Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Сенатар Дзмітрый Баскаў стаў суўладальнікам піваварнай кампаніі «Бівер»

Член Савета Рэспублікі і былы кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрый Баскаў стаў суўладальнікам піваварнай кампаніі «Бівер» з доляй у 25%.

Брэнд «Бівер» асацыюецца з вытворчасцю нефільтраванага піва ў Мінску і Мінскім раёне з 1990-х гадоў. ТДА «Піваварная кампанія Бівер» выступае юрыдычнай абалонкай гэтага бізнэсу з 2003 года, а праз далучэнне да яе СТАА «Мінскае піва» адбылася рэструктурызацыя актываў і перанос асноўнай вытворчай пляцоўкі ў Вялікае Сціклева.

Акрамя Баскава кампаніяй валодае венгерская «Зіптэх» (11,85%) і Дзяніс Сташкевіч (7,45%) – бізнэс-партнёр Баскава па шэрагу іншых праектаў: «Рэторсія Трэйд» і «ГрандХаузІнжэнірынг». Кантрольны пакет на бровар застаўся ў кампаніі «Бівер клуб» (55,7%), звязанай з сям’ёй Бабровічаў, заснавальнікамі піваварні «Бівер».

Дзмітрый Баскаў – беларускі функцыянер з хакейнай абоймы Лукашэнкі, былы асабісты трэнер Мікалая Лукашэнкі. Пасля працы з камандай Лукашэнкі Баскаў хутка прайшоў чынавенскую вертыкаль у хакеі: узначальваў «Дынама-Мінск» як гендырэктар, затым стаў старшынём Федэрацыі хакея Беларусі і ўвайшоў у выканкам НАК.

 

З 2021 года Дзмітрый Баскаў фігуруе ў санкцыйным спісе Мінфіна ЗША. У тым самым годзе Міжнародная федэрацыя хакея дыскваліфікавала Баскава на пяць гадоў, абвінаваціўшы яго ў дыскрымінацыі спартоўцаў паводле палітычных матываў і злоўжыванні службовым становішчам.