Sorry, you need to enable JavaScript to visit this website.
Перайсці да асноўнага змесціва

Нашыя сацсеткi

Школа Ірыны Абельскай змяніла і засакрэціла ўласнікаў

«Бюро» высветліла, што ў сакавіку 2025 года ў Мінскай міжнароднай гімназіі, якой раней валодала маці Мікалая Лукашэнкі Ірына Абельская, адбыліся істотныя структурныя змены.

 

Аператарам прыватнай школы з чэрвеня 2020 года з’яўляецца аднайменная юрыдычная асоба «Мінская міжнародная гімназія». Яна, у сваю чаргу, належыць кампаніі «Гарызонты ведаў».

ВЫПІСКА З АДЗІНАГА ДЗЯРЖАЎНАГА РЭГІСТРА ЮРЫДЫЧНЫХ АСОБ І ІНДЫВІДУАЛЬНЫХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ РБ – ПУА «МІНСКАЯ МІЖНАРОДНАЯ ГІМНАЗІЯ»
MMG_1
MMG_2

Кампанію «Гарызонты ведаў» у верасні 2019 года зарэгістравала сама Ірына Абельская, а ў кастрычніку 2020 года перадала яе кіпрскаму афшору Blatberg Holdings Limited, які звязваюць з расійскім алігархам Міхаілам Гуцарыевым. Будаўніцтвам займалася беларуская фірма «СертусАвія» – «дачка» Blatberg Holdings Limited.

 

20 сакавіка 2025 года ўнітарнае прадпрыемства «Гарызонты ведаў» змяніла форму ўласнасці на ТАА, а від дзейнасці «агульная сярэдняя адукацыя» на «комплексныя паслугі па абслугоўванні будынкаў».

 

Праз чатыры дні кампанія Blatberg Holdings Limited выйшла са складу ўласнікаў «Гарызонтаў ведаў».

Імаверна, «Гарызонты ведаў» Міхаіла Гуцарыева маглі папрасіць аддаць «па-добраму» ў сувязі з ускладненнем адносінаў паміж ім і Аляксандрам Лукашэнкам.

 

Чэшскія СМІ высветлілі, што расійскі мільярдэр з 2022 года таемна вёў перамовы з амерыканскім Федэральным бюро расследаванняў (ФБР) і чэшскімі спецслужбамі. Ён прапаноўваў перадаць сакрэты Лукашэнкі і Пуціна ў абмен на зняцце санкцый з сябе і сваіх актываў, аднак угода не адбылася.

 

Праз месяц пасля выкрыцця таемных перамоваў Гуцарыева з заходнімі спецслужбамі ён расказаў расійскаму выданню Forbes, што беларускія ўлады нацыяналізавалі ягоную кампанію «Слаўкалій» – яна рэалізоўвала ў нашай краіне інвестпраект па будаўніцтве Нежынскага горна-абагачальнага камбіната, у які ягоная група «Сафмар» уклала паўмільярда долараў. Грошы «сябру Мішу» Лукашэнка пакуль так і не вярнуў.

Хто стаў новым уладальнікам элітнай школы ў Драздах, невядома – Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (АДР) не падаў нам дадзеныя пра цяперашняга бенефіцыяра.

 

GORIZONTY ZNANIY_BEL

 

Мы накіравалі скаргу ў Міністэрства юстыцыі РБ адносна ўтойвання інфармацыі пра новых уласнікаў «Гарызонтаў ведаў» у АДР. Вось што нам адказалі чыноўнікі:

«Інфармацыя [пра ўласнікаў юрыдычных асоб] уключаецца органамі рэгістрацыі ў АДР на падставе дакументаў, пададзеных самім суб’ектам гаспадарання. Адпаведна, інфармацыя з АДР падаецца ў аб’ёме, які ўтрымліваецца ў АДР. Іншымі звесткамі, не ўключанымі ў АДР, Міністэрства юстыцыі не валодае».

АДКАЗ МІНІСТЭРСТВА ЮСТЫЦЫІ РБ НА ЗВАРОТ «БЮРО»
OTVET_1
OTVET_2

Іншымі словамі, ні Міністэрства юстыцыі, ні АДР, паводле іх словаў, самі не ведаюць, хто з’яўляецца новым і, па ўсім відаць, вельмі ўплывовым уладальнікам «Гарызонтаў ведаў».

 

Раней мы ўжо фіксавалі падобны прагал – з АДР знікла інфармацыя пра ўладальнікаў сеткі хуткага харчавання «Мак.бай».