Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва
ONOSHKO_MAIN

Новыя беларускія

Нашыя сацсеткi

Шэры бізнэс і лакшары-жыццё світы Шэймана

Аўтары

Віктар Шэйман адбудаваў цэлую бізнэс-імперыю, заснаваную на кантрабандзе і шэрых схемах. Але наўпрост памочнік і даўні паплечнік Аляксандра Лукашэнкі нічым не валодае.

 

У нашых матэрыялах і матэрыялах калег усплывалі прозвішчы давераных мэнэджараў Шэймана – браты Яўген і Юрый Жоўнеры, Аляксандр Раманоўскі і Антон Новік, Сяргей і Таццяна Аношкі.

 

Але ў такіх гісторыях заўсёды не хапала нагляднасці. Сёння мы прыадкрыем заслону таямніцы і больш падрабязна раскажам вам пра мужа і жонку Сяргея і Таццяну Аношкаў. Яны працуюць у «абойме Шэймана» з 2010-х гадоў і актыўна ўдзельнічаюць у «сямейных» схемах Лукашэнкі. І таму могуць дазволіць сабе ў Беларусі і за яе межамі сапраўднае лакшары-жыццё: дарагія ўпрыгажэнні і адзенне от-куцюр, адпачынак за сотню тысяч долараў, навагоднюю ноч на закрытым канцэрце Кайлі Міноўг. І гэта далёка не ўсё.

Выказваем удзячнасць за дапамогу ў падрыхтоўцы гэтага расследавання «КіберПартызанам»

 

 

ALL INCLUSIVE

Дубай – гарачы і шалёна дарагі. Самыя багатыя людзі прыязджаюць сюды ў пошуках забаў, раскошы і экстрэмальнага люкса. Тут, на гламурным востраве Палм-Джумейра, велічна ўзвышаецца сімвал Дубая – знакаміты гатэль Atlantis The Palm, будаўніцтва якога абышлося ў 1,5 мільярда долараў.

 

ATLANTIS_THE_PALM

Гатэль Atlantis The Palm, Дубай. Крыніца: wikipedia.org

 

Візітныя карткі рэзорта – найбуйнейшы ў свеце аквапарк Aquaventure, унесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса, і акіянарыум The Lost Chambers, які налічвае больш за 65 000 падводных марскіх жывёл. На тэрыторыі гатэля знаходзяцца 15 рэстаранаў, 2 з іх адзначаныя зоркай Michelin. Сярод гасцей Atlantis The Palm былі заўважаныя амерыканская актрыса Кім Кардаш’ян, спявачка Джэніфер Лопес... І беларуская бізнэсвумэн Таццяна Аношка.

 

У пярэдадзень новага, 2023-га, года яна пахвалілася на сваёй старонцы ў інстаграме, што надыходзячы год сустракае пад акампанемент сусветнай суперзоркі – аўстралійскай спявачкі Кайлі Міноўг. Кульмінацыяй ночы стаў дзесяціхвілінны залп феерверкаў.

 

Сапраўды, у тую навагоднюю ноч поп-выканаўца стала хэдлайнеркай гала-вячэры якраз у Atlantis The Palm. Вечарынка пачалася з канапэ і шампанскага, затым гасцям падавалі мноства страў з раскошнага шведскага стала: ад лобстараў і ікры да жывых сушы і дэсертаў ручной працы. Частавалі гасцей не толькі марскімі далікатэсамі, але і вытанчаным французскім шампанскім Dom Pérignon – адпаведнае фота мы таксама знайшлі ў інстаграме Таццяны Аношкі.

 

ONOSHKO_IN_ATLANTIS_THE_PALM

Таццяна Аношка на канцэрце Кайлі Міноўг у Дубаі (снежань 2022 года). Крыніца: інстаграм-акаўнт Таццяны Аношкі

 

Цана за бутэльку Dom Pérignon Luminous з зіхоткай этыкеткай стартуе ад 250 € і можа дасягаць 9200 €. Імаверна, алкаголь – гэта камплімент ад установы і яго кошт ужо ўваходзіць у дэпазіт, які трэба было аплаціць за ўдзел у гэтай грандыёзнай тусоўцы. Самы «бюджэтны» з прапанаваных варыянтаў пасадкі для дарослага – 1600 $ з чалавека.

 

На суму, якую Таццяна Аношка патраціла за адзін вечар, сярэднестатыстычны беларус можа карміць сваю сям’ю без малога пяць месяцаў. Адкуль у непрыкметнай беларускай бізнэсвумэн такія грошы?

 

 

ФІНАНСІСТКА ШЭЙМАНА

Таццяна Аношка – важны чалавек у «групе кампаній» «Алексвіт». Чым жа вядомы гэты бізнэс-холдынг? Мы знайшлі як мінімум пяць дзейных кампаній, якія ўваходзяць у групу «Алексвіт». Яны займаюцца мытным афармленнем, лагістыкай, дапамагаюць абыходзіць санкцыі і ўдзельнічаюць у паралельным імпарце.

 

У першую чаргу гэта аднайменная кампанія ТАА «Алексвіт лтд» – буйная лагістычная фірма з выручкай у сотні мільёнаў рублёў. Яна працуе па разнастайных шэрых схемах для абыходу санкцый, рээкспарту і паралельнага імпарту.

 

Схема першая – фірма дапамагае абыходзіць санкцыі праз Турцыю, гэта адкрыта напісана на сайце. Паслуга называецца «Зборныя грузы»: Еўропа – Турцыя – Расія».

СЭРВІС «ЗБОРНЫЯ ГРУЗЫ»: ЕЎРОПА – ТУРЦЫЯ – РАСІЯ»
SERVIS «SBORNYE GRUZY»

Схема другая – паслугі мытнага афармлення аўтазапчастак, што прыбываюць з ЕС, ЗША, краін Паўднёва-Усходняй Азіі, з наступнай рэалізацыяй у Расійскай Федэрацыі. Па сутнасці, кампанія бярэ ўдзел у абыходзе санкцый і схемах так званага паралельнага імпарту. Так, напрыклад, ЗША і Японія ў 2023 годзе ўвялі санкцыі на пастаўку шэрагу аўтазапчастак у Расію.

 

Таксама «Алексвіт лтд» з 2022 года актыўна закупляе маторныя і трансмісійныя алівы ExxonMobile для аўтамабіляў. З імі ў Расіі таксама праблемы.

 

Схема трэцяя – рээкспарт кветак. Крыніца «Бюро» з кветкавага бізнэсу паведаміла, што ў 2022 годзе фірма «Алексвіт лтд» актыўна займалася рээкспартам кветак у Расію праз індустрыйны парк «Вялікі камень». Нагадаем, схема ўзаконеная беларускімі ўладамі і заснаваная на недаплаце падатку на дададзеную вартасць у беларускі бюджэт для атрымання абранымі кампаніямі звышпрыбытку.

 

Кампанія не цураецца і стандартных схем па пастаўках кантрафактнай прадукцыі ў Расію – пра гэта паведамляў расійскі рэгулятар «Рассельгаснагляд». У 2023 годзе кампанія ўвезла рыбу невядомага паходжання, але нібыта з Фінляндыі, перапрацавала яе на рыбакансервавым камбінаце «Сталічны», а пасля павезла ў Расію.

 

Раней Таццяна Аношка працавала ў кампаніі «Глобалкастам», якую лавілі на нелегальных пастаўках адзення і санкцыйных прадуктаў у Расію. Беларускія журналісты таксама расказвалі, як «Глобалкастам» брала ўдзел у шэрай схеме рээкспарту кветак. Так, толькі ў 2019 годзе на імпарт кветак было патрачана 370 млн долараў, а ад іх экспарту паступіла толькі 85 млн долараў. Каля 300 млн долараў згубілася па дарозе з Беларусі ў Расію.

 

«Глобалкастам» звязаная з правай рукой Аляксандра Лукашэнкі, яго старым паплечнікам Віктарам Шэйманам. У 2020 годзе кампанія спыніла сваю дзейнасць, але ее справа працягвае жыць. І асаблівую ролю ў гэтым бізнэсе займае не толькі Таццяна Аношка, але і ейны муж – Сяргей Аношка, у якога склаліся асаблівыя адносіны з Віктарам Шэйманам. Але пра ўсё па парадку.

 

 

ПАЖ ГЕНЕРАЛА

Сяргей Аношка пачынаў сваю кар’еру, як і большасць давераных асобаў Шэймана, у кампаніях бізнэсоўца Аляксандра Мураўёва. З 2003 па 2007 гады Сяргей працаваў у ЗАТ «ГД Ялізава», ЗАТ «Шклозавод Ялізава» і ЗТАА «Еліпак». З 2007 па 2009 гады ён займае кіраўнічыя пасады на «Мотавела». Згадвае яго як дырэктара і Мураўёў у сваім нядаўнім інтэрв’ю:

«…Ён там тлумачыў, што «Мотавела» павінна было на атрыманыя грошы купіць станкі. Я яму проста ў зале суда кажу: «Аношка, ты чаго не купіў станкі? Вось ты дырэктар, ты чаму іх не купіў?» <…> – «Ну дык фінансавая ж мадэль, абавязацельствы, іх трэба выконваць». – «Не трэба выконваць абавязацельствы, трэба станкі купіць!» Ведаеш, што ён сказаў? Кажа: «Саныч, а калі я куплю станкі, а крэдыторы нахлабучаць, то, б***, электрычнасць адключаць, а зарплату не выплачу – людзі не прыйдуць. А нах*р такія станкі?»

У 2009 годзе Сяргей Аношка пакідае «Мотавела» і трапляе ў кола давераных асобаў Віктара Шэймана.

 

Журналісты-расследавальнікі раней расказвалі, як былыя супрацоўнікі Мураўёва, у тым ліку Сяргей Аношка, папоўнілі стройныя шэрагі цяперашняга топ-мэнэджмэнту Віктара Шэймана. «Бюро» пагутарыла на гэтую тэму з крыніцай, знаёмай з Сяргеем Аношкам:

«Я думаю, што тут больш слушна задаць пытанне: як яны трапілі да Мураўёва ўсёй гэтай кампаніяй і ад каго яны трапілі? Калі чалавек з пэўнай камандай у беларускіх умовах вядзе бізнэс, потым у яго бізнэс гэты адбіраюць, а ўся каманда апынаецца ў іншай структуры, – гэта значыць, што на той момант, калі ў яго бізнэс ішоў, ён карыстаўся заступніцтвам той структуры, куды збег яго мэнэджмэнт. Ён [Сяргей Аношка] быў пад крылом [Шэймана] яшчэ да таго, як прыйшоў да Мураўёва. Беларуская сучасная гісторыя, напэўна, ведае выпадкі, калі нехта з беларускіх алігархаў збіраў каманду, цалкам выпадкова браў людзей, якія рабілі для яго паспяховы бізнэс. Потым бізнэс рабіўся менш паспяховым, але мэнэджары не губляліся – яны растасоўваліся па іншых бізнэсах. Але дакладна наўрад ці можна знайсці выпадкі, калі мэнэджмэнт прыватнага прадпрыемства перайшоў цалкам у дзяржкантору».

Пад апекай Шэймана Сяргей Аношка пачаў нарошчваць і ўсё болей умацоўваць свае пазіцыі.

 

BEL_1

 

Глядзіце, у 2009-м ён афармляецца ў кампанію свайго сваяка «Авангард Грузатранс». І гэтая фірма праз кантактны мэйл звязаная з вядомай шэйманаўскай групай кампаній – «Глобалкастам».

ВЫПІСКА З АДЗІНАГА ДЗЯРЖАЎНАГА РЭГІСТРА ЮРЫДЫЧНЫХ АСОБ І ІНДЫВІДУАЛЬНЫХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ РБ – ТАА «АВАНГАРД ГРУЗАТРАНС»
AVANGARD GRUZOTRANS_1
AVANGARD GRUZOTRANS_2

Але доўга ў «Авангардзе» Аношка не засядзеўся, ужо ў жніўні 2010 года ён суправаджае Віктара Шэймана ў замежных паездках. Вось, да прыкладу, фота з Кот-д'Івуара на старонцы Сяргея ў «Аднакласніках».

 

SERGEJ ONOSHKO V KOT-D'IVUARE

Сяргей Аношка ў Кот-д'Івуары. Крыніца: профіль Сяргея Аношкі ў сацсетцы «Аднакласнікі»

 

Згодна са звесткамі «КіберПартызан», у гэты час Аношка лічыўся дарадцай у Адміністрацыі Лукашэнкі.

 

У 2013 годзе Віктар Шэйман робіцца кіраўніком Упраўлення справамі Лукашэнкі. І ў тым жа годзе следам за ім у гэтую структуру прыходзіць Сяргей Аношка.

«Сяргей Аношка, у прынцыпе, у сістэме Упраўлення справамі адпрацаваў не адзін год, у шэрагу гандлёвых прадпрыемстваў, звязаных з Украінай у тым ліку. Мне яго адрэкамендавалі як чалавека, які ведае, з кім размаўляць ва Украіне», – расказала нам крыніца.

З 2015 па 2017 гады Сяргей кіруе ЗТАА «Белавежскія далікатэсы», якое займалася вытворчасцю розных мясных вырабаў. Будучы дырэктарам гэтай кампаніі, ён бярэ ўдзел як сведка ў судовай справе супраць Япрынцавых у 2016 годзе. Аказваецца, менавіта Сяргей Аношка параіў Казбеку Япрынцаву і яго бізнэс-партнёру Аляксандру Арабяну нейкіх украінскіх знаёмых, якія вялі бізнэс у галіне нафтапрадуктаў. З-за невыканання ўмовы гэтых здзелак бацьку і сына Япрынцавых і іх бізнэс-партнёра абвінавацілі ў махлярстве. Суму ўрону ацанілі ў 30 мільёнаў долараў.

 

Яшчэ адзін інцыдэнт здарыўся з Сяргеем Аношкам у 2015 годзе. У яго дачыненні пачалі крымінальную справу за незаконную куплю і захоўванне патрона. За такое ў Беларусі можна атрымаць да сямі гадоў пазбаўлення волі, але Сяргей, падобна, абышоўся лёгкім спалохам. Нягледзячы на заведзеную крымінальную справу, ён працягваў ездзіць у замежныя камандзіроўкі і, хутчэй за ўсё, справа нават не дайшла да суда.

 

У 2017 годзе Сяргей Аношка пакідае «Белавежскія далікатэсы». За час яго кіраўніцтва кампанія ні разу не была «плацежаздольнай», і пакідае ён яе з пазыкамі.

«Паспяховыя бізнэсы, калі мы кажам зноў жа пра структуру Кіраўніцтва справамі, заўсёды будаваліся на тым, што: «А, цукар, цікава. У нас каштуе рубель, у Расіі каштуе 5 – можна адціскаць, нам такое трэба». Механізм з той ці іншай доляй мадыфікацыі прасочваецца ўсюды – гэта заробак на атрыманні манапольнай рэнты або на кантрабандзе. Усе бізнэсы Лу&со пабудаваныя на гэтым – вылучылі альбо два метры мяжы, альбо рэсурс, ці і тое, і другое. На гэтай тэме людзі зарабляюць грошы з такой маржынальнасцю, якая і не снілася ў звычайным бізнэсе. Калі штосьці банкрутуе, значыць, штосьці з гэтых элементаў проста прапала. Працаваць з маржай меншай за 50% – сябе не паважаць. Калі нешта мяняецца – такая карова ўжо не патрэбная», – падзялілася з «Бюро» крыніца.

Пасля сыходу з «Белавежскіх далікатэсаў» Аношка часова знікаае з бізнэс-радараў. Але ў сакавіку 2021 года зноў з’яўляецца ўжо ў якасці саўладальніка і дырэктара кампаніі ТАА «Апстрым» разам з іншай даверанай асобай Віктара Шэймана – Антонам Новікам

ВЫПІСКА З АДЗІНАГА ДЗЯРЖАЎНАГА РЭГІСТРА ЮРЫДЫЧНЫХ АСОБ І ІНДЫВІДУАЛЬНЫХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ РБ – ТАА «АПСТРЫМ»
APSTRIM_1
APSTRIM_2

У «Апстрыме» Сяргей Аношка замяніў Юлію Брыгадную, сястру другой жонкі Віктара Шэймана. Кампанія займалася прадуктамі нафтаперапрацоўкі і малатанажнай хіміі. Былы дырэктар Павел Лантасаў напісаў у сябе ў Linkedin, што «на піку свайго развіцця кампанія ўваходзіла ў шэрагі найбуйнейшых экспарцёраў Мінска» і пры гэтым «захоўвала сваю непублічнасць і законапаслухмянасць». Але ў лютым 2023 года кампанія пайшла ў ліквідацыю.

 

Дзякуючы расследавальнікам з Belpol мы ведаем, што ў той жа дзень, калі Сяргей Аношка стаў саўладальнікам «Апстрыма» – 11 сакавіка 2021 года, – ён арганізаваў у Мінску яшчэ адну кампанію – ЗАТ «Вектар Капітал Груп». Разам са звольненым напярэдадні намеснікам Шэймана Андрэем Свірыдавым і былым першым намеснікам Кіраўніцтва справамі Мікалаем Селіванавым.

 

Belpol прыйшоў да высновы, што гэтая кампанія была створаная пад выглядам прыватнай структуры для абслугоўвання інтарэсаў Лукашэнкі ў абыход санкцый Еўрасаюза.

 

У жніўні 2021 года Сяргей Аношка, паводле звестак Belpol, стаў выканаўчым дырэктарам Vector Energy Innovation FZCO з зарплатай у 11 тысяч долараў за месяц. Кампанія засвяцілася ў шэрай схеме адабрання і перадачы зямлі ў Сочы, што належала Беларусі, прыватнай кампаніі для забудовы. Каманда Belpol ацэньвае ўгоду ў паўмільярда долараў. У расследаванні гаворыцца, што «Комплекс-Інвест» збіраецца будаваць у Сочы жылы комплекс «Красная Паляна», які будзе ўключаць тры элітныя катэджы плошчай больш як 300 м² кожны, гатэль, сетку рэстаранаў і гаспадарскае шале плошчай 1002 м².

 

Атрымліваецца, Сяргей Аношка – далёка не апошні чалавек у атачэнні Шэймана. Удвух яны лёталі ў Афрыку, Аношка валодаў фірмай сваячкі Шэймана, а цяпер, паводле дадзеных Belpol, ён працягвае справу свайго патрона – пракручвае розныя шэрыя схемы.

 

Але вернемся да яго жонкі, якая займае не менш важную пазіцыю ў бізнэсах, звязаных з Віктарам Шэйманам. У прафесійнай біяграфіі Таццяны Аношкі ёсць нямала цікавых фактаў.

 

 

СУПРАЦЬ ЛОМА НЯМА ПРЫЁМУ

Таццяна Аношка, у дзявоцтве Грышук, як і яе муж, пачынала кар’еру ў фірмах усё таго ж Аляксандра Мураўёва. Літаральна праз год пасля заканчэння ўніверсітэта Таццяна прыходзіць у групу кампаній АТЕС на пасаду кіраўніка аддзела падаткова-фінансавага кансультавання. У 2005 годзе Таццяна сышла ў «Арыфлэйм». У якасці фінансавага дырэктара яна прапрацавала там да 2012 года.

 

У той час, калі яе муж Сяргей Аношка ўжо заслужый давер Віктара Шэймана, у ліпені 2011 года Таццяна атрымлівае ў кампаніі «Белферумгруп» пасаду фінансавага дырэктара. Фірма гэта не простая, а з эксклюзіўнымі для бізнэсу правамі, якімі яе надзяліў асабістым указам Лукашэнка. Нароўні з дзяржаўнымі прадпрыемствамі ёй было дазволена займацца зборам, нарыхтоўкай, перапрацоўкай і пастаўкамі лому і адходаў чорных і каляровых металаў.

На момант заснавання і да 2016 года «Белферумгруп» валодалі брытанская кампанія LUXBERG LLP і ўкраінскае ТАА «Шольц Утылізатар АГ».

 

У розны час LUXBERG LLP належала такім кампаніям, як: FORMOND INC., PRIMECROSS INC., IRELAND & OVERSEAS ACQUISITIONS LTD., MILLTOWN CORPORATE SERVICES LTD.

 

Гэтыя чатыры кампаніі, а таксама шэраг іншых уваходзяць у нефармальную сетку афшорных правайдараў International Overseas Services (IOS). Выданне Irish Times апублікавала расследаванне пра гэтую сетку ў межах праекта FinCEN Міжнароднага кансорцыума журналістаў-расследавальнікаў (ICIJ).

 

BEL_2

 

ICIJ вывучыла справаздачы Сеткі па барацьбе з фінансавымі злачынствамі (FinCEN) агенцтва Міністэрства фінансаў ЗША і знайшло агульным лікам 646 англійскіх і шатландскіх юрыдычных асоб, якія мелі сувязі з IOS. Дзве кампаніі, якія ўваходзілі ў гэтую сетку, абслугоўвалі расійскі банк «Промзбербанк», які быў звязаны з Ігарам Пуціным, стрыечным братам Уладзіміра Пуціна. Таксама кампаніі з сеткі падазраваліся ў сувязі з адмываннем грошай праз эстонскія банкі.

 

BEL_3

 

А Milltown Corporate Services Ltd, як мяркуецца, мае дачыненне да схемаў па адмыванні грошай былога прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча. Паводле дадзеных эстонскага партнёра OCCRP Postimees, гэтая сетка таксама мае дачыненне да так званай справы Магніцкага і азербайджанскай «мегапральні».

Як піша сама Таццяна Аношка ў сваім Linkedin, яна ў «Белферумгруп» займалася кансультацыяй уладальніка на стадыі бізнэс-ідэі да абароту больш за 100 мільёнаў долараў. У кампаніі былі філіялы ў Расіі, Украіне і Германіі. Прапрацавала Аношка там да 2016 года. Акрамя Таццяны Аношкі працай у «Белферумгруп» адзначыліся іншыя былыя супрацоўнікі «Мотавела»: Андрэй Феактыстаў і Аляксандр Нікалайчанка, а таксама брат Таццяны Аношкі – Юрый Грышук. Амаль усе яны разам з Аношкай пойдуць працаваць у вядомую нам кампанію «Глобалкастам».

 

У 2018 годзе «Белферумгруп» абвесцяць банкрутам. Згодна з судовымі дакументамі, яна вінаватая больш як мільён долараў і амаль два мільёны рублёў крэдыторам. Асноўны доўг – перад расійкай кампаніяй «Варонежвторсплаў».

ПАСТАНОВА АБ РАСПАЧЫНАННІ ВЫТВОРЧАСЦІ ПА СПРАВЕ АБ БАНКРУЦТВЕ «БЕЛФЕРУМГРУП»
OPREDELENIE O VOZBUZHDENII PROIZVODSTVA PO DELU O BANKROTSTVE «BELFERUMGRUPP»

Акрамя сумнеўных сувязяў з міжнароднай сеткай для адмывання горшай мелі месца і падазрэнні з боку Следчага камітэта ў несумленнай ліквідацыі «Белферумгруп».

 

Падазрэнні да кампаніі з’явяцца ў 2018 годзе падчас расследавання крымінальнай справы, звязанай з ухіленнем ад пагашэння крэдыторскай завінавачанасці кампаніяй «Іствілтрэйд». Згодна з судовым дакументам, атрыманым з украінскага суда, беларускі следчы, які вёў гэтую справу, на падставе дакументаў і паказанняў прыйшоў да высновы, што ў перыяд з 2014 па 2017 гады «пры дапамозе службовых асоб і работнікаў падкантрольнага ім ЗАТ «Цэнтр ліквідацыі прадпрыемстваў» учынены шэраг злачынстваў і іншых супрацьпраўных дзеянняў, звязаных з завалоданнем маёмасці і наўмысным банкруцтвам суб’ектаў гаспадарання, ухіленнем ад пагашэння крэдыторскай завінавачанасці».

ПАСТАНОВА РАЁННАГА СУДА Г. ЛЬВОВА ПРА ЧАСОВЫ ДОСТУП ДА РЭЧАЎ І ДАКУМЕНТАЎ ТАА «ШОЛЬЦ УТЫЛІЗАТАР АГ»
POSTANOVLENIE RAJONNOGO SUDA G. LVOVA O VREMENNOM DOSTUPE K VESHAM I DOKUMENTAM OOO «SHOLC UTILIZATOR AG»_1
POSTANOVLENIE RAJONNOGO SUDA G. LVOVA O VREMENNOM DOSTUPE K VESHAM I DOKUMENTAM OOO «SHOLC UTILIZATOR AG»_2
POSTANOVLENIE RAJONNOGO SUDA G. LVOVA O VREMENNOM DOSTUPE K VESHAM I DOKUMENTAM OOO «SHOLC UTILIZATOR AG»_3

Пад падазрэнні трапіла і кампанія «Белферумгруп», якой падчас ліквідацыі таксама кіравала ЗАТ «Цэнтр ліквідацыі прадпрыемстваў». Гэтая ж кампанія займалася ліквідацыяй звязанага з Шэйманам «Глобалкастам-мэнэджмэнта». Крымінальная справа па «Іствілтрэйдзе» была перададзеная ў суд, дзе і была спыненая з-за таго, што выйшаў тэрмін даўнасці. Цэнтр ліквідацыі прадпрыемстваў працягвае працаваць дагэтуль.

 

Украінскую кампанію – саўладальніцу «Белферумгруп» таксама не абышлі бокам крымінальныя справы. У 2018 годзе кампанія «Шольц Утылізатар АГ» фігуруе ў крымінальнай справе супраць Віктара Януковіча і шэрагу міністраў яго кабінета і супрацоўнікаў падатковай службы Украіны за стварэнне злачыннай арганізацыі з «канвертацыйна-транзітных цэнтраў» пад кантролем падаткавікоў. Кампаніямі неданалічваліся падаткі ў дзяржбюджэт. Украінскія сілавікі налічылі ўрону ад гэтай сеткі дзяржаве больш чым на 100 млрд грыўняў.

ПАСТАНОВА РАЁННАГА СУДА Г. КІЕВА ПРА ЧАСОВЫ ДОСТУП ДА РЭЧАЎ І ДАКУМЕНТАЎ АТ «БАНК КРЭДЫТ ДНЕПР»
POSTANOVLENIE RAJONNOGO SUDA G. KIEVA O VREMENNOM DOSTUPE K VESHAM I DOKUMENTAM AO «BANK KREDIT DNEPR»_1
POSTANOVLENIE RAJONNOGO SUDA G. KIEVA O VREMENNOM DOSTUPE K VESHAM I DOKUMENTAM AO «BANK KREDIT DNEPR»_2
POSTANOVLENIE RAJONNOGO SUDA G. KIEVA O VREMENNOM DOSTUPE K VESHAM I DOKUMENTAM AO «BANK KREDIT DNEPR»_3
POSTANOVLENIE RAJONNOGO SUDA G. KIEVA O VREMENNOM DOSTUPE K VESHAM I DOKUMENTAM AO «BANK KREDIT DNEPR»_4

У 2023 годзе кампанія «Шольц Утылізатар АГ» аказалася фігурантам яшчэ адной буйной крымінальнай справы аб сетцы кампаній, якія марнавалі дзяржаўныя грошы, ухіляліся ад падаткаў, займаліся легалізацыяй незаконных грошай праз фіктыўныя аперацыі з дапамогай фірм-пракладак. Грошы, атрыманыя па гэтых схемах, пералічвалі на замежныя рахункі, кантраляваныя грамадзянамі Расіі і Беларусі, па фіктыўных імпартных кантрактах.

ПАСТАНОВА РАЁННАГА СУДА Г. КІЕВА АБ ПРАВЯДЗЕННІ ВОБШУКУ
POSTANOVLENIE RAJONNOGO SUDA G. KIEVA O PROVEDENII OBYSKA_1
POSTANOVLENIE RAJONNOGO SUDA G. KIEVA O PROVEDENII OBYSKA_2
POSTANOVLENIE RAJONNOGO SUDA G. KIEVA O PROVEDENII OBYSKA_3
POSTANOVLENIE RAJONNOGO SUDA G. KIEVA O PROVEDENII OBYSKA_4
POSTANOVLENIE RAJONNOGO SUDA G. KIEVA O PROVEDENII OBYSKA_5

 

 

СЯМЕЙНЫ КАПІТАЛ НА КАНТРАБАНДЗЕ

У 2016 годзе Таццяну Аношку прымаюць у сямейны бізнэс Віктара Шэймана – кампанію «Глобалкастам». Працу там яна сумяшчала з пасадай намесніцы старшыні праўлення ў «групе кампаній» «Алексвіт». Акрамя ўжо згаданай намі «Алексвіт лтд» у гэтым спруце – «ГБК – Шаўковы шлях», «Авангард Грузатранс», «Алексвіт» і «Філігруп». Раскажам пра іх больш падрабязна.

 

BEL_4

 

Сама Таццяна Аношка цяпер узначальвае кампанію «ГБК – Шаўковы шлях». Не так даўно мы ўжо расказвалі пра яе сваім чытачам. Кампанія была зарэгістраваная ў 2020 годзе, а ўжо ў 2021-м размясцілася ў свабоднай эканамічнай зоне «Мінск». Гэтая фірма аказалася вельмі прыбытковай – за два апошнія гады яна выплаціла сваім акцыянерам 33,5 мільёна рублёў дывідэндаў. Кампанія з’яўляецца лагістычным хабам, асноўная мэта якога – экспарт мясной прадукцыі і субпрадуктаў у Кітай і краіны Паўднёва-Усходняй Азіі. Напрыклад, курыныя лапкі кампанія закупляе ў тым жа Узбекістане, а потым перапрадае далей у іншыя краіны.

 

Яшчэ адна кампанія – «Авангард Грузатранс», якой валодае Юрый Грышук, брат Таццяны. Цяпер кампанію ўзначальвае Валянціна Грыб – былая супрацоўніца «Глобалкастама». Акрамя гэтага Валянціна сумяшчае сваю працу ў «Авангард Грузатранс» з пасадай у «Алексвіт лтд», дзе кіруе аперацыйна-лагістычным аддзелам. Цяпер «Авангард Грузатранс» пераарыентаваўся на ўсходні рынак і займаецца кантэйнернымі перавозкамі мяса і субпрадуктаў у Азію.

 

У 2020 годзе кампанія «Авангард Грузатранс», якой усё яшчэ валодае і якую ўзначальвае брат Таццяны Аношкі, «купіць» у дачкі Віктара Шэймана, Вольгі Шэйман, і яе бізнэс-партнёркі Вольгі Хачатран бар на Зыбіцкай – «Шампанерыю». А пасля «перапрадасць» яе нейкаму Мікіту Андруковічу.

 

«Алексвіт» і «Філігруп» займаюцца пастаўкамі адзення і кіруюць сеткай крамаў адзення SASCH.

 

Па сутнасці, тым, чым раней займалася «сетка» «Глобалкастам», цяпер займаецца «група кампаній» «Алексвіт». Ля стырна ўсе тыя ж кіраўнікі і давераныя асобы Віктара Шэймана. Старыя юрыдычныя асобы, якія засвяціліся, былі ліквідаваныя. На іх месца паставілі раней незадзейнічаныя кампаніі, а то і ўвогуле новыя.

 

Сукупная выручка «групы кампаній» «Алексвіт» у 2023 годзе склала каля мільярда рублёў.

 

Такім чынам, сямейства Аношак абслугоўвае інтарэсы кампаній, звязаных з Віктарам Шэйманам. Гэтыя фірмы неаднаразова фігуравалі ў скандалах і нават крымінальных справах. Іх падазравалі ў недаплаце падаткаў у беларускі бюджэт, кантрабандзе, абыходзе санкцый, паралельным імпарце. Беручы ўдзел у дзейнасці гэтых кампаній, шлюбная пара Аношкаў скалаціла цэлы капітал. А цяпер давайце больш уважліва паглядзім, на што яны гэты капітал трацяць і куды ідуць грошы, якія павінны былі трапіць у беларускі бюджэт.

 

Святкаванне Новага года ў дубайскім гатэлі Atlantis The Palm пад спевы Кайлі Міноўг – гэта толькі кропля ў моры. Дарэчы, сям’я Аношкаў і раней наведвала гэтае мепрыемства ў гэтым шыкоўным гатэлі – у 2016 годзе. 31 снежня, у канун новага, 2017-га, года, Таццяна апублікавала фота меню гала-вячэры Atlantis The Palm з подпісам: «Ідзем!» на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

 

TATYANA ONOSHKO V PREDVKUSHENII GALA-UZHINA V OTELE ATLANTIS THE PALM V DUBAE

Таццяна Аношка ў чаканні гала-вячэры ў гатэлі Atlantis The Palm у Дубаі (снежань 2016 года). Крыніца: профіль Таццяны Аношкі ў Facebook

 

Дзякуючы «КіберПартызанам» нам удалося высветліць, што Таццяна і Сяргей Аношкі вылецелі з Беларусі 28 снежня 2016 года і вярнуліся з вакацый толькі 4 студзеня ўжо 2017 года. Мяркуючы па фотаздымку з яе ж фэйсбука, муж і жонка Аношкі выправіліся на адпачынак са сваімі трыма сынамі з бізнэс-лаўнджа мінскага аэрапорта.

 

TATYANA ONOSHKO S SYNOVYAMI V BIZNES-LAUNDZHE NACIONALNOGO AEROPORTA MINSK (DEKABR 2016 GODA)

Таццяна Аношка з сынамі ў бізнэс-лаўнджы Нацыянальнага аэрапорта Мінск (снежань 2016 года). Крыніца: профіль Таццяны Аношкі ў Facebook

 

І гэта не адзіная паездка ў Дубай.

 

 

РАЙСКАЯ НАСАЛОДА

Прааналізаваўшы фотаздымкі і геаметкі ў сацсетках сям’і Аношкаў, мы зафіксавалі, што члены сям’і нашых герояў адзначыліся ў Дубаі сама меней яшчэ 4 разы – у студзені 2024-га, красавіку 2023-га, лютым 2022-га і сакавіку 2021-га. Спынімся на вясновых вакацыях 2021 года і падлічым, колькі Аношкі маглі патраціць на курорце.

 

30 сакавіка 2021 года Таццяна Аношка апублікавала ў сваім інстаграме фатаграфію з пляжа і з геалакацыяй Atlantis The Palm.

 

TATYANA ONOSHKO NA OTDYHE V ATLANTIS THE PALM V DUBAE (MART 2021 GODA)

Таццяна Аношка на адпачынку ў Atlantis The Palm у Дубаі (сакавік 2021 года). Крыніца: інстаграм-акаўнт Таццяны Аношкі

 

Дзякуючы «КіберПартызанам» мы ўсталявалі, што Таццяна Аношка і яе муж Сяргей сапраўды не знаходзіліся ў гэтую дату на радзіме – яны вылецелі з Беларусі 26 сакавіка 2021 года і вярнуліся ў краіну 7 красавіка. Калі дапусціць, што ўсе гэтыя 13 дзён і 12 начэй сямейная пара бавіла ў Atlantis The Palm, то самы бюджэтны нумар (але, тым не менш, з відам на акіян) мог абысціся пары Аношкаў са сняданкам у 8000 €, або каля 650 € за суткі.

У «Бюро» няма інфармацыі, ці адпачывалі Сяргей і Таццяна самі ці разам з сынамі. У тым выпадку, калі сямейства Аношкаў спынілася ў Atlantis The Palm у поўным складзе, то самы танны сямейны нумар са сняданкам для 5 чалавек на 12 начэй мог каштаваць ім амаль 20 000 €. Самы дарагі нумар у гэтым гатэлі – люкс на шасцярых – можа абысціся ў 161 000 € за 12 начэй.

Аднак сумы, выдаткаваныя на гала-вячэры з сусветнымі зоркамі і дубайскія гатэлі, – проста слёзы ў параўнанні з тым, колькі сям'я Аношкаў магла спусціць у іншым райскім кутку планеты – у самым сэрцы экватара.

 

Перанясемся з узбярэжжа Персідскага заліва ў месца яшчэ больш прыцягальнае. Туды, дзе Індыйскі акіян сустракаецца з Аравійскім морам – Мальдывы. У адрозненне ад Дубая, тут не знайсці модных буцікоў і грукатлівых вечарынак. Мальдыўскія выспы па праве сінонім слова эксклюзіў, адпачынак у гэтым райскім месцейку вельмі дарагі і даступны далёка не кожнаму.

 

Вернемся да інстаграма Таццяны Аношкі. У красавіку 2020 года яна апублікавала серыю фатаграфій з геатэгам – востраў Баа, Мальдывы. У подпісе да здымкаў Таццяна паспяшалася дадаць, што цяпер яна з сям'ёй дома на ізаляцыі, а ў «рай на зямлі» яны паспелі трапіць яшчэ да лакдаўна.

 

TATYANA ONOSHKO NA OTDYHE NA MALDIVAH (DEKABR 2019 GODA)

Таццяна Аношка на адпачынку на Мальдывах (снежань 2019 года). Крыніца: інстаграм-акаўнт Таццяны Аношкі

 

З базы пералётаў, якую атрымалі ад «КіберПартызан», мы даведаліся, што перад самай эпідэміяй COVID-19 сям'я Аношкаў якраз кудысьці рванула з Беларусі 28 снежня 2019 года і вярнулася ў Мінск на Каляды – 7 студзеня ўжо 2020 года. Дзякуючы відэа з паста Таццяны ў нас не застаецца сумневаў – у гэтыя даты яны былі менавіта на Мальдывах. На раскошным курорце сямейства правяло 11 дзён/10 начэй.

 

У геалакацыі да паста Таццяна не пакінула адзнакі канкрэтнага гатэля, але па апублікаваных ёю фатаграфіях «Бюро» ўстанавіла, што муж і жонка Аношкі з дзецьмі бавілі гэтыя дні ў рэзорт-гатэлі Vakkaru Maldives. Але колькі ўсё гэтае задавальненне каштавала?

 

Такім чынам, у падарожжа выправіліся мінімум 5 чалавек – яна сама, яе муж Сяргей і трое іх дзяцей. Старшым сынам-блізнятам Іллю і Ігару на той момант было па 12 гадоў, таму паводле правіл гатэля за іх бяруць плату як за дарослых, сыну Марату было 7, і ён афармляецца як дзіця. На жаль, мы не можам праверыць узровень цэн у 2020 годзе, таму задаем усе параметры на аналагічны перыяд, на той выпадак, калі парадак цэн фармуецца зыходзячы з сезоннасці, – з 28 снежня 2024 года па 7 студзеня 2025 года.

 

Сайт гатэля прапаноўвае па зададзеных параметрах самы танны варыянт – шасцімясцовую рэзідэнцыю з дзвюма спальнямі ў 500 м², уласным басейнам 38 м² і прамым выхадам на пляж. Кошт такой вілы 11 000 $ за суткі, або 110 000 $ за 10 начэй, – сняданак ужо ўключаны ў цану.

 

VAKKARU MALDIVES_1

VAKKARU MALDIVES_2

Крыніца: vakkarumaldives.com

 

Аднак гэта яшчэ далёка не ўсе расходы. 

 

Да гатэля можна дабрацца толькі на гідрасамалёце. Трансфер у абодва бакі можна замовіць у самім рэзорце, але аплачваецца ён дадаткова па тарыфах: 950 $ за дарослага і 475 $ за дзіця – дадаем у выдаткі яшчэ 4275 $ за трансфер.

 

Мяркуючы па відэа ў інстаграме Таццяны, новы, 2020-ты, год яны сустракалі на пляжнай вечарынцы, якую штогод арганізоўвае гатэль. Папярэднічае канцэртнай праграме і салюту святочная гала-вячэра – падобная на тую, якую Аношкі наведвалі ў Дубаі. Пры браняванні вілы Vakkaru Maldives праінфармавалі, што мерапрыемства не ўваходзіць у кошт пражывання і патрабуе дадатковых фінансавых затрат: 1276 $ за дарослага і 638 $ за дзіця – дадаем у выдаткі яшчэ 5742 $ за навагоднюю паці.

 

Акрамя таго, Аношкі карысталіся яшчэ адной платнай опцыяй рэзорта – марская прагулка на яхце.

 

MORSKAYA PROGULKA SEMI ONOSHKO NA MALDIVAH

Марская прагулка сям’і Аношкаў на Мальдывах. Крыніца: інстаграм-акаўнт Таццяны Аношкі

 

Гатэль аказвае гэтую паслугу таксама за асобную плату. Кошт прыватнага чартара стартуе ад 3000 $ за 2 гадзіна марскога падарожжа. За 4 гадзіны давядзецца заплаціць 4500 $, а за 8 – 6000 $. Абед на яхце аплачваецца асобна. Да выніковага кошту гатэль дадасць 10% сэрвіснага збору і 16% ПДВ.

 

Мы не маем інфармацыі, колькі гадзін на яхце правялі Аношкі і ці перарываліся яны на трапезу. Таму «Бюро» ўзяло на сябе смеласць і ўключыла ў чэк толькі мінімальны кошт арэнды яхты на 2 гадзіны. З усімі падаткамі і зборамі выходзіць 3780 $ – раптам Аношкі гады ў рады вырашылі ўсё ж на нечым зэканоміць.

 

Ну і, вядома ж, не будзем забываць пра ежу. Бо за 110 000 $ кормяць гасцей толькі сняданкам. На тэрыторыі гатэля месцяцца 7 рэстаранаў. Мы ўзялі сярэднія цэны з Booking. Абед гатэль прапаноўвае па 106 $ за чалавека, а вячэра будзе каштаваць 172 $ за чалавека. Дапусцім, што сям’я Аношкаў абедала і вячэрала ў поўным складзе ўсе гэтыя 10 сутак пражывання. Такім чынам, дадаем да выдаткаў яшчэ 13 900 $ за абеды і вячэры на пяцярых на працягу 11 дзён.

Хочам падкрэсліць, што нам не вядомы парадак коштаў гатэля ў 2019–2020 гадах, але можам выказаць здагадку, што на такіх элітных курортах чэкі за адпачынак маглі быць не менш унушальнымі.

 

Акрамя таго, мы не маем інфармацыі, у якой менавіта віле пражывалі Аношкі. У якасці ўзору мы выбралі самы «бюджэтны» варыянт засялення на сайце зыходзячы з колькасці чалавек і іх узросту на той часавы перыяд. Мы дапускаем, што сям'я Аношкаў магла аддаць перавагу і больш раскошнай віле.

 

Таксама хочам адзначыць, што ў 2024 годзе гатэль прапаноўвае 35-працэнтную зніжку на пражыванне і вячэры пры браніраванні ад 6 начэй, аднак мы не маем інфармацыі, ці прапаноўваўся падобны дыскаўнт у 2019–2020 гадах і ці карысталася ім сям’я Аношкаў.

Такім чынам, паводле мінімальных разлікаў, сямейства Аношак магло прагуляць на Мальдывах крыху больш як 137 000 $ за 10 дзён! Каб проста зарабіць такія грошы, звычайнаму беларусу спатрэбіцца 17 гадоў.

 

 

БРЫЛЬЯНТАВАЯ МАЯ

Сям'я Аношкаў жыве на шырокую нагу і смеціць грашыма направа-налева не толькі за мяжой, але і ў Беларусі. Вывучаючы профіль Таццяны ў інстаграме, мы выявілі, што наша гераіня на сабе каханай не эканоміць і скупляе ювелірныя ўпрыгажэнні ў прамысловых маштабах.

 

Пераважна Таццяна Аношка абірае французскі ювелірны дом Van Cleef & Arpels. Вось, напрыклад, бранзалет з малахітам з 18-каратнага жоўтага золата – кошт упрыгажэння 4850 $.

 

BRASLET S MALAHITOM IZ 18-KARATNOGO ZHELTOGO ZOLOTA_1

BRASLET S MALAHITOM IZ 18-KARATNOGO ZHELTOGO ZOLOTA_2

Крыніцы: інстаграм-акаўнт Таццяны Аношкі і vancleefarpels.com

 

На другім фота мы разгледзелі здвоенае кальцо з той жа калекцыі Magic Alhambra за 7700 $ і кулон на ланцужку за 7000 $.

 

SDVOENNOE KOLCO I KULON NA CEPOCHKE MAGIC ALHAMBRA

SDVOENNOE KOLCO MAGIC ALHAMBRA

KULON NA CEPOCHKE MAGIC ALHAMBRA

Крыніцы: інстаграм-акаўнт Таццяны Аношкі і vancleefarpels.com

 

Амаль такое ж калье ёсць у Таццяны яшчэ і з перламутрам. Яно таннейшае – 2750 $.

 

KOLE S PERLAMUTROM_1

KOLE S PERLAMUTROM_2

Крыніцы: інстаграм-акаўнт Таццяны Аношкі і vancleefarpels.com

 

І завушніцы – 4050 $.

 

SERGI S PERLAMUTROM_1

SERGI S PERLAMUTROM_2

Крыніцы: інстаграм-акаўнт Таццяны Аношкі і vancleefarpels.com

 

На яшчэ адным фотаздымку можна разгледзець на яе запясці гадзіннік ад таго ж ювелірнага дома. На еўрапейскай версіі сайта Van Cleef & Arpels такога аксесуара з перламутрам нам знайсці ў продажы цяпер не атрымалася, але дакладна такі ж можна набыць у Саудаўскай Аравіі за 50 з лішнім тысяч саудаўскіх рыалаў. У доларах па курсе яго кошт амаль 13 500 $.

 

CHASY S PERLAMUTROM_1

CHASY S PERLAMUTROM_2

Крыніцы: інстаграм-акаўнт Таццяны Аношкі і amusedco.com

 

Акрамя таго, у калекцыі Таццяны маюцца завушніцы-матылькі Lucky Alhambra з 18-каратнага золата з перламутрам і тыгравым вокам. Набыць такія можна за 7150 $.

 

SERGI-BABOCHKI LUCKY ALHAMBRA_1

SERGI-BABOCHKI LUCKY ALHAMBRA_2

Крыніцы: інстаграм-акаўнт Таццяны Аношкі і vancleefarpels.com

Але на гэтым залатая ліхаманка Аношкі не сканчаецца. У калекцыі нашай гераіні мы знайшлі ювелірныя аздабленні яшчэ аднаго знакамітага брэнда – італьянскага дома мод Bulgari, які праславіўся стварэннем прадметаў раскошы.

 

Вось, напрыклад, наша гераіня хваліцца ў інстаграме гартэнзіямі, якія яна вырошчвае ў садзе ля свайго дома ў Сеніцы. Кветкі прыгожыя, але, на наш густ, моцна саступаюць кальцу і бранзалету, якія пры святле бліскаўкі асляпляюць ззяннем 18-каратнага ружовага золата ў спалучэнні з перламутрам і оніксам. Агульным лікам на руцэ Аношкі мы налічылі 7250 $ – бранзалет 4350 $ і кальцо 2900 $.

 

BRASLET I KOLCO BULGARI

BRASLET BULGARI

KOLCO BULGARI

Крыніцы: інстаграм-акаўнт Таццяны Аношкі і bulgari.com

 

Нават на Мальдывах, удалечыні ад цывілізацыі, на шыі ў Таццяны ланцужок з кулонам з 18-каратнага ружовага золата ад Bulgari. Сам кулон інкруставаны мінералам сердалік і брыльянтамі. За такое ўпрыгажэнне на афіцыйным сайце просяць 4600 $.

 

OZHERELE S KULONOM BULGARI_1

OZHERELE S KULONOM BULGARI_2

Крыніцы: інстаграм-акаўнт Таццяны Аношкі і bulgari.com

 

А вось, бадай, перліна ювелірнай калекцыі Таццяны – залатыя каралі-змяя, абсыпаныя брыльянтамі. Па сутнасці, на шыі ў гераіні нашага расследавання – аднушка ў Мінску. Бо кошт караляў – 56 000 $!

 

OZHERELE-ZMEYA BULGARI_1

OZHERELE-ZMEYA BULGARI_2

Крыніцы: інстаграм-акаўнт Таццяны Аношкі і bulgari.com

Акрамя ювелірных аздабленняў Аношка інвестуе ў торбачкі ад люксавых брэндаў. На мюзікл, у якім выступаў яе малодшы сын Марат, Таццяна выбрала торбачку Mini Lady ад французскага дома мод Christian Dior. На афіцыйным сайце за такую просяць 5050 €.

 

MINI LADY CHRISTIAN DIOR_1

MINI LADY CHRISTIAN DIOR_2

Крыніцы: інстаграм-акаўнт Таццяны Аношкі і dior.com

 

Для прагулкі па Абу-Дабі выбар трапіў на аксесуар «папрасцей» – маленькую скураную торбачку Kate ад элітнага парыжскага брэнда Saint Laurent. За яе Таццяна Аношка магла выкласці 1550 €.

 

KATE SAINT LAURENT_1

KATE SAINT LAURENT_2

Крыніцы: інстаграм-акаўнт Таццяны Аношкі і lyst.com

 

Для пляжнага адпачынку ў Atlantis The Palm у Дубаі наша гераіня выбрала зусім ужо, паводле яе мерак, бюджэтны варыянт. Пластыкавы шопер ад Dolce & Gabbana. Каб насіць крэм для загару з шыкам, Таццяна магла пакінуць у буціку 683 $.

 

SHOPER DOLCE & GABBANA_1

SHOPER DOLCE & GABBANA_2

Крыніцы: інстаграм-акаўнт Таццяны Аношкі і thebs.com

Не менш унушальныя сумы муж і жонка Аношкі трацяць і на адзенне. Само сабой – люкс-сегмента.

 

Вось Таццяна збіралася наведаць праваслаўны храм, паслухмяна пакрыўшы галаву дзвюма беларускімі сярэднімі заработнымі платамі. Дакладней, шалікам Christian Dior за 1210 €.

 

SHARF CHRISTIAN DIOR_1

SHARF CHRISTIAN DIOR_2

Крыніцы: інстаграм-акаўнт Таццяны Аношкі і dior.com

 

А тут сабралася ўся сям’я Аношкаў. На Таццяне сукенка з баваўнянага папліну ад італьянскіх дызайнераў Dolce & Gabbana з капсульнай калекцыі Sunrise вясны 2022 года. На сайце брэнда і іншых профільных анлайн-магазінаў такі строй ужо не набыць, але ў нас усё ж атрымалася адшукаць яго ў продажы ў Саудаўскай Аравіі. Арыгінальная цана без зніжкі – 2200 €.

 

PLATE DOLCE & GABBANA_1

PLATE DOLCE & GABBANA_2

Крыніцы: інстаграм-акаўнт Таццяны Аношкі і en-saudi.ounass.com

Дарэчы, на сваіх дзецях Аношкі таксама не эканомяць. На малодшым сыне Аношкаў Мараце модная футболка таксама ад Dolce & Gabbana. Такая пакупка магла абысціся амаль у 430 $. На Іллю – футболка прэміяльнага французскага брэнда Louis Vuitton. На афіцыйным сайце такая ж, але ў іншых колерах каштуе 820 €.

 

FUTBOLKA DOLCE & GABBANA

FUTBOLKA LOUIS VUITTON

Крыніцы: yoox.com і louisvuitton.com

 

У Іллі Аношкі мы знайшлі яшчэ некалькі дарагіх брэндавых аўтфітаў. Вось, напрыклад, сядзець за школьнай партай хлопчык будзе ў світшоце ад парыжскага дома высокай моды Maison Margiela – 880 $.

 

SVITSHOT MAISON MARGIELA_1

SVITSHOT MAISON MARGIELA_2

Крыніцы: інстаграм-акаўнт школы «Эка-Эл» і maisonmargiela.com

 

Для прагулак з сябрамі на свежым паветры сын Аношкі, як і ўсе дзеці, апранаецца, вядома, папрасцей (у разуменні гэтай сям’і) – у світшот ад французскага моднага дома Givenchy. Не перажывайце, лагатып пабляк не ад частага мыцця – так было задумана. За 580 €.

 

SVITSHOT GIVENCHY_1

SVITSHOT GIVENCHY_2

Крыніцы: інстаграм-акаўнт Іллі Аношкі і circle-fashion.com

 

На другога сына, Ігара, бацькі таксама грошай не шкадуюць. У інстаграме хлопчыка мы знайшлі вось такое фота. Строгі гарнітур Ігара падкрэслівае рэмень з залацістай спражкай ад Dolce & Gabbana за 515 $.

 

REMEN DOLCE & GABBANA_1

REMEN DOLCE & GABBANA_2

Крыніцы: інстаграм-акаўнт Ігара Аношкі і farfetch.com

У ліпені 2023 года Таццяна апублікавала фота з дня нараджэння малодшага сына Марата – хлопчыку спаўнялася 11 год.

 

DR MARATA 11 LET

Крыніцы: інстаграм-акаўнт Таццяны Аношкі

 

Урачыстасць праходзіла ў радавым гняздзе Аношкаў у беларускай Сеніцы. Імяніннік на свята апрануўся ў баваўняную кашулю брытанскага брэнда Burberry з летняй калекцыі 2023 года. На афіцыйным сайце такая каштуе 300 $. На блізнюку Іллю Аношку шаўковая кашуля Dior Homme ад прэміяльнага французскага брэнда Christian Dior. Цана пытання – блізка што 1700 $. На блізнюку Ігару Аношку баваўняная кашуля ад італьянскага моднага дома Dolce & Gabbana. Набыць яе можна амаль за 800 €.

 

RUBASHKA BURBERRY

RUBASHKA DIOR HOMME

RUBASHKA DOLCE & GABBANA

Крыніцы: us.burberry.com, cettire.com і dolcegabbana.com

 

Акрамя таго, на свята да 11-годкі Аношкі запрасілі вядомага блогера-тыктокера Артура Бабіча.

 

BLOGER ARTUR BABICH NA DNE ROZHDENIYA MARATA ONOSHKO

Блогер Артур Бабіч на 11-м дні нараджэння малодшага сына сямейнай пары Аношкаў – Марата. Крыніца: інстаграм-акаўнт Таццяны Аношкі

 

Пад выглядам патэнцыйных кліентаў мы звязаліся з агенцтвам, якое займаецца арганізацыяй выступаў зорак расійскага шоу-бізнэсу, і ўдакладнілі, у колькі абыдзецца віншаванне Артура Бабіча на дзіцячым свяце з выездам у Мінск. У арганізацыі растлумачылі, што ганарар тыктокера складзе 35 000 $, яшчэ на 8000 $ пацягнуць выдаткі на райдар. Такім чынам, сямейства Аношкаў магло б заплаціць за зорнага госця мінімум 43 000 $.

 

На дзевяцігоддзе Марата бацькі пестуна таксама «выпісалі» ў Сеніцу куміра сына – блогера, спевака і тэлевядоўцу беларускага паходжання Улада Кабякова.

 

BLOGER VLAD KOBYAKOV NA DNE ROZHDENIYA MARATA ONOSHKO

Блогер Улад Кабякоў на 9-м дні нараджэння малодшага сына Аношкаў – Марата. Крыніца: інстаграм-акаўнт Таццяны Аношкі

 

«Бюро» под выглядам патэнцыйнага кліента высветліла ў мэнэджара Кабякова, што выступ артыста на дзіцячым свяце ў якасці вядоўцы мерапрыемства і музычнага выканаўцы будзе каштаваць каля 8000 $ за гадзіну.

 

І нават велікодны стол у доме Таццяны і Сяргея Аношкаў аздабляе пазалочаная парцалянавая качачка ад італьянскага брэнда Ahura.

 

ZOLOTAYA UTOCHKA NA PASHALNOM STOLE V POMESTE ONOSHKO

Залатая качачка на велікодным стале ў маёнтку Аношкаў у Сеніцы. Крыніца: інстаграм-акаўнт Таццяны Аношкі

 

Такія статуэткі вырабляюцца на фабрыцы ў Італіі пад замову. Мы напісалі на электронную пошту ў аддзел продажу, і вытворца паведаміў нам падрабязнасці: па золаце можна замяніць на плаціну, а каралі і вочы качачкі інкруставаныя стразамі Swarovski. Стаць ганаровым уладальнікам пазалочанай качачкі можна ўсяго за 226 € (цана ў розніцу) і яшчэ 40 € трэба аддаць за дастаўку ў Беларусь. Акрамя таго, нам паабяцалі зрабіць зніжку ў 30% на першую замову.

Акрамя загараднага асабняка ў Сеніцы з пазалочанай качачкай у Таццяны Аношкі ў 2016 годзе ва ўласнасці з'явіўся чырвоны пазадарожнік – BMW X6 2016 года выпуску. Гэтым падарункам наша гераіня сама пахвалілася на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Пад фота падарунка яна наракала на чорную паласу: атруцілася, пахавала апошнюю любімую бабулю і нечакана памерлага прыяцеля – і ўсё гэта напярэдадні яе дня нараджэння. Паводле слоў Таццяны, у яе няма маральнага права святкаваць уласныя імяніны. Затое яна можа радавацца новенькаму аўто!

 

VNEDOROZHNIK BMW X6

Пазадарожнік BMW X6, які Сяргей Аношка паднёс жонцы ў якасці падарунка на дзень нараджэння. Крыніца: профіль Таццяны Аношкі ў Facebook

 

Ён, дарэчы, абышоўся Сяргею Аношку ў 2016 годзе прыкладна ў 70 000 $. У нагрузку да пазадарожніка пракладаўся і нумарны знак, замоўлены, верагодна, спецыяльна для Таццяны, – 1010 OT-5. 1010 – супадае з датай нараджэння нашай гераіні – 10 кастрычніка, а ОТ, відаць, расшыфроўваецца як Оношко Татьяна.

БАЗА ДАДЗЕНЫХ ДЗЯРЖАЎНАЙ АЎТАІНСПЕКЦЫІ РБ
BAZA DANNYH GOSUDARSTVENNOJ AVTOINSPEKCII RB

У агульнай складанасці мы налічылі ў сям’і Аношкаў адзення і аксесуараў больш як на 130 000 $, з якіх ювелірныя ўпрыгажэнні пацягнулі амаль на 115 000 $. Акрамя таго, мінімум 50 000 $ было патрачана на ганарары і райдары зорных гасцей на сямейных урачыстасцях, і яшчэ сама меней 145 000 $ спусцілі на два адпачынкі: у Дубаі і на Мальдывах. І гэта яўна толькі ніжняя мяжа – тое, што Таццяна Аношка выклала на ўсеагульны агляд у інстаграме, што ў нас атрымалася ідэнтыфікаваць і ацаніць – без уліку кошту авіябілетаў і паўсядзённых адпускных выдаткаў. Але нават так гэта практычна чатырыста тысяч долараў на забавы, прадметы раскошы і падарункі адно аднаму. Рэальны маштаб выдаткаў на матэрыяльныя брэндавыя даброты, адпачынкі і нерухомасць можа быць у разы большы.

 

Сямейства Аношкаў – кіраўнікі сярэдняга звяна з «абоймы» Віктара Шэймана, але зарабляюць і трацяць столькі, колькі сярэднестатыстычнаму беларусу нават і не снілася. Заробленыя на шэрых схемах, абыходзе санкцый і кантрабандзе казачныя грошы Аношкі трацяць на брыльянтавыя ўпрыгажэнні, брэндавую вопратку, пералёты бізнэс-класам, раскошныя курорты, вячэры з шампанскім і ікрой, ганарары зоркам.

 

І пакуль у Беларусі сярэдняя налічаная заработная плата каля 600 долараў за месяц, мэнэджары кампаній, звязаных з Шэйманам, трацяць столькі проста на кашулю.

 

Сяргей Аношка не захацеў з намі пагутарыць.

«Мне цяпер нязручна гаварыць» – сказаў бізнэсовец і кінуў слухаўку.

Таццяна Аношка не адказала на нашыя тэлефанаванні.

Даданні па тэме

Як правая рука Лукашэнкі зарабляе на пастаўках «далікатэсаў» у Азію