Сыны бізнэсоўца Юрыя Чыжа мелі літоўскае грамадзянства
У сыноў Юрыя Чыжа больш за дзесяць гадоў было літоўскае грамадзянства. Яны атрымалі пашпарты еўрапейскай краіны, калі іхны бацька, некалі ўплывовы беларускі бізнэсовец, знаходзіўся пад санкцыямі ЕС.
БЕЛАРУСКІЯ ЛІТОЎЦЫ
Як высветліла «Бюро» ў партнёрстве з расследавальніцкім цэнтрам Siena, Сяргей і Уладзімір Чыжы мелі літоўскае грамадзянства, але яны адмовіліся ад яго. Гэта вынікае з рашэння в. а. міністра ўнутраных спраў Літвы, апублікаванага ў верасні мінулага года.
Сыны Юрыя Чыжа атрымалі літоўскае грамадзянства вясной 2013 года дзякуючы сваякам. Як вынікае з адказу Дэпартамента па міграцыі МУС Літвы, бабуля Чыжоў была літоўскай грамадзянкай да савецкай акупацыі. Маці Святлана Чыж нарадзілася ў Літве ўжо падчас акупацыі.
Уладзімір Чыж не захацеў казаць па тэлефоне, чаму ён адмовіўся ад літоўскага грамадзянства. Сяргей Чыж не адказаў на паведамленні і тэлефанаванні журналіста «Бюро».
Уладзімір Чыж і Сяргей Чыж атрымалі літоўскае грамадзянства, калі іхны бацька Юрый Чыж знаходзіўся пад санкцыямі ЕС як «кашалёк» Аляксандра Лукашэнкі. У сакавіку 2012 года ўплывовы бізнэсовец і ягоныя актывы падпалі пад абмежаванні, якія анулявалі толькі ў кастрычніку 2015 года.
Перад выдачай грамадзянства Чыжоў правяраў Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі, кіраўніком якога ў той час быў Гедзімінас Грына.
«Зусім не памятаю гэтай гісторыі. Калі ў ДДБ не было чаго напісаць [пра Чыжоў], то нічога і не напісалі»,– паведаміў Siena былы кіраўнік ДДБ.
У Дэпартаменце па міграцыі ўдакладнілі: пры разглядзе прашэння Чыжоў аб грамадзянстве літоўскія ўлады ацэньвалі, ці ўчынялі яны міжнародныя злачынствы (генацыд, ваенныя злачынствы) і злачынствы супраць Літвы.
«У той час не было атрымана ніякай інфармацыі, якая не дазваляла б аднавіць грамадзянства Літоўскай Рэспублікі згаданым асобам», – зазначылі ў Дэпартаменце па міграцыі МУС Літвы.
У мінулым годзе каля шасцісот беларусаў былі прызнаныя пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы. Многім з іх не выдалі від на жыхарства або не працягнулі яго. Як тлумачыў ДДБ Літвы выданню «Люстэрка», падставай для прызнання пагрозай нацыянальнай бяспецы з’яўляецца любая праца на дзяржаву, таму што гэта знак лаяльнасці рэжыму Лукашэнкі.
СЯМЕЙНАЯ ДРАМА
Юрый Чыж – вядомы бізнэсовец, які раней быў блізкі да Аляксандра Лукашэнкі. У Беларусі ён стварыў шматпрофільны холдынг «Трайпл». Чыжа лічылі «кашальком» Лукашэнкі. Але дзесяць гадоў таму ён страціў ласку беларускіх уладаў.
У сакавіку 2016 года Чыжа затрымалі супрацоўнікі КДБ па абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, але праз пэўны час ён выйшаў на волю, часткова кампенсаваўшы ўрон. У сакавіку 2021 года Чыж быў зноў затрыманы. Яго абвінавачвалі ў махлярстве і адмыванні грошай, атрыманых злачынным шляхам. Працэс быў закрытым. У лютым 2023 года яму далі тры з паловай гады калоніі. Ад адбыцця пакарання бізнэсоўца вызвалілі – ужылі амністыю і залічылі тэрмін утрымання пад вартай. Агулам ён правёў за кратамі прыкладна два гады.

Юрый Чыж. Крыніца: «Народная воля»
Пасля выхаду з СІЗА Чыж разарваў стасункі з сям’ёй. Цяпер ён судзіцца з ёй за некаторыя актывы. Чыж прызнаваўся, што пасля ўвядзення санкцый аформіў бізнэсы на дзяцей, але фактычна ўласнікам заўсёды заставаўся ён.
«Сям’я скарысталася сітуацыяй, прыйшла да кіраўніцтва асноўнай часткай кампаній і сёння катэгарычна не бачыць майго ўдзелу ў справах. Я вярну ўсё, што мне належыць», – казаў Чыж у інтэрв’ю газеце «Народная воля».
Цяпер Юрый Чыж з’яўляецца асноўным уладальнікам кампаніі «Трайпл», якая ледзь не збанкрутавала. Каб разлічыцца з даўгамі, кампанія распрадае свае актывы: гарналыжны комплекс «Лагойск», рэстаран «Залаты грабянец», лядовую арэну ў Бярозе, фітнэс-клуб, салон прыгажосці і спа ў Мінску. Акрамя таго некалі ўплывовы бізнэсовец з’яўляецца бенефіцыярам кампаніі «Простарытэйл», якая кіруе трыма крамамі ProStore у Мінску і Лагойску.
Старэйшы сын Сяргей Чыж валодае доляй у кампаніі «Данпрод», якая вырабляе беконную свініну.
Малодшы сын Уладзімір Чыж валодае адразу некалькімі актывамі ў Беларусі. Яму належыць фірма «Тадэум», якая імпартуе ў Беларусь еўрапейскія віны, шатландскае і амерыканскае віскі, ямайскі ром, брытанскі джын, грузінскі і французскі каньяк, мексіканскую тэкілу і іншыя напоі. Бізнэсовец таксама валодае фірмай «Белсіціойл», якая набыла на аўкцыёне Лагойскую паляўніча-рыбалоўную гаспадарку «Макоўза». Гаспадаркай кіруе аднайменнае унітарнае прадпрыемства.
Акрамя таго Уладзімір Чыж з’яўляецца асноўным уладальнікам кампаніі «ТрайплФарм», якая спецыялізуецца на вытворчасці антыбактэрыяльных прэпаратаў. Бізнэсоўцу таксама належыць 33,5% у кампаніі «ПатэрІнвест», якая гандлюе харчовымі дабаўкамі, а таксама 50% у кампаніі «ТМРоут», якая аказвае паслугі па арэндзе будаўнічай тэхнікі.