За «Фондам Першага» стаяць члены сям’і і атачэнне Ірыны Абельскай
«Фонд Першага» не публікуе фінансавыя паказчыкі, яго штогадовыя справаздачы не з’яўляюцца на сайце Міністэрства юстыцыі, а ў даступных дакументах дагэтуль не пазначаны нават дырэктар. Чым займаецца сам фонд, таксама застаецца загадкай. Але дзякуючы «Кіберпартызанам» Бюро змагло высветліць, што да фонду маюць прамое дачыненне людзі з атачэння Ірыны Абельскай – галоўнага лекара Рэспубліканскай бальніцы Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі і маці Мікалая Лукашэнкі.
Сярод супрацоўнікаў фонду Дзіна Фейсал эль-Дзіэфі. Свой удзел у фондзе жанчына сумяшчае з працай у Рэспубліканскай бальніцы Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі, якую ўзначальвае Абельская. Дзіну эль-Дзіэфі неаднаразова бачылі, калі яна суправаджала сваю начальніцу на розных мерапрыемствах. Таксама яна спадарожніца Дзмітрыя Абельскага – старэйшага сына Ірыны Абельскай.
У Дзіны і Дзмітрыя ёсць агульны сын. І, верагодней за ўсё, яны ўжо жанатыя. «Бюро» знайшло ў Дзмітрыя на безыменным пальцы левай рукі масіўны шлюбны пярсцёнак.
Дзмітрый Абельскі. Крыніца: інстаграм-акаўнт клінікі Voka
Сярод мусульман (Дзіна Фейсал эль-Дзіэфі родам з Кувейта, а ейны бацька звязаны з палесцінскай супольнасцю ў Беларусі) дапускаецца насіць шлюбны пярсцёнак на безыменным пальцы левай рукі.
Яшчэ адна супрацоўніца фонду – гэта Наталля Іванова (у дзявоцтве Дударава). У дакументах яна фігуруе не толькі ў «Фондзе Першага», але і сярод супрацоўнікаў прыватнай Мінскай міжнароднай гімназіі і кіроўнай кампаніі «Гарызонты ведаў».
Мінскую міжнародную гімназію заснавала Абельская, а пазней школа перайшла ў кіраванне кампаніі «Гарызонты ведаў». Таксама Іванова была сузаснавальніцай кампаніі «Маркетвіжн», якая нейкі час узначальвала «Гарызонты ведаў». Цяпер звесткі пра ўладальнікаў Мінскай міжнароднай гімназіі і «Гарызонтаў ведаў» засакрэчаныя.
Атрымліваецца, што таямнічы «Фонд Першага», пра дзейнасць якога ў Беларусі нічога не вядома, звязаны з атачэннем Ірыны Абельскай, маці Мікалая Лукашэнкі. І ці можна дапусціць, што «тыя, хто мае патрэбу» і каму мусіць дапамагаць фонд, гэта канкрэтныя людзі – сям’я Ірыны Абельскай?