546 чалавек – абноўлены лік загінулых на вайне беларусаў
«Бюро» і Беларускі расследавальніцкі цэнтр атрымалі доступ да новых дадзеных пра смерці з уцечкі Расстата. У выніку спіс загінулых на вайне беларусаў павялічыўся на некалькі дзясяткаў чалавек.
Першапачаткова ў ім было 487 беларусаў. Пры складанні першага спіса ў нас быў доступ толькі да файлаў з расійскага Адзінага дзяржаўнага рэестра запісаў актаў грамадзянскага стану (АДР ЗАГС). Цяпер мы атрымалі больш актуальныя звесткі пра смерці з расійскай сістэмы міжведамаснага электроннага ўзаемадзеяння (СМЭУ).
У базе СМЭУ мы знайшлі запісы пра 58 беларускіх грамадзян, якія загінулі падчас ваенных дзеянняў у прыфрантавых раёнах з лістапада 2024 года па верасень 2026 года. З базы АДР ЗАГС мы дадалі яшчэ аднаго беларуса, адносна якога атрымалі пацвярджэнне з уцечкі пра гібель «у зоне правядзення спецыяльнай ваеннай аперацыі».
Такім чынам, апублікаваны раней спіс папоўніўся 59 чалавекамі. Цяпер у ім 546 асоб з беларускім грамадзянствам і месцам жыхарства, якія загінулі на вайне і ў прыфрантавых раёнах з лістапада 2022 года па верасень 2026 года. У наш спіс не ўвайшлі загінулыя з неўстаноўленым месцам смерці, а таксама ўраджэнцы Беларусі з замежным грамадзянствам.
Дакладныя страты яшчэ трэба будзе ацаніць
Расійскія дадзеныя могуць быць няпоўнымі, таму што рэгістрацыя смерцяў адбываецца з затрымкай. Пры гэтым украінскі бок мае свае дадзеныя, якія толькі часткова супадаюць з расійскімі.
У кастрычніку мінулага года ўкраінскі праект «Хочу жить» апублікаваў спіс з 314 загінулых беларусаў, якія ваявалі на баку Расіі. «Кіберпартызаны» зверылі гэты спіс са сваімі дадзенымі. 22 чалавекі яны не здолелі ідэнтыфікаваць як грамадзян Беларусі. 80 смерцяў знайшліся ў базе Расстата і беларускіх рэестрах. Такім чынам, хактывісты вылучылі больш за 200 чалавек, якія ёсць ва ўкраінскім спісе, але адсутнічаюць у расійскіх статыстычных звестках.
У праекце «Хочу жить» растлумачылі розніцу ў спісах загінулых асаблівасцямі іх уліку.
«Наколькі нам вядома, дадзеныя Расстата ўтрымліваюць толькі зарэгістраваных загінулых і не ўлічваюць зніклых без вестак. Затое ў апублікаваныя намі спісы стратаў сярод грамадзян Рэспублікі Беларусь, імаверна, трапілі абедзве катэгорыі, бо расійскія камандзіры, якія вядуць такі ўлік, запісвалі ў іх усе незваротныя страты на той момант», – патлумачылі «Бюро» ў «Хочу жить».
Паводле іх апошніх звестак, на вайне ва Украіне загінула і прапала без вестак 357 беларускіх грамадзян. Ад крыніц у расійскай арміі «Хачу жыць» атрымлівае дадзеныя пра замежнікаў, якія падпісалі кантракты з міністэрствам абароны РФ. Сярод іх – сама меней 4772 грамадзяніны Беларусі.
