не рабіць гэта [выпісваць прэміі] хоць некалькі разоў на месяц. Іншая справа, што пад гэта ўсё трэба хоць нейкае фармальнае абгрунтаванне падкласці, а на гэта павінны быць грошы ў агульным бюджэце арганізацыі. Я не сумняваюся, што яны атрымліваюць некалькі прэмій, падзяк або яшчэ нейкіх відаў заахвочванняў на месяц», – пракаментаваў на ўмовах ананімнасці журналісту «Бюро» былы дзяржаўны службоўца.

Сумарна з чэрвеня 2022 года па верасень 2024 года Зайцавай налічылі з дзяржбюджэту амаль 97,5 тысячы рублёў да выліку ФСАН і падаходнага падатку.

 

Кампанію Зайцавай у апараце Лукашэнкі складае Кацярына Гумянюк. У поле зроку СМІ яна трапіла яшчэ ў 2020 годзе на святкаванні Дня незалежнасці – 3 ліпеня. На кадрах відэатрансляцыі можна заўважыць таксама траіх сыноў Лукашэнкі.

 

EKATERINA GUMENIUK

Кацярына Гумянюк (у зялёнай сукенцы) на святкаванні Дня незалежнасці ў Мінску. Крыніца: скрыншот трансляцыі ont.by

 

У тым жа годзе дзяўчына скончыла МДЛУ, пасля чаго трапіла на штогадовы Баль выпускнікоў, дзе на яе і мог звярнуць увагу палітык.

 

У Адміністрацыі Лукашэнкі яна займае аналагічную Зайцавай пасаду галоўнай дарадцы.

 

Былы беларускі дзяржаўны службоўца ў гутарцы з журналістам «Бюро» дапусціў, што Зайцава і Гумянюк могуць быць замацаваныя за прыёмнай Лукашэнкі:

«Калі мы кажам пра 20-гадовых плюс-мінус фаварытак – яны працуюць у сакратарыяце ў Лукашэнкі. Іх туды і прызначылі на такую фармальную пасаду [галоўнай дарадцы], таму што іншай няма. Не будзь гэта ў Адміністрацыі, [пазіцыя] называлася б сакратар. То бок [у іх веданні] нейкая частка раскладу: сачыць за графікам, адказваць на тэлефанаванні, злучаць – не злучаць, кава, гарбата».

Мяркуючы па дадзеных «Кіберпартызан», у прыёмнай Лукашэнкі Гумянюк працуе з красавіка 2021 года. У 2024 годзе сярэдні аклад дзяўчыны склаў амаль 4,5 тысячы рублёў. Усяго з красавіка 2021-га па верасень 2024-га яна атрымала з беларускай казны «бруднымі» больш за 141 тысячу рублёў.

 

Паводле слоў былога дзяржслужбоўцы, праца ў Адміністрацыі Лукашэнкі – гэта не толькі годная зарплата, але і трамплін у «светлую будучыню»:

«Плюшкі тут больш усё-ткі ў нейкіх сувязях і ўплыве. Можна сказаць, што ў пэўным сэнсе там паскораны рух па кар’ернай лесвіцы. Калі з Адміністрацыі пераходзіць у міністэрства, то гэта ўжо ўзровень як мінімум начальніка ўпраўлення або намесніка міністра. У прынцыпе, у пераважнай большасці выпадкаў [праца ў Адміністрацыі Лукашэнкі] – гэта пра даволі высокае становішча ўнутры сістэмы, нейкую стабільнасць, зарплату базавую вышэйшую, чым у любой іншай дзяржаўнай арганізацыі, і магчымасць кар’ернага росту».

 

 

«КАРАЛЕВА ВЯСНА»

Яскравым прыкладам таго, якіх кар’ерных вышынь можна дасягнуць дзякуючы самаадданай службе ў Адміністрацыі, з’яўляецца пераможца конкурсу «Каралева Вясна – 2013», некалі «культавая памочніца» Лукашэнкі – Дар’я Шманай.

 

DARIA SHMANAI

Дар’я Шманай. Крыніца: профіль «УКантакце» Дар’і Шманай

 

Упершыню прэса звярнула ўвагу на Шманай яшчэ ў далёкім 2014 годзе ў Авальнай зале падчас паслання Лукашэнкі да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Пазней у інтэрв’ю пераможніца конкурсу прыгажосці паведаміла, што «працуе там», але не ўдакладніла, дзе і кім менавіта.

 

Згодна са звесткамі, якія «Бюро» атрымала ад «Кіберпартызан», Дар’я Шманай афіцыйна стала супрацоўніцай Адміністрацыі Лукашэнкі 31 сакавіка 2014 года. Здзьмухвала парушынкі са стала палітыка дзяўчына аж да студзеня 2020 года, пасля чаго пачала працаваць у беларускім МЗС. Ужо ў лютым яна атрымала пасаду другой сакратаркі галоўнага кадравага ўпраўлення пасольства Беларусі ў Расіі. У лістападзе 2022 года яе павысілі да дарадцы-пасланніцы.

 

«Бюро» распытала былога дзяржаўнага службоўца пра асаблівасці працы на гэтай пасадзе ў МЗС:

«[Дарадца-пасланнік] гэта ўвогуле пасада намесніка пасла, па сутнасці. Яна [Дар’я Шманай] уваходзіць у топ-менеджмент пасольства, з’яўляючыся ад другой па пятую асобай – у залежнасці ад таго, хто з дарадцаў-пасланнікаў больш роўны. Гэта нават нібыта не «афіцэрскае», а па сутнасці справы малодшае «генеральскае» званне. Але гэтае [прызначэнне было] зробленае для таго, каб плаціць [Шманай] дастаткова высокую зарплату і павысіць ейны статус. Таму што па сутнасці справы чалавек, які займаўся пратакольным забеспячэннем візітаў Лукашэнкі ў Расію, павінен мець паўнамоцтвы і стаяць даволі высока на пасадзе. Хаця гэта, вядома, здзек з традыцый дыпламатыі, дзе якраз людзі павінны праходзіць этапы знізу».

Нягледзячы на тое што працуе Дар’я Шманай у пасольстве ў Расіі, увесь гэты час беларускае МЗС рэгулярна налічвае ёй зарплату – за пяць гадоў сумарна выйшла амаль 120 тысяч беларускіх рублёў да выліку ўнёскаў у ФСАН і падаходнага падатку. Напрыклад, у 2024 годзе ейны аклад складаў прыкладна 3,6 тысячы беларускіх рублёў брута штомесяц.

«Каб было пацвярджэнне плацяжоў у ФСАН, стаж і гэтак далей, фармальна захоўваецца віртуальнае працоўнае месца ў Міністэрстве замежных спраў і выплачваецца зарплата, эквівалентная пасадзе. У Беларусі гэтая зарплата мусіць быць мінімальнай, гэта значыць, па сутнасці справы проста аклад, каб не прыдрацца па заканадаўстве. Асноўную зарплату яна атрымлівае ў пасольстве. Такія асаблівасці выплаты зарплат на дыпслужбе ў Беларусі, таму што тое, што атрымліваецца за мяжой, не абкладваецца падаткамі. Адпаведна, калі мы кажам пра дарадцу-пасланніцу ў Расіі, то там 3,5 тысячы еўра [мусіць быць зарплата]. Тым больш што частка расходаў так ці інакш афіцыйна пакрываецца [дыпработніку пасольствам] – жыллё і транспарт», – расказаў журналісту «Бюро» былы беларускі дзярслужбоўца на ўмовах ананімнасці.

Журналіст «Бюро» звязаўся з маці Дар’і Шманай. Жанчына адмовілася даць нумар сваёй дачкі, але паабяцала «перадаць ёй кантакт [нашага журналіста], і калі Дар’я захоча, то перазвоніць сама».

 

Верагодна, дзяржапарат Лукашэнкі ўсё ж не гумовы, і рассадзіць увесь «кавуновы батальён» на цёпленькія месцы ў Адміністрацыі і МЗС не ўяўляецца магчымым. На шчасце, у арсенале Аляксандра Лукашэнкі маецца мноства адданых паплечнікаў – ягоных так званых кашалькоў. Яны і ўзялі на сябе абавязак аплачваць працу фаварытак палітыка.

 

 

НАСТАЎНІЦА ПЕРШАЯ МАЯ

1 верасня 2011 года Аляксандр Лукашэнка прыбыў на ўрачыстую школьную лінейку ў Астрашыцкі гарадок, аднак не як кіраўнік дзяржавы, а як бацька першакласніка – малодшы сын палітыка Мікалай пайшоў у школу.

 

На кадрах, знятых у кабінеце навучальнай установы, можна заўважыць маладую настаўніцу – Марыю Багамолаву.

 

MARIA BOGOMOLOVA

Марыя Багамолава (справа) падчас збору кавуноў з Аляксандрам Лукашэнкам. Крыніца: belta.by

 

У 2011-м яна толькі перавялася ў «раёнку» з мінскай сярэдняй школы № 121. Паводле дадзеных BelPol, у перыяд навучання «дзіцяці № 1» Багамолава прайшла адразу некалькі стажыровак у Вялікабрытаніі, у тым ліку курсы павышэння кваліфікацыі для замежных выкладчыкаў англійскай мовы ў London Metropolitan University, курсы English Teacher Refresher, курсы ў Лонданскай школе англійскай мовы, а таксама паглыблены курс англійскай мовы і методыкі выкладання ў Magna Carta College Oxford.

 

У 2015 годзе Мікалай Лукашэнка перайшоў у 5-ты клас, і Багамолава болей не змагала вучыць наследніка кіраўніка Беларусі. Аднак першая настаўніца Лукашэнкі-малодшага працягнула выкладаць у Астрашыцкім гарадку аж да жніўня 2016 года, пасля чаго атрымала пасаду ў службе пратакола кампаніі «кашалька» Лукашэнкі – Міхаіла Гуцарыева«Слаўкалій».

 

У верасні 2020 года Марыя Багамолава зноў вяртаецца да выкладання. Яна ўладкоўваецца на працу ў толькі што адчыненую Мінскую міжнародную гімназію – элітную навучальную ўстанову ў Драздах, якую заснавала маці Мікалая Лукашэнкі Ірына Абельская на грошы ўсё таго ж Гуцарыева. Багамолава прапрацавала ў Мінскай міжнароднай гімназіі менш за год – ейны кантракт скончыўся ў чэрвені 2021-га.

 

Ужо ў студзені 2022 года Марыя Багамолава трапляе ў структуру іншага ўплывовага беларускага бізнэсоўца – Аляксандра Машэнскага«Санта Рытэйл». Там яна прапрацавала на пасадзе спецыяліста ў аддзеле знешнеэканамічнай дзейнасці ўсяго шэсць месяцаў – за гэты перыяд ёй налічылі 12,3 тысячы рублёў брута. У жніўні 2022 года Багамолава ўладкавалася настаўніцай у сталічную навучальную ўстанову QSI International school, у якой вучацца пераважна дзеці супрацоўнікаў пасольстваў у Мінску.

 

 

СТАРЫ ДРУГ ЛЕПЕЙ ЗА НОВЫХ ДВУХ

Светлагарчанка Аліна Роскач магла трапіць у поле зроку Лукашэнкі на конкурсе «Міс Беларусь» у 2016 годзе.

 

ALINA ROSKACH

Аліна Роскач на свяце Купалле ў Александрыі ў кампаніі Аляксандра Лукашэнкі і Міхаіла Гуцарыева. Крыніца: president.gov.by

 

Ніякіх тытулаў яна тады не заваявала, затое атрымала грашовы грант ад кампаніі «Белглобалстарт» «кашалька» Лукашэнкі Сяргея Цяцерына, бо засталася без бацькоў. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі конкурсу. Суму гранту не разгалошвалі.

 

Звычайна Аляксандр Лукашэнка назіраў за конкурсам з глядацкай залы, але ў 2016 годзе кіраўнік Беларусі выдаў са сцэны спіч:

«Я вам гарантую, што вы нідзе не прападзяце, не загубіцеся. Я вам абяцаю, што вы будзеце ў жыцці запатрабаваныя, пры вашым жаданні».

І Аліна Роскач сапраўды нейкі час была навідавоку. У 2018 годзе яна разам з Лукашэнкам брала ўдзел у турніры па біятлоне «Снежны снайпер» у Раўбічах. А летам таго ж года на свяце Купалле ў Александрыі Роскач сядзела паміж Лукашэнкам і ягоным «кашальком» Міхаілам Гуцарыевым.

 

Дзякуючы «Кіберпартызанам» мы высветлілі, што, па сутнасці, увесь кар’ерны шлях Аліны Роскач звязаны са структурамі Сяргея Цяцерына.

 

З 2019 года Роскач займае пасаду вядучай спецыялісткі па арганізацыйна-кадравай працы ў цяцерынаўскай «Белглобалстарт» – той самай, што вылучыла ёй грашовы грант на «Міс Беларусь».

 

Увосень 2020 года Роскач уладкоўваецца на другую працу – у фірму «Кам’юніці», якую праз год рэарганізуюць у новую юрыдычную асобу – «Фудкам’юніці». З 2021 года пасада Роскач – спецыялістка па кадрах. «Фудкам’юніці» таксама звязаная з Цяцерыным. З 2019 па 2023 гады гэтая фірма належала Дзмітрыю Жырмонту – зяцю Цяцерына, а ў 2023-м яе перапісалі на ягоную жонку – дачку Цяцерына Таццяну.

 

«Фудкам’юніці» валодае трыма пунктамі грамадскага харчавання ў Нацыянальным аэрапорце Мінск: кавярнямі Strava і Community, што ў міжнароднай зоне пасля праходжання надгляду, і кавярняй Bagel Community ў зоне вылету ў РФ.

 

Мяркуючы па бухгалтарскай справаздачнасці за 2023 год, «Фудкам’юніці» цярпела істотныя страты, верагодна, у сувязі з блакіроўкай вылетаў з Беларусі на захад. Па выніках 2024 года кампанія ўсё ж выйшла ў плюс, аднак у верасні ўсе тры кавярні выставілі на продаж за 380 тысяч беларускіх рублёў.

 

Наш журналіст патэлефанаваў Аліне Роскач, каб высветліць, ці мела месца пратэкцыя Лукашэнкі пры працаўладкаванні ў структуры Сяргея Цяцерына, але, пачуўшы назву «Бюро», дзяўчына спаслалася на занятасць, кінула слухаўку і заблакавала нашага супрацоўніка.

 

Відаць, справаў у кампаніях Цяцерыных не так ужо і шмат, і восенню 2021 года Роскач уладкоўваецца паралельна яшчэ і на трэцюю працу – спецыялісткай па кадрах у новаствораную кампанію «Міравіжн», якая займаецца размяшчэннем рэкламы ў СМІ. Яе ўласнік – нехта Сяргей Галабародзька.

 

У 2024 годзе аклад Роскач у «Белглобалстарце» быў каля 2 тысяч рублёў за месяц да выліку ФСАН і падаходнага падатку. Яшчэ 407 рублёў яна атрымлівала ад «Фудкам’юніці». За 6 год працы фірмы Цяцерына налічылі дзяўчыне «бруднымі» сумарна амаль 110 тысяч беларускіх рублёў.

 

Звыш таго Аліна Роскач атрымлівае яшчэ і сціплы заработак у «Міравіжн» – 703,5 беларускага рубля брута штомесяц. З 2021 па 2024 гады кампанія налічыла ёй 20,5 тысячы беларускіх рублёў.

 

Сярод спадарожніц Аляксандра Лукашэнкі журналісты нярэдка заўважалі і сяброўку Аліны Роскач – ураджэнку Нясвіжа Дар’ю Краўчук.

 

DARIA KRAVCHUK

Дар’я Краўчук з Аляксандрам Лукашэнкам на дабрачынным мерапрыемстве «Нашы дзеці». Крыніца: president.gov.by

 

У 2017 годзе, тады студэнтка журфака БДУ, заваявала тытул першай віцэ-міс конкурсу прыгажосці «Міс Вясна». Ужо ў снежні 2018 года Краўчук сядзела па правую руку ад Лукашэнкі на дабрачынным свяце «Нашы дзеці». У тым жа месяцы яе запрасілі на навагодні баль у Палацы незалежнасці. У канцы жніўня 2019 года Дар’я Краўчук узяла ўдзел у традыцыйным зборы кавуноў пад кіраўніцтвам палітыка, а ў верасні суправаджала Лукашэнку і яго малодшага сына Мікалая на хакейным матчы КХЛ.

 

Згодна са звесткамі, якія «Бюро» атрымала ад «Кіберпартызан», з кастрычніка 2019 года Дар’я Краўчук лічылася супрацоўніцай фірмы «Тытунь-Інвест», якой сувалодае «кашалёк» Лукашэнкі Павел Тапузідзіс.

 

У чэрвені 2023 года Дар’я Краўчук выйшла замуж і змяніла прозвішча на Марчанка. У сваім інстаграм-акаўнце дзяўчына пазіцыянуе сябе як дызайнерку інтэр’ераў, аднак як мінімум да студзеня 2024 года яна працягвала працаваць у «Тытунь-Інвест».

 

Мы пазванілі Дар’і Краўчук, і дзяўчына расказала нашаму журналісту, што ўсё яшчэ працуе ў «Тытунь-Інвест», але збіраецца звальняцца. Таксама выпускніца журфака ўдакладніла, што ў кампаніі «кашалькоў» Лукашэнкі працавала па спецыяльнасці – адказвала за сувязі з грамадскасцю.

 

У размове з «Бюро» Краўчук адмаўляла, што працу ў «Тытунь-Інвест» атрымала дзякуючы лобі Лукашэнкі, і настойвала, што ўладкавалася ў кампанію сама, па вакансіі:

«[«Тытунь-Інвест»] – гэта мая не першая праца, я да гэтага яшчэ працавала і ў банку. І трапіла я сюды [у «Тытунь-Інвест»] абсалютна сумленным шляхам. Таму не ведаю, якія да мяне пытанні?»

 

 

З ЛОЖЫ Ў ЛОЖАК?

«Машачка, хадзі сюды, дзетка. Сядзь, паглядзім, як ты будзеш у «Купалаўскім» глядзецца» сказаў Аляксандр Лукашэнка Марыі Васілевіч падчас візіту ў музей калгаса «Радзіма» ў 2018 годзе.

 

«У «Купалаўскім»?» – удакладніла дзяўчына.

 

«А дзе? У «Купалаўскае» паедзеш», – пацвердзіў Лукашэнка.

Зрэшты, як Васілевіч глядзелася б у шклоўскім калгасе – верагодна, мы ніколі так і не даведаемся. Бо ёй быў падрыхтаваны зусім іншы лёс.

 

MARIA VASILEVICH

Марыя Васілевіч і Аляксандр Лукашэнка на навагоднім балі ў Палацы незалежнасці. Крыніца: president.gov.by

 

За трыумфам 21-гадовай Марыі Васілевіч на конкурсе прыгажосці «Міс Беларусь – 2018» Аляксандр Лукашэнка назіраў асабіста з глядацкай залі. Па ўсёй бачнасці, дзяўчына настолькі зачаравала кіраўніка Беларусі, што на нейкі час нават стала яго бяззменнай спадарожніцай і фаварыткай № 1.

 

З тых часоў Васілевіч раз-пораз мільгала ў кампаніі Лукашэнкі. Яна ўдзельнічала ў рэспубліканскім суботніку на «Лініі Сталіна», суправаджала яго на цырымоніях і спаборніцтвах Другіх еўрапейскіх гульняў, «Славянскім базары» ў Віцебску і святкаванні тысячагоддзя Брэста. На хакейным матчы мінскага «Дынама» кіраўнік Беларусі ў парыве радасці ўвогуле абняў тытулаваную прыгажуню.

«У мяне была дзіцячая мара стаць тэлевядоўцай», расказвала «міс Беларусь» журналістам.

У маі 2019 года Васілевіч такі патрапіла на блакітны экран – стала сувядоўцай праграмы «Добрай раніцы, Беларусь!» на тэлеканале «Беларусь 1». А ўжо ў лістападзе – самай маладой дэпутаткай таго склікання ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

 

За час свайго дэпутацтва яна пралабіравала закон «Аб адказным абыходжанні з жывёламі», які Палата прадстаўнікоў прыняла ў лютым 2024 года. Праца Марыі Васілевіч на пасадзе дэпутаткі ў перыяд са снежня 2019 па сакавік 2024 года абышлася дзяржбюджэту сумарна ў 213 тысяч беларускіх рублёў брута.

 

Мандат Васілевіч скончыўся ў 2024 годзе, і яна абвясціла, што балатавацца на другі тэрмін не будзе. Дзякуючы «Кіберпартызанам» «Бюро» высветліла, як склалася далейшая кар’ера экс-дэпутаткі.

 

У красавіку 2024 года Васілевіч зарэгістравала кампанію «Амалем», якая будзе займацца аптовым гандлем фармацэўтычных, ветэрынарных, медыцынскіх і артапедычных тавараў. Ва ўласнасці былой прадстаўніцы заканадаўчай улады 49% акцый. 51% фірмы запісаны на Алену Казак – асабістую доктарку анестэзіёлага-рэаніматолага Лукашэнкі. Нядаўна «Бюро» расказвала пра Казак у расследаванні «Цені вакол улады».

ВЫПІСКА З АДЗІНАГА ДЗЯРЖАЎНАГА РЭГІСТРА ЮРЫДЫЧНЫХ АСОБ І ІНДЫВІДУАЛЬНЫХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ РБ – ТАА «АМАЛЕМ»
AMALEM_1
AMALEM_2

Наш журналіст патэлефанаваў Марыі Васілевіч, каб даведацца, чаму экс-дэпутатка вырашыла заняцца фармацэўтычным бізнэсам. У размове з «Бюро» Васілевіч адмаўляла сваё дачыненне да «Амалем»:

«Вы памыляецеся. У вас недакладныя звесткі».

Пытанне, што звязвае Васілевіч з доктаркай Лукашэнкі Аленай Казак, дзяўчына пакінула без адказу.

 

У 2024 годзе «Амалем», мяркуючы па бухгалтарскай справаздачнасці, не вёў фактычнай дзейнасці і прыбытку ніякага не было. Аднак кампанія атрымала крэдыт у 1,6 мільёна беларускіх рублёў.

 

Акрамя таго, з ліпеня 2024 года Марыя Васілевіч лічыцца вядучай спецыялісткай па камерцыйнай дзейнасці ў прыватнай кампаніі «Лігматон». Да жніўня 2024 года яе кантралявалі сем’і тытунёвых магнатаў – Паўла Тапузідзіса і Віктара Пятровіча.

 

 

GENDER GAP

Як бачым, дзякуючы «набліжанасці да цела» Аляксандра Лукашэнкі часовыя спадарожніцы палітыка імкліва прасоўваюцца па кар’ернай лесвіцы, атрымліваючы даходныя пасады ў дзяржаўных структурах і прыватных фірмах набліжаных да ўлады бізнэсоўцаў.

«Гэтыя дзяўчаты – ахвяры абставінаў. Яны бачаць гэтую вось патрыярхальную аўтарытарную сістэму і абсалютна не думаюць, што яны могуць нешта ў ёй змяніць, а толькі прыстасавацца да гэтай сістэмы», – лічыць гендарная даследчыца Ірына Сідорская.

Практычна ўсе гераіні гэтага матэрыялу – «ветэранкі» конкурсаў прыгажосці. «Бюро» спытала ў асветніцы на тэму гендарнай роўнасці Марыны Ментусавай, чаму для Лукашэнкі можа быць важна, каб у яго атачэнні знаходзіліся не проста маладыя красуні, а менавіта «сертыфікаваныя» ўдзельніцы конкурсаў прыгажосці:

«Гэта нейкая гульня на эга, што яны павінны паспаборнічаць за яго – ён прыйшоў глядзець «на коней» – ён ставіцца да іх так. Плюс важна, каб усе іншыя ўбачылі, чаму яна мае права займаць месца побач з ім у ложах. Што яна не проста нейкая дзяўчынка з Інстаграма, а пераможніца нацыянальнага конкурсу прыгажосці».

На думку гендарнай даследчыцы Ірыны Сідорскай, тое, што экс-фаварыткі Лукашэнкі «дасягнулі кар’ерных вышынь», зусім не выпадковасць, а хутчэй заканамернасць. Бо беларускія ўлады актыўна прасоўваюць наратыў: прыгажосць, маладосць і пакора = «сацыяльны ліфт» для жанчыны:

«Ролевыя мадэлі [жанчыны], якія, у прынцыпе, падабаюцца ўладзе: жанчыны добра выглядаюць, усміхаюцца, але перадусім паслухмяныя – не заяўляюць пра сваё асабістае меркаванне, пра сваю аўтаномію, пра свой погляд на свет. [Конкурс прыгажосці ў Беларусі] падаюць менавіта вось як такі адзін з самых галоўных сацыяльных ліфтаў [для жанчыны]: калі вы будзеце такімі, то вось у вас можа быць вельмі зайздросная кар’ера, лёс і гэтак далей».

Фемактывістка Наста Базар у размове з «Бюро» акрэсліла як адну з самых вострых праблем конкурсаў прыгажосці аб’ектывацыю жанчын:

«Галоўнае [на конкурсах прыгажосці] – фіксацыя каштоўнасці жанчыны на знешнасці. Першасная – канвенцыянальная прыгажосць, толькі потым, магчыма, цябе паслухаюць. То бок каштоўнасць [жанчыны] абмяжоўваецца яе вонкавымі параметрамі, ігнаруюцца дасягненні, розум і лідарскія якасці. Таксама конкурсы прыгажосці ўмацоўваюць культуру параўнання, у якой без канвенцыйна прымальнай прыгажосці жанчыны не могуць дасягнуць поспеху ў прафесійных сферах. Улічваючы нармалізацыю ўзроўню гвалту ў краіне, аб’ектывацыя жанчын робіцца асабліва небяспечнай, бо жанчыны яшчэ больш успрымаюцца як інструмент, а не як суб’ект. Прычым як для «іміджу» краіны, так і для задавальнення прыватных сэксуалізаваных жаданняў».

Як паказала нашае расследаванне, імклівы ўздым па кар’ернай лесвіцы гераінь матэрыялу неаддзельны ад асабістага кантакту з Аляксандрам Лукашэнкам. Апытаныя намі эксперткі настойваюць, што такая форма «дамовы» не што іншае, як злоўжыванне ўладай.

«Многія беларускія феміністкі называюць гэта праявай маштабнага дзяржаўнага гвалту. Таму што гэта прымус жанчын да таго, чаго яны могуць не хацець. Дзяўчына, якая перамагла ў конкурсе «Міс Беларусь», можа толькі пасля гэтай перамогі даведацца пра асаблівыя «прывілеі», якія будуць дараваныя ёй. Проста яна ад іх адмовіцца не зможа. Ужо. Пасля конкурсу прыгажосці [Лукашэнка] бярэ на працу чалавека без кампетэнцыі, проста з асабістых сваіх жаданняў і ўпадабанняў. І ён мае абсалютна поўнае права гэтым чалавекам кіраваць, таму што ад яго залежыць кар’ера гэтых дзяўчат. Гэта на 100% злоўжыванне ўладай», – упэўненая Марына Ментусава.

Нацыянальная школа прыгажосці – гэткая неафіцыйная кузня «кадраў» для асабістай світы Лукашэнкі. Менавіта гэтая арганізацыя, якая спансуецца з дзяржаўнага бюджэту, займаецца пошукам кандыдатак для «Міс Беларусь» і фармуе «батальён» службы дзелавога пратакола, якая, па вялікім рахунку, займаецца «рэпрэзентацыяй» Лукашэнкі на палітычнай арэне.

«Працаўладкаванне дзяўчат [з Нацыянальнай школы прыгажосці] у службу пратакола – гэта прыклад інструменталізацыі жаночай прыгажосці для ўмацавання вобразу ўлады. Гэта выкарыстанне, эксплуатацыя, па сутнасці, жаночай прыгажосці і знешнасці для палітычнага іміджу Лукашэнкі», – пракаментавала нашаму журналісту Марына Ментусава.

«У службу пратакола трапляюць менавіта па двух крытэрах: знешнасць і лаяльнасць. А лаяльнасць на ўзроўні жанчын – гэта паслухмянасць, каб яна паводзіла сябе як дзяўчынка, якая слухаецца дарослых дзядзькаў, якія лепей ведаюць, як усё павінна быць уладкавана, а яна будзе выконваць тое, што ёй скажуць. Гэта паказвае жанчын як абслуговы персанал, як тых, хто займаецца сэрвіснымі функцыямі – не як суб’екты, не як людзі з правам голасу, з палітычнай пазіцыяй і гэтак далей. Жаночая знешнасць – гэта такі сацыяльны капітал для краіны», – лічыць гендарная даследчыца Ірына Сідорская.

Даданні па тэме