Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Фігурант нашага расследавання на радары ў Літоўскай мытні

У Літоўскай мытні пракаментавалі дзейнасць кампаніі Skani siunta, якая дапамагала дастаўляць аўтамабілі ў Беларусь і Расію ў абыход еўрапейскіх санкцый.

«Узгаданая вамі кампанія вядома мытнікам», – адказалі нашым калегам з расследавальніцкага цэнтру Siena.

Skani siunta фігуруе ў нашым расследаванні «Truck dealers». Літоўская кампанія дапамагала абыходзіць еўрапейскія санкцыі супраць Беларусі і Расіі. Гаворка ідзе пра пастаўкі грузавікоў.

 

У сакавіку 2022 года Еўрасаюз забараніў экспартаваць дарожныя цягачы ў Расію і Беларусь. Каб абысці санкцыі, дамовы афармляюць праз Казахстан і Кыргызстан, бо на іх не распаўсюджваюцца абмежаванні. Мы раскрылі сетку кампаній, якія карыстаюцца гэтай шэрай схемай.

 

Так, 11 жніўня 2023 года літоўская кампанія Skani siunta паставіла кыргызскай кампаніі «Лепшыя рашэнні» дарожны цягач DAF XG 480 FT з VIN-кодам XLRTEF5300G415600. Праз тыдзень зроблены ў Нідэрландах грузавік з такім жа ўнікальным нумарам апынуўся на складзе ў Адзінцова. Беларуская кампанія «Аўтабай Лізінг» прадала яго расійскай кампаніі «Аўтабай». Усяго мы выявілі 25 такіх паставак у абыход санкцый у мінулым годзе. Кошт тэхнікі – больш за 2,4 млн долараў.

 

Skani siunta экспартавала ў Беларусь не толькі цягачы, але і легкавікі. Пасля іх перапрадалі ў Расію. У шэрых схемах па абыходзе санкцый бралі ўдзел ужо вядомыя нам кампаніі.

 

Напрыклад, 3 чэрвеня 2023 года літоўская кампанія Skani siunta паставіла беларускай кампаніі «Аўтабай Лізінг» легкавы аўтамабіль Ferrari SF90 Stradale з VIN-кодам ZFF95NMB000291117. Прыкладна праз два тыдні беларуская кампанія «Аўтабай Лізінг» прадала італьянскую машыну з такім жа ўнікальным нумарам расійскай кампаніі «Аўтабай». Усяго мы выявілі 11 паставак легкавых аўтамабіляў па такой жа схеме ў мінулым годзе. Кошт тавараў – звыш 1,8 млн долараў. Як беларусы ганяюць у Расію люксавыя еўрапейскія аўтамабілі, мы падрабязна распавядалі ў расследаванні «Спонсары раскошы».

 

Але сёлета, пад канец чэрвеня, ЕЗ зачыніў гэтую шчыліну, увёўшы новыя санкцыі супраць афіцыйнага Мінску. Цяпер дзейнічае забарона на экспарт з ЕЗ у Беларусь легкавых аўтамабіляў з аб'ёмам рухавіка звыш 1,9 літра і клірансам роўным ці звыш 165 мм. Не выключана, што дастаўцы будуць шукаць іншыя абыходныя шляхі для транспарціроўкі дарагіх машын у Расію, з-за чаго вырасце кошт тэхнікі. Для афармлення дамоваў, як і ў выпадку з грузавікамі, могуць выкарыстоўваць падстаўныя кампаніі з Казахстану, Кыргызстану і іншых краін.