Алексін Аляксей Іванавіч
Дзейныя актывы: «Энерга-Оіл», «Інтэр Табакка» (тытунёвы бізнэс); «Брэміна груп» (лагістыка); «Белнафтагаз» (гуртовы гандаль); «Неанафта» (арэнда і лізінг аўтамабіляў); «Велес-Міт» (вытворчасць мясной прадукцыі); «Алекс Карга» (гуртовы гандаль мясной прадукцыяй); «Сёмкава клаб» (адпачынак і забавы); «Цэнтр спартыўнай рэабілітацыі НЕО» (медычныя паслугі); «Экаво» (інжынерныя паслугі); «Пра ежу» (кавярні); сямейная сядзіба «Радавое гняздо» ў Мінскім раёне; віла і кватэра ў Дубаі.
Гістарычныя актывы: «МТБанк» (банкаўская сфера), «Сінезіс» (IT-сфера), Mamas D (вытворчасць біядызельнага паліва, Латвія), Latgales Alus D (піўны бізнэс, Латвія).
Сувязі: Віктар Лукашэнка (заступнік), Іна Алексіна (жонка), Дзмітрый Алексін (сын), Віталь Алексін (сын), Мікалай Варабей (бізнэс-партнёр), Аляксандр Зайцаў (бізнэс-партнёр), Алег Пятроў (менеджар), Алег Герасім (менеджар), Дзмітрый Паўловіч (менеджар), Андрэй Губанаў (менеджар), Юрый Чыж (былы бізнэс-партнёр).
Бенефіты: Аляксей Алексін, які пачаў кар’еру ва Упраўленні справамі прэзідэнта, стаў заўважнай фігурай у перыяд працы на буйнога беларускага бізнэсоўца Юрыя Чыжа. У 2011 – 2012 гадах яны рэалізавалі схему з перапродажам расійскіх нафтапрадуктаў у Еўропу пад выглядам растваральнікаў і разбаўляльнікаў, каб не плаціць пошліны ў расійскі бюджэт. У рээкспарце былі задзейнічаныя кампаніі з чыжоўскай групы «Трайпл», дзе Алексін курыраваў нафтавы кірунак. Схема была рэалізаваная з ухвалы Аляксандра Лукашэнкі і прынесла яе вынаходнікам дзясяткі мільёнаў долараў прыбытку.
З 2018 года Алексін атрымаў магчымасць развіваць тытунёвую сферу, якая строга рэгулюецца беларускімі ўладамі. Бізнэсовец пабудаваў новую фабрыку «Інтэр Табакка», дзеля якой Лукашэнка сваім указам мяняў межы Мінска. Акрамя таго, падкантрольная Алексіну кампанія «Энерга-Оіл» стала эксклюзіўным дыстрыбутарам цыгарэт з дзяржаўнай тытунёвай фабрыкі «Нёман» і стварыла па ўсёй краіне сетку з тысячы шапікаў «Табакерка». Атрымаўшы лідарскую пазіцыю на беларускім тытунёвым рынку, бізнэсовец падараваў службе бяспекі Лукашэнкі некалькі дарагіх і рарытэтных аўтамабіляў. Тытунёвага магната таксама называлі спонсарам байкерскіх злётаў з удзелам Віктара Лукашэнкі – старэйшага сына беларускага кіраўніка.
Алексін – саўладальнік кампаніі «Брэміна груп», якая кіруе адмысловай эканамічнай зонай пад Оршай. АЭЗ створаная і рэгулюецца асобным указам Лукашэнкі. За шматлікія льготы яе называюць аршанскім афшорам.
Абмежаванні: Аляксей Алексін знаходзіцца пад санкцыямі ЕС з чэрвеня 2021 года, пад санкцыямі ЗША – са жніўня 2021 года. Пад заходнія абмежаванні падпалі таксама ягоныя сыны Дзмітрый і Віталь Алексіны і сямейныя актывы «Энерга-Оіл», «Інтэр Табакка», «Белнафтагаз», «Брэміна груп».
