Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

У тыле ворага. Дзмітрый Лукашэнка падпісаны на экстрэмісцкі паблік у «Інстаграме»

Пэўны час таму «Бюро» знайшло таемны інстаграм-акаўнт Дзмітрыя Лукашэнкі. Мы вывучылі падпіскі ягонага профілю і даведаліся, чым цікавіцца сярэдні сын кіраўніка Беларусі ў сеціве.

 

DMITRY LUKASHENKO

Дзмітрый Лукашэнка. Крыніца: sportclub.by

 

Профіль быў зарэгістраваны ў верасні 2021 года ў Беларусі пад іменем Дзмітрый.

 

У профілю аформленыя ўзаемныя падпіскі з членамі сям’і Дзмітрыя Лукашэнкі: дочкамі Анастасіяй, Дар’яй і Аляксандрай. А таксама з жонкай Ганнай Лукашэнкай – яна мае адразу два акаўнты ў «Інстаграме»: афіцыйны пад творчым псеўданімам Ганна Сялук і асабісты пад дзявочым прозвішчам – Ганна Гаравікова.

 

Яшчэ адно назіранне – вялікі спіс узаемных хакейных кантактаў менавіта з атачэння Дзмітрыя Лукашэнкі. Напрыклад, акаўнт хакейнага клуба «Шчыт», за які і гуляе Дзмітрый Лукашэнка. У фаловерах профілю мы таксама знайшлі Максіма Шыманскага, галоўнага трэнера «Шчыта», і Мікіту Ярашынскага, нападніка «Шчыта».

 

Узаемныя падпіскі ў акаўнта аформленыя таксама з топ-менеджарамі Прэзідэнцкага спартовага клуба (ПСК), які з 2005 года кантралюе Дзмітрый Лукашэнка, – Іванам Смольскім, намеснікам Дзмітрыя Лукашэнкі, і Паўлам Ягоравым, памочнікам Дзмітрыя Лукашэнкі.

 

Сярод фаловераў Дзмітрыя Лукашэнкі мы знайшлі галоўнага трэнера каманды Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрыя Баскава, бізнэс-профіль Клуба тэніса, якім валодае ПСК, і Юрыя Шахуры. Дзякуючы «Кіберпартызанам» мы высветлілі, што ён быў вайскоўцам в/ч 01549 – службы бяспекі Лукашэнкі. Шахура некалькі разоў суправаджаў жонку Дзмітрыя Лукашэнкі Ганну ў замежных паездках, з чаго мы можам зрабіць выснову, што ён можа быць асабістым ахоўнікам клана Дзмітрыя Лукашэнкі.

 

Акрамя таго, Дзмітрый Лукашэнка сочыць за акаўнтамі а-ля астралагічныя парады для Авена. Сярэдні сын Лукашэнкі нарадзіўся 23 сакавіка, і паводле знака задыяка ён якраз Авен. Якім жа кантэнтам у сеціве ён цікавіцца?

 

У першую чаргу, вядома ж, спартовым. Ён падпісаны на профілі Міністэрства спорту РБ, чэмпіянату Мінска па хакеі з шайбай сярод аматарскіх каманд, беларускай федэрацыі біятлона, хакейнай каманды Лукашэнкі-старэйшага, СДЗЮШАР імя Руслана Салея, КХЛ, аб’яднанай хакейнай лігі і, вядома ж, уласнага праекта – ПСК.

 

У сеціве Дзмітрый Лукашэнка не толькі працуе, але і адпачывае. Ён сочыць за акаўнтамі са смешнымі відэа, аглядамі тавараў з маркетплэйсаў, лепшымі момантамі кінастужак і навінамі пра жыццё зорак шоу-бізнэсу.

 

Асобная катэгорыя ягоных зацікаўленняў – гэта лічбавая псіхалогія. Напрыклад, ён падпісаны на паблік «Спазнай сябе» – там прапаноўваюць убачыць сябе з іншага боку і адкрыць таямніцы псіхалогіі. Таксама Дзмітрый Лукашэнка сочыць за профілем Дэніела Флэша, які прасоўвае свой унікальны метад псіхасаматычнай тэрапіі.

 

Ну і, вядома ж, Дзмітрый Лукашэнка працуе са сваімі фінансавымі патокамі і займаецца грашовымі афірмацыямі. У «Інстаграме» Дзмітрый падпісаны на Сяргея Адамовіча, які сам сябе называе «архітэктарам кода душы» – вучыць разбіраць свой асабісты код даходу і пакрокавай сістэме фінансавай свабоды. Акрамя таго, сярэдні сын Лукашэнкі сочыць за акаўнтам блогеркі Сашы Белэйр. Яна аўтарка курсу па грашовых медытацыях з гаваркой назвай Ab.money, які, на яе думку, дапамагае прыцягваць грошы ў сваё жыццё ў лёгкасці і гармоніі. Праўда, у сеціве яна ўславілася, хутчэй, тым, што ейны муж, інфацыган Сяргей Касенка, кінуў іх немаўля ў сумёт.

 

Таксама Дзмітрый Лукашэнка сочыць і за навінамі ў Беларусі. Ён падпісаны на афіцыйныя акаўнты такіх дзяржаўных СМІ і паблікаў, як: БелТА, «Пул першага», «Валкавыск Life» і ONT music.

 

Але, як высветліла «Бюро», Дзмітрый Лукашэнка прабраўся і ў варожы лагер. Ён падпісаны на інстаграм-акаўнт @belarusnovosti2, які прызнаны экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй. Паводле беларускага заканадаўства, за «садзейнічанне экстрэмізму» (падпіску) Дзмітрыю Лукашэнку належыць як мінімум адміністрацыйнае спагнанне. Пакуль простых беларусаў паўсюдна пераследуюць за падпіскі, лайкі і рэпосты, абавязваюць плаціць штрафы або адбываць пакаранне за кратамі, узнікае пытанне: ці ўсе роўныя перад законам?