У каго клюе ў Беларусі? Новы гулец на рыбным рынку
«Бюро» высветліла, што бізнэсовец Аляксандр Зайцаў запусціў уласнае прадпрыемства па перапрацоўцы рыбнай прадукцыі – Лукомльскі кансервавы завод.
89% фірмы «кашалёк» Аляксандра Лукашэнкі перапісаў на свайго 21-гадовага сына – Рамана Зайцава.
Яшчэ 10% належаць Васілю Дземянцею – былому намесніку старшыні КДБ і Дзяржаўнага мытнага камітэта. Пасля завяршэння кар’еры ў сілавых ведамствах Дземянцей узначальваў фірму «Брэміна груп», якой валодаюць сам Зайцаў-старэйшы і ягоныя бізнэс-партнёры: Аляксей Алексін і Мікалай Варабей.
1% Лукомльскага кансервавага завода ва ўласнасці іншай фірмы Зайцава – «Сцісхо Пінскае».
Сёння «Сцісхо Пінскае» належыць Раману Зайцаву (43%) і тром менеджарам яго бацькі: Віталю Каспяровічу (25%), Аляксандру Жуку (25%) і Віталю Пятрушкіну (7%).
Дырэктарам Лукомльскага кансервавага завода стаў Анатоль Каросцін. Паводле звестак праекта Luka.Zone, Каросцін працаваў начальнікам Лепельскага міжраённага аддзела ўпраўлення КДБ па Віцебскай вобласці. Тое, што ён мае дачыненне да КДБ, нам пацвердзіла і крыніца Альянсу расследавальнікаў Беларусі. Паводле яе інфармацыі, у 2016 – 2018 гадах Каросцін быў зарэгістраваны ў службовай кватэры Лепельскага МРА УКДБ.
Дарэчы, менавіта там у 80-х пачынаў сваю кар’еру і Васіль Дземянцей.

Васіль Дземянцей (крайні злева) і Анатоль Каросцін (крайні справа) на адкрыцці Лукомльскага кансервавага завода. Крыніца: vitbichi.by
Лукомльскі кансервавы завод адкрылі 4 кастрычніка ў Чашніцкім раёне ў самым маладым горадзе Беларусі – Новалукомлі. Прадпрыемства арыентаванае на перапрацоўку прэснаводнай і марской рыбы, а таксама морапрадуктаў.
Будаўніцтва праходзіла ў межах інвестыцыйнай дзяржпраграмы «Адзін раён – адзін праект».
Выніковы аб’ём інвестыцый склаў больш як 18 мільёнаў беларускіх рублёў (больш як 5 мільёнаў еўра). З іх 13,5 мільёна (2,6 мільёна еўра) – крэдыт «Белаграпрамбанка».
Але на гэтым дапамога ад дзяржавы не заканчваецца. Акрамя сродкаў на будаўніцтва Лукомльскаму кансерваваму заводу выдзелілі ўчастак у 2,8 гектара, а таксама перадалі ў арэнду возера Лукомльскае і квоту на вылаў 50 тон прэснаводнай рыбы. Марскую ж рыбу заводу будзе пастаўляць расійскі партнёр – камчацкая фірма «Каракморапрадукт».
Акрамя выпуску кансерваў і прэсерваў Лукомльскі кансервавы завод узяў на сябе абавязкі зарыбляць возера, добраўпарадкаваць тэрыторыю і ствараць умовы для адпачынку. Так у завода з’явілася магчымасць зарабляць яшчэ і на платнай рыбалцы пад брэндам «Лукамор’е».