Truck Dealers
Пярэпалах у коле беларускіх аўтаперагоншчыкаў. Польшча, Латвія і Літва перасталі пускаць некаторыя машыны з Еўропы ў Беларусь. Гэта было зроблена, каб спыніць перапродаж люксавай тэхнікі ў Расію. Пра шэрыя схемы мы ўпершыню расказалі ў канцы мінулага года.
У нашым новым расследаванні мы раскажам яшчэ пра адну катэгорыю еўрапейскіх аўтамабіляў, якая робіць касу беларускім пасярэднікам, – грузавікі. Акрамя таго, мы раскрыем сетку кампаній у Еўропе, Беларусі і Расіі, якія возяць легкавыя аўто ў абыход санкцый. Але гэтым разам давайце пачнем з цяжкай тэхнікі.
У АБ’ЕЗД
Беларускі бізнэсовец і тытулаваны барэц Ігар Дзятко святкуе поспех. Яго новая кампанія скончыла год з добрымі фінансавымі паказчыкамі. Выручка перавысіла 14 мільёнаў долараў, а чысты прыбытак – 14 тысяч долараў. Дзятко займаецца гандлем аўтамабілямі каля дзесяці гадоў, але яго бізнэс заўважна стрэліў у мінулым годзе.
Расійская кампанія Дзятко пад назвай «Аўтабай» імпартуе легкавыя і грузавыя аўтамабілі заходніх брэндаў, якія падпалі пад санкцыі Еўрасаюза. Трэйдар актыўна рэкламуе актуальныя пастаўкі ў сацыяльных сетках. Сярод свежых паступленняў – новенькія цягачы Mercedes-Benz Actros L і Volvo FH 500. Машыны прыехалі з Еўропы. «Аўтабай» – не адзіны гулец на гэтым рынку.
Цягач Volvo. Крыніца: volvogroup.com
Падсанкцыйныя еўрапейскія грузавікі ў Расію возяць дзясяткі беларускіх кампаній, вынікае з мытных дадзеных, якія мы маем. Сярод папулярных аўтамабільных брэндаў – Volvo, Scania, Mercedes-Benz, DAF, MAN, Renault. Краінай паходжання грузавікоў пазначаныя Швецыя, Бельгія, Нідэрланды, Францыя, Германія, Польшча.
Пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну Еўрапейскі саюз забараніў прадаваць грузавікі ў Расію і Беларусь, але тэхніка трапляе ў гэтыя краіны ў абыход санкцый.
Дзякуючы хітрым схемам у 2023 годзе з Беларусі ў Расію пастаўленыя больш як 600 цягачоў на 60 мільёнаў долараў. У тройку лідараў увайшлі «Белшынгандальсэрвіс», «Аўтабай Лізінг» і «НМП Лагістык». Яны падзялілі між сабой амаль 60% шэрага аўтарынку, што істотна палепшыла іх дабрабыт.
МАЛАДАЯ, АЛЕ ДЗЁРЗКАЯ
На трэцім месцы ў нашым рэйтынгу – беларуская кампанія «НМП Лагістык». Яна з’явілася літаральна праз пару месяцаў пасля ўвядзення еўрапейскіх санкцый. За год ейная выручка вырасла ў 10 разоў – да 7 мільёнаў долараў, а чысты прыбытак павялічыўся ў пяць разоў – да 47 тысяч долараў.
Дырэктар і адзіны ўладальнік «НМП Лагістык» – ураджэнец Кобрына Глеб Чарнышоў.
Летась яго кампанія пастаўляла ў Расію грузавікі Volvo, Mercedes-Benz, DAF і MAN. Агульная сума паставак – звыш трох мільёнаў долараў.
Глеб Чарнышоў. Крыніца: cargonomica.com
Адзіны пакупнік грузавікоў у Расіі – кампанія «Пра Аўто». У мінулым годзе яна паказала рэкордную выручку ў 10 мільёнаў долараў і ўпершыню за доўгі час скончыла год з чыстым прыбыткам у 300 тысяч долараў. «Пра Аўто» ўваходзіць у «ПП-Холдынг», які звязваюць з буйной нафтавай кампаніяй «Татнефць».
Дырэктар і сузаснавальнік «ПП-Холдынга» – бізнэсовец Аляксандр Праскурын.
«Раз няма санкцый паміж Расіяй і Беларуссю, то іх немагчыма абыходзіць. Абыходзіць можна тое, што існуе, а чаго няма – таго няма», – напісаў у адказ на нашыя пытанні Праскурын.
Ён запэўніў, што не знаёмы з кіраўніцтвам «НМП Лагістык». Паводле яго слоў, беларуская кампанія ніяк не звязаная з «Пра Аўто». Але мы даведаліся, што гэта не так.
Пры рэгістрацыі кампаніі «НМП Лагістык» яе дырэктар і ўладальнік Глеб Чарнышоў у кантактных звестках пазначыў электронную пошту з даменным імем pro.auto. Гэта сайт кампаніі «Пра Аўто», дзе Чарнышоў быў пазначаны начальнікам юрыдычнага аддзела. Згодна з мытнымі дадзенымі, беларуская кампанія «НМП Лагістык» пастаўляла санкцыйную тэхніку толькі для «ПП-Холдынга». Чарнышоў звязаны з абедзвюма кампаніямі.
«Мы цяпер не займаемся больш такім [пастаўкамі еўрапейскіх грузавікоў у Расію], таму што ёсць пэўныя абмежаванні з боку дзяржавы. Гэта закрытая інфармацыя. Я не хачу каментаваць», – сказаў «Бюро» Глеб Чарнышоў.
ЭКСПАРТНАЕ АГЕНЦТВА
Другі буйны пастаўшчык еўрапейскіх цягачоў у Расію – беларуская фірма «Аўтабай Лізінг». На яе зарэгістраваны сайт autoby.by, які працуе як агрэгатар па продажы аўтамабіляў з рук і з салонаў ва ўсёй Беларусі. Летась выручка «Аўтабай Лізінга» вырасла ў шэсць разоў – да 15 мільёнаў долараў, чысты прыбытак павялічыўся амаль у 22 (!) разы – да 1 мільёна долараў.
Уладальнік «Аўтабай Лізінга» – ураджэнец Крыма з беларускім пашпартам Сяргей Лытко.
Яшчэ ў 2012 годзе ён заснаваў у Смаленску гандлёвую кампанію «Дакладныя пастаўкі». З часам яна разраслася да холдынга з філіяламі ў Расіі, Беларусі, Казахстане, Кыргызстане і Узбекістане. Група кампаній спецыялізуецца на экспартна-імпартных аперацыях.
Сяргей Лытко. Крыніца: nds.kg
«Мы не брокеры, не лагісты, не транспартная кампанія. Мы – экспартнае агенцтва, якое дапаможа [...] прадаць ваш тавар у любую кропку свету», – сказана на сайце холдынга.
Летась «Аўтабай Лізінг» пастаўляў у Расію цягачы пад брэндамі Volvo, DAF, MAN, Scania і Renault. Агульная сума паставак – звыш 5,8 мільёна долараў.
«Я ў гэтай дзейнасці [пастаўкі еўрапейскіх грузавікоў у Расію] непасрэдна не ўдзельнічаю, таму цяпер не магу пракаментаваць», – сказаў «Бюро» Сяргей Лытко.
Адзіны пакупнік грузавікоў у «Аўтабай Лізінга» – беларускі бізнэсмен і былы спартовец Ігар Дзятко і яго кампанія «Аўтабай». Мы іх згадвалі ўпачатку. «Аўтабай» імпартуе легкавыя і грузавыя аўтамабілі заходніх брэндаў, якія падпалі пад санкцыі Еўрасаюза. Дзятко быў дырэктарам беларускай кампаніі «Аўтабай Лізінг» з красавіка 2022-га па ліпень 2023 года. То бок, продаж тэхнікі з Беларусі ў Расію, як і ў выпадку з «НМП-Лагістык», праводзілася праз звязаныя фірмы.
Ігар Дзятко кінуў слухаўку, калі пачуў нашыя пытанні пра пастаўкі еўрапейскіх аўтамабіляў у Расію.
ЗМЯНІЛІ ШЫНЫ
Самы буйны пастаўшчык еўрапейскіх грузавікоў у Расію – беларуская кампанія «Белшынгандальсэрвіс». Яна ўжо амаль 30 гадоў гандлюе шынамі, дыскамі, акумулятарнымі батарэямі, аўтазапчасткамі, аўтамабілямі і спецыяльнай тэхнікай. Яе кліенцкая база налічвае больш за 10 тысяч кампаній. Пасля пратэстаў 2020 года ў Беларусі «Белшынгандальсэрвіс» пастаўляў шыны для Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, міліцыі, Ваеннай акадэміі, вайсковых частак, прадпрыемстваў Упраўлення спраў Лукашэнкі.
Летась выручка кампаніі вырасла ў пяць разоў – амаль да 46 мільёнаў долараў. Чысты прыбытак павялічыўся ў 24 (!) разы – да 390 тысяч долараў.
«Белшынгандальсэрвіс» прадаваў у Расію цягачы пад брэндамі Volvo, Scania, Mercedes-Benz, DAF, MAN, Renault. За мінулы год аб’ёмы ягоных паставак перавысілі 26 мільёнаў долараў. Сярод пакупнікоў – расійскія кампаніі, якія гандлююць аўтамабілямі.
Бенефіцыярам «Белшынгандальсэрвіса» з’яўляецца беларускі бізнэсовец Уладзімір Сержановіч.
Ён расказаў «Бюро», што падтрымлівае санкцыі, уведзеныя з-за ўварвання Расіі ва Украіну. Паводле ягоных слоў, трэба змагацца з кампаніямі, што займаюцца пастаўкамі ў Расію тавараў двайнога прызначэння, якія могуць быць выкарыстаныя на вайне. Пры гэтым калі гаворка ідзе пра пастаўкі спажывецкіх тавараў, то ў гэтым няма нічога кепскага, лічыць бізнэсовец.
«У мяне ў кампаніі працуе 200 чалавек, у мяне крэдыты і таму падобнае. Раскажыце, як мне плаціць зарплаты і карміць гэтых людзей. Што мне, зачыніцца і ўвогуле не гандляваць нічым?! Што мне, памерці?!» – сказаў Сержановіч.
Уладзімір Сержановіч. Крыніца: probusiness.io
Ён пацвердзіў, што «Белшынгандальсэрвіс» прадае еўрапейскія грузавікі ў Расію, але не лічыць такія пастаўкі абыходам санкцый.
«Мы не працуем з Еўрасаюзам. Мы працуем унутры Еўразійскага эканамічнага саюза. Там гэтыя машыны перамяшчаюцца свабодна, там няма абмежаванняў. А як яны туды [у ЕАЭС] заехалі, хрэн яго ведае», – сказаў Сержановіч.
Мы праверылі VIN-коды грузавікоў, якія «Белшынгандальсэрвіс» пастаўляў у Расію з Беларусі. Як высветлілася, некаторыя цягачы пабывалі да гэтага ў Літве. Адтуль яны нібыта паехалі ў Казахстан, але ў выніку трапілі ў Расію. Класічная схема па абыходзе санкцый.
ШЧЫРАЕ ПРЫЗНАННЕ
Усе тры кампаніі з нашага топа акрамя грузавікоў прадавалі ў Расію і легкавыя аўтамабілі. Раней мы расказвалі, хто стаіць за такімі пастаўкамі. Цяпер нам удалося даведацца пра падрабязнасці, як арганізаваны такі бізнэс. У ланцужку паставак задзейнічаныя кампаніі з чатырох краін – Германіі, Літвы, Беларусі і Расіі.
Пацвярджэнне гэтаму мы знайшлі ў дакументах расійскага суда. Адзін з фігурантаў нашага расследавання паскардзіўся туды на дзеянні мытні. Гаворка ідзе пра кампанію «Аўтабай», якой валодае беларус Ігар Дзятко. Летась «Аўтабай» закупляла ў беларускай фірмы «Аўтабай Лізінг» легкавыя аўтамабілі Volkswagen, Mercedes-Benz, BMW, Audi, Lamborghini, Porsche, Ferrari і іншыя. Агульная сума паставак – звыш 3,5 мільёна долараў.
Адна з такіх паставак прыцягнула ўвагу мытні. «Аўтабай» купіў у «Аўтабай Лізінга» легкавы аўтамабіль Toyota, зроблены на заводзе японскага канцэрна ў Еўропе. Мытнікі палічылі цану ў пяць мільёнаў расійскіх рублёў (амаль 65 тысяч еўра) заніжанай і скарэктавалі яе. Кампанія «Аўтабай» аспрэчыла рашэнне мытні і выйграла суд.
З судовых дакументаў стала вядома, як аўтамабіль трапіў у Беларусь. «Аўтабай Лізінг» купіў яго ў літоўскай кампаніі Skani Siunta. А літоўская кампанія прывезла машыну з Германіі. Skani Siunta купіла яе ў нямецкай фірмы AZN Auto Zentrum Nord GmbH & Co. KG. Гэта аўтасалон у горадзе Хемніц, які актыўна гандлюе аўтамабілямі.
Суду «Аўтабай» патлумачыў, чаму аўтамабіль трапіў у Расію праз такі доўгі ланцужок кампаній.
«З-за ўвядзення дзяржавамі ЕС санкцый у дачыненні да РФ і яе рэзідэнтаў [...] для імпарту транспартных сродкаў на тэрыторыю Расіі ТАА «Аўтабай» супрацоўнічае з пасярэдніцкімі кампаніямі ў Беларусі і ЕС», – сказана ў дакументах.
То бок, кампанія прызналася, што абыходзіць санкцыі з дапамогай пасярэднікаў з Літвы і Беларусі.
Па дарозе з Германіі ў Расію цана аўтамабіля Toyota вырасла на 3600 еўра. «Аўтабай Лізінг» за пасярэдніцкія паслугі ўзяў 63 еўра. У нямецкай кампаніі AZN Auto Zentrum Nord GmbH & Co. KG паведамілі, што не прадаюць машыны ў Расію. Дырэктар Skani Siunta не адказаў на запыт.
ПЯРЭПАЛАХ НА МЯЖЫ
Пасля выхаду нашага расследавання пра люксавыя машыны еўрапейскія мытнікі ўзмацнілі захады кантролю на мяжы. Ад грузаадпраўніка і грузаатрымальніка могуць запатрабаваць дадатковы пакет дакументаў. Да прыкладу, дэкларацыю вытворцы і абгрунтаванне логікі маршруту. То бок, удзельнікі ўгоды павінны пацвердзіць, што падсанкцыйны аўтамабіль не асядзе ў Расіі.
«Фактычна гэта ўвядзенне механізму кантролю за эфектыўным выкананнем ужо прынятых абмежаванняў», – расказаў «Бюро» прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка, адказны за санкцыйны націск.
У канцы сакавіка літоўская мытня затрымала аўтамабіль BMW X1, якім кіраваў беларус. Праверка паказала, што ён перавозіў зарэгістраваны ў ЕС аўтамабіль у трэція краіны з камерцыйнымі мэтамі. Парушальніку пагражае штраф і канфіскацыя аўтамабіля.
Затрыманы аўтамабіль BMW на мяжы. Крыніца: lrmuitine.lt
«Мытная служба можа ажыццяўляць любы мытны кантроль, які яна палічыць неабходным. Ён можа ўключаць, у прыватнасці, агляд тавараў, адбор узораў, праверку дакладнасці і паўнаты звестак, пазначаных у дэкларацыі, праверку сапраўднасці дакументаў, агляд транспартных сродкаў, афіцыйныя запыты і іншыя падобныя дзеянні», – паведамілі Siena ў літоўскай мытні.
Звычайныя грамадзяне не павінны пацярпець ад узмацнення кантролю на мяжы, бо еўрапейскія машыны не забаронена ўвозіць у Беларусь. Праверкі скіраваныя ў першую чаргу на пасярэднікаў, якія перапрадаюць еўрапейскую тэхніку ў Расію.
У пачатку гэтага года мытныя органы Літвы, Латвіі і Эстоніі дамовіліся ўзмацніць кантроль грузаў на мяжы з Беларуссю і Расіяй, каб прадухіліць пастаўкі тавараў у абыход санкцый. Дзейснай мерай у гэтым кірунку эксперты лічаць уніфікацыю абмежаванняў супраць Беларусі і Расіі.
«Любая санкцыйная мера, прынятая супраць Расіі, павінна быць прымененая і супраць рэжыму Лукашэнкі, бо любая розніца дае магчымасць для з’яўлення пралазаў з боку Лукашэнкі, віртуознага кантрабандыста на дзяржаўным узроўні», – сказаў Латушка.
Паводле падлікаў нарвежскай кансалтынгавай арганізацыі Corisk, ёсць больш за тры тысячы тавараў, якія нельга экспартаваць у Расію, але можна спакойна прадаць у Беларусь. Сярод такіх тавараў – пазадарожнікі, якія могуць выкарыстоўвацца ў вайне супраць Украіны.
«Каб экспартны кантроль быў эфектыўным, санкцыі ў дачыненні да Беларусі павінны быць люстэркавым адбіткам санкцый у дачыненні да Расіі. Сёння беларускі пралом дастаткова вялікі, каб армада грузавікоў, легкавікоў і іншых тавараў магла прайсці з Захаду ў Расію і, магчыма, далей на палі бою ва Украіне», – сказаў старшы дарадца Нарвежскага Хельсінкскага камітэта Оге Боркгрэвінк.
Беларусь з’яўляецца своеасаблівымі варотамі на шляху санкцыйных тавараў з Еўропы ў Расію. Паводле звестак Corisk, у цэлым на нашу краіну прыпадае прыкладна траціна ад ценявога экспарту ў Расію – больш як 10 мільярдаў еўра ў 2022–2023 гадах.
Даданні па тэме
Кампанія Skani siunta дапамагала дастаўляць грузавыя і легкавыя аўтамабілі ў абыход санкцый ЕЗ