Увага, дзеці!
СІРОТЫ Ў ЗАКЛАДНІКАХ
Беларускай сіраце Альбіне было сем гадоў, калі яна нарэшце займела бацькоў – Сальваторэ і Сабрыну Каруза з Італіі. У 2019 годзе ў межах спецыяльнай праграмы яны прынялі дзяўчынку на аздараўленчы адпачынак і палюбілі як родную. Зразумелі, што расставацца з ёй не хочуць, і пачалі працэс міжнароднага ўсынаўлення. Мінск і Рым узгаднілі яго яшчэ два дзесяцігоддзі таму, і сістэма была адладжаная. На праверкі і бюракратычныя пытанні магло сыходзіць да трох гадоў – аднак Альбіна чакае ўжо шэсць.
Увесь гэты час сямейная пара Каруза сазвоньваецца з дзяўчынкай па відэасувязі – штонядзелю, у адзін і той самы час. Альбіна нязменна пытаецца:
«Калі я змагу прыехаць да вас у Італію, у той прыгожы пакойчык, які вы для мяне падрыхтавалі? Калі ласка, пакіньце ўсё як ёсць, нічога не мяняйце».
Дзяўчынка і не здагадваецца: яшчэ каля 200 беларускіх дзяцей гэтак жа гадамі чакаюць сустрэчы з італьянскімі бацькамі. Пра гэта «Бюро» паведаміла арганізацыя Associazione Adozioni Alfabeto, якая займаецца міжнароднымі ўсынаўленнямі.
Большасць гэтых беларускіх сірот, высветліла «Бюро», старэйшыя за 12 гадоў і маюць праблемы са здароўем. З прытулкаў іх не адпускаюць, таму што рэжым Лукашэнкі бачыць у іх інструмент для палітычных маніпуляцый.
НЕДЗІЦЯЧЫЯ ГУЛЬНІ
Мяркуючы па дадзеных Белстата, праблемы з міжнародным усынаўленнем пачаліся ў 2020 годзе. Калі да гэтага дзеці з’язджалі да прыёмных бацькоў за мяжу дзясяткамі і сотнямі, то пасля лік пайшоў на адзінкі. У 2023 годзе праз працэдуру міжнароднага ўсынаўлення ўвогуле не прайшло ні аднаго дзіцяці. Гэта першы падобны выпадак за апошнія 17 гадоў.
«Бюро» высветліла, што справа – у палітыцы. Калі ў 2020 годзе Аляксандр Лукашэнка пасля прэзідэнцкіх выбараў разгарнуў небывалыя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, Еўрапейскі саюз абарваў з афіцыйным Мінскам кантакты. Сярод іншага, не быў падпісаны гарантыйны ліст аб узгадненні міжнароднага ўсынаўлення паміж Італіяй і Беларуссю. Сіроты, якія пазнаёміліся са сваімі італьянскімі бацькамі, пабывалі ў іх у гасцях і рыхтаваліся да пераезду, захраслі ў дзіцячых дамах.
За дзяцей сталі змагацца іх прыёмныя італьянскія сем’і. Яны некалькі разоў звярталіся да свайго ўраду і патрабавалі прызнаць гарантыйны ліст аб міжнародным усынаўленні адміністрацыйным актам, а не палітычным, каб на гэтай падставе падпісаць яго. Калі ўгаворы не спрацавалі, людзі звярнуліся ў Вярхоўны суд – і той стаў на іх бок.
У кастрычніку 2024 года гарантыйны ліст быў падпісаны старшынём савета міністраў Італіі і накіраваны Лукашэнку. Аднак працэдура міжнароднага ўсынаўлення не аднавілася. Італьянскаму боку прычыны гэтага невядомыя, расказалі «Бюро» прадстаўнікі Associazione Adozioni Alfabeto.
Тады мы звярнуліся па тлумачэнні да беларускага боку.
ДЗЕЦІ ПАД САНКЦЫЯМІ
Пытанні, звязаныя з дзецьмі-сіротамі, у Беларусі курыруе Нацыянальны цэнтр усынаўлення. У тым ліку – працэдуру міжнароднага ўсынаўлення. Яна ў нашай краіне дазволеная, і яе правілы замацаваныя ў Кодэксе аб шлюбе і сям’і.
Аднак дырэктарка цэнтра Таццяна Бялевіч восенню 2024 года ў каментары БелТА заявіла:
«Нашыя дзеці з’язджаюць за мяжу толькі ў тых выпадках, калі мама мяняе месца жыхарства, напрыклад выходзіць замуж за іншаземца. Усё, болей ні ў якіх выпадках дзяцей за мяжу мы не даем».
«Бюро» накіравала афіцыйныя звароты ў Нацыянальны цэнтр усынаўлення і ў Міністэрства адукацыі, якому ён падначальваецца. Мы папрасілі пракаментаваць заявы Бялевіч і сітуацыю з міжнародным усынаўленнем. Нашыя пытанні чыноўнікі праігнаравалі, адказаўшы толькі, што «прынялі іх да ведама».
Тады журналіст «Бюро» пазваніў Таццяне Бялевіч пад выглядам студэнта юрфака БДУ. Чыноўніца адказала, што дамоўленасці аб міжнародным усынаўленні з Італіяй «не спыненыя», але «ў сілу геапалітычных абставін усе працэсы прыпыненыя».
Тады мы спыталі пра дзяцей, якія ўжо больш за пяць гадоў не могуць уз’яднацца з прыёмнымі бацькамі-італьянцамі, хаця іх урад ужо зрабіў усе крокі для аднаўлення супрацоўніцтва. Бялевіч у адказ сказала:
«Гэтая сітуацыя не даведзеная да канца, і ці можа яна быць даведзеная да канца, я вам дакладна сказаць не магу. Я не палітык. І санкцыі ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь накладвала не я. <...> Гэта ўнутраныя рычагі, унутраныя інструменты, якімі мы працуем. І я не бачу падставы расказваць менавіта вам пра гэтыя ўнутраныя рычагі».
Журналіст «Бюро» зазначыў, што з-за такога падыходу больш за 200 дзяцей знаходзяцца ў стане нявызначанасці. Дырэктарка Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення не пагадзілася:
«Грамадзяне Рэспублікі Беларусь у нас не знаходзяцца ў падвешаным стане. Дзеці-сіроты пражываюць, выхоўваюцца, іх забяспечвае дзяржава. У гэтых дзяцей усё добра. Так, яны пабывалі ў Італіі на аздараўленні – на гэтым усё».
Дарэчы, беларускія ўлады не толькі замарозілі дамоўленасці па ўсынаўленні, але і перасталі адпускаць «дзяцей Чарнобыля» на аздараўленне ў Італію. Пра тое, што гэта адбылося з ініцыятывы Мінска, расказаў прэзідэнт асацыяцыі Puer, якая на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў арганізоўвала падарожжы.
«Наш урад паспрабаваў наладзіць дыялог і прапанаваць неабходныя гарантыі [беларускаму боку]. Ім патрэбная ўпэўненасць, што дзеці вернуцца. І я ведаю, што гэтыя гарантыі былі дадзеныя нашым урадам», – заявіў Серджа дэ Чыка ў інтэрв’ю італьянскаму выданню La Gazzetta del Mezzogiorno ў 2023 годзе.
Такім чынам, у вачах беларускіх чыноўнікаў пытанне міжнароднай апекі – палітычнае. Дырэктарка Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення наўпрост заявіла нашаму журналісту, што яны разглядаюць сірот як «інструменты» і «рычагі». Улічваючы такую рыторыку, шансы 200 дзяцей на ўз’яднанне з прыёмнымі бацькамі варта лічыць прывіднымі.
Спачатку Аляксандр Лукашэнка ўскосна закрыў ім выезд за мяжу, а цяпер не падпісвае гарантыйны ліст, без якога дзеці не змогуць пакінуць прытулкі. Акрамя таго, сістэма міжнароднага ўсынаўлення ў Беларусі ў прынцыпе была выбудаваная пад кантролем Лукашэнкі.
НАМ ПАТРЭБНЫЯ СВАЕ ДЗЕЦІ
У 2004 годзе Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па сацыяльных пытаннях, на якой выказаў «сур’ёзную заклапочанасць» сістэмай міжнароднага ўсынаўлення:
«700 дзяцей за год «сыходзіць» у іншыя сем’і за межы краіны. Разабрацца аж да спынення падобнага працэсу з наступнага года. Нам патрэбныя свае дзеці, свае грамадзяне, і мы сёння ў стане выгадаваць сваё дзіця. Трэба скончыць з гэтым».
Словы Лукашэнкі тады раскрытыкаваў Нацыянальны цэнтр усынаўлення, які сёння яму пакорліва падпарадкоўваецца.
«Нават калі ўсіх беларускіх сірот раптам захочуць усынавіць суайчыннікі, забяспечыць ім такі ж узровень жыцця, як у Італіі або Германіі, дзе пражывае большасць усыноўленых, будзе немагчыма», – казалі супрацоўнікі цэнтра.
СМІ і ўвогуле злавілі Лукашэнку на скажэнні статыстыкі. Так, паводле звестак «Камсамольскай праўды», у перыяд з 1991 па 2003 год іншаземцы прымалі ў сярэднім каля 200 дзяцей на год. Беларускія сем’і ў той жа час усынаўлялі больш за 3000 дзяцей на год. Розніца паміж міжнародным і нацыянальным усынаўленнем – 15 разоў. То бок не было ніякага масавага вывазу беларускіх сірот за мяжу ў абыход мясцовых усынаўляльнікаў.
Больш за тое, толькі 7% дзяцей, прынятых у замежныя сем’і, былі здаровыя.
«Прычым нават гэтыя здаровыя дзеці не мелі шансаў на айчыннае ўсынаўленне з-за ўзросту», – зазначала «Камсамольская праўда».
Пра тое ж казаў «Вясне» неназваны супрацоўнік аднаго з дзіцячых дамоў Мінска:
«Іншаземцы ўсынаўляюць у асноўным нашых хворых дзяцей, ад якіх нашыя беларускія грамадзяне амаль напэўна адмовяцца».
Ініцыятыва Лукашэнкі не абараняла беларускіх сірот, а ставіла самых уразлівых з іх у яшчэ больш цяжкае становішча. Тым не менш урад узяў яе ў працу.
У 2005 годзе была прынятая пастанова аб тым, што ўсынаўляць беларускіх дзяцей можна грамадзянам толькі тых дзяржаў, з якімі Мінск узгадніў працэдуру міжнароднага ўсынаўлення. Дамову падпісалі толькі з Італіяй, хаця да гэтага нашых сірот прымалі ў 22 краінах.
Італія была звязаная з Беларуссю даўнімі гуманітарнымі традыцыямі: менавіта туды пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС тысячы нашых дзяцей штогод выязджалі на аздараўленне. Грамадзянам іншых краін усынаўляць беларускіх сірот дэ-факта забаранілі.
Такая сістэма і дзейнічала да 2020 года.
ЗА І СУПРАЦЬ
Беларусь не адзіная краіна, якая апошнімі гадамі скараціла магчымасці для міжнароднага ўсынаўлення. Рознага роду абмежаванні прынялі Румынія, Паўднёвая Карэя, Эфіопія, Кітай, Данія, Казахстан і іншыя краіны. Агульная рыторыка зводзілася да таго, што гэта рабілася «ў інтарэсах дзяцей». У якасці аргументаў часцей за ўсё прыводзілі асцярогі з нагоды карупцыі, гандлю дзецьмі і эксплуатацыі.
Прыхільнікі міжнародных усынаўленняў называлі падобныя заявы маніпуляцыяй і спосабам набраць «палітычныя балы».
На іх думку, забараняць усынаўленні выключна па прыкмеце грамадзянства – значыць асуджаць на пакуты сірот і патэнцыйных апекуноў. Калі ініцыятары абмежаванняў сапраўды хацелі спыніць карупцыю і жорсткае абыходжанне з дзецьмі, яны павінны былі распрацаваць дакладныя крытэрыі праверкі ўсынаўляльнікаў і расследаваць кожнае парушэнне.
Беларускія рэгулятары над гэтым папрацавалі. Яшчэ ў 2005 годзе яны стварылі спіс дзяцей, якіх могуць усынавіць іншаземцы. Каб дзіця ў яго ўключылі, на тэрыторыі Беларусі не павінна быць сем’яў, гатовых яго прыняць. Калі дзіця старэйшае за дзесяць год, то абавязанае само даць пісьмовую згоду на міжнароднае ўсынаўленне. Калі меншае, гэта павінны зрабіць яго папячыцелі або апекуны. Таксама неабходная ўхвала інстанцый рознага ўзроўню: ад установы, у якой знаходзіцца дзіця, да трох міністэрстваў.
Да замежнікаў беларусы выставілі такія патрабаванні: узрост да 45 гадоў, абавязковы шлюб, адсутнасць сур’ёзных хваробаў і судзімасцяў. Таксама яны павінны пацвердзіць даходы, прайсці сумоўе ў Беларусі, некалькі разоў прыняць дзіця на аздараўленчы адпачынак. Толькі пасля гэтага пачынаецца працэс усынаўлення. Пасля пераезду за лёсам дзіцяці яшчэ пяць гадоў сочыць консульства і кожнае паўгоддзе перадае інфармацыю Міністэрству адукацыі Беларусі.
Атрымліваецца, за бяспеку нашых дзяцей у замежных сем’ях можна не баяцца. Адзіная прычына, з-за якой іх утрымліваюць у беларускіх дзіцячых дамах, – палітыка.
Да такой жа высновы ў размове з «Бюро» прыйшла журналістка і феміністка Наста Захарэвіч:
«Па‑першае, гэта частка самаізаляцыі Беларусі, якая ідзе ў розных кірунках. Па-другое, гэта сінхранізацыя з расійскімі нормамі. Плюс такая рыторыка ўпісваецца ў агульную карціну, якую ўлады малююць пасля 2020 года: усё замежнае – гэта кепска».
Паводле слоў Насты Захарэвіч, такая палітыка не абараняе сірот, а толькі памяншае іх шанцы на шчаслівае жыццё:
«У Беларусі няма вялікай чаргі на ўсынаўленне дзяцей. Так што гэта не выбар паміж тым, ці пойдзе дзіця ў беларускую сям’ю або ў замежную. Гэта выбар паміж тым, ці пойдзе дзіця ў замежную сям’ю або да паўналецця будзе жыць у дзіцячым доме. А там дзеці пазбаўленыя абсалютна базавых рэчаў і пасля выхаду з установы не ведаюць нават, як выглядае цэлы яблык, таму што ўсё жыццё бачылі толькі нарэзаны».
Як забарона міжнароднага ўсынаўлення можа паўплываць на жыццё беларускіх сірот, лепей за ўсіх уяўляюць тыя, хто быў на іх месцы. Журналіст «Бюро» пагаварыў з былымі выхаванцамі дзіцячых дамоў, якія не раз выязджалі ў Італію на аздараўленчы адпачынак.
З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ
Суразмоўніцы «Бюро» 25 гадоў. Яна папрасіла не раскрываць сваё імя, але падзялілася ўспамінамі пра сваё жыццё з бацькамі-выхавальнікамі. Гэтыя людзі ўзялі яе ў сваю сям’ю з дзіцячага дома, але ўдачараць не сталі. За апеку над ёй яны атрымлівалі дзяржаўную дапамогу. Дзяўчына ўдзячная ім за тое, што яны забралі яе з дзіцячага дома, але называе жыццё ў іх сям’і цяжкім і траўматычным з-за безупынных пакаранняў:
«Памятаю, што я не магла вывучыць алфавіт або табліцу множання. І яна [маці-выхавацелька. – заўв. «Бюро»] мяне вывела на мароз у адных майтках. Хацела пакараць, каб я добра магла вывучыць. Або калі я вусны аблізвала, яна мне гарчыцай іх абмазвала, каб я так не рабіла».
На летнія і зімнія канікулы нашая суразмоўніца ездзіла на аздараўленне ў Італію. Там яе заўсёды прымала адна і тая ж сям’я. Менавіта гэтыя людзі сталі для яе бацькамі, прыгадвае дзяўчына:
«Дзякуй, што ў мяне ў той жа час была італьянская сям’я, якая паказала, што такое рэальныя бацькі, што такое мама і тата, якія яны павінны быць, як павінны ставіцца, як гэта – адчуваць сябе любімай, як гэта – адчуваць сябе дзіцём, каб у цябе было дзяцінства, каб у цябе былі цацкі, каб у цябе было адзенне».
Іншаму нашаму суразмоўцу 22 гады, цяпер ён жыве ў Іспаніі. Юнак папрасіў не называць ягонага імя, бо ён непакоіцца за бяспеку брата, які застаецца ў Беларусі. Яны раслі ў доме дзіцяці, а потым у дзіцячых дамах сямейнага тыпу. Гэта не тыя дзіцячыя дамы-інтэрнаты, у якіх пра вялікую колькасць дзяцей клапоціцца наняты персанал, а фармат, набліжаны да звычайнай сям’і: невялікая група дзяцей жыве ў доме пад прыглядам «бацькоў-выхавальнікаў». Сваіх наш суразмоўца ўспамінае так:
«Нас у гэтым дзіцячым доме сямейнага тыпу было дзевяць, і мы былі для бацькоў працоўнай сілай. Агароды, бульба – нас з ранняга ўзросту там выкарыстоўвалі. Потым прыцягнулі да будаўніцтва дома. Мне было ўсяго 12 гадоў. Акрамя таго, нас білі. Для бацькоў гэта было абсалютна нармальна».
Малады чалавек прыгадвае і іншыя моманты, якія насцярожвалі ў паводзінах яго бацькоў-выхавальнікаў:
«Я сумняюся, што яны выдаткоўвалі на нас усе належныя грошы. Ежа заўсёды была простая і аднастайная: грэчка, танныя сасіскі. Пры гэтым насупраць дома, які выдзеліла дзяржава, бацькі будавалі другі дом. Адкуль яны бралі на гэта грошы, калі ў іх не было іншай працы, акрамя як быць нашымі выхавальнікамі? Машыны ў іх таксама былі. А яшчэ дзяржава кожны Новы год дарыла нам тэлевізары, пральныя машынкі, пасудамыйкі. Гэта ўсё некуды прападала. Мы глядзелі стары тэлевізар, хаця нам падарылі плазму. Таксама дзяржава выдаткавала нам 25 тысяч рублёў на абсталяванне кухні, але там нічога не памянялася».
Наш герой сцвярджае, што ў падобную сітуацыю траплялі і іншыя выхаванцы дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Ён асабіста ведае некалькі выпадкаў. На яго думку, корань праблем крыецца ў сістэме падбору бацькоў-выхавальнікаў:
«Няма дакладных крытэраў уваходу ў прафесію, няма строгіх праверак. У людзей, з якімі я рос, не было педагагічнай адукацыі, яны не ведалі, як узаемадзейнічаць з дзецьмі».
Патрабаванні да бацькоў-выхавальнікаў і праўда нястрогія. Не мець судзімасцяў, не пакутаваць ад алкагалізму і нарказалежнасці, не знаходзіцца за рысай беднасці – вось і ўсе асноўныя крытэры. Аднак перад тым як узяць на выхаванне дзіця, чалавеку прапануюць прайсці навучальныя курсы.
У дзіцячых дамах-інтэрнатах справы яшчэ горшыя, расказвае суразмоўца:
«Там нашмат больш гвалту, таму што вельмі вялікая колькасць дзяцей жыве ў закрытай грамадзе. У нас спрабуюць стварыць бачнасць таго, што ў гэтых установах усё акей і дзецям даюць дастаткова клопату, ласкі, любові і гэтак далей – але гэта поўная лухта. Я гэта ведаю са свайго досведу і са слоў вельмі многіх знаёмых, якія былі ў дзіцячых дамах».
Патоляй для нашага суразмоўцы былі паездкі ў Італію на аздараўленне. На працягу некалькіх гадоў яго там прымала адна і тая ж сям’я. Малады чалавек прыгадвае той час як адзін з найлепшых і вызначальных перыядаў у жыцці:
«Гэта было вельмі файна з пункту погляду сацыялізацыі. Я глядзеў свет, спазнаваў, што людзі жывуць іначай – не так, як я прывык жыць у закрытай грамадзе. Я меў зносіны з вельмі рознымі людзьмі, вучыў мову, атрымліваў любоў. Італьянцы давалі магчымасць адчуць сябе часткай сям’і, што ў мяне ёсць бацькі, што ў мяне ёсць блізкія людзі. Калі б гэтага досведу не было, я б, магчыма, стаў зусім іншым чалавекам – такім, як большасць дзяцей з майго дзіцячага дома. То бок выйшаў бы адтуль і пачаў співацца. Большасць сірот на самай справе вядуць маргінальны лад жыцця. Гэта звязана з тым, што яны растуць у закрытай грамадзе. Нават у школу ходзяць на базе інтэрнатаў. А калі ім спаўняецца 18 год і яны выходзяць у свет, то не маюць паняцця, што трэба рабіць у жыцці. Вельмі хутка яны пачынаюць паўтараць сцэнар сваіх біялагічных бацькоў, а грамадства іх проста не прымае. Паездкі ў Італію якраз такі дапамагалі з гэтага кокана выбавіцца. Гэта была велізарная магчымасць для дзяцей пабачыць, што можна жыць па-іншаму».
Міжнароднае ўсынаўленне – яшчэ большы шанец для беларускіх сірот на шчасную будучыню, упэўнены наш герой:
«Гэта квіток у жыццё: у адэкватнае, нармальнае, дзе цябе любяць. Неверагодна сумна, што цяпер такой магчымасці не даюць. Са свайго досведу ведаю, што ўсынаўленне сярод нашых грамадзян не вельмі развітае. Калі іншаземцы не будуць забіраць дзяцей, нікому лепей не стане. Проста болей сірот затрымаюцца ў інтэрнатах і дзіцячых дамах, дзе робіцца жэсць».
Некалькі гадоў таму, ужо дасягнуўшы паўналецця, наш суразмоўца адшукаў тую самую італьянскую сям’ю, якая прымала яго на аздараўленне. Яны сустрэліся.
«У мяне было адчуванне, што гэтых дзесяці гадоў расстання не было. Італьянцы мяне сустрэлі так, нібыта мы кожны дзень з імі гутарылі, нібыта я іх роднае дзіця», – дзеліцца юнак.
ДЗІЦЯЧЫ ДОМ СТРОГАГА РЭЖЫМУ
Цяперашняе пакаленне сірот пазбавілі магчымасці ездзіць за мяжу і знаходзіць там сям’ю. Пры гэтым чыноўнікі сцвярджаюць, што для дзяцей створаныя добрыя ўмовы ў беларускіх дзіцячых дамах. «Бюро» праверыла, ці праўда гэта.
Як дзяржава павінна забяспечваць выхаванцаў дзіцячых інтэрнатных устаноў, прапісана ў пастанове Саўміна № 840. Дакумент устанаўлівае нормы харчавання, адзення, абутку і мяккага інвентару.
Так, дзецям належыць пяць пар майткаў, дзесяць пар шкарпэтак, дзве пары штаноў і два швэдры на год. І не больш. З рэчамі асабістай гігіены – нават яшчэ больш строга. На месяц: адзін рулон туалетнай паперы, 50 мілілітраў зубной пасты і 200 грамаў мыла. Адзін дэзадарант на паўгода.
Нават такія сціплыя нормы чыноўнікі не заўсёды выконвалі. Пра гэта раней стала вядома «Люстэрку» і BelPol з ліста Генпракуратуры ў Савет міністраў. «Бюро» таксама вывучыла гэты дакумент.
У ім гаворыцца, што Малатковіцкай спецыяльнай школе-інтэрнату ў 2023 годзе пералічылі 17 тысяч рублёў замест належных 24 тысяч. За год да таго мінскаму дзіцячаму дому № 7 выдаткавалі па 213 рублёў на выхаванца замест 320−330 рублёў, у залежнасці ад узросту.
На «рэкорд» пайшлі ў Клічаўскім раёне. У 2022 годзе мясцовыя ўлады залічылі раённаму сацыяльна-педагагічнаму цэнтру 637 рублёў. Прадугледжвалася, што на гэтыя грошы можна набыць рэчы першай неабходнасці і гігіены, навучальныя прылады, адзенне і абутак для 26 чалавек. То бок на гадавыя патрэбы аднаго дзіцяці выдаткавалі ўсяго 24 рублі. Паводле закона, трэба амаль у 16 разоў болей сродкаў.
На што пайшлі грошы, якія не атрымалі сіроты, у лісце не было згадана.
Таксама ў 2023 годзе пракуроры выбарачна праверылі дзіцячыя дамы сямейнага тыпу ў пяці раёнах і адным горадзе Беларусі. Выявілі праблемы з рамонтам будынкаў, дзе жылі сіроты.
У Крупскім раёне «неадкладны рамонт» патрэбны быў усяму будынку дзіцячага дома сямейнага тыпу, у якім знаходзіліся сямёра дзяцей. Яго дах працякаў, таму ўзімку даводзілася выносіць снег з пакояў..
У дзіцячым доме сямейнага тыпу ў вёсцы Траскоўшчына Мінскага раёна склеп быў увесь час затоплены з-за асаблівасцяў ландшафту і няспраўнай помпы. Рамонту патрабаваў ганак, уваходныя дзверы, лесвіцы, пакоі. У доме жылі шасцёра дзяцей. Спалі яны на двух’ярусных самаробных ложках. На вырашэнне гэтых праблем Мінскі райвыканкам выдаткаваў толькі 1300 рублёў за 14 гадоў.
Пры гэтым Генпракуратура адзначыла, што нават пры поўным фінансаванні забяспечыць патрэбы дзяцей не атрымалася б: цэны на неабходныя тавары раслі, а бюджэты ўстановаў – не.
У якасці прыкладу прывялі Сенненскі дзіцячы дом. У 2022 годзе ён здолеў забяспечыць толькі 22% патрэбаў хлопчыкаў і 30% – дзяўчынак.
Яшчэ адзін важны момант: у бюджэт дзіцячых дамоў не закладаюць сродкі на падгузкі, лекі па рэцэпце і рэчы медычнага прызначэння, напрыклад акуляры.
Толькі дзякуючы спонсарскай дапамозе выхаванцам мінскага дзіцячага дома Nº 7 змаглі набыць акуляры, а чатыром дзецям з Сенненскага дзіцячага дома, якія пакутавалі ад энурэзу, – падгузкі.
Нагадаем, большасць з тых 200 дзяцей, якіх не выпускаюць да бацькоў у Італію, маюць праблемы са здароўем.
Журналіст «Бюро» накіраваў запыты ў выканкамы, пад кіраўніцтвам якіх працуюць праблемныя дзіцячыя дамы, каб даведацца, ці праводзілася праверка парушэнняў і ці атрымалася іх ліквідаваць. На момант публікацыі адказ далі чыноўнікі з Пінска. Паводле іх словаў, вінаватыя ў тым, што дзіцячая ўстанова не атрымала належных грошай, былі знойдзеныя і «прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці».
Мы таксама абзванілі гэтыя выканкамы. У асноўным чыноўнікі адмаўляліся ад размовы – аднак ва ўпраўленні адукацыі аднаго з раёнаў усё ж далі невялікі каментар.
Паводле словаў супрацоўніцы, у 2023 годзе ўрад падняў фінансаванне дзіцячых дамоў – і цяпер «праца наладжаная, усё ў парадку».
Пастанову аб павелічэнні бюджэту сапраўды прынялі: «Бюро» знайшло адпаведны дакумент.
З яе вынікае, што на адзенне і абутак для дзяцей пачалі выдаткоўваць удвая больш сродкаў. Пры гэтым нормы забеспячэння засталіся ранейшымі: усе тыя ж пяць пар майткаў і дзесяць пар шкарпэтак на год. То бок, па сутнасці, нічога не змянілася – проста бюджэт адкарэктавалі згодна з актуальнымі цэнамі.
Расходы на харчаванне і ўвогуле засталіся ранейшымі: 7-10 рублёў на дзіця на дзень, у залежнасці ад узросту. Бюджэт на прадметы асабістай гігіены таксама не павялічылі: 200-600 рублёў за год у залежнасці ад полу і ўзросту. Нормы забеспячэння засталіся тыя ж: усё яшчэ не прызначана больш за адзін рулон туалетнай паперы на месяц.
Павялічанага бюджэту на адзенне і абутак выявілася недастаткова для таго, каб дзіцячыя дамы маглі абыходзіцца без спонсарскай дапамогі. Пра гэта журналіст «Бюро» даведаўся, звязаўшыся з некалькімі фондамі як патэнцыяльны ахвярадаўца. Іх супрацоўнікі расказалі, што закупляюць для дзіцячых дамоў падгузкі, харчовыя сумесі, канцылярскія прылады, лекі і медычныя матэрыялы, шторы, пліты для гатавання і хатняе начынне. Акрамя гэтага, перадаюць грошы – каб дзіцячыя дамы маглі самі набыць неабходнае.
У найбліжэйшай будучыні попыт на падтрымку ад фондаў наўрад ці знізіцца. «Бюро» высветліла, што дзяцей у дзіцячых дамах і прытулках розных тыпаў робіцца ўсё больш. Так, паводле звестак Белстата, у 2024 годзе ў дзіцячых дамах-інтэрнатах было 525 выхаванцаў, а ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу – 1860. Гэта пікавыя паказчыкі за апошнія пяць гадоў, то бок з моманту дэ-факта забароны міжнародных усынаўленняў.
У дзіцячых сацыяльных прытулках у 2023 годзе жыло 1050 дзяцей – гэта самы высокі паказчык за апошнія дзесяць гадоў. У дамах дзіцяці, куды трапляюць дзеці да трох год, колькасць выхаванцаў паслядоўна змяншалася з 2010 года, але з 2023-га зноў пачала расці. Паводле апошніх звестак, там 456 дзяцей.
Акрамя таго, з 2020 года ў Беларусі ўсё больш людзей пазбаўляюць бацькоўскіх правоў. У 2024-м у такіх грамадзян было забрана 3955 дзяцей – максімальная колькасць за апошнія дзесяць гадоў.
Наколькі мэтазгодна закрываць магчымасць міжнароднага ўсынаўлення, калі дзяцей, якія маюць патрэбу ў бацьках, робіцца ўсё больш? Пра гэта мы спыталі ў супрацоўнікаў Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення, пазваніўшы на прамую тэлефонную лінію.
«Міжнароднае ўсынаўленне ніколі не было першачарговым. Нацыянальнае ўсынаўленне – гэта ў прыярытэце. Я магу вам сказаць, што беларускіх грамадзян, якія жадаюць усынавіць, вялікая колькасць і яны ўсынаўляюць. <...> З той колькасці дзяцей, якія павінны былі сысці ў італьянскія сем’і, ужо якіясьці дзеці сышлі для ўсынаўлення беларускімі грамадзянамі», – адказалі ў Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення.
Мы таксама спыталі чыноўнікаў, ці лічаць яны дастатковымі бюджэты і нормы забеспячэння для дзіцячых дамоў.
«Давайце нормы мы браць не будзем, а казаць будзем пра тое, што робяць – а робяць яны вельмі шмат, і гэтая праца ідзе ад душы. Я не думаю, што абмяжоўваюцца на сённяшні дзень адным рулонам [туалетнай паперы] і гэтымі існуючымі нормамі. Я думаю, даюць ім на самай справе больш», – сказалі ў Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення.
Такім чынам, як бачым, беларускія ўлады вырашылі, што 200 сірот, у большасці з якіх праблемы са здароўем, не маюць права на сям’ю, мацярынскі клопат і бацькоўскае плячо. Гэта адбываецца ва ўмовах, калі асірацелых дзяцей з кожным годам робіцца ўсё больш, а бюджэт не можа забяспечыць іх усім неабходным. Бо з нашмат большым запалам у Беларусі трацяць бюджэтныя сродкі на вітрынныя мерапрыемствы і задавальненне патрэбаў абмежаванага кола асобаў. Узяць тыя ж конкурсы прыгажосці, на якіх Лукашэнка адбірае фрэйлін для свайго двара. Пра дзяцей жа ўлады прыгадваюць, калі патрэбныя рычагі ціску і інструменты палітычнага гандлю.
