Засакрэчаныя дадзеныя з Расіі: з 2022 года на вайне загінулі больш за 480 беларусаў
Сотні беларусаў загінулі ў расійска-ўкраінскай вайне ў перыяд з 2022 па 2026 год. Гэта вынікае з расійскіх статыстычных дадзеных, якія вывучыла «Бюро» сумесна з Беларускім расследавальніцкім цэнтрам (БРЦ).
Інфармацыя была перададзеная журналістам хактывісцкімі групамі «Кіберпартызаны» і Silent Crow. Раней яны абвясцілі, што ўзламалі Федэральную службу дзяржаўнай статыстыкі Расіі (Расстат) і сярод іншага спампавалі базу дадзеных запісаў аб смярцях з загсаў.
Мы выбралі з гэтай базы асоб з беларускім грамадзянствам і адрасам пражывання, якія загінулі ў прыфрантавых раёнах і падчас ваенных дзеянняў.
Паводле нашых падлікаў, іх агульная колькасць складае 487 чалавек. Найбольшая колькасць грамадзян Беларусі загінула ў 2025 годзе — 319 чалавек. Найчасцей грамадзяне Беларусі гінулі ў самаабвешчаных Данецкай народнай рэспубліцы і Луганскай народнай рэспубліцы. Найбольш частыя месцы смерці – Крамянная (Луганская вобласць), Шандрыгалова (Данецкая вобласць) і Рабоціна (Запарожская вобласць).
Пакуль няма поўнай карціны страт. Раней украінскі праект «Хочу жить» публікаваў спіс беларусаў, якія загінулі на баку Расіі. Мы знайшлі супадзенні са звесткамі Расстата – з 314 запісаў ва ўкраінскім спісе больш за 60 супалі з расійскімі дадзенымі. Аднак ва ўкраінскі спіс уключаныя і тыя беларусы, якія не згадваюцца ў расійскіх дадзеных пра загінулых у вайне.
КОЛЬКІ БЕЛАРУСАЎ ВАЮЮЦЬ ЗА РАСІЮ І ЧАМУ ЯНЫ ІДУЦЬ НА ВАЙНУ?
Паводле дадзеных украінскай ваеннай выведкі, з 2022 года больш за тысячу грамадзян Беларусі падпісалі кантракты з расійскай арміяй, паведамляў БРЦ.
Аналітыкі вылучаюць некалькі прычын, чаму беларусы ідуць ваяваць за Расію. Для некаторых гэта магчымасць палепшыць свой фінансавы стан. За кантракт з расійскай арміяй некаторыя рэкрутары прапануюць аднаразовую выплату ў 27 тысяч долараў, а штомесячныя выплаты пачынаюцца ад 2660 долараў.
Іншых вярбуюць на вайну з турмаў і папраўчых калоній Расіі. У гэтым выпадку гаворка ідзе пра беларусаў, якія здзейснілі злачынствы ў Расіі і адбываюць там пакаранне.
«Ім не проста прапануюць, а ствараюцца ўмовы, каб яны не маглі адмовіцца. На іх аказваюць ціск, каб яны падпісвалі кантракты і ішлі ваяваць», – распавёў «Бюро» Аляксандр Кабанаў, прадстаўнік ініцыятывы BelPol, які размаўляў з палоннымі беларусамі.
Трэцяя група ідзе на вайну з ідэалагічных прычын, бо падтрымлівае палітыку цяперашніх расійскіх улад.
Паводле «Кіберпартызан», сярод беларускіх наймітаў шмат людзей з судзімасцю, былых супрацоўнікаў МУС і КДБ.
