Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Сын бізнэсоўца Аляксандра Зайцава заняўся ў Беларусі аўтамабільным бізнэсам

Як высветліла «Бюро», Раман Зайцаў, сын «кашалька» Лукашэнкі Аляксандра Зайцава і пісьменніцы Вольгі Грамыкі, сумесна валодае афіцыйным прадстаўніком і эксклюзіўным дыстрыб’ютарам кітайскага брэнда Shineray у Беларусі – кампаніяй «Лакшэры Мотарс груп».

 

Арганізацыя зарэгістраваная ў мінскім бізнэс-цэнтры «Няміга-сіці», дзе размяшчаюцца офісы кампаній, звязаных з Аляксандрам Зайцавым, Аляксеем Алексіным і Мікалаем Вараб’ём

 

Акрамя Рамана Зайцава, у якога ва ўласнасці 50%, «Лакшэры Мотарс груп» валодаюць Павел Садоўнікаў (40%) і Аляксандр Гурскі (10%). Павел Садоўнікаў таксама валодае іншай кампаніяй – «Лакшэры Мотарс плюс». Гэтая фірма – афіцыйны дылер GEELY ў Беларусі з двума аўтасалонамі ў Мінску.

 

Кампанія «Лакшэры Мотарс груп» з’явілася ў чэрвені 2023 года. Першапачаткова яна была толькі афіцыйным прадстаўніком і эксклюзіўным дыстрыб’ютарам кітайскіх аўтамабіляў Shineray у Беларусі, але ўладальнікі вырашылі на гэтым не спыняцца.

 

У верасні 2024 года cаўладальнік і па сумяшчальніцтве дырэктар кампаніі Павел Садоўнікаў расказаў выданню myfin.by пра тое, што кампанія запускае серыйную зборку аўтамабіляў Shineray у Беларусі:

«На сённяшні дзень пусканаладачная партыя ўжо сабраная, завершаны працэс сертыфікацыі, мы атрымалі вельмі важны для нас дакумент, які пацвярджае беларускую вытворчасць, – «сертыфікат уласнай вытворчасці».

Машыны збіраюцца на заводзе «Юнісон», які да гэтага займаўся зборкай іранскіх аўтамабіляў Samand у Беларусі. Сам «Юнісон» цяпер перажывае не лепшыя часы. У 2023 годзе ён зарабіў усяго 126 тысяч рублёў і скончыў год з чыстымі стратамі ў 4,4 мільёна рублёў. У 2024 годзе акрамя Shineray завод пачаў збіраць аўтамабілі і іншага кітайскага брэнда – Sinotruk.

 

Рашэнне збіраць аўтамабілі звязанае з «пэўнымі прэферэнцыямі», якія дае дзяржава для беларускай зборкі і якія адаб’юцца на канечным кошце аўтамабіля.