Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Ранцье Алексін. Колькі «кашалёк» Лукашэнкі зарабляе на нерухомасці ў Дубаі

Дубайская нерухомасць стала прывабнай інвестыцыяй для бізнэсоўцаў, якія падпалі пад заходнія санкцыі з-за сувязяў з Аляксандрам Лукашэнкам. Яны лічацца ўладальнікамі люксавых апартаментаў на гламурным востраве Палм-Джумейра і зарабляюць на здачы жылля ў арэнду.

 

Гэта вынікае з уцечкі дадзеных пра сотню тысяч аб’ектаў нерухомасці ў Дубаі, іх уладальнікаў і выкарыстанне, у асноўным з 2020 па 2022 гады. Дадзеныя былі атрыманыя вашынгтонскім Цэнтрам перспектыўных абаронных даследаванняў (C4ADS), які вывучае міжнародную злачыннасць і канфлікты. C4ADS перадаў дадзеныя нарвежскаму фінансаваму выданню E24 і Цэнтру па даследаванні арганізаванай злачыннасці і карупцыі (OCCRP), якія каардынавалі расследавальніцкі праект з дзясяткамі СМІ з усяго свету. «Бюро» брала ўдзел у гэтым праекце, які атрымаў назву Dubai Unlocked.

 

Дубай вядомы не толькі як блізкаўсходні фінансавы цэнтр, шыкоўны эмірат таксама мае больш змрочную рэпутацыю падатковай гавані і цэнтра адмывання грошай, часта праз нерухомасць.

«Карупцыянеры і значныя ў палітыцы асобы, якія пазбягаюць публічнай адказнасці, выкарыстоўваюць такія тайныя юрысдыкцыі, як ААЭ, каб хаваць актывы ва ўсіх навідавоку», – зазначыла партфельны менеджар C4ADS Марыя Джудыта Барселі.

У дубайскай уцечцы – дадзеныя пра нерухомасць дзясяткаў беларусаў, у тым ліку сям’і бізнэсоўца Аляксея Алексіна. У канцы 2009 года ён набыў сабе кватэру ў 140 квадратных метраў у жылым комплексе на востраве Палм-Джумейра, вынікае са звестак пра здзелкі з Дубая. Купля кватэры каштавала прыкладна 400 тысяч долараў. З 2021 па 2023 гады жыллё здавалася ў арэнду. Гаспадар атрымаў за паслугі больш як 90 тысяч долараў.

 

Apartment_Oleksin

Жылы комплекс у Дубаі. Крыніца: bayut.com

 

За тры кіламетры ад кватэры Аляксея Алексіна знаходзіцца віла, запісаная на ягонага сына – Дзмітрыя Алексіна. 600-метровы асабняк на востраве Палм-Джумейра купілі ў пачатку 2013 года. Кошт здзелкі – звыш 3,5 млн долараў.

 

У 2021 годзе Аляксей Алексін падпаў пад санкцыі ЕС і ЗША. На Захадзе яго лічаць «тытунёвым кашальком» Лукашэнкі. У Беларусі Алексін перадусім вядомы як уладальнік сеткі кіёскаў «Табакерка» і тытунёвай фабрыкі «Інтэр Табака». Алексін уваходзіць у дзясятку паспяховых бізнэсоўцаў Беларусі. Пасля ўвядзення абмежаванняў Алексін перапісаў актывы на жонку і сыноў, але і яны падпалі пад санкцыі. Аляксей Алексін не адказаў на званкі і запыт. Дзмітрый Алексін адмовіўся ад каментароў.

 

Ёсць у Дубаі нерухомасць у яшчэ адной сям’і, якая падпала пад санкцыі з-за сувязяў з рэжымам Лукашэнкі. Гаворка пра сербскіх бізнэсоўцаў Карычаў. Нябойша Карыч лічыцца ўладальнікам 220-метровых апартаментаў на востраве Палм-Джумейра. Яго бацька Багалюб Карыч таксама мае нерухомасць у Дубаі.

 

Адвакаты бізнэсоўца адказалі, што Багалюб Карыч пражывае ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах ужо каля васьмі год. Амаль тры гады таму ён набыў кватэру ў Дубаі.

«Купля была здзейсненая ў адпаведнасці з усімі дзейнымі законамі, шляхам банкаўскай аперацыі (не гатоўкай). На момант куплі ён [Багалюб Карыч] з’яўляўся падатковым рэзідэнтам Дубая. Ён заўсёды падпарадкоўваўся законам і правілам ААЭ, а таксама законам і правілам любой краіны, дзе ён жыў. Гэта таксама адносіцца да любой нерухомасці, якая належыць сваякам спадара Карыча», – сказана ў адказе адвакатаў.

Калі Багалюб Карыч не застаецца ў Дубаі, то здае кватэру ў арэнду. Бізнэсовец лічыць набыццё жылля выгаднай інвестыцыяй, таму што цэны на арэнду ў Дубаі вышэйшыя, чым у іншых краінах.

 

Apartment_Karic

Жылы комплекс у Дубаі. Крыніца: bayut.com

 

Карычы вядомыя ў Беларусі перадусім па будаўніцтве жылых комплексаў «Маяк Мінска» і «Мінск-Свет». Нябойша Карыч знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, Багалюб Карыч – пад санкцыямі ЕС. На Захадзе сербскую сям’ю лічаць «будаўнічымі кашалькамі» Лукашэнкі. Адвакаты падкрэслілі, што Багалюб Карыч набыў нерухомасць у Дубаі да ўвядзення санкцый ЕС. Бізнэсовец аспрэчвае сваё ўключэнне ў чорны спіс.

«Цяпер ён [Багалюб Карыч] знаходзіцца на пенсіі і болей не займаецца бізнэсам. Яго сваякі таксама болей не займаюцца бізнэсам», – сказана ў адказе адвакатаў.

Вывад актываў у такія юрысдыкцыі, як Дубай, з’яўляецца прывабным варыянтам страхоўкі для элітаў у аўтарытарных краінах, лічыць дацэнт палітычных навук Ліверпульскага ўніверсітэта Фелікс Вібрэхт. Паводле яго слоў, аўтарытарныя рэжымы ўвесь час сутыкаюцца з рызыкай быць зрынутымі, і ў такім выпадку набытыя элітамі актывы могуць быць канфіскаваныя.

 

Акрамя таго, унутры аўтарытарнай сістэмы прадстаўнікі эліты могуць страіць ласку і, да прыкладу, зазнаць крымінальны пераслед. У такім выпадку іх актывы таксама могуць быць канфіскаваныя.

«У іхных інтарэсах перавесці свае актывы за мяжу, каб іх сем’і маглі атрымаць да іх доступ, нават калі іх кар’ера скончыцца», – сказаў Вібрэхт.