Нявестка Лукашэнкі занялася рэкламным бізнэсам
22 кастрычніка 2025 года ў Беларусі з’явілася новая фірма – «Крэатыўны код». Сябе яна прэзентуе як «буйнейшую ў Рэспубліцы Беларусь кампанію, якая займаецца дызайнам і размяшчэннем вонкавай рэкламы і мае шырокую сетку рэкламных носьбітаў розных фарматаў у Мінску і ў абласных цэнтрах Рэспублікі Беларусь».
«Бюро» высветліла, што за гэтай фірмай стаіць нявестка Аляксандра Лукашэнкі Ганна, болей вядомая пад творчым псеўданімам Ганна Сялук.
Сукупна 25% належаць фірмам, звязаным з Ганнай Лукашэнкай (Сялук). З іх 15% запісана на «Музычную медыякампанію», дзе нявестка Лукашэнкі займае пасаду генеральнага прадзюсара. Яшчэ 10% адпісалі «АНСЛ прадакшн», уладальнік якой – топ-менеджар яе мужа Дзмітрыя Лукашэнкі Андрэй Урублеўскі.
З кастрычніка па снежань 2025 года пасаду дырэктара ў «Крэатыўным кодзе» займаў Павел Лёгкі. Дзякуючы «Кіберпартызанам» мы высветлілі, што ў мінулым ён займаў высокапастаўленыя пасады: кіраваў прэс-службай у адміністрацыі Лукашэнкі, быў намеснікам міністра інфармацыі, дарадцам-пасланнікам у пасольстве Беларусі ў Маскве, намеснікам дырэктара ў Беларускім інстытуце стратэгічных даследаванняў.
75% «Крэатыўнага кода» належаць ЗАТ «КорусМедыя». Гэтая фірма была зарэгістраваная 31 кастрычніка 2025 года і таксама займаецца размяшчэннем рэкламы. Форма ўласнасці ЗАТ не прадугледжвае раскрыцця канчатковых бенефіцыяраў.