Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва
SHIMANOVICH_MAIN

Агент 00SIM

Нашыя сацсеткi

Як Андрэй Шымановіч стварыў вядомы шпіёнскі сэрвіс, парадніўся з Шэйманам і вёў справы адначасова ў Беларусі і ЕС

Аўтары

За якімі праграмамі з мільёнамі карыстальнікаў стаіць Шымановіч – і чаму эксперты па кібербяспецы называюць іх небяспечнымі. У якіх афшорных юрысдыкцыях Шымановіч заснаваў кампаніі – і з якімі скандальнымі асобамі супрацоўнічаў. У якой еўрапейскай краіне Шымановіч, нягледзячы на сваю біяграфію, атрымаў дазвол на жыхарства – і як спраўна ўладкаваліся яго сваякі.

Мы ўдзячныя «Кіберпартызанам», экспертам па кібербяспецы Human Constanta і Resident NGO, а таксама калегам з літоўскага расследавальніцкага праекта Siena за дапамогу пры падрыхтоўцы гэтага матэрыялу

 

 

POWER COUPLE

10 верасня 2016 года, Першамайскі раён Мінска. У мясцовым загсе абяцаннямі кахання і вернасці абменьваецца маладая, але ўжо вельмі статусная пара.

 

Новаспечаная жонка – Вольга Шэйман, адзіная дачка Віктара Шэймана, правай рукі Аляксандра Лукашэнкі. Абранніка дзяўчыны зваць Андрэй Шымановіч. Ён удачлівы інвестар. У прэсе яго нават называюць самым паспяховым маладым бізнэсоўцам з Беларусі.

 

SHIMANOVICH WEDDING

Вяселле Андрэя Шымановіча і Вольгі Шэйман. Крыніца: інстаграм-акаўнт маці Андрэя Шымановіча

 

Да таго як пабрацца шлюбам, Шымановіч паспеў скончыць брытанскі ўніверсітэт, заснаваць венчурны фонд – і засвяціцца ў міжнародным скандале. Зяць Віктара Шэймана быў сузаснавальнікам і тварам шпіёнскага дадатку.

 

Сёння Шымановіч працягвае ствараць небяспечныя дадаткі ў Беларусі, а таксама кіруе кампаніямі ў Еўропе, якія звязаныя з фігурантамі міжнародных карупцыйных скандалаў. Гэта, аднак, не перашкодзіла яму атрымаць дазвол на жыхарства ў Літве.

 

У гэтым расследаванні мы падрабязна раскажам пра тое, як расла кар’ера Андрэя Шымановіча, і пра ягоныя сувязі з сям’ёй Шэймана.

 

 

ВАКОЛ СВЕТУ

Андрэй Шымановіч нарадзіўся ў 1987 годзе ў Мінску. Яго бацькі займаліся будаўніцтвам і раздробным гандлем. Кампаніі пад іх кіраўніцтвам былі невялікімі, але, мяркуючы па ўсім, прыбытковымі. У 18 гадоў Андрэя выправілі ў Лондан. Там ён скончыў прэстыжны Універсітэт каралевы Марыі, а затым далучыўся да каманды інвестыцыйнага буціка Bowline Capital Partners. У гэтай фірме «Бюро» пацвердзілі, што Шымановіч працаваў у іх знешнім кансультантам у 2012–2013 гадах.

 

Прыкладна ў той жа час ён зблізіўся з Вольгай Шэйман. Пра гэта сведчаць іх шматлікія сумесныя паездкі за мяжу ў пачатку 2010-х гадоў, якія «Бюро» знайшло ў базах «Кіберпартызан».

 

VACATION

Андрэй Шымановіч і Вольга Шэйман на адпачынку. Крыніца: інстаграм-акаўнт маці Андрэя Шымановіча

 

Падарожнічаў Андрэй Шымановіч і са сваімі будучымі сваякамі – Віктарам і Сяргеем Шэйманамі, бацькам і братам Вольгі.

 

Тут мы зробім невялікае адступленне і нагадаем вам, хто такі Віктар Шэйман. На працягу дзесяцігоддзяў ён быў найбліжэйшым паплечнікам Аляксандра Лукашэнкі. Яны пачалі працаваць разам яшчэ падчас першай прэзідэнцкай кампаніі. Пасля прыходу Лукашэнкі да ўлады Шэйман займаў высокія дзяржаўныя пасады. Напрыклад, сакратара Савета бяспекі, генеральнага пракурора і кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі.

 

Аднак беларусы запомнілі Шэймана з іншых прычынаў. У дзевяностых і пачатку нулявых яго звязвалі з «эскадронамі смерці», якія забівалі палітычных апанентаў Лукашэнкі. У 2010-х вакол Шэймана склалася імперыя кантрабанды санкцыйных тавараў з Беларусі ў Расію. Пазней Шэйман «уславіўся» як куратар беларускіх праектаў у Афрыцы і Лацінскай Амерыцы.

 

На гэтай пасадзе Шэйман склаў нібыта прыбытковыя для Беларусі ўгоды з урадам Зімбабвэ. Меркавалася, што беларускую тэхніку будуць пастаўляць у гэтую афрыканскую краіну ў абмен на доступ да афрыканскіх радовішчаў золата. Аднак журналісты-расследавальнікі высветлілі, што беларуская дзяржава не мела нават долі ў праекце Шэймана. Прыбытак ішоў да яго сына, Сяргея Шэймана, і партнёра – бізнэсоўца Аляксандра Зінгмана. Менавіта гэтыя асобы праз сетку афшораў валодалі золатаздабыўным прадпрыемствам.

 

На старце афрыканскай эпапеі Віктар Шэйман падключыў да сваіх замежных паездак будучага зяця – Андрэя Шымановіча. Паводле звестак «Кіберпартызан», іх першы ваяж адбыўся ў ліпені 2016 года.

 

У іх кампаніі былі заўважаныя перакладчык Савета бяспекі Аляксандр Сямехін, супрацоўнік службы бяспекі Лукашэнкі Юрый Баркоўскі і ключавыя фігуры будучага зімбабвійскага праекта: бенефіцыяры Сяргей Шэйман і Аляксандр Зінгман, а таксама Яўген Жоўнер – суўладальнік фірмы, якая распрацоўвала радовішчы золата. Кампанія, дарэчы, была створаная ўсяго за месяц да паездкі.

 

Праз чатыры дні ўсе, акрамя Жоўнера, вярнуліся ў Мінск. Куды яны лёталі, невядома. Аднак першы дзень іх паездкі прыпаў на перамовы беларускай дэлегацыі з паслом Зімбабвэ ў Маскве.

 

У цэлым, «Бюро» знайшло ў Андрэя Шымановіча і Віктара Шэймана 11 сумесных пералётаў. Сярод спадарожнікаў зяця і цесця, акрамя ўжо згаданых, былі Вольга Шэйман, бізнэсовец Віталь Фішман і сілавік Міхаіл Баранаў.

 

З Сяргеем Шэйманам, паводле дадзеных «Кіберпартызан», Андрэй Шымановіч меў 29 сумесных паездак пачынаючы з 2012 года.

 

Усё гэта паказвае на тое, што Шымановіч быў у блізкіх стасунках са сваякамі жонкі і іх набліжанымі. Аднак дакументальных пацвярджэнняў таго, што ён удзельнічаў у іхных бізнэсах, няма. Пры гэтым вядома, што падчас апісаных паездак Шымановіч быў заняты ўласнымі праектамі – у сферы айці. У скандальнасці яны не саступалі справам Шэймана.

 

 

ВЯЛІКІ БРАТ

Першы ж вядомы праект Андрэя Шымановіча абярнуўся грандыёзным поспехам. Сэрвіс mSpy з’явіўся ў 2011 годзе, а ўжо да 2013 года дасягнуў мільёна карыстальнікаў.

 

Праграма дазваляла дыстанцыйна сачыць за чужым тэлефонам, планшэтам або камп’ютарам: чытаць паведамленні, адсочваць геалакацыю, праглядаць фатаграфіі, актыўнасць у сацсетках, гісторыю званкоў і пошуку. Сэрвіс працаваў у нябачным рэжыме, таму чалавек мог нават не ведаць, што за ім назіралі.

 

Стваральнікі пазіцыянавалі mSpy як інструмент бацькоўскага кантролю. На распрацоўку Андрэя Шымановіча нібыта натхніла сястра, якая ў падлеткавым узросце давала шмат клопату.

«Яна ўвесь час сядзела ў смартфоне, прапускала заняткі і парушыла каменданцкую гадзіну, таму я непакоіўся пра яе дабрабыт. Асабіста я прасоўваў ідэю прадукту, які дазволіў бы бацькам больш пільна кантраляваць дзеянні сваіх дзяцей у смартфонах», казаў Шымановіч у інтэрв’ю.

Карыстальнікі, аднак, хутка знайшлі mSpy іншы ўжытак. Уладальнікі бізнэсаў сталі выкарыстоўваць сэрвіс для назірання за супрацоўнікамі, а раўнівыя партнёры – для віжавання за сваімі парамі. У 2013 годзе mSpy прызнала: бацькі, якія непакоіліся пра сваіх дзяцей, складалі толькі 40% кліентаў дадатку. Каманду гэта толькі цешыла.

«Убачыўшы колькасць нашых кліентаў і тое, як яны выкарыстоўваюць наш прадукт, мы яшчэ больш натхняемся і поўныя рашучасці яго развіваць», каментаваў Андрэй Шымановіч.

У інтэрв’ю Forbes ён прызнаў, што па сутнасці стварыў шпіёнскую праграму, але адмовіўся браць адказнасць за яе ўжыванне.

«З вытворцам зброі тая ж сітуацыя. Калі вы набудзеце пісталет і пойдзеце страляць, ніхто не будзе пераследаваць вытворцу зброі. Адказнасць за гэта будуць несці тыя, хто страляе ў людзей. Тое ж самае з mSpy. Мы проста аказваем паслугі, якія могуць вырашыць пэўныя задачы», разважаў Шымановіч у іншым інтэрв’ю.

Зрэшты, праблема была не толькі ў этычнасці сэрвісу. mSpy стаў сховішчам вялізнага масіву вельмі адчувальных звестак – і ад яго чакалі надзейнай абароны гэтай інфармацыі. Кампанія не дала рады: у 2015 годзе дадзеныя 400 тысяч чалавек патрапілі ў даркнэт. Пра ўцечку паведамілі спецыялісты па кібербяспецы, а не каманда mSpy. Яна, наадварот, яшчэ тыдзень адмаўляла інцыдэнт.

 

У 2018 годзе сэрвіс mSpy дапусціў яшчэ буйнейшую ўцечку – каля 2 мільёнаў запісаў. Сярод злітых звестак былі імёны карыстальнікаў, электронныя пошты, лагіны, паролі і ключы шыфравання.

 

Трэцяя і апошняя вядомая ўцечка здарылася ў 2024 годзе. Тады зламыснікі атрымалі доступ да мільёна зваротаў у службу падтрымкі mSpy. У іх былі пазначаныя электронныя адрасы, нумары тэлефонаў і іншыя асабістыя звесткі.

 

Амерыканскае выданне Slate назвала mSpy «найвялікшым інструментам кіберсталкінгу» і ўключыла ў спіс 30 самых небяспечных распрацовак сучаснасці. У падборку ўвайшлі праекты, якія парушалі правы карыстальнікаў і кліентаў або выклікалі занепакоенасць у спецыялістаў па кібербяспецы і праве.

 

Нягледзячы на ўсе скандалы, mSpy дагэтуль працуе. Сэрвісам карыстаюцца паўтара мільёна чалавек са 180 краін.

 

Андрэй Шымановіч не каментаваў уцечкі mSpy. Пасля іх ён у прынцыпе перастаў публічна гаварыць пра сэрвіс і сваю ролю ў ім. Відаць, праграма для сачэння, якая не здолела абараніць сабраныя дадзеныя, кепска спалучалася з вобразам маладога генія, які Шымановіч пачаў ствараць вакол сваіх новых праектаў.

 

 

БІЗНЭСОВЕЦ НУМАР АДЗІН

У 2015 годзе Андрэй Шымановіч заснаваў венчурны фонд WeRocks з офісамі ў Лондане і Крэмніевай даліне. Як паведамлялі СМІ, аб’ём інвестыцый склаў 250 мільёнаў долараў, а ў партфелі былі дзясяткі стартапаў.

 

Напрыклад, Bluesmart – тэхналогія, якая дапамагала падарожнікам адсочваць перамяшчэнне багажу. GeoZilla – праграма, якая дазваляла вызначаць лакацыю тэлефона. HelpCrunсh – інструмент для сайтаў, які збіраў дадзеныя пра паводзіны карыстальнікаў. Placemeter – сэрвіс, які падключаўся да вулічных камер відэаназірання і аналізаваў перамяшчэнні мінакоў, каб ацаніць праходнасць лакацый, адсачыць пікавыя гадзіны і зразумець, якія вітрыны прыцягнулі болей увагі.

 

Калі не ведаць гісторыю інвестара гэтых дадаткаў, яны здаюцца бяскрыўднымі. Аднак складана не правесці паралелі з mSpy. Як і гэты скандальны праект, усе новыя распрацоўкі ў партфоліа Шымановіча займаліся зборам дадзеных і сачэннем. Толькі ўпакаваныя яны былі не ў шпіёнскі сэрвіс, а ў карысныя для жыцця і бізнэсу дадаткі.

 

Вобраз Шымановіча таксама зазнаў рэбрэндынг. Ён пачаў актыўна прасоўвацца ў Беларусі, пазіцыянуючы сябе як маладога і надзвычай паспяховага бізнэсоўца міжнароднага ўзроўню.

 

Вясной 2015 года Агенцтва стратэгічнага і эканамічнага развіцца назвала Шымановіча самым паспяховым беларускім прадпрымальнікам да 30 год. Гэта самая ранняя публікацыя пра бізнэсоўца ў беларускіх медыя, якую знайшло «Бюро», – і адразу такая хвалебная. Пра скандалы вакол mSpy і сувязі з сямействам Шэймана ў агенцтве змоўчалі.

 

Восенню таго ж 2015 года Шымановіча запрасілі на форум «Бізнэс будучыні», які агенцтва арганізавала разам з парталамі «Про бизнес» і TUT.BY.

 

Піяр спрацаваў: Шымановіч стаў заўсёднікам рэйтынгаў паспяховых бізнэсоўцаў.

 

У 2016-м ён апынуўся ў спісе «Топ-50 персон у беларускім ІТ», стаў самым маладым удзельнікам рэйтынгу «Топ-200 паспяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі» і ўвайшоў у топ-3 беларускіх прадпрымальнікаў да 30 гадоў. У 2017 годзе зноў трапіў у тройку самых паспяховых маладых бізнэсоўцаў.

 

Актыўнасць на радзіме, падобна, была для Шымановіча вымушанай мерай. На Захадзе ягоная рэпутацыя была запэцканая шпіёнскім скандалам, новыя стартапы не ўзляталі, і шматмільённы венчурны фонд паступова раставаў. У Беларусі ж была надзейная апора ў асобе Віктара Шэймана, які лічыўся другім чалавекам у дзяржаве.

 

Стварыўшы ў медыя бліскучую рэпутацыю, Шымановіч у 2018 годзе адкрыў на радзіме бізнэс – кампанію Mobyrix. Яна занялася распрацоўкай мабільных дадаткаў.

 

 

КЛОН

Mobyrix дзейнічае дагэтуль, і з моманту заснавання адзіным бенефіцыярам кампаніі з’яўляецца Андрэй Шымановіч. На сайце фірмы прадстаўленае партфоліа з дзесяці дадаткаў. Аднак у App Store і Google Play у якасці іх распрацоўшчыка пазначаная іншая кампанія – літоўская Appvillis. Яе сайт выглядае рыхтык як у Mobyrix. Супадаюць лагатыпы і прадукты ў партфоліа. Гэта не выпадковасць. Абедзве фірмы, высветліла «Бюро», заснаваў Андрэй Шымановіч – прычым з розніцай у месяц.

 

Мы вывучылі гэтыя кампаніі і прыйшлі да высновы, што яны працуюць у звязцы. Беларуская Mobyrix адказвае за распрацоўку дадаткаў, а літоўская Appvillis іх публікуе і манетызуе.

 

Напрыклад, у App Store ў аднаго дадатку распрацоўшчыкам названая Appvillis – але Bundle ID праграмы, то бок ейны унікальны «лічбавы пашпарт», прывязаны да Mobyrix. У кодзе іншай праграмы, якая публічна прасоўваецца як прадукт Appvillis, таксама пазначаная Mobyrix. На старонцы трэцяй праграмы ў App Store распрацоўшчыкі, адказваючы на пытанне карыстальніка, называюцца як «каманда Appvillis» – але па тэхпадтрымку просяць звяртацца на электронную пошту Mobyrix.

 

Нарэшце, у беларускай кампаніі працаўладкаваныя 28 чалавек, а ў літоўскай усяго адзін – Андрэй Шымановіч.

 

MOBYRIX

Андрэй Шымановіч (у цэнтры) з камандай Mobyrix. Крыніца: сайт Mobyrix

 

Бізнэс-мадэль з раздзяленнем паўнамоцтваў можа быць выгаднай адразу з некалькіх прычынаў. Па-першае, літоўская кампанія знаходзіцца ў Еўрасаюзе. Для міжнародных партнёраў такі бізнэс відавочна выглядае больш надзейным, чым беларуская фірма. Па-другое, для мабільнага распрацоўшчыка еўрапейская «прапіска» больш зручная: лёгка працаваць з Apple і Google, плацежнымі сэрвісамі і рэкламадаўцамі. Па-трэцяе, вытворчасць у Беларусі можа быць фінансава больш выгаднай: зарплаты ў айці-спецыялістаў ніжэйшыя, чым у Літве. Не будзем забываць і пра беспрэцэдэнтныя перавагі, якія ў Беларусі даюць знаёмствы з «правільнымі» людзьмі, а Шымановіч на момант запуску Mobyrix і Appvillis ужо два гады як быў зяцем Віктара Шэймана.

 

Пытанні выклікае не сама схема раздзялення бізнэсу – гэта нармальная практыка для айці-кампаній. Праблема палягае ў непразрыстасці і наўмыснай спробе заблытаць карыстальнікаў.

 

Чалавек бачыць у App Store або Google Play распрацоўшчыка з Літвы – еўрапейскай юрысдыкцыі, якая прытрымліваецца высокіх стандартаў абароны дадзеных, – і без апаскі ўсталёўвае дадатак. Аднак схаваныя сляды спампаванай праграмы вядуць у Беларусь – аўтарытарную дзяржаву, улады якой на заканадаўчым узроўні замацавалі сваё права на лічбавы шпіянаж. Прытым да гэтай улады належаў цесць уладальніка дадатку, які падазраецца ў палітычных рэпрэсіях і забойствах і звязаны з карупцыйнай сеткай. Сам уладальнік пры гэтым раней скампраметаваў сябе як інвестара шпіёнскага ПЗ, дадзеныя з якога ўцяклі ў даркнэт.

 

Каб разабрацца, ці небяспечныя распрацоўкі Mobyrix і Appvillis для кліентаў, «Бюро» вывучыла іх палітыкі канфідэнцыйнасці і карыстальніцкія пагадненні, а таксама пракансультавалася з экспертамі па кібербяспецы.

 

 

КРЭДЫТ ДАВЕРУ

Флагманскі дадатак Андрэя Шымановіча называецца Nicegram. Гэта своеасаблівая надбудова для Telegram. Прывязваеш да яе свой акаўнт у месэнджары – і атрымліваеш дадатковыя магчымасці кшталту ШІ-памочніка і доступу да заблакаваных каналаў.

 

Усталёўваючы Nicegram, карыстальнік раскрывае праграме свае імя, адрас электроннай пошты і нумар тэлефона, дае доступ да геалакацыі, мікрафона і камеры, а таксама да фота, відэа, аўдыя і іншых медыя, якія захоўваюцца на прыладзе. Калі дазволіць сінхранізацыю кантактаў, то праграме таксама стануць вядомыя імёны, прозвішчы і нумары з тэлефоннай кнігі кліента.

 

У гэтым Nicegram не адрозніваецца ад арыгінальнага Telegram, зазначылі эксперты па кібербяспецы з праваабарончай арганізацыі Human Constanta. На запыт «Бюро» яны праверылі дадаткі Шымановіча на наяўнасць шкоднага і шпіёнскага ПЗ.

 

У Nicegram вірусаў спецыялісты не выявілі – аднак удакладнілі, што гэта не здымае самага важнага пытання наконт бяспекі праграмы:

««Галоўная рызыка – не вірус, а змена даверанага боку. Любы пабочны кліент Telegram бачыць усе вашы паведамленні ў адкрытым выглядзе, можа незаўважна выгружаць перапіску, аслабляць шыфраванне, дадаваць рэĸламу. Сам Telegram афіцыйна перасцерагае ад неафіцыйных кліентаў [праграм, падобных да Nicegram – заўв. «Бюро»] менавіта з гэтых прычын», – патлумачылі ў Human Constanta.

Такім чынам, Nicegram бяспечны настолькі, наколькі адказны яго ўладальнік. У выпадку Андрэя Шымановіча крэдыт даверу выглядае вычарпаным.

 

«Бюро» таксама звярнула ўвагу на тое, што палітыка канфідэнцыйнасці Nicegram апошнім разам абнаўлялася ў 2022 годзе, хаця з тых часоў у праграме з’явілася мноства дадатковых опцый, уключаючы інструменты ШІ. Кліентаў пакідаюць у няведанні адносна таго, як менавіта новыя функцыі збіраюць і апрацоўваюць іх канфідэнцыйныя дадзеныя.

 

Характэрна і тое, што на сайце беларускай кампаніі Шымановіча пра Nicegram няма ні слова. Гэта адзінае, чым ейнае публічнае партфоліа адрозніваецца ад каталога літоўскага клона. Аднак у кодзе дадатку «Бюро» выявіла тэхнічную прывязку да Mobyrix. Гэта даказвае сувязь Nicegram з Беларуссю, якую Шымановіч наўмысна не афішуе.

 

Сёння Nicegram налічвае 10,5 мільёна актыўных карыстальнікаў, а агульная колькасць спамповак перавысіла 50 мільёнаў.

 

Другі папулярны дадатак Шымановіча – eSIM Plus. Ён дазваляе атрымаць віртуальныя нумары і ў паездках выходзіць у інтэрнэт без роўмінгу. У палітыцы канфідэнцыйнасці пазначана, што праграма збірае IP-адрасы карыстальнікаў, тэхнічныя звесткі і ідэнтыфікатары іх прылад, атрымлівае доступ да дакладнай лакацыі, кантактаў, камеры і неназваных «іншых функцый» тэлефона.

 

Эксперты Human Constanta назвалі выкарыстанне дакладнай лакацыі збыткоўным:

«Для eSIM і званĸоў яна не патрэбная: краіну дастаткова вызначаць па сетцы».

Таксама падчас тэставання спецыялісты высветлілі, што пры запуску праграма адпраўляе тэлеметрыю ў Yandex AppMetrica – то бок дадзеныя сыходзяць у Расію. Для маршрутызацыі званкоў eSIM Plus таксама працуе з расійскай кампаніяй – Voximplant.

 

Акрамя гэтага, дадатак пакідае за сабой права дзяліцца сабранымі дадзенымі з афіляванымі кампаніямі, бізнэс-партнёрамі, дзяржаўнымі органамі, судом і праваахоўнікамі. Канкрэтныя юрысдыкцыі, у якія могуць перадаць інфармацыю, не пазначаныя, але палітыка канфідэнцыйнасці дапускае адпраўку дадзеных за межы краіны кліента. У выпадку продажу дадатку сабраныя дадзеныя пяройдуць да новага ўладальніка.

 

У Google Play у eSIM Plus больш за мільён спамповак. У App Store дадатак таксама даступны, але дадзеныя пра спампоўкі там схаваныя.

 

Размяшчэнне ў гэтых афіцыйных крамах не гарантуе бяспекі праграмы, растлумачылі «Бюро» спецыялісты па кібербяспецы з праекта Resident NGO:

«Перад публікацыяй у афіцыйным Google Play/App Store праграмы праходзяць праверку, але іх новыя версіі правяраюцца менш пільна. Мы ведаем выпадкі, калі існуючыя праграмы, якія мелі доступ да галерэі, пасля абнаўленняў непрыкметна пачыналі сканаваць усе фатаграфіі, каб знайсці доступ да крыптавалютных кашалькоў або іншай інфармацыі і адправіць яе ўладальнікам дадаткаў. Такая функцыянальнасць не была даступная адразу, яна з’явілася пазней. Таму калі вы працуеце з канфідэнцыйнай інфармацыяй, усталёўвайце мінімальную колькасць пабочных дадаткаў і толькі ад тых вытворцаў, якім вы давяраеце і якія карэктна рэагуюць на інцыдэнты бяспекі».

Наступная праграма ў каталогу Андрэя Шымановіча – фотарэдактар InLab. Ён не запытвае доступ да камеры, мікрафона, кантактаў і геалакацыі, аднак атрымлівае вельмі шырокія правы на кантэнт карыстальнікаў.

 

Калі вы загружаеце ў гэты рэдактар сваё фота, кампанія Шымановіча аўтаматычна атрымлівае на яго ліцэнзію. Яна бестэрміновая, перадаваная, бясплатная і сусветная. Гэта дазваляе ўладальніку дадатку выкарыстоўваць вашае фота з рэкламнымі і камерцыйнымі мэтамі.

 

Таксама InLab можа перадаваць сабраныя дадзеныя афіляваным кампаніям, бізнэс-партнёрам, дзяржаўным органам, суду і новым уладальнікам дадатку.

 

Падобная сітуацыя і з праграмай StickyLab, якая стварае стыкеры. Эксперты Human Constanta назвалі яе функцыянал самым бяспечным сярод усіх праграм, якія прааналізавалі. StickyLab не запытвае збыткоўнага доступу і не збірае асабістыя дадзеныя кліентаў, аднак у карыстальніцкім пагадненні ёсць пункты, якія насцярожваюць.

 

Напрыклад, усе загружаныя ў дадатак матэрыялы робяцца ўласнасцю Appvillis і кампанія можа выкарыстоўваць кантэнт «як заўгодна». Пры гэтым у выпадку прэтэнзіі трэціх асоб урон абавязаны кампенсаваць карыстальнік.

 

Таксама ў пагадненні згадваецца, што з дапамогай StickyLab можна запісваць тэлефонныя размовы. Дзіўны функцыянал для праграмы, якая стварае стыкеры.

 

Нарэшце, пад «кампаніяй» у палітыцы канфідэнцыйнасці маецца на ўвазе Appvillis, зарэгістраваная ў Латвіі, а не ў Літве. Такой фірмы не існуе.

 

У Google Play StickyLab спампавалі больш за 100 тысяч разоў. Таксама праграма даступная ў App Store.

 

Найноўшая праграма ў каталогу Шымановіча – ШІ-асістэнт Aivan. Калі Nicegram быў надбудовай да Telegram, то гэты дадатак – абгортка для Chat GPT.

 

Aivan збірае тэхнічныя дадзеныя прылады, запытвае доступ да камеры, мікрафона, сховішча, лакацыі і неназваных «іншых функцый», а таксама аналізуе камунікацыю кліентаў з ШІ. У Aivan ёсць платныя функцыі. Пры набыцці карыстальнікі ўводзяць свае дадзеныя, у тым ліку код бяспекі карты. Дадатак збірае гэтую інфармацыю, але не раскрывае, дзе захоўвае яе: поле з назвай правайдара ў палітыцы канфідэнцыйнасці не запоўненае. Пры гэтым у дакуменце зазначаецца, што дадзеныя могуць перадавацца партнёрам Appvillis, праваахоўнікам і новым уладальнікам дадатку.

 

Апошні пункт вельмі важны, таму што некаторыя праграмы ўжо былі прададзеныя. «Бюро» вывучыла, каму яны цяпер належаць.

 

 

У «НАДЗЕЙНЫЯ» РУКІ

У каталогах Mobyrix і Appvillis ёсць дадатак для запісу званкоў Recordeon. Ён працуе не як дыктафон, які проста захоўвае гук на тэлефоне, а падключае да размовы знешнюю лінію для запісу. Такі званок ужо нельга назваць прыватным: яго слухае, захоўвае і апрацоўвае ўладальнік Recordeon.

 

Мяркуючы па картачцы ў App Store, мінімум да канца 2020 года праграма належала Appvillis – літоўскай кампаніі Шымановіча. Менавіта яе каманда адказвала на водгукі карыстальнікаў. Аднак сёння ўласнікам дадатку пазначаная кіпрская фірма Smertrios Limited.

 

Кампанія не раскрывае палітыку канфідэнцыйнасці і ўмовы карыстання Recordeon, але «Бюро» выявіла агульныя рэгламенты для ўсіх прадуктаў фірмы.

 

У адпаведнасці з імі Smertrios Limited збірае персанальную інфармацыю кліентаў, тэхнічныя дадзеныя іх прылад, дадзеныя пра падпіскі і плацяжы, а таксама ўвесь карыстальніцкі кантэнт. Апошні пункт у выпадку Recordeon амаль напэўна датычыць гісторыі і запісаў званкоў. Кампанія зазначае, што можа выкарыстоўваць сабраны кантэнт, «як лічыць патрэбным» – у тым ліку для продажу.

 

Усталёўваючы дадаткі Smertrios Limited, чалавек таксама дае згоду на маніторынг сваёй актыўнасці і пацвярджае, што не чакае прыватнасці. Пры гэтым персанальныя дадзеныя захоўваюцца без пэўнага тэрміну – «не даўжэй, чым належыць».

 

Вось такой фірме Андрэй Шымановіч перадаў правы на свой прадукт – і не адзін. Smertrios Limited таксама атрымала перакладчык аўдыя і фота Voicelator. Яго карыстальнікі пагаджаюцца на тыя ж умовы, што і кліенты Recordeon. Дадатковая рызыка – у тым, што Voicelator можа падключацца да іншых дадаткаў, у якіх выкарыстоўваецца клавіятура.

 

Мяркуючы па картачцы App Store, сёння Voicelator ва ўласнасці ў трэцяй кампаніі – Appjiggly Limited, зарэгістраванай у Ганконгу. Аднак на самай справе ў дадатку проста змянілася шыльда. Папярэдні, кіпрскі, уладальнік уваходзіць у холдынг швейцарскай кампаніі AppCapital. Новы, ганконгскі, таксама кіруецца з Швейцарыі – праз матчыну фірму Bloxolid. Гэтыя швейцарскія структуры зарэгістраваныя па адным адрасе, а кіруе імі адзін чалавек – Матыяс Шміт.

 

Гэты бізнэсовец меў і мае кіроўныя ролі ў шматлікіх кампаніях з розных сфер: айці, кансалтынг, здабыча карысных выкапняў, тэхналогіі, будаўніцтва.

 

Адно з прадпрыемстваў Шміта трапіла ў міжнародны скандал. Кампанія планавала здабываць літый у Рэспубліцы Сербскай (Боснія і Герцагавіна). Ідэю падтрымліваў тагачасны прэзідэнт гэтай тэрыторыі Міларад Додзік, які знаходзіўся пад санкцыямі ЗША і Вялікабрытаніі. Мясцовыя жыхары, наадварот, пратэставалі супраць праекта.

 

Крытычныя матэрыялы пра праект кампаніі Шміта публікавалі СМІ розных краін. Яны звярталі ўвагу на таемнае свідраванне, змену заканадаўства на карысць здабыўной кампаніі, урон навакольнаму асяроддзю і нязгоду мясцовага насельніцтва. Па стане на студзень 2026 года праект быў замарожаны.

 

Матыяс Шміт не адзіны неадназначны дзялок, з якім вёў бізнэс Андрэй Шымановіч.

 

 

КЕПСКАЯ КАМПАНІЯ

У бізнэс-партфелі Андрэя Шымановіча акрамя беларускай і літоўскай кампаній ёсць шатландскі актыў – Strongtech Сorporation. У 2017 годзе Шымановіч стаў кантралюючым акцыянерам гэтай кампаніі.

 

Кіраванне да Шымановіча перайшло ад дзвюх фірм з Беліза, якія зарэгістравалі Strongtech Сorporation у 2015 годзе. Абедзвюма кампаніямі кіравала рэзідэнтка гэтай афшорнай тэрыторыі Тыфані Ніколь Браўн. Яна – фігурантка «Панамскага архіва». Гэта найбуйнейшая ў гісторыі ўцечка сакрэтных фінансавых дадзеных, якая выкрыла маштабы ўхілення сусветнай эліты ад выплаты падаткаў.

 

Дакументы паказалі, як уплывовыя людзі таемна выкарыстоўвалі афшорныя кампаніі і падстаўных асоб, каб утойваць свае даходы, валодаць маёмасцю і адмываць грошы. Адной з такіх падстаўных асоб якраз была Браўн.

 

Яе імя, напрыклад, усплыло ў афшорнай сетцы, праз якую, як сцвярджалі СМІ, аплачваліся чартарныя пералёты былога прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі і замежныя расходы яго набліжаных.

 

У цэлым жа Тыфані Ніколь Браўн звязаная з дзясяткамі кампаній у розных юрысдыкцыях. Часта з ёй у пары працаваў яшчэ адзін рэзідэнт Беліза і фігурант «чорных спісаў» ААН – Мэт’ю Брэдлі. Яго называюць даверанай асобай украінскага алігарха Сяргея Курчанкі. Той займаўся бізнэсам у нафтагазавай і медыйнай сферах, быў блізкі да сям’і былога прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча. Падчас Еўрамайдана Курчанка збег у Расію. На радзіме ў яго арыштавалі маёмасць на дзясяткі мільёнаў долараў, у тым ліку сем паветраных суднаў і 38 аўтамабіляў.

 

 

АФШОРНЫ РАЙ

Кампанія Strongtech Сorporation, якая дасталася Шымановічу ад Тыфані Ніколь Браўн, звяртае на сябе ўвагу не толькі фігурай заснавальніцы, але і формай уласнасці. Гэта шатландскае абмежаванае партнёрства – структура, сумна вядомая тым, што гістарычна выкарыстоўвалася для адмывання грошай. Рэч у тым, што такія прадпрыемствы не былі абавязаныя раскрываць справаздачнасць, а іх замежныя даходы не абкладаліся брытанскім падаткам, калі ўладальнікі не жылі ў Вялікабрытаніі.

 

Андрэй Шымановіч гэтымі магчымасцямі карыстаўся: Strongtech Corporation не падала ніякіх фінансавых дакументаў у рэестры. Не была раскрытая нават сфера дзейнасці фірмы – аднак яе сайт даў «Бюро» падказку. Ён практычна ідэнтычны сайтам Mobyrix і Appviliis – беларускай і літоўскай кампаній Шымановіча. Гэта дазваляе меркаваць, што шатландская фірма з імі звязаная. Напрыклад, там можа асядаць прыбытак ад мабільных дадаткаў – на гэта ўскосна паказваюць фінансавыя справаздачы.

 

Выручка Appvillis у 2024 годзе склала амаль 2 мільёны еўра, але больш за 1,5 мільёна еўра спісалі па артыкуле «набытыя рэсурсы», а яшчэ 326 тысяч еўра – як «іншыя расходы». У выніку чысты прыбытак – менш за 3 тысячы еўра. Пры гэтым доўгатэрміновых актываў, да якіх адносяцца ў тым ліку правы на дадаткі, у справаздачах фірмы не паказана.

 

Mobyrix у 2024 годзе атрымала 3,3 мільёна беларускіх рублёў выручкі, але скончыла год са стратамі. Асноўныя выплаты пайшлі на зарплаты, падаткі і кіраўнічыя расходы. Нематэрыяльныя актывы кампаніі склалі ўсяго 9 тысяч беларускіх рублёў. Для бізнэсу, які паказвае партфоліа з дзесяці мабільных дадаткаў, гэта надта мала.

 

Іншымі словамі, у справаздачах Appvillis адлюстраваныя продажы, а ў дакументацыі Mobyrix – расходы на каманду. Але ні ў адной з кампаній не відаць галоўнага актыву – саміх дадаткаў. На гэтым фоне Strongtech з яе схаванай бухгалтэрыяй выглядае як магчымы ўладальнік правоў, а значыць, атрымальнік асноўнага прыбытку.

 

Чаму шатландскія абмежаваныя партнёрствы па-ранейшаму застаюцца зручным інструментам для ўтойвання актываў, «Бюро» расказаў Бэн Коўдак – старэйшы кіраўнік аддзела расследаванняў Transparency International UK і адзін з вядучых брытанскіх экспертаў у барацьбе з міжнароднай карупцыяй і адмываннем грошай:

«Рэформы ў сферы празрыстасці ўскладняюць утойванне ўладальнікаў такіх структур, аднак у нядобрасумленных руках яны па-ранейшаму могуць выкарыстоўвацца для ўтойвання актываў і адмывання грошай. Пры гэтым для партнёрстваў, якія належаць афшорным удзельнікам, не прадугледжанае патрабаванне справаздачыцца. Летась мы звярнулі ўвагу парламента на тое, што абмежаваныя партнёрствы працягваюць рэкламавацца».

Шатландскай фірмай падазроныя актывы Андрэя Шымановіча не абмяжоўваюцца. Ён таксама кіруе кампаніяй Lestebrond Assets, зарэгістраванай на Кіпры. Упершыню крэсла дырэктара Шымановіч атрымаў у 2019 годзе – але толькі на адзін дзень. У 2024 годзе ён вярнуўся на пасаду і займае яе дагэтуль.

 

Кіпр вядомы выгаднымі падатковымі ўмовамі і закрытымі рэестрамі, чым заслужыў рэпутацыю афшора. «Бюро» не знайшло прыкмет рэальнай дзейнасці ў размешчанай у гэтай краіне кампаніі Шымановіча: ні сайта, ні прадуктаў, ні згадак у СМІ, ні водгукаў.

 

Затое Lestebrond Assets мае тыповыя прыкметы кіпрскай абалонкі. Сакратарка фірмы працаўладкаваная яшчэ ў шасці мясцовых кампаніях. Пяць з іх зарэгістраваныя па тым жа адрасе, што і Lestebrond Assets. Папярэдні дырэктар кіраваў яшчэ 15 бізнэсамі з такім жа адрасам. Акцыянер – фірма на Сейшэльскіх Астравах. Гэта адна з самых папулярных афшорных зон.

 

У гэтым святле Lestebrond Assets выглядае як чарговы актыў у партфелі Шымановіча, створаны не для вядзення бізнэсу, а для захоўвання і руху грошай у менш празрыстай юрысдыкцыі.

 

Таксама «Бюро» знайшло ў Андрэя Шымановіча бізнэс у ААЭ. Як мінімум з 2022 года ён кіраваў фірмай Reynard Invest. Пазначаная сфера дзейнасці – здабыча руд і каштоўных металаў. Ліцэнзія ў кампаніі скончылася ў 2025 годзе.

 

Reynard Invest зарэгістраваная ў межах Міжнароднай свабоднай эканамічнай зоны Шарджы. Гэта закрытая юрысдыкцыя, якая дазваляе іншаземцам хутка адкрываць кампаніі і свабодна выводзіць з іх грошы. Фінансавыя справаздачы і дадзеныя пра канчатковых уладальнікаў пры гэтым не раскрываюцца.

 

Ні гэтыя сумнеўныя бізнэсы, ні сувязі з вярхушкай беларускай улады не перашкодзілі Андрэю Шымановічу асталявацца ў Еўрасаюзе.

 

 

АКНО Ў ЕЎРОПУ

У 2023 годзе Андрэй Шымановіч атрымаў дазвол на жыхарства ў Літве як стартапер, а ў 2025 годзе прадоўжыў дакумент. Гэта «Бюро» высветліла з дапамогай калег з літоўскага расследавальніцкага цэнтра Siena.

«Абодва разы перад выдачай дазволу на часовае пражыванне праводзіліся кансультацыі з кампетэнтнымі дзяржаўнымі ўстановамі. У абодвух выпадках Дэпартамент міграцыі не атрымаў ніякай істотнай інфармацыі, якая магла б перашкодзіць выдачы часовага дазволу на жыхарства згаданаму іншаземцу», – пракаментавала літоўская міграцыйная служба.

На момант атрымання ДНЖ Андрэй Шымановіч, як мяркуе «Бюро», развёўся з Вольгай Шэйман. На яго сямейных фота яна не з’яўляецца ўжо некалькі гадоў, а з канца 2022 года фігуруе ў базах ФСАН пад іншым прозвішчам. Імаверна, менавіта развод дазволіў Шымановічу прайсці праверку літоўскіх ведамстваў.

 

Тым не менш пры рэгістрацыі бізнэсу ў Літве ў 2018 годзе Андрэй Шымановіч дакладна быў членам сям’і Шэймана. Яго шлюб з Вольгай працягваўся як мінімум да канца 2021 года, вынікае з дадзеных «Кіберпартызан».

 

Да таго ж менавіта літоўская кампанія стала прывабнай еўрапейскай вітрынай для дадаткаў Шымановіча, якія былі распрацаваныя ў Беларусі і збіралі адчувальныя дадзеныя карыстальнікаў ва ўсім свеце.

 

Не адышоў у мінулае і першы буйны праект Шымановіча – mSpy. Сэрвіс для таемнага сачэння працуе дагэтуль, налічвае мільёны карыстальнікаў і працягвае трапляць у скандалы з уцечкамі дадзеных.

 

Дадамо да гэтага партрэта паездкі з Віктарам і Сяргеем Шэйманамі, кампаніі ў непразрыстых юрысдыкцыях, партнёраў з заплямленай рэпутацыяй – і атрымаем чалавека, біяграфія якога вельмі насцярожвае. Гэта не перашкаджае Шымановічу і яго сям’і жыць больш чым камфортна.

 

 

ПОЎНАЯ ЧАША

Малодшая сястра Андрэя Шымановіча скончыла магістратуру ў Лондане, а цяпер жыве ў Варшаве і працуе ў сферы айці. Дзяўчына рэгулярна дзеліцца фатаграфіямі з паездак па Еўропе, але і ў Беларусь зазіраць не забываецца. На сталічнай вуліцы Талбухіна ў яе кватэра ў 87 м2, ацэначны кошт – 228 тысяч долараў.

 

Бацька і маці Шымановіча жывуць у Мінску. У іх уласнасці кватэра на вуліцы Кузьмы Чорнага ў 142 м2 і апартаменты ў завулку Інструментальным плошчай 195 м2. Агульны ацэначны кошт гэтай нерухомасці – больш за 700 тысяч долараў. У дадатак Шымановічам належаць тры дамы: у Ангарскім завулку плошчай 57 м2, у Вілейскім раёне – 40 м2 і 223 м2. На бацьку сямейства таксама запісанае адміністратыўнае памяшканне на сталічнай вуліцы Маякоўскага плошчай 115 м2.

 

Разам сямейная пара актыўна падарожнічае па Еўропе і Азіі. Мяркуючы па публікацыях у сацсетках, толькі за апошнія паўтара года Шымановічы некалькі разоў пабывалі ў Вялікабрытаніі, ААЭ, Турцыі і Польшчы, а таксама наведалі Швейцарыю, Італію і Аўстрыю.

 

Сам Андрэй Шымановіч прытрымліваецца прыватнага ладу жыцця, але з’яўляецца на сямейных фота. Напрыклад, з сумесных паездак у Лондан і Дубай. Таксама бізнэсовец перыядычна бавіць час у Беларусі.

 

VACATION_OAE

Андрэй Шымановіч (у цэнтры) з сям’ёй у ААЭ. Крыніца: інстаграм-акаўнт маці Андрэя Шымановіча

 

VACATION_RB

Андрэй Шымановіч (злева) з сям’ёй у Беларусі. Крыніца: інстаграм-акаўнт маці Андрэя Шымановіча

 

Андрэй Шымановіч праігнараваў званкі журналістаў «Бюро». На момант публікацыі мы таксама не атрымалі ад Шымановіча адказу на наш пісьмовы зварот. Не пракаментавалі запыты «Бюро» і кампаніі Шымановіча: Mobyrix, Appvillis і Strongtech Corporation.

Даданні па тэме