Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Эксперты: Праз Беларусь праходзіць траціна ад ценявога экспарту ў Расію

Агалоска ламае схемы абыходу санкцый або як мінімум робіць іх больш рызыкоўнымі, лічыць старшы эканаміст Кіеўскай школы эканомікі Беньямін Хільгеншток, з якім мы падзяліліся знаходкамі з нашага новага расследавання.

«Вельмі важна рабіць захады супраць пасярэднікаў, якія спрыяюць такому гандлю [абыходу санкцый]. Некаторыя такія пасярэднікі з’яўляюцца буйнымі кампаніямі альбо аперуюць вялікімі аб’ёмамі. Вядома, яны могуць адкрыць новыя кампаніі, які працягнуць весці той самы бізнэс. Але абмежавальныя захады супраць іх істотна павялічваюць выдаткі па ўтрыманні падобных сетак для абыходу санкцый», – сказаў Хільгеншток.

На мінулым тыдні мы выпусцілі расследаванне пра тое, як беларускія бізнэсоўцы дапамагалі абсталёўваць расійскія ваенныя прадпрыемствы ў абыход санкцый. Яны выкарыстоўвалі схему лжывага транзіту. Згодна з дакументамі сучаснае абсталяванне для вытворчасці мікрасхем ішло ў Казахстан, але ў дарозе яго перанакіравалі ў Расію.

 

Для абыходу санкцый часта таксама выкарыстоўваецца схема рээкспарту, калі тавар спачатку легальна завозяць у Беларусь, а потым перапрадаюць у Расію. Паводле падлікаў кансалтынгавай арганізацыі Corisk, ёсць больш за тры тысячы тавараў, якія нельга экспартаваць у Расію, але можна спакойна прадаць у Беларусь. Сярод такіх тавараў – пазадарожнікі, якія могуць выкарыстоўвацца ў вайне супраць Украіны.

«Каб экспартны кантроль быў эфектыўным, санкцыі ў дачыненні да Беларусі павінны быць люстэркавым адбіткам санкцый у дачыненні да Расіі. Сёння беларускі пралом дастаткова вялікі, каб армада грузавікоў, легкавікоў і іншых тавараў магла прайсці з Захаду ў Расію і, магчыма, далей на палі бою ва Украіне», – сказаў старшы дарадца Нарвежскага Хельсінкскага камітэта Оге Боркгрэвінк.

Паводле ацэнак экспертаў, Беларусь з’яўляецца своеасаблівымі варотамі на шляху санкцыйных тавараў з Еўропы ў Расію. Паводле звестак Corisk, у цэлым на нашу краіну прыпадае прыкладна траціна ад ценявога экспарту ў Расію – больш як 10 мільярдаў еўра ў 2022–2023 гадах.